wd wp Пошук:

Сурвілішкі (Іўеўскі раён)

У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Сурвілішкі.

Сурві́лішкі[1] (трансліт.: Surviliški, руск.: Сурвилишки) — вёска ў Іўеўскім раёне Гродзенскай вобласці. Уваходзіць у склад Трабскага сельсавета.

Гісторыя

Упершыню згадваецца каля 1385 года ордэнскімі Die Littauischen Wegeberichte як сяло Surwillendorffe на дарозе да Гальшан побач з рэкамі Jakun і Clewa, належала Сурвілу, брату старосты ашмянскага Мінігайлы.[2]

У XVI ст. у складзе Ашмянскага павета Віленскага ваяводства, шляхецкая ўласнасць. У 1542 г. часткова належала Сурвілам (ад іх і назва), часткова Я. Гайко. Сурвілы жылі ў палацы, які стаяў пры гасцінцы з Траб у Вільню. Дзейнічаў касцёл. У 1591 г. удава Я.Гайко заснавала новы касцёл Святой Тройцы.

Да 1601 г. паступова ўся маёмасць і зямля Сурвілішак была прададзена Шорцам. У 1618 г. удава В.Шорца аддзяліла ад маёнтка Сурвілішкі фальварак Нарвілішкі і аддала ў бестэрміновае карыстанне віленскім францысканцам. У 1620 г. пачалося будаўніцтва ў Нарвілішках касцёла і кляштара.

У сярэдзіне XVII ст. Сурвілішкамі валодалі Вільчыкавы. З 1678 г. доўгі час належалі езуітам. У 1690 г. уласнасць ксяндза Балтазара Донкварта, 8 дымоў, у 1735 г. 24 дымы. У Сурвілішскай плябані, ксяндза Дамуцэвіча 2 дымы. У 1774 г. мястэчка і маёнтак перайшлі да Ю.Стыпалкоўскага, пісара Лідскага павета.

З 1802 г. ва ўладанні Адама Колышкі, земскага віленскага. Дзейнічалі касцёл, шпіталь, карчма. 3 1811 г. належалі Земскім, з 1840 г. мястэчка і маёнтак у Паплаўскіх. У сярэдзіне XIX ст. у Ашмянскім павеце Віленскай губерні. У 1861 г. мястэчка, 9 рэвізскіх і 1 дваровая душы, адносілася да маёнтка Сурвілішкі. У 1866 г. 4 двары, 28 жыхароў, 51 мяшчанін, капліца, пастаялы двор, касцёл, вадзяны млын. У 1897 г. вёска ў Трабскай воласці, 2 двары, 9 жыхароў, сяло 6 двароў, 41 жыхар. У 1905 г. сяло, 40 жыхароў, 27 дзесяцін зямлі, засценак, 1 двор, 13 жыхароў, маёнтак Паплаўскага, 9 жыхароў, 18 дзесяцін зямлі.

У 1921—1939 гг. мястэчка (16 двароў, 87 жыхароў) і фальварак (10 двароў, 121 жыхар) у Трабскай гміне Валожынскага павета Навагрудскага ваяводства Польшчы.

З 12.10.1940 г. вёска (16 двароў, 115 жыхароў) і маёнтак (5 двароў, 41 жыхар) у Чаневіцкім сельсавеце Юрацішкаўскага раёна. Працавалі смалакурня, вадзяны млын, пачатковая школа, магазін.

3 26.6.1941 г. да 8.7.1944 г. акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. 25—26 чэрвеня 1941 г. у раёне вёскі вяла абарончыя баі 24-я Самара-Ульянаўская Жалезная стралковая дывізія.

У пасляваенныя гады вяскоўцы аб’ядналіся ў калгас.

З 2.12.1959 г. у Трабскім сельсавеце. 3 20.1.1960 г. у Іўеўскім раёне. У 1970 г. 169 жыхароў.

Насельніцтва

  • 1999 год—50 двароў, 129 жыхароў

Інфраструктура

  • Базавая школа
  • Фельчарска-акушэрскі пункт
  • Клуб
  • Бібліятэка
  • Аддзяленне сувязі

Славутасці

Званіца на могілках
  • Гаспадарчы двор (XIX ст.)
  • Званіца (XIX ст.)
  • Могілкі старыя каталіцкія
  • Курган Славы ў гонар воінаў 24-й Самара-Ульянаўскай Жалезнай стралковай дывізіі.

Страчаная спадчына

Касцёл Найсв. Тройцы, пач. XX ст.

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).
  2. Лицкевич, 2014, с. 38.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Іўеўскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be