Іказнь (аграгарадок)
У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Іказнь.
Іказнь[1] (трансліт.: Ikazń, руск.: Иказнь) — аграгарадок (да 2009 г. вёска)[2] у Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці. Іказнь уваходзіць у склад Цяцеркаўскага сельсавета. Насельніцтва 305 чал. (2005). Знаходзіцца за 15 км на ўсход ад Браслава, за 31 км ад чыгуначнай станцыі Мёры, на аўтамабільнай дарозе Браслаў — Мёры.
Назва
Варыянты назвы вёскі ў гістарычных крыніцах: Икажно, Кажня, Ыкажна, Иказно[3].
Гісторыя
Першы пісьмовы ўспамін пра Іказнь датуецца 1499 годам, калі навакольныя землі набыў сакратар вялікай княгіні Алены Іван Сапега. 25 сакавіка 1504 года вялікі князь Аляксандр дазволіў яму заснаваць у маёнтку замак, мястэчка і назваць апошняе «паводле свайго меркавання».
У пачатку XVI ст. у Іказні збудавалі царкву, якую неўзабаве пераабсталявалі на кальвінскі збор. У 1515 годзе мястэчка спалілі маскоўскія захопнікі, аднак Іказненскі замак вытрымаў аблогу. У Інфлянцкую вайну ў 1561 годзе яны зноў спрабавалі здабыць замак. Польскі гісторык А. Гваньіні ў «Хроніцы Еўрапейскай Сарматыі» (2-я пал. XVI ст.) адзначаў, што «Іказнь — замак мураваны і места драўлянае… ад Браслава за 2 мілі ляжыць».
6 чэрвеня 1593 года ўладальнік Іказні Леў Сапега фінансаваў тут касцёл Цела і Крыві Хрыста, пры якім адкрыліся школа і шпіталь. У 1627 Ян Сапега выдаткаваў грошы для ўніяцкай царквы. Станам на 1628 год у мястэчку было 5 дамоў пры рынку і 80 вулічных; сярод насельнікаў 5 шаўцоў, 4 млынары, купец, кравец, рэзнік.
Падчас Трынаццацігадовую вайну ў 1654 годзе Іказненскі замак занялі маскоўскія, а ў 1655 годзе — шведскія войскі. Паводле падымнага рэестру 1690 года, у іказненскіх уладаннях ваяводы віленскага Казіміра Яна Сапегі налічвалася 240 дымоў. У Вялікую Паўночную вайну Іказнь моцна пацярпела ад ваенных дзеянняў паміж прыхільнікамі Станіслава Ляшчынскага і Аўгуста Моцнага (страты ацэньваліся ў 50 тыс. фларынаў). Станам на 1781 у парафіяльнай школе было 14 вучняў, на 1782 — 12.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Іказнь апынулася ў складзе Расійскай імперыі, у Дзісенскім павеце Мінскай, пазней Віленскай губерні. У 1800 годзе вёска перайшла ў валоданне старосты браслаўскага I. Бужынскага, у гэты час тут было 50 двароў, касцёл, царква, плябаніі каталіцкая і ўніяцкая, карчма, млын, папскі двор.
У 1919 годзе Іказнь была адным з цэнтраў сялянскага паўстання на Дзісеншчыне супраць бальшавіцкай улады («мяцеж зялёных»). Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) мястэчка апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Перабродскай гміне Браслаўскага павета. Станам на 1931 годзе ў Іказні было 96 двароў, пачатковая школа, млын, дзейнічаў гурток Беларускага Інстытута гаспадаркі і культуры.
У 1939 годзе Іказнь увайшла ў БССР, дзе ў 1940 зрабілася цэнтрам Іказненскага сельсавета Браслаўскага раёна. Статус паселішча змянілі да вёскі. З 1970 года Іказнь у складзе Цяцеркаўскага сельсавета[4]. Станам на 1971 тут было 88 гаспадарак[5], на 1994 — 128 двароў[3].
Вядомыя ўраджэнцы і жыхары
- Флор Манцэвіч (1890—1941) — педагог і грамадскі дзеяч.
- Мікола Дварэцкі (1903—1988) — беларускі рэлігійны дзеяч, паэт, публіцыст.
Дэмаграфія
- XVII стагоддзе: 1628 — каля 600 чал.
- XVIII стагоддзе: 1800 — 163 чал.
- XIX стагоддзе: 1879 — 541 чал. (270 муж. і 271 жан.)[6]
- XX стагоддзе: 1931 — 480 чал.; 1971 — 268 чал.; 1994 — 328 чал.; 1997 — 325[4] чал.
- XXI стагоддзе: 2005 — 305 чал.
Інфраструктура
У Іказні працуюць сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, бібліятэка, дом культуры.
Памятныя мясціны
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7 (DJVU).
- ↑ Решение Браславского районного Совета депутатов от 27.03.2009 № 137 «О преобразовании сельских населённых пунктов в агрогородки» (руск.)
- 1 2 Кастусь Шыдлоўскі. Іказнь // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — 527 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2. С. 478.
- 1 2 Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1998. — Т. 7: Застаўка — Кантата. — 604 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0130-3 (т. 7), ISBN 985-11-0035-8.
- ↑ Кастусь Шыдлоўскі. Іказнь // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — 527 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2. С. 479.
- ↑ Ikaźń // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom III: Haag — Kępy. — Warszawa, 1882. S. 255.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Іказнь (аграгарадок)
- Здымкі на Radzima.org
- Тетёркинский сельсовет Архівавана 22 верасня 2013.
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Браслаўскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.