wd wp Пошук:

Чэрыкаўскі раён

Чэ́рыкаўскі раён — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Магілёўскай вобласці Беларусі. Адміністрацыйны цэнтр — горад Чэрыкаў.

Геаграфія

Раён займае тэрыторыю 102,02 тыс. га, мае працягласць з поўначы на ​​поўдзень — 46 км, з захаду на ўсход — 40 км. Тэрыторыя раёна знаходзіцца ў межах Аршанска-Магілёўскай раўніны, агульны нахіл з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад уздоўж ракі Сож. Сярэдняя вышыня масіва над узроўнем мора 180—200 м. Клімат — умерана-кантынентальны. Сярэдняя тэмпература студзеня — мінус 7,9 °C, ліпеня — плюс 18,3 °C. Вегетацыйны перыяд — 187 сутак. Ападкаў выпадае ў сярэднім 594 мм за год. Колькасць насельніцтва Чэрыкаўскага раёна складае 13965 чалавек, з якіх у горадзе пражывае 8222, у сельскай мясцовасці — 5743. Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва — 13,7 чал./км².

Ва ўсходняй, паўднёва-ўсходняй і паўднёвай частках раёна знаходзяцца пераважна пясчаныя суглінкавыя глебы. У паўночнай, заходняй і паўднёва-заходняй частцы раёна — супясчаныя і пясчаныя глебы. Разам з тым значнае распаўсюджванне маюць тарфяныя і пойменныя глебы. Глебы сельгасугоддзяў дзярнова-падзолiстыя тарфяна-балотныя — 0,6 %, алювiяльныя — 14,2 % . З мінеральных глеб 51,0 % суглiнкавых, 41,7 % супясчаных, 7,3 % пясчаных, 61,2 % дзярнова-падзолiстыя; забалочаныя — 17,3 %, дзярнова забалочаныя — 4,9 %. Пад лесам 41 % тэрыторыi раёна. (1994)

Асноўныя рэкі — Сож з прытокамі Волчас, Удага, Лобчанка. Найбуйнейшае возера — Сіняе (старычнае).

Гісторыя

Раён утвораны 17 ліпеня 1924 года ў складзе Калінінскай акругі БССР. Цэнтр — мястэчка Чэрыкаў. 20 жніўня 1924 года раён падзелены на 15 сельсаветаў: Вепрынскі, Верамейскі (Верамееўскі), Глінскі, Горацкі (Горкаўскі), Зябенскі, Каменкаўскі (Каменскі), Лабанаўскі, Мірагошчанскі, Рынкоўскі, Рэчыцкі, Ушакоўскі, Халмоўскі (Халмянскі), Чэрыкаўскі, Шароеўскі, Язёрскі. 3 ліпеня 1925 года Чэрыкаў атрымаў статус горада. 24 верасня 1926 года скасаваны Чэрыкаўскі сельсавет. З 9 чэрвеня 1927 года раён у складзе Магілёўскай акругі. Пасля скасавання акруговага падзелу 26 ліпеня 1930 года раён у прамым падпарадкаванні БССР. 5 снежня 1931 года Верамейскі (Верамееўскі) сельсавет перададзены Чавускаму раёну, 20 студзеня 1932 года гэты сельсавет вернуты ў склад Чэрыкаўскага раёна. Па дадзеных 1933 года, у перыяд калектывізацыі ў Чэрыкаўскім раёне было створана 98 калгасаў і 2 саўгаса. З 20 лютага 1938 года раён у складзе Магілёўскай вобласці. У 1939 годзе ў раёне працавалі 2 бальніцы, 5 амбулаторый, паліклініка, 10 фельдшарска-акушэрскіх пунктаў, 66 школ, 94 калгасы, ветэрынарны тэхнікум, 31 прадпрыемства, 2 МТС, 15 паштовых аддзяленняў, 20 бібліятэк, 3 электрастанцыі, 16 млыноў і крупадзёрак, выходзіла газета «Сацыялістычная перамога». 16 ліпеня 1954 года скасаваны Каменкаўскі і Рынкоўскі сельсаветы. 16 верасня 1959 года раён скасаваны, Вепрынскі, Верамейскі, Глінскі, Горацкі, Зябенскі, Лабанаўскі, Мірагошчанскі, Рэчыцкі, Ушакоўскі, Халмоўскі, Шароеўскі, Язёрскі сельсаветы перададзены ў склад Крычаўскага раёна.

30 ліпеня 1966 года раён утвораны зноў, уключаў горад Чэрыкаў, Вепрынскі, Верамейскі, Лабанаўскі, Рэчыцкі, Сормаўскі сельсаветы Крычаўскага раёна, Ушакоўскі сельсавет Краснапольскага раёна. 18 лютага 1972 года зноў утвораны Язёрскі сельсавет. На 1 студзеня 1974 года ў складзе раёна 7 сельсаветаў і 129 населеных пунктаў[6]. 30 красавіка 1992 года скасаваны Ушакоўскі сельсавет, 26 жніўня 1994 года — Лабанаўскі сельсавет. 20 кастрычніка 1995 года Чэрыкаўскі раён і горад Чэрыкаў аб’яднаны ў адну адміністрацыйную адзінку.

Дэмаграфія

Насельніцтва раёна складае 18,1 тыс. чалавек. Усяго разам з Чэрыкавам налічваецца 84 населеных пунктаў.

Транспарт

Праз раён праходзяць чыгунка Магілёў — Крычаў, аўтадарогі Крычаў — Рагачоў, Магілёў — Чэрыкаў.

Вядомыя ўраджэнцы і жыхары

Зноскі

  1. http://www.cherikovnews.by/vchera-v-zale-zasedanij-cherikovskogo-rajispolkoma-sostojalas-vneocherednaja-sessija-deputatov-cherikovskogo-rajonnogo-soveta-deputatov.html
  2. http://president.gov.by/ru/news_ru/view/rassmotrenie-kadrovyx-voprosov-23231/
  3. 1 2 3 Вынікі перапісу 2009 года
  4. «Дзяржаўны зямельны кадастр Рэспублікі Беларусь» (па стане на 1 студзеня 2011 г.)
  5. GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.
  6. Белорусская ССР. Административно-территориальное деление. На 1 января 1974 года. (руск.) . — Выданне 5-е. — Мн.: Беларусь, 1974. — С. 188. — 248 с. — 10 000 экз.
  7. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 14: Рэле — Слаявіна. — С. 425. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0238-5 (т. 14), ISBN 985-11-0035-8.

Літаратура

  • Административно-территориальное устройство БССР: справочник: в 2 т. / Главное архивное управление при Совете Министров БССР, Институт философии и права Академии наук БССР. — Минск: «Беларусь», 1985―1987.
  • Административно-территориальное устройство Республики Беларусь (1981—2010 гг.): справочник. — Минск: БелНИИДАД, 2012. — 172 с.
  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2003. — Т. 17: Хвінявічы — Шчытні. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0279-2 (т. 17), ISBN 985-11-0035-8.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Чэрыкаўскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Былыя населеныя пункты Чэрыкаўскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Краснапольскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Крычаўскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Чэрыкаўскага раёна Катэгорыя·Раёны Магілёўскай вобласці Катэгорыя·Раёны, скасаваныя ў 1959 годзе Катэгорыя·Раёны, утвораныя ў 1924 годзе Катэгорыя·Раёны, утвораныя ў 1966 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1954 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1960 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1924 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Чэрыкаўскага раёна
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be