wd wp Пошук:

Багушы (Брагінскі раён)

У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Багушы.

Багушы́[1] (трансліт.: Bahušy, руск.: Богуши) — былая вёска ў Брагінскім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіла ў склад Буркоўскага сельсавета.

Ліквідавана 20 жніўня 2008 года[2].

Геаграфія

Размяшчэнне

У 16 км на паўднёвы захад ад Брагіна, 25 км ад чыгуначнай станцыі Хойнікі (на галінцы Васілевічы — Хойнікі ад лініі Калінкавічы — Гомель), 135 км ад Гомеля.

На тэрыторыі Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка. Пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і радыяцыйнага забруджвання жыхары (195 сем’яў) пераселены ў 1986 годзе ў чыстыя месцы.

Транспартная сістэма

Транспартныя сувязі па прасёлкавай, затым аўтадарозе Брагін — Камарын.

Планоўка складаецца з 2 крывалінейных вуліц, арыентаваных з паўднёвага захаду на паўночны ўсход, да якіх з захаду далучаюцца 2 кароткія прасталінейныя вуліцы. Забудова драўлянымі хатамі сядзібнага тыпу.

Гісторыя

Карона Каралеўства Польскага

Першая згадка пра вёску Багушовічы з чатырма дымамі асадных сялян (плата — 15 грошаў з кожнага) сустракаецца ў падатковым рэестры Кіеўскай зямлі за 1581 год. Належала яна пану падкамораму кіеўскаму Шчаснаму Харлінскаму[3]. 6 красавіка 1590 года Ш. Харлінскі падаў судовы пратэст супраць князя Вішнявецкага за рабаўнічы наезд некалькіх сотняў брагінскіх людзей на чале з яго ўраднікам Кірыянам Вайніловічам на паселішчы Храпкаў, Навасёлкі, Багушы і Руднае. Усе яны належалі да Астраглядавіцкага ключа пана Харлінскага[4].

У 1628 годзе пан ваяводзіч смаленскі Мікалай Абрагамовіч (Абрамовіч) з трох дымоў вёскі Багушы мусіў плаціць па тры злотыя[5]. Пасля Багушы згаданыя ў апеляцыі, пададзенай 6 чэрвеня 1635 года ксяндзом Заклічынскім, плябанам астраглядавіцкім, праз Кіеўскі гродскі суд да кароннага Люблінскага трыбуналу. У ёй сказана пра насланне панам Мікалаем Абрамовічам сваіх людзей на касцёльныя добра Багушы, учыненне розных гвалтаў і рабункаў. 5 чэрвеня 1682 года ксёндз Дамінік Бэркіновіч, прэзідэнт касцёла Астраглядавіцкага, закону св. Дамініка, засведчыў, што касцёл абавязаўся адпраўляць па тры святыя імшы на тыдзень, за што князь Канстанцін Шуйскі на яго ўтрыманне ізноў саступіў вёску Багушы[6].

Рэвізія, вынікі якой падсумаваныя былі 2 красавіка 1716 года, паказала, што ў вёсцы Багушы павіннасцям падлягалі восем гаспадарак. Пра дваіх гаспадароў, Грышку Карася і Саву Дземчанку, сказана, што кожны з іх poszedł przecz. Апошні, што праўда, яшчэ заплаціў.[7] 30 мая 1729 г. ксёндз Францішак Сымон Яніцкі падаў пратэст у сувязі з наездам на Багушы брэсцкага харунжага Мікалая Шуйскага.[8] Згаданая wieś Bohushe, уласнасьць Астраглядаўскай плябаніі, і ў 1734 годзе[9]. У 1742 годзе ксёндз Трэмбіцкі за 600 злотых запісаў права на трохгадовую арэнду Багушоў сужэнцам Юзафу і Канстанцыі з дому Спінкаў Кострам[10]. Паводле звестак 1748 года ксяндза К. Арлоўскага, Багушы былі ў ліку паселішчаў, частка жыхароў якіх належала да Астраглядавіцкай парафіі Оўруцкага дэканату Кіеўскай дыяцэзіі[11]. У 1754 годзе з 19 двароў вёскі Багушы Хойніцкага маёнтку выплачвалася «do grodu» (Оўруцкага замку) 2 злотыя, 27 з пал. грошаў, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павета і ваяводства) 11 зл., 20 гр.[12] Яўрэйскія перапісы 1765, 1778 і 1784 гадоў засведчылі пражыванне ў Багушах адпаведна 5, 2 і 2 чалавек (głow), якія належалі да Хойніцкага кагалу[13]. Змяншэнне колькасці яўрэяў у вёсцы магло быць выклікана гайдамацка-сялянскай Каліеўшчынай 1768 года ва Украіне.

