Чавусы
Ча́вусы[2] (афіц. транс.: Čavusy) — горад раённага падпарадкавання ў Магілёўскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Чавускага раёна, на р. Бася. За 41 км ад г. Магілёў, 5 км ад чыгуначнай станцыі Чавусы на лініі Магілёў—Крычаў. Вузел аўтадарог на Магілёў, Крычаў, Мсціслаў, Чэрыкаў. Насельніцтва 10 525 чал. (2017)[3].
Назва
Версія, якая была першай агучана і таму атрымала вядомасць, належыць географу В. Жучкевічу. У сваім «Кароткім тапанімічным слоўніку Беларусі», які выйшаў у 1974 г., ён прапанаваў выводзіць назву Чавусаў ад імя «ханскага пасла мурзы Чавуса». Яго згадвае пісьменнік Г. Сянкевіч у рамане «Агнём і мячом», які В. Жучкевіч у сваім слоўніку цытуе, не прыводзячы, аднак, іншых спасылак.[4]
Экзатычная версія — пра паходжанне з цыганскай мовы, у якой, па словах аўтара артыкула ў забаўляльнай газеце «Турызм і адпачынак», «чавус» значыць «намёт».[5] У той жа час у цыганскай мове «намёт» (палатка, шацёр) — гэта «цэра».[6]
Балцкая версія паходжання назвы Чавусаў грунтуецца на вытлумачэнні лінгвістам Ул. Тапаровым гідронімаў Чэусен, Чэусенскі, Чэусаўская (у басейне Акі). У іх ён вылучае корань Čaus- або Čeus-. Адпаведнікі на тэрыторыі Літвы - р. Čiauša, на тэрыторыі Латвіі (на памежжы з Беларуссю) — р. Čauša. Першапачатковая форма гэтых гідронімаў, згодна з Ул. Тапаровым, была *Kiauša. Яны суадносяцца з такімі літоўскімі словамі, як kiaušinti «павольна ісці», kiausti «знікаць, спыняцца ў росце». Па словах Ул. Тапарова, «абодва гэтыя значэнні досыць звычайна матывуюць назвы рэк, якія ледзьве цякуць, з цяжкасцю прабіваюць сабе шлях». Назва Чавусаў першапачаткова найверагодней была звязаная з невялікім і павольна цякучым крынічным ручаём, якіх шмат на правабярэжжы ракі Басі ў раёне Чавусаў.[7]
Гісторыя
Вялікае Княства Літоўскае
Першы пісьмовы ўпамін пра вёску Чавусавічы[8] датуецца 1581. З 1589 яны ўваходзілі ў склад Магілёўскай эканоміі. У 1604 паселішча атрымала статус горада.
12 жніўня 1634 кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза надаў Чавусам Магдэбургскае права і герб: «у блакітным полі на белым кані Св. Марцін з мячом у руцэ, на плячах чырвоны плашч»[9]. На 1648 тут было 176 дымоў[8].
У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) Чавусы апынуліся ў цэнтры ваенных дзеянняў, маскоўскія войскі акупавалі і спустошылі мясціну. З вясны 1656 тут размяшчалася рэзідэнцыя казацкага палкоўніка І. Нячая. Увосень 1660 войскі Вялікага Княства Літоўскага вызвалілі Чавусы. На 1676 тут было 109 будынкаў.
У часы Вялікай Паўночнай вайны ў 1708 Чавусы разрабавалі шведскія войскі. На 1737 у горадзе дзейнічалі 3 царквы, меўся мытны пункт, дзясятую частку жыхароў складалі рамеснікі. У 1770-я тут было больш за 420 дамоў, штогод праводзіўся кірмаш[8].
