Ішчална
І́шчална[1] (трансліт.: Iščalna, руск.: Ищелно) — вёска ў Шчучынскім раёне Гродзенскай вобласці, на рацэ Ішчалнянка. Уваходзіць у склад Мажэйкаўскага сельсавета. Насельніцтва 76 чал. (2001). Знаходзіцца за 12 км на паўночны ўсход ад Шчучына, за 8 км ад чыгуначнай станцыі Скрыбаўцы.
Геалогія
За 0,4 км на паўднёвы ўсход ад вёскі знаходзіцца Ішчальнянскае радовішча мелу. Паклад у выглядзе адорвеня залягае ў тоўшчы марэнных адкладаў сожскага зледзянення (пяскі, супескі).
Гісторыя
Вялікае Княства Літоўскае
Першы пісьмовы ўспамін пра Ішчалну датуецца 1515 годам, калі падкаморы надворны, староста эйшышкаўскі Андрэй Давойнавіч заснаваў тут касцёл Найсвяцейшай Тройцы. Мясцовасць уваходзіла ў склад Лідскага павета Віленскага ваяводства. У 1547 годзе Станіслаў Давойнавіч паводле прывілея вялікага князя Жыгімонта Старога заклаў у Iшчалне мястэчка[2]. У 1573 годзе ваявода полацкі Станіслаў Давойна (сын Станіслава Давойнавіча) перадаў касцёлу тры вёскі з 380 прыгоннымі і абавязаў маёнтак аплачваць працу трох святароў.
На працягу XVII ст. маёнткам і мястэчкам валодалі Лімонты, Вішнявецкія, Палупяты, Радзімінскія-Францкевічы, Скарбек-Важынскія. Станам на 1690 год тут налічвалася 53 двары.
У часы Вялікай Паўночнай вайны (1700—1721) у 1708 годзе Ішчалну занялі шведскія войскі, якія паразбівалі касцельныя званы. У 1711 годзе пачалася перабудова касцёла. Да яе заканчэння ў Вільні заказалі сонечны гадзіннік, які захаваўся да нашых дзён.
У 1740 годзе Ішчална перайшла ў валоданне Яна Вала, які збудаваў тут сядзібу. У 1758 годзе яго сын гарадзенскі харунжы Ю. Вал збудаваў мураваны касцёл у барочным стылі, асвечаны ў 1761 годзе ў імя Найсвяцейшай Тройцы (на 1781 лічыў 1255 парафіян). У 1770 годзе адкрыўся шпіталь для нямоглых і калек. У часы паўстання Тадэвуша Касцюшкі (1794) у ваколіцах Ішчалны дзейнічаў аддзел паўстанцаў пад камандай Хлявінскага. На шляху з мястэчка ў Шчучын адбылося некалькі баёў паміж паўстанцамі і царскімі войскамі, у якіх апошнія панеслі значныя страты.
Расійская імперыя
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Ішчална апынулася ў складзе Расійскай імперыі, у Шчучынскай воласці Лідскага павета Віленскай губерні. Існавалі аднайменныя мястэчка і вёска, якімі валодалі Скарбек-Важынскія. Станам на 1863 год тут было 5 жылых будынкаў, на 1885 — касцёл, вінакурны завод, 2 карчмы. Паводле вынікаў перапісу (1897) — 14 двароў, паштовая станцыя. На 1905 існавалі аднайменныя вёска (75 дзесяцін зямлі) і маёнтак (1112 дзесяцін зямлі).
У Першую сусветную вайну ў 1915 годзе Ішчалну занялі кайзераўскія войскі.
Найноўшы час
У 1919—1920 гадах Ішчална знаходзілася пад уладай бальшавікоў, затым польскага войска. Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) мястэчка апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Шчучынскай гміне Лідскага павета Навагрудскага ваяводства.
У гэты час існавалі аднайменныя вёска (7 двароў) і фальварак (16 будынкаў). У 1930 годзе адкрылася пачатковая польская школа і шавецкае вучылішча для дзяўчат, у 1932 годзе — цагельны завод. Апошнімі ўладарамі Ішчалны да 1939 года былі шляхціцы Ласковічы. Пан Ласковіч на старым месцы збудаваў новы палац у класічным стылі, заклаў парк. Вакол палаца было шмат гаспадарчых пабудоў: вінакурня, млыны, дзве карчмы. Да нашага часу захаваліся толькі некалькі гаспадарчых пабудоў, ад палаца засталіся толькі руіны.
У 1939 годзе Ішчална ўвайшла ў БССР, з 12 кастрычніка 1940 года ў складзе Гардзеевіцкага сельсавета Жалудоцкага раёна (з 17 красавіка 1962 года ў Шчучынскім раёне). Статус паселішча панізілі да вёскі. Станам на 1940 год існавалі фальварак (18 дамоў) і колішні маёнтак (28 пабудоў). У 1965 годзе вёска перададзена са скасаванага Вялікабаярскага сельсавета ў Шчучынскі сельсавет[3], у 1965—1966 гадах — у складзе Шчучынскага сельсавета[4], з 1966 года вёска ў Мажэйкаўскім сельсавеце. На 1995 год у вёсцы было 38 двароў, на 1 студзеня 2001 года — 76.
