Аслянка
Асля́нка[1] (трансліт.: Aslianka, руск.: Ослянка) — вёска ў Мсціслаўскім раёне Магілёўскай вобласці. Уваходзіць у склад Сапрынавіцкага сельсавета.
Геаграфія
Размешчана за 10 км на паўночны ўсход ад Мсціслава, 105 км ад Магілёва, 28 км ад чыгуначнай станцыі Ходасы на лініі Орша — Сураж. Рэльеф раўнінна-ўзгорысты. Праз вёску цячэ р. Аслянка (прыток р. Сож). Транспартныя сувязі па мясцовай дарозе і далей па шашы Мсціслаў — Хіславічы.
Гісторыя
Па пісьмовых крыніцах вядома з 17 ст. У 1654 годзе с. Асланца аддадзена Мсціслаўскаму кармеліцкаму кляштару. У 1667 годзе пабудаваны вадзяны млын, у 1737 годзе — царква.
Пад уладай Расіі
Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай ў 1772 года годзе у складзе Расійскай імперыі. У 1785 годзе ў Мсціслаўскім павеце Магілёўскага намесніцтва, уласнасць памешчыка. У 1867 годзе заснавана сукнавальня, у 1910 годзе адкрыта вінная крама.
У 1885 годзе цэнтр воласці ў Мсціслаўскім павеце. Зямля належала Пустынскаму манастыру. Мелася школа (нар. вучылі-шча), адкрытая не пазней 1884 года У канцы XVIII ст. ў цэнтры вёскі пабудавана драўля-ная царква, якая з’яўляецца помнікам нар. дойлідства. У 1897 годзе побач былі царкоўная сядзіба і сяліба.
3 1918 года да 1964 года ў Смаленскай вобласці РСФСР. Апрача школы ў 1924 годзе працавалі бібліятэка, хата-чытальня, пункт па ліквідацыі непісьменнасці сярод дарослых. У 1930 годзе арганізаваны калгас, які з 1932 года абслугоўвала Хіславіцкая МТС.
У Вялікую Айчынную вайну з ліпеня 1941 года да 28 верасня 1943 года акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. На ўшанаванне памяці 48 землякоў, якія загінулі на фронце і ў партызанскай барацьбе, у 1969 годзе на заходняй ускраіне вёскі пастаўлены абеліск.
У складзе Беларусі
17 лістапада 1964 года перададзена ў склад БССР[2]. У 1976 годзе далучана в. Шматаўка. У 1990 годзе ў складзе калгаса «Савецкая Расія» (цэнтр — в. Сапрынавічы). Працавалі 8-га-довая школа, клуб, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, комплексна-прыёмны пункт бытавога абслугоўвання насельніцтва, аддзяленне сувязі, магазін. У 2007 годзе далучана да СВК «Кастрычнік». Дзейнічае магазін, водаправод.
Планіроўка
Планіроўка прамавугольная. Дзве працяглыя прамалінейныя вуліцы арыентаваны з паўднёвага ўсходу на паўночны захад і перакрыжаваны перпендыкулярна 4 кароткімі прамалінейнымі вуліцамі. На паўночны ўсход за ракой праходзіць кароткая прамалінейная вуліца з завулкам (былая в. Шматаўка). Забудавана пераважна двухбакова, шчыльна, традыцыйнымі драўлянымі дамамі сядзібнага тыпу. Грамадскія будынкі размешчаны ў цэнтры вёскі, сярод жылой забудовы. на паўночны захад і паўднёвы захад — гаспадарчы сектар.
Насельніцтва
- XVIII стагоддзе:
- 1785 — 31 двор, 150 жыхароў.
- XIX стагоддзе:
- 1897 — 29 двароў, 185 жыхароў, у царкоўнай сядзібе — 2 двары, 14 жыхароў, у сялібе — 1 двор, 10 жыхароў.
- XX стагоддзе:
- XXI стагоддзе:
- 2007 — 36 гаспадарак, 78 жыхароў.
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2007. — 406 с. ISBN 978-985-458-159-0. (DJVU)
- ↑ «Назад у Расею не пайшлі б» — як жыве вёска, якую Хрушчоў перадаў з Расеі ў Беларусь
Літаратура
- Аслянка // Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 7, кн. 3. Магілёўская вобласць / У. А. Бадакоў і інш.; пад навуковай рэдакцыяй А. І. Лакоткі. — Мн.: БелЭн, 2009. — 542 с. ISBN 978-985-11-0452-5.
- Oślanka // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VII: Netrebka — Perepiat. — Warszawa, 1886. — S. 642
Спасылкі
- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Мсціслаўскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.