Расійская імперыя
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Чавусы апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, дзе сталі цэнтрам павета Магілёўскай, пазней Беларускай губерні. У 1778 расійскія ўлады зацвердзілі план забудовы горада і надалі яму новы герб. З 1789 пачало працаваць 2-класнае павятовае вучылішча. На 1803 у Чавусах быў 461 будынак, дзейнічалі касцёл пры кляштары кармелітаў і 4 царквы. На 1825 — 569 дамоў, 5 цэркваў, 30 крам, штогод праводзіліся 2 кірмашы. На 1829 — 584 дамы, дзейнічалі касцёл, 4 царквы, 6 сінагог. У 1839 працавала палатняная мануфактура. На 1840 — 4 мураваныя і 808 драўляных дамоў, працавалі 26 крам і 23 карчмы, штогод праводзіліся 2 кірмашы.
У 1860 у Чавусах было 676 двароў, дзейнічалі 4 царквы, 2 сінагогі і 7 іўдзейскіх малітоўных дамоў, працавалі бальніца, 2-класнае павятовае і прыходскае вучылішча, 73 крамы, аптэка. 12 жніўня 1881 пачала працаваць тэлеграфная станцыя. У 1901 адкрылася 3-класнае гарадское вучылішча, на 1904 — працавала 41 прамысловае і 41 рамеснае прадпрыемствы, бальніца на 24 ложкі, друкарня, бібліятэка-чытальня, штогод праводзілася чатыры кірмашы.
Найноўшы час
25 сакавіка 1918 згодна з Трэцяй Устаўной граматай Чавусы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 згодна з пастановай I з’езду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 Чавусы вярнулі БССР, дзе яны сталі цэнтрам раёна Магілёўскай вобласці. У Другую сусветную вайну з чэрвеня 1941 да чэрвеня 1944 года горад знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй.
3 студзеня 2005 адбылося афіцыйнае зацверджанне герба Чавусаў[10]. З невядомых прычын улады выбралі пазнейшы расійскі, а не гістарычны герб часоў Вялікага Княства Літоўскага.
- Горад на старых здымках
- Рынак. Касцёл і кляштар кармелітаў, 1905
- Зарэчча. Царква Святога Мікалая, 1905
- Вуліца Прабойная. Царква Святога Георгія, 1905
- Вуліца Чырвоная. Інтэр’ер новага касцёла, 1913
- Вуліца Прабойная. Царква Святога Георгія
- Млын на рацэ Бася
Насельніцтва
- XVIII стагоддзе: 1770-я — 2 530 чал.[8]
- XIX стагоддзе: 1825 — 4 тыс. чал.[11]; 1840 — 5 150 чал.; 1860 — 4 579 тыс. чал.[12]; 1880 — 4 167 чал.[13]; 1884 — 2 579 чал. (2 332 муж. і 2 247 жан.), у тым ліку праваслаўных — 960 муж. і 940 жан., каталікоў — 8 муж. і 13 жан., іўдзеяў — 1 364 муж. і 1 294 жан.[14]; 1897 — 4 690 чал., з іх 41,1 % пісьменных
- XX стагоддзе: 1904 — 6,1 тыс. чал.; 1912 — 6 991 чал.; 1926 — 5 409 чал.[15]; 1939 — 7,2 тыс. чал.; 1959 — 7,8 тыс. чал.; 1991 — 12,5 тыс.[16]
- XXI стагоддзе: 2002 — 10,9 тыс. чал.[17]; 2004 — 10,5 тыс. чал.; 2006 — 10,5 тыс. чал.; 2008 — 10,4 тыс. чал.[18]; 2009 — 10 692 чал. (перапіс); 2016 — 10 525 чал.[19]; 2017 — 10 525 чал.[3]
Эканоміка
Прадпрыемствы харчовай, будматэрыялаў, першаснай апрацоўкі лёну прамысловасці. Гасцініца[20].
- ААТ «Чавускі масларобна-сыраробны завод»
- ПУП «Чавускі камбінат кааператыўнай прамысловасці»
- ААТ «Чавускі завод жалезабетонных вырабаў»
- РУВП «Чавускі льнозавод»
Культура
Дзейнічаюць дом культуры, 2 бібліятэкі, Чавускі гісторыка-краязнаўчы музей.