Насельніцтва
- XIX стагоддзе: 1863 — 38 чал.; 1866 — 319 чал.[5]; 1897 — 118 чал.[6]
- XX стагоддзе: 1921 — 60 чал. у вёсцы Ішчална і 140 чал. у фальварку Ішчална; 1939 — 423 чал.; 1940 — 65 чал. у фальварку Ішчална і 87 чал. у колішнім маёнтку Ішчална; 1995 — 90 чал.
- XXI стагоддзе: 1 студзеня 2001 — 76 чал.[7]
Славутасці
- Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (1758). З паўднёвага боку Траецкага касцёла знаходзіцца сонечны гадзіннік.
-
Ішчальнянскі парк закладзены ў 19 ст. Спалучаў пейзажны і рэгулярны стылі. Пейзажны парк займаў жывапісную ўзгорыстую тэрыторыю. У аснову кампазіцыі быў пакладзевы прынцып далёкіх перспектыў; уздоўж паўднёвай мяжы парку размяшчаліся вадаёмы. 3 паўночнага боку перад сядзібным домам (не збярогся) разбіты рэгулярны парк — 4 прамавугольныя тэрасы (80X30—35 м), акружаныя лінейнымі пасадкамі ліпы. Да парку далучаўся сад. Пераважаюць мясцовыя пароды дрэў — 12 відаў экзотаў, у т. л. ліпа гібрыдная, гардавіна, каштан горкі, бэз венгерскі, карагана, глог аднаслупковы (дае самасеў), парасткавыя экземпляры таполі шэрай, вялікая курціва птушанца сірыйскага і інш. Парк збярогся часткова, асталіся сажалкі, тэрасы.
- Касцёл Найсвяцейшай Тройцы
- Касцёл. Сонечны гадзіннік
- Плябанія
- Ля касцёла
Страчаная спадчына
- Сядзібна-паркавы комплекс Ласковічаў (XVIII ст.)
- Могілкавая капліца. Тут былі пахаваныя Аляксандра з Алендскіх[d], жонка Роха Брахоцкага (1819-68), Аліна з Мінейкаў[d] Брахоцкая (памерла ў 1911 г. ва ўзросце 76 гадоў), Катажына з Балінскіх Брахоцкая (памерла ў 1929 г. ва ўзросце 63 гадоў), Уладзіслава, жонка Аляксандра Брахоцкага (1857 — 22.02.1932 у М. Мажэйкаве), Сафія з граф. Маглоў (Mohlow) Брахоцкая (памерла 3 чэрвеня 1903 г. ва ўзросце 42 гадоў). Капліца была разбурана, а цынкавыя труны разбітыя[8].
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).. Сустракаецца таксама варыянт Ішча́лна
- ↑ Валерый Шаблюк. Ішчална // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — 527 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2. С. 511.
- ↑ Рашэнне выканкома Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 23 ліпеня 1965 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1965, № 25 (1105).
- ↑ Рашэнні выканкома Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 1 жніўня, 3 і 20 снежня 1966 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1967, № 1 (1159).
- ↑ Iszczołna // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom III: Haag — Kępy. — Warszawa, 1882. S. 308.
- ↑ Іна Соркіна. Мястэчкі Лідскага ўезда ў XIX — пачатку ХХ ст. // Ліда і Лідчына: да 685-годдзя з дня заснавання горада: матэрыялы рэспуб. навук.-практ. канф., (Ліда, 3 кастр. 2008 г.) / рэдкал.: Худык А. П. (гал. рэд.). — Ліда, 2008.
- ↑ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Шчучынскага раёна. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2001.
- ↑ Малое Мажэйкава (цяпер Мажэйкава)
Літаратура
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Шчучынскага раёна. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2001.— 592 с.: іл. ISBN 985-11-0218-0.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — 527 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.
- Круцікаў У., Лаўрэш Л. Гісторыя парафіі ў Ішчалне // «Наша Слова» № 22 (708), 15 чэрвеня 2005 г.
- Федарук А. Т Ішчальнянскі парк // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 2. Гатня — Катынь / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ ім. Петруся Броўкі, 1983. — 522 с. — 10 000 экз.
- Iszczołna // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom III: Haag — Kępy. — Warszawa, 1882. S. 307—308.
- Лаўрэш Лявон, Круцікаў Уладзімір, Пастухоў Віктар. Сонечны гадзіньнік у в. Ішчална // Cпадчына. 2000. №2. С. 139–141. // на pawet.net
- Лаўрэш Леанід. Страчаная цывілізацыя. Гістарычныя хронікі: Маёнтак Ішчална // Новы замак. 2022. Выпуск 10. С. 179-200. // на pawet.net
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Ішчална
- Жыгамонт, Юры. Архіўная копія (нявызн.) (недаступная спасылка). Новыя падарожжы дылетанта. Тэлекампанія «Сталічнае тэлебачанне». Архівавана з першакрыніцы 1 кастрычніка 2010. Праверана 5 студзеня 2013.
- «Радзіма майго духу»
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Шчучынскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.