Чэрыкаў
Чэ́рыкаў[2] (трансліт.: Čerykaŭ) — горад раённага падпарадкавання ў Магілёўскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Чэрыкаўскага раёна, на рацэ Сож, на скрыжыванні аўтадарог Магілёў — Касцюковічы і Бабруйск — Крычаў. За 77 км ад Магілёва, 32 км ад чыгуначнай станцыі Крычаў. Насельніцтва 8165 чал. (2017)[3].
Назва
Існуе некалькі версій паходжання тапоніма «Чэрыкаў». Паводле першага з іх, ён утварыўся ад словаў «чартала», «чарціць» і мае сувязь з прымітыўнымі працамі земляробства — «аратым»[4]. Другая версія звязвае назву горада з старажытнымі плямёнамі, якія абралі правы бераг ракі Сож для стаянак сваіх лодак — «чырыкаў».
Таксама існуе народнае паданне, паводле якога на месцы сучаснага Чэрыкава рэзалі авечак каб аплаціць даніну татарам. Надалей адбылася наступная трансфармацыя назвы паселішча: «чырык авечак» — Чырыкавец — Чэрыкаў[5].
Гісторыя
Вялікае Княства Літоўскае
Першы пісьмовы ўпамін пра Чэрыкаў датуецца 1460[5]. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) ён увайшоў у склад Аршанскага павета Віцебскага ваяводства. У 1578 годзе мястэчка стала цэнтрам староства Магілёўскай эканоміі.
У пачатку XVII стагоддзя Чэрыкаў атрымаў статус горада[6]. У 1641 годзе кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза надаў гораду Магдэбургскае права[6] і герб: «у блакітным полі срэбны мур з трыма вежамі, у цэнтральнай — брама з збройным рыцарам з дзідай у руцэ»[7].
У кастрычніку 1648 года казакі на чале з Крывашапкай занялі Чэрыкаў, адкуль рабілі набегі на шляхецкія маёнткі Мсціслаўскага ваяводства. Неўзабаве казакоў разбіў аддзел полацкай шляхты на чале з князем Лукомскім. У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) горада спустошылі маскоўскія захопнікі[6]. У 1678 Чэрыкаў стаў цэнтрам воласці (павету) Мсціслаўскага ваяводства[6].
Пад уладай Расійскай імперыі
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Чэрыкаў апынуўся ў складзе Расійскай імперыі. Статус паселішча панізілі да мястэчка. У 1773 годзе Чэрыкаў зноў атрымаў статус горада і стаў цэнтрам павета Мсціслаўскай правінцыі (у 1796—1802 — Беларускай, пазней — Магілёўскай губерні). У 1781 годзе расійскія ўлады даравалі яму новы герб. На 1787 год у горадзе было 300 дамоў, дзейнічалі 2 царквы, працавала школа. У 1789 годзе адкрылася 2-класнае вучылішча. У кан. XVIII стагоддзя праз Чэрыкаў прайшоў тракт Магілёў — Чавусы — Крычаў — Мсціслаў, у XIX стагоддзі— Маскоўска-Варшаўская шаша. У гэты час на Сажы існавалі тры прыстані; праводзіліся конныя кірмашы, працаваў цукровы завод. На 1811 год у горадзе было 364 двары, на 1839 год працавалі 2 плісавыя, 1 палатняная, 1 гарбарная, 1 паташная і 2 медзеплавільныя мануфактуры. У пачатку 1840-х гадоў — 380 драўляных і 2 мураваныя будынкі, працавалі 39 крамаў, на 1848 год — 407 дымоў.
У часы нацыянальна-вызваленчага паўстання (1863—1864) Я. Жукоўскі сфарміраваў у Чэрыкаве паўстанцкі аддзел, які пазней злучыўся з Горацкім аддзелам Л. Звяждоўскага. На 1865 год у горадзе было 15 мураваных (астрог, 2 адміністрацыйныя будынкі, паштовая станцыя, застаўны шашэйны дом, 9 крамаў і 2 жылыя дамы) і 566 драўляных будынкаў (царква, касцёл, 4 малітоўныя школы, 54 крамы, гарадскі млын, 505 жылых дамоў). План складаўся з 4 плошчаў, 12 вуліц, 13 завулкаў, частка з якіх была брукаванай. На 1880 год у Чэрыкаве было 564 будынкі. У 1886 годзе пачала дзейнічаць метэаралагічная станцыя[8]. У 1904 годзе ў горадзе працавалі 23 дробныя прадпрыемствы, 162 рамеснікі, бальніца на 20 ложкаў. У 1913 годзе працавалі вінны завод, лесапільна-мукамольны завод, млыны.