Адукацыя
У Чавусах працуюць 2 сярэднія, спартыўная базавая школы, школа-інтэрнат, школа мастацтваў.
Забудова
У Чавусах налічваецца 94 вуліцы і 49 завулкаў. Рака і аўтамагістраль Магілёў — Чэрыкаў падзяляюць сучасны горад на 4 планіровачныя раёны. У забудове пераважаюць дамы сядзібнага тыпу, таксама ўтварыўся мікрараён з 2—5-павярховымі пабудовамі.
Славутасці
- Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі (1997—2002 г., мураваны).
- Спаса-Ушэсцеўская царква (1992—2012 г., мураваная).
- Будынак былога казначэйства (1902 г., мураваны).
- Гарадскі парк (закладзены ў 1884 годзе) — помнік прыроды[21].
- Археалагічныя помнікі: стаянка эпохі неаліту, 2 паселішчы, курганныя могільнікі.
- Гістарычная забудова (XIX — пачатак XX ст.; фрагменты).
- Брацкія магілы савецкіх вайскоўцаў.
Страчаная спадчына
- Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі і кляштар кармелітаў (1653—1950-я г., мураваны).
- Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі (1913—кан.1950-х—пач.1960-х г., мураваны).
- Чавуская ратуша (1780—1840 г., мураваная).
- Сінагога
- Царква Святога Георгія (кан. XIX ст.)
- Царква Святога Мікалая (кан. XIX ст.)
Вядомыя асобы
Асноўны артыкул: Вядомыя асобы Чавусаў
- Аляксандр Рыгоравіч Акенцьеў (нар. 1950) — беларускі архітэктар.
- Гершэль Даніловіч (1884, паводле іншых звестак, нарадзіўся ў Гомелі) — бацька Кірка Дугласа, дзед Майкла Дугласа[22].
- Ісак Саламонавіч Гінзбург (1897—1974) — савецкі хірург, заснавальнік анкалагічнай і дзіцячай хірургічнай службы ў Азербайджане.
- Уладзімір Мікалаевіч Кудрэвіч (1884—1957) — беларускі мастак.
- Юрка Лявонны (1908—1937) — беларускі паэт.
- Сцяпан Парфёнавіч Маргунскі (1912—1978) — беларускі юрыст.
- Леў Яфімавіч Маневіч (1898—1945) — савецкі разведчык, Герой Савецкага Саюза.
- Мікалай Андрыянавіч Міхін (1872—1946) — вучоны ў галіне мікрабіялогіі, доктар ветэрынарных навук, першы рэктар Маскоўскага ветэрынарнага інстытута[23]
- Любоў Васілеўна Ракава (нар. 1948) — беларускі этнограф.
- Канстанцін Густававіч Рэнард (1884—1961) — вучоны ў галіне селекцыі раслін і насенняводства[24].
- Берта Майсееўна Сосіна-Ізраіцель (1903—1982) — беларускі рэнтгенолаг.
- Раман Ігаравіч Ялётнаў (нар. 1993) — беларускі біятланіст.
Гл. таксама
Зноскі
- ↑ Численность населения на 1 января 2022 г. и среднегодовая численность населения за 2021 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа — Национальный статистический комитет Республики Беларусь, 2022.
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2007. — 406 с. ISBN 978-985-458-159-0. (DJVU)
- 1 2 Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ В. А. Жучкевич. Краткий топонимический словарь Белоруссии. Минск, 1974. С. 399.
- ↑ Невядомыя Чавусы (артыкул Яўгена Зубовіча) // Чаусы.by. Информационный портал. https://chausy.by/svedeniya-chausy/istoriya/nevyadomyya-chavusy
- ↑ Цыганско-русский и русско-цыганский словарь (кэлдэрарский диалект): 5300 слов/ Под ред. Л. Н. Черенкова. Москва, 1990. С. 209.
