Азярніца (Слонімскі раён)
У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Азярніца.
Азярні́ца[1] (трансліт.: Aziarnica, руск.: Озерница) — аграгарадок у Слонімскім раёне Гродзенскай вобласці, на безымянным прытоку ракі Зальвянка. Адміністрацыйны цэнтр Азярніцкага сельсавета. Насельніцтва 431 чал. (1990). Знаходзіцца за 18 км на захад ад Слоніма, за 1,5 км ад чыгуначнага прыпынку Азярніца (лінія Баранавічы — Ваўкавыск).
Гісторыя
Першы пісьмовы ўспамін пра Азярніцу датуецца 1478 у ліку «прысёлкаў» маёнтку Дзярэчын, якім валодалі Копачы. У кан. XV — пач. XVI стагоддзяў паселішча знаходзілася ва ўладанні Б. Мілашэвічу, па яго смерці (1509) — вялікіх князёў. 3 1510 маёнткам у Азярніцы валодаў падскарбі земскі Б. Багавіцінавіч. Згодна з дакументам за 1569, паселішча мела статус мястэчка ў Слонімскім павеце Навагрудскага ваяводства і знаходзілася ва ўладанні І. Гарнастая. Станам на 1604 тут было 55 двароў і 10 корчмаў
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Азярніца апынулася ў складзе Расійскай імперыі, у Слонімскім павеце Гродзенскай губерні. Станам на 1886 у мястэчку было 39 двароў, царква, сінагога, школа, рэгулярна праводзіліся 2 кірмашы.
Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Азярніца апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Слонімскім павеце Навагрудскага ваяводства.
У 1939 Азярніца ўвайшла ў БССР, дзе ў 1940 зрабілася цэнтрам сельсавета. Статус паселішча панізілі да вёскі. Станам на 1969 тут было 155 двароў, на 1990 — 187.
Насельніцтва
- XIX стагоддзе: 1830 — 272 муж., з іх шляхты 2, духоўнага саслоўя 1, мяшчан-іўдзеяў 58, мяшчан-хрысціян і сялян 210, жабракоў 1[2]; 1878 — 808 чал. (375 муж. і 422 жан.), у тым ліку 350 іўдзеяў[3]; 1886 — 418 чал.
- XX стагоддзе: 1969 — 496 чал.; 1990 — 431 чал.[4]
Інфраструктура
У Азярніцы працуюць дзяржаўная агульнаадукацыйная сярэдняя школа, бальніца сястрынскага догляду, амбулаторыя, вясковыя клуб і бібліятэка, пошта, АТС, аптэка, крама, комплексна-прыёмны пункт.
Турыстычная інфармацыя
Славутасці
Прыкладна за 200 м на паўночны захад ад Азярніцы знаходзіцца гарадзішча перыяду ранняга жалезнага веку, якое адносяць да 1-га тысячагоддзя н. э. Гэтая знакавая мясцовасць трапіла ў Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
- Могілкі яўрэйскія
- Царква Святога Мікалая (1867)
Вядомыя асобы
- Алесь Сучок (1916-1993) — беларускі паэт.
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).
- ↑ Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. С. 414.
- ↑ Oziernica (2) // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VII: Netrebka — Perepiat. — Warszawa, 1886. S. 787.
- ↑ Валерый Шаблюк. Азярніца // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. — 494 с., [8] к.: іл. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2. С. 70.
Літаратура
- Памяць: Слонімскі раён : [навукова-папулярнае выданне] / рэд. кал. Л. М. Драбовіч [і інш.] ; уклад. А. М. Тарсуноў ; маст. Э. Э. Жакевіч ; рэд. У. і. Лемяшонак.. — Мінск:: БЕЛТА, 2004. — 752 с. с.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. — 494 с., [8] к.: іл. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2.
- Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. — 488 с. ISBN 978-9955-773-33-7.
- Oziernica (2) // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VII: Netrebka — Perepiat. — Warszawa, 1886. S. 787.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Азярніца (Слонімскі раён)
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Слонімскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.