Іванішчавічы (Акцябрскі раён)
У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Іванішчавічы. Івані́шчавічы[2] (трансліт.: Ivaniščavičy, руск.: Иванищевичи) — вёска ў Акцябрскім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіць у склад Любанскага сельсавета.
Знаходзіцца за 18 км на ўсход ад гарадскога пасёлка Акцябрскі, за 5 км на поўнач ад Любані, за 248 км ад Гомеля, за 21 км ад чыгуначнай станцыі Рабкор (лінія Асіповічы — Жлобін). Транспартныя сувязі па прасёлкавай, затым аўтамабільнай дарозе Акцябрскі — Азарычы.
Гісторыя
Па пісьмовых крыніцах вядома з XIV стагоддзя, пазначана ў лісце князя Гальшанскага ад 1396 года як сяло ў Глускай воласці.
У 1593 годзе ўладанне Кіеўскага Пячэрскага манастыра[3]. У дзяржаўных актах згадваецца пад 1671 годам. У 1683 годзе дзейнічала царква, распрацоўвалася рудня, якая павінна была ўступіць у дзеянне з 1695 годзе.
У 1740-я гады Іванішчавічы ўваходзілі у Шкоўскае войтаўства Парэцкай воласці Мазырскага павета.
Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у складзе Бабруйскага павета Мінскай губерні Расійскай імперыі. Належала войскаму Рэчыцкага павета Міхалу Крыштаповічу. Пазначана на карце 1866 года, якая выкарыстоўвалася Заходняй меліярацыйнай экспедыцыяй, што працавала ў гэтым раёне ў 1890-я гады.
У XIX стагоддзі — маёнтак, які належаў памешчыкам Шчэлкану і Гальперыну. На 1868 год Гальперын валодаў 3094 дзесяцінамі зямлі, вадзяным млыном. У 1870 годзе маёнтак належаў толькі Шчэлкану, у 1906 — памешчыку Гурыновічу. Паводле перапісу 1897 года, існавалі вёска і аднайменны засценак. На 1908 год мясцовасць уваходзіла ў склад Рудабельскай воласці Бабруйскага павета Мінскай губерні.
У 1910 годзе ў наёмнай хаце адкрыта школа, а на пачатку 1920-х гадоў для яе быў вылучаны нацыяналізаваны будынак. У 1930 годзе арганізаваны калгас «Камінтэрн», працавала гамарня. У 1930-я гады вёска і засценак аб’яднаны ў адзін населены пункт — вёску Іванішчавічы.
У гады Вялікай Айчыннай вайны нацысты ў красавіку 1942 года цалкам спалілі вёску (85 двароў) і забілі 83 жыхары; 37 жыхароў загінулі на фронце.
Насельніцтва
- XVII стагоддзе 1683 год — 14 дымоў.
- XVIII стагоддзе: 1740-я гады — 21 дым; канец XVIII стагоддзя — 41 дым, 101 асоба мужчынскага і 90 — жаночага полу.
- XIX стагоддзе: 1897 год — 51 двор, 260 жыхароў у вёсцы, 20 двароў, 155 жыхароў у засценку.
- XX стагоддзе: 1908 год — 396 жыхароў у вёсцы, 138 жыхароў у засценку; 1917 год — 464 жыхары ў вёсцы, 177 жыхароў у засценку; 1920 год 385 жыхароў у вёсцы, 365 жыхароў у засценку; 1959 год — 211 жыхароў; 1997 год — 21 двор, 37 жыхароў.
- XXI стагоддзе: 2004 год — 14 двароў, 19 жыхароў; 2009 год — 6 жыхароў; 2011 год — 1 двор, 1 жыхар.
Забудова
Планіроўка складаецца з амаль прамалінейнай вуліцы, арыентаванай з паўднёвага захаду на паўночны ўсход. Забудова драўляная, няшчыльная, сядзібнага тыпу.
Вядомыя ўраджэнцы
- Фёдар Самуілавіч Белы — удзельнік партызанскага руху падчас Вялікай Айчыннай вайны (загінуў у баі). Яго імя прысвоена адной з вуліц гарадскога пасёлка Акцябрскі і занесена ў кнігу Народнай Славы раёна.
Зноскі
- ↑ Дадзеныя сельсавета на 1 студзеня 2011 года
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
- ↑ РГИА, ф. 823, оп. 3, д. 33, с. 11об.
Літаратура
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т.1, кн.1. Гомельская вобласць/С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2004. 632с.: іл. Тыраж 4000 экз. ISBN 985-11-0303-9 ISBN 985-11-0302-0
- Памяць: Гiсторыка-дакументальная хронiка Акцябрскага раёна. — Мн.: БЕЛТА, 1997.
Спасылкі
- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх
Катэгорыя·Населеныя пункты Акцябрскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.