Найноўшы час
25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай Чэрыкаў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 года згодна з пастановай I з’езду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала горад разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 годзе Чэрыкаў вярнулі БССР, дзе ён стаў цэнтрам раёна Калінінскай, у 1927—1930 гг. Магілёўскай акругі, з 1938 года — у Магілёўскай вобласці. У Другую сусветную вайну з 17 ліпеня 1941 да 1 кастрычніка 1943 года горад знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй.
У 1959—1962 і 1965—1966 гадах Чэрыкаў уваходзіў у склад Крычаўскага раёна, у 1962—1965 — у склад Краснапольскага раёна. У 2002 годзе адбылося афіцыйнае зацвярджэнне гістарычнага гарадскога герба[9].
- Горад на старых здымках
- Рынак
- Рынак. Царква, 1905
- Саюз кааператываў, 1918
- Вуліца, 1929
- Вуліца і царква
Насельніцтва
- XVII стагоддзе: 1649 — 2 тыс. чал.[6]
- XVIII стагоддзе: 1777 — 906 чал.[10]; 1787 — больш за 3 тыс. чал.
- XIX стагоддзе: 1811 — 355 муж.[11]; 1861 — 3 877 чал.; 1880 — 3 853 чал.[12]; 1897 — 5,2 тыс. чал.[13]
- XX стагоддзе: 1910 — 6 198 чал.[14]; 1939 — 6,4 тыс. чал.; 1959 — 4,9 тыс. чал.; 1965 — 5 тыс. чал.[15]; 1970 — 5,4 тыс. чал.[13]; 1991 — 8,3 тыс. чал.; 1995 — 9,0 тыс. чал.[13]
- XXI стагоддзе: 2002 — 8,6 тыс. чал.[16]; 2006 — 8,5 тыс. чал.; 2008 — 8,5 тыс. чал.; 2015 — 8184[17]; 2016 — 8149 чал.[18]; 2017 — 8165 чал.[3]
Эканоміка
Прадпрыемствы харчовай, будаўнічых матэрыялаў, лесанарыхтоўчай прамысловасці. База юных турыстаў. Гасцініца.
Культура
Дзейнічаюць дом культуры, Чэрыкаўскі гісторыка-краязнаўчы музей, бібліятэкі.
Адукацыя
У Чэрыкаве працуюць 2 сярэднія, вячэрняя, спартыўная школы, школа мастацтваў.
Забудова
У сучасным плане горада галоўныя вуліцы з’яўляюцца працягам аўтамагістраляў. У цэнтры ўтварылася 3—5-павярховая забудова. У цэлым жа пераважаюць будынкі сядзібнага тыпу. Вядзецца будова 5-павярховых дамоў.
Славутасці
- Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі (1862—1869 г., дзейнічае).
- Свята-Раства-Багародзіцкая царква (XIX ст., дзейнічае ў прыстасаваным будынку).
- Шпіталь (канец XIX — пачатак XX ст.)
- Гістарычная забудова (XIX — пач. XX ст., захавалася часткова).
- Геалагічнае агаленне «Чэрыкаў» — помнік прыроды республіканскага значэння.
- Помнікі: землякам, савецкім воінам, партызанам, ахвярам фашызму.
Страчаная спадчына
- Царква (2-я пал. XIX ст.)
Вядомыя асобы
Асноўны артыкул: Вядомыя асобы Чэрыкава
- Меер Велькавіч Басін — рэвалюцыянер
- Аляксандр Аўксенцевіч Варончанка — наркам асветы БССР
- Іван Герасімавіч Зубовіч (1901—1956) — савецкі дзяржаўны дзеяч, міністр прамысловасці сродкаў сувязі СССР (1946—1947)
- Віктар Філімонавіч Карамазаў — беларускі пісьменнік
- Сяргей Кузьміч Качаеў (1953—2011) — беларускі архітэктар.
