Брэсцкі раён
Брэсцкі раён — адміністрацыйная адзінка ў складзе Брэсцкай вобласці. Працягласць раёна з поўначы на поўдзень — 100 км, з захаду на ўсход — 35 км. Агульная працягласць межаў складае 387 км. На захадзе і поўдні раёна маюць статус дзяржаўных: 140 км мяжы з Польшчай і 37 км — з Украінай. Самастойнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкай Брэсцкі раён стаў 15 студзеня 1940 года, у 1956 годзе да раёна далучаны Дамачаўскі раён. Плошча 1,6 тыс. км². Цэнтр раёна — г. Брэст.
Адміністрацыйны падзел
У раён уваходзяць г.п. Дамачава і 148 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 11 сельсаветаў: Дамачаўскі, Знаменскі, Клейнікаўскі, Лышчыцкі, Матыкальскі, Мухавецкі, Радваніцкі, Тамашоўскі, Тэльмінскі, Чарнаўчыцкі, Чэрнінскі.
Гісторыя
Брэсцкі раён утвораны 15 студзеня 1940 года ў складзе Брэсцкай вобласці БССР. 12 кастрычніка 1940 года падзелены на 18 сельсаветаў: Астрамечаўскі, Бярозаўскі, Гершонскі, Жыравецкі, Збірагскі, Казловіцкі, Клейнікаўскі, Лышчыцкі, Матыкальскі, Пугачоўскі, Рэчыцкі, Страдзецкі, Сычэўскі, Трышынскі, Тэльмінскі, Цюхініцкі, Чарнаўчыцкі, Чэрнеўскі. 16 ліпеня 1954 года скасаваны Бярозаўскі, Збірагскі, Казловіцкі, Клейнікаўскі, Пугачоўскі, Сычэўскі сельсаветы, Страдзецкі сельсавет перададзены ў склад Дамачаўскага раёна. 17 снежня 1956 года да раёна далучаны гарадскі пасёлак Дамачава і Дурыцкі, Ліпінкаўскі, Ляплёўскі, Меднаўскі, Тамашоўскі, Чэрскі сельсаветы скасаванага Дамачаўскага раёна[6]. 3 чэрвеня 1957 года скасаваны Ляплёўскі і Тэльмінскі сельсаветы. 8 жніўня 1959 года да раёна далучаны Радваніцкі і Стрыганецкі сельсаветы скасаванага Жабінкаўскага раёна. 8 верасня 1959 года скасаваны Дурыцкі, Ліпінкаўскі і Цюхініцкі сельсаветы, Рэчыцкі сельсавет перайменаваны ў Клейнікаўскі. 14 красавіка 1960 года Стрыганецкі сельсавет перададзены Кобрынскаму раёну. 22 сакавіка 1962 года Чэрнеўскі сельсавет перайменаваны ў Тэльмінскі. 25 снежня 1962 года да раёна далучаны Арэхаўскі, Велікарыцкі, Гвозніцкі, Лукаўскі, Макранскі, Олтушскі, Хаціслаўскі сельсаветы і гарадскі пасёлак Маларыта скасаванага Маларыцкага раёна, якія 6 студзеня 1965 года былі вернуты зноў утворанаму Маларыцкаму раёну. 4 студзеня 1965 года да раёна далучаны гарадскі пасёлак Жабінка, Сакскі і Сцяпанкаўскі сельсавет Кобрынскага раёна, утвораны Пятровіцкі сельсавет, скасаваны Астрамечаўскі сельсавет. 30 ліпеня 1966 года гарадскі пасёлак Жабінка, Пятровіцкі, Сакскі і Сцяпанкаўскі сельсаветы перададзены зноў утворанаму Жабінкаўскаму раёну. 1 красавіка 1968 года Трышынскі сельсавет перайменаваны ў Вычулкаўскі сельсавет, які 8 мая 1970 года перайменаваны ў Чэрнінскі сельсавет. 20 верасня 1971 года Жыравецкі сельсавет перайменаваны ў Мухавецкі. 18 снежня 1972 года скасаваны Чэрскі сельсавет. 20 снежня 1974 года Меднаўскі сельсавет перайменаваны ў Знаменскі.
21 снежня 2007 года рашэннем Брэсцкага аблсавета са складу Гершонскага сельсавета былі выключаныя вёскі Аркадзія, Бярнады, Гершоны, Кацельня-Баярская, Міцькі, якія былі ўключаны ў гарадскую рысу Брэста, а сельсавет быў перайменаваны ў Страдзецкі, адміністрацыйным цэнтрам якога стала вёска Страдзеч[7]. 17 верасня 2013 года Страдзецкі сельсавет быў скасаваны, а вёскі былі далучаны да Знаменскага сельсавета, Дамачаўскі пасялковы сельсавет быў ператвораны ў Дамачаўскі сельсавет без тэрытарыяльных змен[8].