- ↑ Адкуль «Чаусы» // Свайкста. https://svajksta.by/archives/33496
- 1 2 3 4 Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 735. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
- ↑ Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998. — 287 с. — ISBN 985-07-0131-5. С. 251.
- ↑ Геральдика на Чаусский районный исполнительный комитет
- ↑ Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 7, кн. 3. Магілёўская вобласць / У. А. Бадакоў і інш.; пад навуковай рэдакцыяй А. І. Лакоткі. — Мн.: БелЭн, 2009. С. 237.
- ↑ Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 7, кн. 3. Магілёўская вобласць / У. А. Бадакоў і інш.; пад навуковай рэдакцыяй А. І. Лакоткі. — Мн.: БелЭн, 2009. С. 238.
- ↑ Sulimierski F. Czausy // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom I: Aa — Dereneczna. — Warszawa, 1880. S. 776.
- ↑ Опыт описания Могилевской губернии. В 3-х кн. Кн. 2. / Под ред. А. С. Дембовецкого. — Могилев на Днепре, 1884.
- ↑ Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 7, кн. 3. Магілёўская вобласць / У. А. Бадакоў і інш.; пад навуковай рэдакцыяй А. І. Лакоткі. — Мн.: БелЭн, 2009. С. 239.
- ↑ Большая советская энциклопедия, 3-е изд.: в 30 т. / Гл. ред. А.М. Прохоров. — М.: Сов. энциклопедия, 1969—1978.
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2003. — Т. 17: Хвінявічы — Шчытні. С. 203.
- ↑ Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 7, кн. 3. Магілёўская вобласць / У. А. Бадакоў і інш.; пад навуковай рэдакцыяй А. І. Лакоткі. — Мн.: БелЭн, 2009. С. 235.
- ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ к // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9
- ↑ Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 5. Стаўраструм — Яшчур / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ ім. Петруся Броўкі, 1986. — 583 с., іл. — 10 000 экз. — С. 307.
- ↑ Лашкевіч К. Якіх сусветных знакамітасцей варта запрасіць на гістарычную радзіму ў Беларусь // «TUT.BY», 15 мая 2009.
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2000. — Т. 10: Малайзія — Мугаджары. — 544 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0169-9 (т. 10), ISBN 985-11-0035-8. — С. 487.
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 14: Рэле — Слаявіна. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0238-5 (т. 14), ISBN 985-11-0035-8. — С. 12.
- Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. С. 399.
- Зубовіч Я. Невядомыя Чавусы // «Туризм и отдых» № 34, 30 жніўня 2007.
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2003. — Т. 17: Хвінявічы — Шчытні. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0279-2 (т. 17), ISBN 985-11-0035-8.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 735. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 7, кн. 3. Магілёўская вобласць / У. А. Бадакоў і інш.; пад навуковай рэдакцыяй А. І. Лакоткі. — Мн.: БелЭн, 2009. — 542 с. ISBN 978-985-11-0452-5.
- Зубовіч Я. Чавусы — горад Святога Марціна: (нарысы па гісторыі ад заснавання да 1917 г.). — Магілеў: Магілёўская абласная тыпаграфія, 2008. — 254, [1] с.: іл., факсім. ISBN 978-985-6848-34-9
- Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998. — 287 с. — ISBN 985-07-0131-5.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын; Дадатак / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2003. — 616 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0276-8.
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom I: Aa — Dereneczna. — Warszawa, 1880.
Спасылкі
-
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Чавусы
- Геаграфічныя звесткі па тэме Чавусы на OpenStreetMap
- м. Чавусы на Radzima.org
- Чавусы на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Чавусы — парафія Найсвяцейшай Дзевы Марыі Маці Касцёла на Catholic.by
- Здымкі на globustut.by
- Сайт горада Чавусы і Чавускага раёна — навіны, гісторыя, фотаальбом, Форум, Чат Архівавана 22 ліпеня 2011.
- Надвор’е ў горадзе Чавусы
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі без сельсавета Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Чавускага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.