- Нінэль Сяргееўна Краўкова (нар. 1935) — беларускі архітэктар.
- Дзмітрый Яфімавіч Лур’е (1921—1993) — савецкі архітэктар
- Ісак Ісакавіч Любан (1907—1975) — беларускі кампазітар
- Аркадзь Якаўлевіч Хесін — спецыяліст па прыкладным тэлебачанні
- Леанід Фёдаравіч Яўменаў — філосаф, пісьменнік, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі
Гл. таксама
Зноскі
- ↑ Численность населения на 1 января 2022 г. и среднегодовая численность населения за 2021 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа — Национальный статистический комитет Республики Беларусь, 2022.
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2007. — 406 с. ISBN 978-985-458-159-0. (DJVU)
- 1 2 Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. С. 401.
- 1 2 История на Чериковский районный исполнительный комитет
- 1 2 3 4 5 Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 748. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
- ↑ Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998. — 287 с. — ISBN 985-07-0131-5. С. 252.
- ↑ Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 5. Стаўраструм — Яшчур / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ ім. Петруся Броўкі, 1986. — 583 с., іл. — 10 000 экз.
- ↑ Геральдика на Чериковский районный исполнительный комитет
- ↑ Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 7, кн. 3. Магілёўская вобласць / У. А. Бадакоў і інш.; пад навуковай рэдакцыяй А. І. Лакоткі. — Мн.: БелЭн, 2009. С. 334.
- ↑ Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 7, кн. 3. Магілёўская вобласць / У. А. Бадакоў і інш.; пад навуковай рэдакцыяй А. І. Лакоткі. — Мн.: БелЭн, 2009. С. 335.
- ↑ Chmara A. Czeryków // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom I: Aa — Dereneczna. — Warszawa, 1880. S. 850.
- 1 2 3 Беларусь, 1995
- ↑ Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 7, кн. 3. Магілёўская вобласць / У. А. Бадакоў і інш.; пад навуковай рэдакцыяй А. І. Лакоткі. — Мн.: БелЭн, 2009. С. 337.
- ↑ Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 7, кн. 3. Магілёўская вобласць / У. А. Бадакоў і інш.; пад навуковай рэдакцыяй А. І. Лакоткі. — Мн.: БелЭн, 2009. С. 339.
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2003. — Т. 17: Хвінявічы — Шчытні. С. 335.
- ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2015 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2014 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (31 сакавіка 2015). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2003. — Т. 17: Хвінявічы — Шчытні. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0279-2 (т. 17), ISBN 985-11-0035-8.
- Чэрыкаў // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 763. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 748. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 7, кн. 3. Магілёўская вобласць / У. А. Бадакоў і інш.; пад навуковай рэдакцыяй А. І. Лакоткі. — Мн.: БелЭн, 2009. — 542 с. ISBN 978-985-11-0452-5.
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Чэрыкаўскага р-на. — Мн.: Вышэйшая школа, 1994. — 660 c.: іл. — ISBN 985-06-0020-9.
- Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998. — 287 с. — ISBN 985-07-0131-5.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын; Дадатак / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2003. — 616 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0276-8.
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom I: Aa — Dereneczna. — Warszawa, 1880.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Чэрыкаў
- Геаграфічныя звесткі па тэме Чэрыкаў на OpenStreetMap
- м. Чэрыкаў на Radzima.org
- Чэрыкаў на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Афіцыйныя дакументы і матэрыялы аб раёне // Магілёўская абласная бібліятэка(недаступная спасылка)
- Надвор’е ў горадзе Чэрыкаў
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі без сельсавета Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Магілёўскай вобласці Катэгорыя·Населеныя пункты Чэрыкаўскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Былыя населеныя пункты Магілёўскай вобласці Катэгорыя·Былыя населеныя пункты Чэрыкаўскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Беларусі Катэгорыя·Былыя сельсаветы Краснапольскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Крычаўскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Чэрыкаўскага раёна Катэгорыя·Раёны Магілёўскай вобласці Катэгорыя·Раёны, скасаваныя ў 1959 годзе Катэгорыя·Раёны, утвораныя ў 1924 годзе Катэгорыя·Раёны, утвораныя ў 1966 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1926 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1954 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1960 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1924 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Магілёўскай вобласці Катэгорыя·Сельсаветы Чэрыкаўскага раёна
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.