Геаграфія
Большая частка тэрыторыі раёна размяшчаецца ў межах Брэсцкага Палесся, невялікая паўночная частка — на Прыбугскай раўніне. Пераважаюць вышыні 130—150 м, найвышэйшы пункт 186,1 м (каля в. Заполле).
Мяжуе на поўдні з Валынскай вобласцю Украіны, на усходзе — з Маларыцкім і Жабінкаўскім, на поўначы — з Камянецкім раёнамі, на захадзе — з Польшчай.
Працякаюць рэкі Заходні Буг з прытокамі Лясная, Мухавец, Спанаўка, Капаеўка, Серадовая рэчка і інш. Значнае гаспадарчае значэнне мае рака Мухавец, якая ўваходзіць у сістэму Дняпроўска-Бугскага воднага шляху.
Азёры: Селяхоўскае, Страдзецкае, Рагазнянскае, Чорнае, Белае, Тайнае, Мяднянскае. Каля Селяхоўскага возера знаходзіцца біялагічны заказнік Селяхі.
Пад лясамі 34,9 % тэрыторыі раёна. Буйныя лясныя масівы — Тэльмінскі, Мухавецкі, Белаазерскі і інш. Балоты займаюць 4,4 тыс. га. Агульная плошча сельска-гаспадарчых угоддзяў 72,3 тыс. га, з іх асушаных 24,1 тыс. га. Помнікі прыроды — Мяднянскія ельнікі, Лютаўскія букі.
Глебы пераважаюць дзярнова-падзолістыя, забалочаныя, поймавыя і дзярнова-карбанатныя. Якасць ворных зямель складала 41 бал, кармавых угоддзяў — 29, усіх сельхозугоддзяў — 36 балаў.
Карысныя выкапні: торф, гліна, будаўнічыя пяскі, мел.
Клімат
Сярэдняя тэмпература студзеня −4,4 °C, ліпеня 18,8 °C. Ападкаў 548 мм за год. Вегетацыйны перыяд 208 сутак.
Насельніцтва
Колькасць насельніцтва:[9]
- 1992 — 42,7 тыс.
- 2008 — 34,9 тыс.
Эканоміка
Сельская гаспадарка
Асноўныя галіны сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля (буйная рагатая жывёла, свінагадоўля, авечкагадоўля, конегадоўля), буракаводства. Вырошчваюць збожжавыя, кармавыя культуры, бульбу, агародніну.
У аграпрамысловы комплекс раёна ўваходзяць 5 адкрытых акцыянерных таварыстваў: «Камароўка», птушкафабрыка «Меднаўская», «За мір», «Агра-сад Світанак», ГК «Бярэсце», два вытворчыя кааператывы: «Астрамечава», «Чарнаўчыцы», тры камунальныя ўнітарныя прадпрыемствы: «Маладая гвардыя», «Саўгас Брэсцкі», селекцыйна-гібрыдны цэнтр «Заходні», дзяржаўнае ўнітарнае сельскагаспадарчае прадпрыемства «Племзавод Мухавец».
Агратэхнічнае абслугоўванне сельскагаспадарчых арганізацый ажыццяўляе ААТ «Брэсцкі райаграсэрвіс».
Прамысловасць
Працуюць прадпрыемствы харчовай і будаўнічых матэрыялаў прамысловасці:
- ААТ «Брэсцкае марожанае»
- ААТ «Чарнаўчыцкі завод ЖБВ»
- ІП ЗАТ «БЕЛС»
- ПУП «Мясныя далікатэсы»
На тэрыторыі Брэсцкага раёна дзейнічае свабодная эканамічная зона «Брэст».
Адукацыя
У сістэме адукацыі раёна 17 ясляў-садоў, 16 сярэдніх і 6 базавых школ, 1 вучэбна-педагагічны комплекс «дзіцячы сад — пачатковая агульнаадукацыйная школа», 1 пачатковая агульнаадукацыйная школа. Дзейнічаюць 2 навучальна-вытворчыя камбінаты, дом дзіцячай творчасці, цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, сацыяльна-педагагічны цэнтр, цэнтр дзіцяча-юнацкага турызму і экскурсій, 40 клубных устаноў, 24 бібліятэкі.
