wd wp Пошук:

Сялец (Мсціслаўскі раён)

У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Сялец. Сяле́ц[2] (трансліт.: Sialiec, руск.: Селец) — аграгарадок у Мсціслаўскім раёне Магілёўскай вобласці, на рацэ Чорная Натапа. Уваходзіць у склад Краснагорскага сельсавета. Знаходзіцца за 16 км на поўдзень ад Мсціслава, за 16 км ад чыгуначнай станцыі Крычаў, на аўтамабільнай дарозе Мсціслаў — Крычаў. Насельніцтва на 2009 год — 513 чалавек[1].

Гісторыя

Па пісьмовых крыніцах вёска вядома з пачатку XIX стагоддзя. Аднак мясцовасць была заселена яшчэ ў старажытныя часы, пра што сведчыць курганны могільнік (2 насыпы), размешчаны на правым беразе Чорнай Натапы. Да таго ж з XV стагоддзя ў в. Ануфрыева (цяпер у складзе Сяльца) дзейнічаў Свята-Ануфрыеўскі манастыр, паводле падання заснаваны Лугвенам Альгердавічам.

Станам на 1811 год, Сялец знаходзіўся ў Чэрыкаўскім павеце Магілёўскай губерні ў царкоўнай ўласнасці. У 1878 годзе пры манастыры адкрылі царкоўна-прыходскую школу. У 1885 годзе — у Кашанскай воласці Чэрыкаўскага павета. Акрамя земляробства, частка насельніцтва займалася сталярным і кравецкім промысламі. Па выніках перапісу 1897 года, Сялец знаходзіўся ў Маляціцкай воласці Чэрыкаўскага павета Магілёўскай губерні, пры паштовым тракце Крычаў — Мсціслаў; дзейнічала кузня[3].

У 1919—1924 гадах — у складзе Смаленскай губерні РСФСР, у выніку першага ўзбуйнення БССР 17 ліпеня 1924 года перададзена БССР. У 1925 годзе заснавана сельскагаспадарчае таварыства, адкрыта рабочая школа першай ступені, у якой у 1926 годзе было 90 вучняў. У 1929 годзе арганізаваны калгасы «Чырвоны Сялец» і «Чырвоны Кулямётчік», якія затым аб’ядналіся ў калгас імя Варашылава. З 20 лютага 1938 года Сялец знаходзіцца ў складзе Магілёўскай вобласці.

У час Другой сусветнай вайны з 14 ліпеня 1941 да 29 верасня 1943 года вёска знаходзілася пад нямецкай акупацыяй, у выніку чаго была спалена. На ўшанаванне памяці 331 загінулага вяскоўца ў 1975 годзе была пастаўлена стэла[3].

Пасля вайны вёска аднавілася. З 16 верасня 1963 да 2017 года — цэнтр аднайменнага сельсавета[4]. У 1967 годзе да паселішча былі далучаны дзве суседнія вёскі: Ануфрыева і Сялец-Галоўчыцы. Па звестках 1990 года, у Сяльцы працавалі калгас імя Чапаева (спецыялізаваўся на мясамалочнай жывёлагадоўлі і вырошчванні лёну, меў 4483 га сельгасугоддзяў), дзіцячы сад-яслі, сярэдняя школа, бібліятэка, дом культуры, гандлёвы цэнтр, сталовая, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне сувязі, комплексны прыёмны пункт абслугоўвання насельніцтва, аўтаматычная тэлефонная станцыя і ветэрынарны ўчастак.

У 2007 годзе вёска — цэнтр СВК імя Чапаева, дзейнічалі дзіцячы сад-яслі, сярэдняя школа, бібліятэка, дом культуры, крама, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне сувязі, комплексны прыёмны пункт абслугоўвання насельніцтва, філіял Мсціслаўскага УКП «Бытпаслугі». Аграгарадок забудоўваецца паводле генеральнага плана 1973 года, распрацаванага Магілёўскім філіялам інстытута «Белдзяржпраект»[3].

Насельніцтва

  • XIX стагоддзе: 1811 год — 108 жыхароў, 47 двароў; 1885 год — 738 жыхароў, 85 двароў; 1897 год — 967 жыхароў, 137 двароў[3].
  • XX стагоддзе: 1909 год — 1187 жыхароў, 190 двароў; 1990 год — 694 жыхары, 282 двары[3].
  • XXI стагоддзе: 2002 год — 596 жыхароў[5], 275 двароў; 2007 год — 525 жыхароў[3], 240 двароў; 2009 год — 513 жыхароў[1].

Славутасці

Страчаная спадчына

  • Вадзяны млын (сярэдзіна XX стагоддзя, дрэва)

Вядомыя ўраджэнцы

Зноскі

  1. 1 2 3 Насельніцтва Беларусі па выніках перапісу 2009 года Архівавана 2 кастрычніка 2019.
  2. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2007. — 406 с. ISBN 978-985-458-159-0. (DJVU)
  3. 1 2 3 4 5 6 Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 7, кн. 3. Магілёўская вобласць / У. А. Бадакоў і інш.; пад навуковай рэдакцыяй А. І. Лакоткі. — Мн.: БелЭн, 2009. — 542 с. ISBN 978-985-11-0452-5.. — С. 87—88
  4. Решение Могилевского областного Совета депутатов от 28 ноября 2017 г. № 31-4 О некоторых вопросах административно-территориального устройства Могилевской области Архівавана 2 снежня 2020.
  5. БелЭн, 2002

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Мсціслаўскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be