wd wp Пошук:

Хальч (Веткаўскі раён)

У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Хальч.

Хальч[1] (трансліт.: Chaĺč, руск.: Хальч) — вёска ў Веткаўскім раёне Гомельскай вобласці, на рацэ Сож. Уваходзіць у склад Хальчанскага сельсавета. Насельніцтва 1285 чал. (2005). Знаходзіцца за 2 км на захад ад Веткі, за 16 км ад Гомеля; на аўтамабільнай дарозе Гомель — Ветка.

Гісторыя

Археолагамі выяўлены гарадзішча мілаградскай і зарубінецкай культур ранняга жалезнага веку і часоў Русі (на ўсходняй ускраіне, на мысе тэрасы правага берага ракі), гарадзішча ранняга жалезнага веку (сярэдзіна — 3-я чвэрць 1-га тыс. н. э., за 0,4 км на паўночны захад ад вёскі, ва ўрочышчы Зыбень), курганны могільнік (5 насыпаў, за 0,35 км на паўночны захад ад вёскі) і паселішча часоў Русі (за 0,5 км на поўдзень ад вёскі), што сведчаць пра засяленне мясцовасці са старажытнасці.

Упершыню Хальч згадваецца ў пісьмовых крыніцах у XIV ст. як вёска ў Чарнігаўскім княстве. У 1437 годзе вялікі князь Свідрыгайла перадаў Хальч продку шляхецкага роду Халецкіх — Паўлу Мішкавічу, у абмен на яго маёнтак Сноўск. Магчыма, Павел Мішкавіч атрымаў толькі частку ў Хальчы, але ён стаў рэзідэнцыяй роду. У 1471 годзе Хальч згадваецца ў сувязі з перадачай двара Г. Радзівонавічу, магчыма, гэта таксама была частка ў Хальчы, а не паселішча цалкам, бо пазней пра ўладанні Радзівонавіча тут нічога не вядома.

У інвентары Гомельскага староства (1640-я) значацца сяло і маёнтак Хальч. У 2-й палове XVII ст. Халецкія пабудавалі ў Хальчы касцёл і кляштар езуітаў, у 1731—1829 гадах дзейнічала місія. Халецкіх езуітаў матэрыяльна падтрымлівалі Халецкія і Дзерналовічы. Станам на 1747 год у Хальчы было 159 двароў. Пад 1752 годам вёска згадваецца ў актах Галоўнага Трыбунала. У 1764 годзе Хальч атрымаў статус мястэчка, у валоданні княгіні Радзівіл.

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Хальч апынуўся ў складзе Расійскай імперыі. У пачачтку XIX ст. на паўночна-заходняй ускраіне мястэчка паны Войнічы ўзвялі сядзібу і стварылі пейзажны парк. Замалёўкі палаца ў 2-й пал. XIX ст. зрабіў Напалеон Орда. Станам на 1860 год Хальч быў у валоданні А. Войніч-Сянажэцкага, тут было 2 мураваныя і 105 драўляных дамоў; рэгулярна праводзіліся 2 кірмашы (Пятроўскі і Міхайлаўскі). На 1866 гаспадар маёнтку меў 1568 дзесяцін зямлі і 3 крамы; дзейнічаў хлебазапасны магазін. У 1879 годзе пан Войніч-Сенажацкі заснаваў тут вінакурню. На 1881 год у Хальчы было 230 двароў. Вялікую шкоду прычынілі мястэчку пажары 1887, 1891 і 1892 гадоў, калі згарэў 261 двор. Паводле вынікаў перапісу (1897) у Хальчы было 363 двары, дзейнічала царква, царкоўна-прыхадская школа, яўрэйскі малітоўны дом, 5 ветракоў, 5 крам (у тым ліку вінная), карчма. У аднайменным фальварку, што размяшчаўся побач, былі карчма і вінакурны завод. На 1909 год у мястэчку было 1159 драўляных і 1 мураваны будынкі, працавалі пошта і сенапрасавальны завод (у 1913 — 40 працаўнікоў).

1 студзеня 1919 года згодна з пастановай I з’езда КП(б) Беларусі Хальч увайшла ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1926 годзе Хальч вярнулі БССР, дзе ён 8 снежня зрабіўся цэнтрам сельсавета Веткаўскага, з 25 снежня 1962 года Гомельскага, з 6 студзеня 1965 года Веткаўскага раёнаў Гомельскай (да 26 ліпеня 1930 года) акругі, з 20 лютага 1938 года Гомельскай вобласці. Станам на 1928 год у Хальчы працавала цагельня. У Другую сусветную вайну з ліпеня 1941 года да 16 кастрычніка 1943 года вёска знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.

Насельніцтва

Інфраструктура

У вёсцы працуюць базавая школа, дашкольная ўстанова, фельчарска-акушэрскі пункт, дом культуры, 2 бібліятэкі, пошта, 2 крамы.

Турыстычная інфармацыя

Палац, фота пач. XX ст.

Славутасці

Страчаная спадчына

  • Касцёл і кляштар езуітаў (XVII стст.)

Вядомыя асобы

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
  2. Chalcz // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom I: Aa — Dereneczna. — Warszawa, 1880. S. 539.
  3. Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 1, кн. 1. Гомельская вобласць / С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2004.
  4. http://pop-stat.mashke.org/belarus-census/homielskaja.htm

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Веткаўскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be