Дзейнічае музей касманаўтыкі з раздзеламі пра ўраджэнца раёна лётчыка-касманаўта П. І. Клімука ў в. Тамашоўка.
Выдаецца газета «Заря над Бугом».
Транспарт
Па тэрыторыі раёна праходзяць чыгункі Брэст — Баранавічы, Брэст — Лунінец, Брэст — Беласток, Брэст — Ковель.
Аўтадарогамі звязаны з Баранавічамі, Пінскам, Камянцом, Маларытай.
У раёне 3 пункты пропуску праз дзяржаўную граніцу Рэспублікі Беларусь: Казловічы — Кукарыкі, Дамачава — Славіцічы, Тамашоўка — Пулемец.
Памятныя мясціны
Асноўны артыкул: Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Брэсцкага раёна
- Царква Ушэсця ў в. Вельямовічы, 1868 г.
- Крыжаўзвіжанская царква XIX ст. у в. Вістычы
- Крапасны форт № 5 у в. Гершоны, 1878—1888 гг.
- Ільінская царква канца XVII — пач. XIX ст. у в. Дубок
- Свята-Параскева-Пятніцкая царква і званіца ў в. Збірагі, 1610
- Сядзіба ў в. Малыя Зводы, 1875
- Пакроўская царква ў в. Малыя Шчытнікі, 1742
- Пакроўская царква ў в. Покры, 1739
- Сядзіба Нямцэвічаў 2-й пал. VIII ст. у в. Скокі
- Сядзібны дом канца XIX — пач. XX ст. і царква 2-й пал. XIX ст. у в. Сычы
- Троіцкі касцёл (1583) і царква Параскевы Пятніцы (1733) у в. Чарнаўчыцы
- Свята-Міхайлаўская царква і званіца ў в. Чэрск, 1701
- Спаса-Праабражэнская царква ў в. Шумакі, 1609
- Прачысценская царква ў в. Шэбрын, 1793
- Сядзіба Нямцэвічаў у в. Скокі
- Царква Ушэсця Гасподняга ў Вельямовічах
- Крыжаўзвіжанская царква XIX ст. у в. Вістычы
- Чарнаўчыцкая царква Параскевы Пятніцы
- Троіцкі касцёл са званіцай у в. Чарнаўчыцы
Вядомыя ўраджэнцы і жыхары
- Лідзія Дзмітрыеўна Брызга, Герой Сацыялістычнай Працы
- Кастусь Жмінько, беларускі паэт, мастак
- Пётр Ілліч Клімук, беларускі і савецкі касманаўт
- Антон Якаўлевіч Пыцель (1902—1982) — беларускі савецкі вучоны.
Зноскі
- ↑ http://brest.brest-region.gov.by/index.php?option=com_content&view=article&id=50468&Itemid=3482&lang=ru
- ↑ Вынікі перапісу 2009 года
- ↑ Численность населения на 1 января 2022 г. и среднегодовая численность населения за 2021 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа — Национальный статистический комитет Республики Беларусь, 2022.
- ↑ «Дзяржаўны зямельны кадастр Рэспублікі Беларусь» (па стане на 1 студзеня 2011 г.)
- ↑ GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.
- ↑ Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Аб ліквідацыі некаторых раёнаў Беларускай ССР ад 17 снежня 1956 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1956, № 12.
- ↑ Решение Брестского областного Совета депутатов от 21.12.2007 № 84 «Об изменениях в административно-территориальном устройстве Брестского района»
- ↑ Решение Брестского областного совета депутатов №306 от 17 сентября 2013 г. «Об изменениях в административно-территориальном устройстве Брестского района Брестской области» Архівавана 25 чэрвеня 2021.
- ↑ без раённага цэнтра
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3. — 511 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3).
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя ў 15 тамах. Т. 3, кн. 1. Брэсцкая вобласць / пад навук. рэд. А. І. Лакоткі. — Мн.: БелЭн, 2006. ISBN 985-11-0373-X.
Спасылкі
- Сайт Брэсцкага раённага выканаўчага камітэта Архівавана 2 кастрычніка 2019.
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Брэсцкага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты без геаграфічных каардынат Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Населеныя пункты, якія ўвайшлі ў склад Брэста Катэгорыя·Былыя населеныя пункты Брэсцкага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Брэсцкага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Дамачаўскага раёна Катэгорыя·Раёны Брэсцкай вобласці Катэгорыя·Раёны, утвораныя ў 1940 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1954 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1959 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1972 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1940 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1954 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1974 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Брэсцкага раёна
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.