Сёмкаў Гарадок
Сёмкаў Гарадо́к[1] (трансліт.: Siomkaŭ Haradok, руск.: Сёмков Городок) — вёска ў Мінскім раёне Мінскай вобласці, на правым беразе ракі Вяча. Уваходзіць у склад Папярнянскага сельсавета. Месціцца за 14 км на паўночны захад ад Мінска, 7 км ад чыгуначнай станцыі Ждановічы на лініі Мінск — Маладзечна.
Назва
Тапонім «Сёмкаў Гарадок» складаецца з дзвюх частак: азначэнне «Сёмкаў» паказвае на блізкасць да вёскі Сёмкава, назва «Гарадок» сведчыць пра існаванне тут невялікага замка (горада, замчышча ёсць каля вёскі Чучаны)[2].
Гісторыя
Вялікае Княства Літоўскае
Вядомы з сярэдзіны XVI ст. пад назвай Гарадок Саламярэцкі як уласнасць князёў Саламярэцкіх, з 1595 года у складзе маёнтка Сёмкаў Менскага павета. Князёўна Алена Саламярэцкая, узяўшы шлюб з Багданам Сцяцкевічам, пераводзіць Сёмкаў ў валоданне гэтаму праваслаўнаму роду. 3 1755 годзе маёнтак перайшоў «вечны дарунак» Адама Хмары за службу ў падканцлера літоўскага Міхала Сапегі. Пры Адаме Хмару тут быў збудаваны касцёл (у 1866 годзе ператвораны ў царкву). У 1791 годзе вёска Гродэк у Заслаўскай парафіі. У 1792 годзе Адам Хмара падпісвае ад імя жыхароў Менскага ваяводства акт Таргавіцкай канфедэрацыі, якая па сутнасці прывяла да другога падзелу Рэчы Паспалітай.
У складзе Расійскай імперыі
3 1793 года ў Расійскай імперыі, мястэчка, цэнтр воласці. У 1800 годзе ў Хмарыным Гарадку млын, корчмы, уніяцкая царква Раства Багародзіцы, дзе ў 1880-я гады вянчаліся бацькі Максіма Багдановіча. У 1861 годзе ў мястэчку валасная ўправа, медаварня, піваварня, бровар, цагельны завод, млын, царква, сінагога; у 1897 годзе — народнае вучылішча (адкрытае ў 1865 г.), царкоўна-прыходская школа, карчма. У 1905—1906 гадах у маёнтку працаваў Янка Купала на смалакурні, а у красавіку — траўні 1922 года — Якуб Колас, бухгалтарам вучэбнай фермы «Сёмкава».
Найноўшы час
У лютым 1918 года Сёмкаў Гарадок занялі войскі Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Жыхары Сёмкавагарадоцкай воласці атрымалі Пасведчанні Народнага Сакратарыята БНР[3]. У снежні 1918 года тэрыторыя занята Чырвонай Арміяй, з 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Савецкай Беларусі, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. У час Польска-савецкай вайны ў жніўні 1919 — ліпені 1920 года пад акупацыяй Польшчы.
З 31 ліпеня 1920 года ў складзе Беларускай ССР. У 1922 годзе створаная 7-гадовая школа. 3 20 жніўня 1924 года цэнтр Сёмкаў-Гарадоцкага сельсавета Заслаўскага раёна Менскай акругі (да 26 ліпеня 1930). З 20 лютага 1938 года ў Менскай вобласці.
У Другую сусветную вайну 27 чэрвеня 1941 года на рубяжы Сёмкава Гарадка адбыліся жорсткія баі. З канца чэрвеня 1941 года да пачатку ліпеня 1944 года акупаваны нацысцкай Германіяй.
3 8 жніўня 1959 года вёска ў Мінскім раёне. З 20 студзеня 1960 года ў Папярнянскім сельсавеце[4]. У верасні 1989 года на магіле Таццяны Зенчык, быў усталяваны помнік ахвярам рэпрэсій сям’і Зенчык[5].
Насельніцтва
- 1800 год — 141 жыхар, 12 двароў.
- 1861 год — 368 жыхароў, 117 двароў[6].
- 1897 год — 305 жыхароў, 53 двары.
- 1999 год — 177 жыхароў.
- 2000 год — 168 жыхароў, 73 двары.
- 2001 год — 171 жыхар, 73 двары[6].
- 2010 год — 193 жыхары.
Славутасці
- Царква Раства Прасвятой Багародзіцы (былы касцёл Ражства Дзевы Марыі і святога Станіслава)
- Помнік ахвярам рэпрэсій сям’і Зенчык. Помнік складаецца з трох вялікіх надмагільных камянёў і трох паліраваных гранітных пліт меншага памеру
Страчаная спадчына
- Сінагога (XIX ст.)
Вядомыя асобы
- Пятро Стэфановіч (1922—2006) — беларускі пісьменнік і перакладчык
- Міхаіл Іванавіч Вішнеўскі (нар. 1949) — беларускі філосаф. Доктар філасофскіх навук (2002), прафесар (2003).
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
- ↑ Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. С. 81.
- ↑ Вялікі гістарычны атлас Беларусі : у 3 т. / Дзяржаўны камітэт па маёмасці Рэспублікі Беларусь, Рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства «Белкартаграфія»; рэдкалегія: В. Л. Насевіч (галоўны рэдактар) [і інш.]. — Т. 4 / [рэд. В.Л. Насевіч]. — Мінск: Белкартаграфія, 2018. — 270 с., іл. — ISBN 978-985-508-476-2. С. 19.
- ↑ Рашэнне выканкома Мінскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 20 студзеня 1960 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1960, № 2.
- ↑ Курапаты: Зборнік матэрыялаў / Грамадская ініцыятыва «За ўратаванне мемарыялу Курапаты»; [Працавалі: В. Арэшка і інш.]. — Мн.: ГА «Дыярыуш», 2002. — 112 с. — С. 97. — (Архіў найноўшай гісторыі).
- 1 2 БелЭн, 2002
Літаратура
- Сёмкаў Гарадок // Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 8, кн. 3. Мінская вобласць / Рэдкалегія: Т. У. Бялова (дырэктар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2012. — 624 с.: іл. ISBN 978-985-11-0636-9. — С. 455.
- Валахновіч А. І. Сёмкаў Гарадок // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 14: Рэле — Слаявіна. — С. 360. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0238-5 (т. 14), ISBN 985-11-0035-8.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Сёмкаў Гарадок
Катэгорыя·Населеныя пункты Мінскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Населеныя пункты, заснаваныя ў XVI стагоддзі
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.