Церабунь
Церабу́нь[1] (трансліт.: Cierabuń, руск.: Теребунь) — вёска ў Брэсцкім раёне Брэсцкай вобласці. Уваходзіць у склад Клейнікаўскага сельсавета. Размешчана за 16 км на паўночны захад ад Брэста, 8 км ад чыгуначнай станцыі Матыкалы.
У складзе камунальнага ўнітарнага сельскагаспадарчага прадпрыемства «Пагранічнік» (цэнтр — а.г. Клейнікі).
Гісторыя
Паводле пісьмовых крыніц вёска вядома з 16 ст. як велікакняжацкае сяло ў Берасцейскім старостве і ваяводстве ВКЛ. Пад 1566 г. пазначана ў інвентары як маёнтак Гноенскага. У 1583 годзе (па іншых звестках у 1585) пабудаваны з каменю Троіцкі касцёл. У 17 ст. радавы маёнтак князёў Шуйскіх. У 1609 годзе князем Іванам Шуйскім пабудавана праваслаўная мураваная царква са званіцай. Войцех Шуйскі (1730—1792), староста нежынскі, які быў у шлюбе з Анеляй Шуйскай (дачкой берасцейскага харунжага Ігнацыя Шуйскага — далёкага сваяка Войцеха) меў у вёсцы «прыгожы каменны палац» і сад[2].
Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у складзе Расійскай імперыі, у Слонімскай, з 1797 года — у Літоўскай, з 1801 года — у Гродзенскай губернях. У Айчынную вайну 1812 года пры пераправе цераз р. Лясная каля вёсак Клейнікі, Вістычы і Церабунь адбылася бітва, у выніку якой загінулі 2 тыс. французскіх і 1 тыс. рускіх салдат. З 1876 года вёска ў Матыкальскай воласці Брэсцкага павета; маёнткам валодаў граф К. Грабаў, тут меліся вінакурны завод, 2 карчмы, штогод адбывалася ярмарка. Дзейнічала царкоўна-прыходская школа.
У 1905 годзе сяло (47 жыхароў) і маёнтак (5 жыхароў) у Матыкальскай воласці Брэсцкага павета. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 года ў складзе Польшчы, у Матыкальскай гміне Брэсцкага павета Палескага ваяводства.
З 1939 года ў складзе БССР. У 1940 годзе адкрыта 7-гадовая школа. У Вялікую Айчынную вайну загінулі 6 вяскоўцаў.
У сакавіку 1950 года арганізаваны калгас «Новы шлях», у які ўступілі ўсе жыхары вёскі (34 гаспадаркі). Да 8 верасня 1959 года вёска ўваходзіла ў склад Матыкальскага сельсавета[3]. У 1960-я гады калгас аб’яднаўся з калгасам «Краіна Саветаў» (в. Коладна), а затым у час узбуйнення ўвайшоў у склад калгаса «Пагранічнік» (в. Клейнікі). 4 верасня 1972 года да вёскі далучана вёска Коладна[4].
Насельніцтва
- 27 двароў, 163 жыхары (1876)
- 16 двароў, 79 жыхароў (30.9.1921)
- 32 двары, 117 жыхароў (1940)
- 130 жыхароў (1959)
- 93 жыхары (1970)
- 99 гаспадарак, 180 жыхароў (1997)
- 88 гаспадарак, 171 жыхар (2005)
Інфраструктура
- Базавая школа
- Аддзяленне сувязі
Славутасці
- Троіцкі касцёл
- Царква Параскевы Пятніцы
- Сядзіба Грабоўскіх
- Стаянка-1 перыяду мезаліту (9-5-е тысячагоддзі да н.э.; в. Коладна), на марэннай узвышанасці — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 113В000349шыфр 113В000349
- Стаянка-2 перыяду мезаліту (9-5-е тысячагоддзі да н.э.; в. Коладна), за 0,2 км ад в. Шумакі, на схіле марэннай узвышанасці — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 113В000350шыфр 113В000350
Страчаная спадчына
- Замак Шуйскіх (другая палова XVII ст.). Разабраны ў 1862 годзе.
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2010.— 318 с. ISBN 978-985-458-198-9. (DJVU)
- ↑ Гладышчук, А. А. Нямцэвічы. Сапраўдныя гісторыі : гісторыка-дакументальны нарыс / А. А. Гладышчук. — Мінск : Литература и Искусство, 2009. с. 25. : іл.
- ↑ Рашэнне выканкома Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 8 верасня 1959 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1959, № 11.
- ↑ Рашэнне выканаўчага камітэта Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 4 верасня 1972 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1972, № 27 (1365).
Літаратура
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя ў 15 тамах. Т. 3, кн. 1. Брэсцкая вобласць / пад навук. рэд. А. І. Лакоткі. — Мн.: БелЭн, 2006. ISBN 985-11-0373-X.
- Гладышчук, А. А. Нямцэвічы. Сапраўдныя гісторыі : гісторыка-дакументальны нарыс / А. А. Гладышчук. — Мінск : Литература и Искусство, 2009. — 288 с. : іл.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Церабунь
- Церабунь на Radzima.org
- Церабунь на «Глобусе Беларусі»
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Брэсцкага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.