Расійская імперыя

На 27 чэрвеня 1793 года ёсць сведчанне капітана Марчанкі, паводле якога ксёндз Францішак Глінскі[upper-alpha 1][14] няслушна «абвінаваціў» падданых вёскі Багушы ў тым, што яны не жадаюць ісці пад апеку Расійскай дзяржавы[15]. Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Багушы — у межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесніцтва (губерні), з 1796 года ў складзе тэрытарыяльна ўпарадкаванага Рэчыцкага павета Маларасійскай, а з 29 жніўня 1797 года Мінскай губерні Расійскай імперыі[16]. У 1796 годзе вёска была ў арэндзе ад паноў Прозараў у ксяндза Юзафа Корсака, каноніка інфлянцкага, дзейнічала ўніяцкая капліца[17].

У рэвізіі 1834 года запісана, што вёска Багушы належала Астраглядаўскай плябаніі. Прозвішчы вяскоўцаў — Карасі (лідары), Нікіценкі, Давыдзенкі[18]. На 1850 год, паводле энцыклапедыі «Гарады і вёскі Беларусі», паселішча было ўласнасцю казны і налічвалася ў ім 35 двароў, 276 жыхароў. У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело] : 1857 г.» засведчана, што 282 жыхары вёскі Багушы з’яўляліся прыхаджанамі Астраглядавіцкай Свята-Троіцкай царквы, 5 мужчын і 6 жанчын былі парафіянамі Астраглядавіцкага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі[19].

У парэформенны перыяд у новастворанай Мікуліцкай воласці. Паводле звестак на 1876 і 1879 гады, Багушы заставаліся ў прыходзе Троіцкай царквы[20]. Згодна з перапісам 1897 года 106 двароў, 755 жыхароў, існавалі капліца, школа граматы, хлебазапасны магазін, месцілася ў Мікуліцкай воласці. На 1909 год у Багушах налічвалася 128 двароў, 684 жыхары[21].

Найноўшы час

З 8 снежня 1926 года па 30 снежня 1927 года цэнтр Багушскага сельсавета Брагінскага раёна Рэчыцкай акругі (з 9 чэрвеня 1927 года Гомельскай акругі). У 1930 годзе 130 двароў, 767 жыхароў. У 1931 годзе арганізаваны калгас імя Будзёнага, працавалі гамарня і вятрак. Паводле перапісу 1959 года ў вёсцы было 599 жыхароў. Уваходзіла ў склад саўгаса «Астрагляды» (цэнтр — вёска Астрагляды).

Паблізу ёсць радовішчы жалязнякоў.

Насельніцтва

Колькасць

  • 1986 год — жыхары (195 сем’яў) пераселены.

Дынаміка

  • 1834 год — 31 двор.
  • 1850 год — 35 двароў, 276 жыхароў.
  • 1897 год — 106 двароў, 755 жыхароў (паводле перапісу).
  • 1908 год — 128 двароў.
  • 1930 год — 130 двароў, 767 жыхароў.
  • 1959 год — 599 жыхароў (паводле перапісу).
  • 1986 год — жыхароў няма.

Заўвагі

  1. Гэта той пробашч, які 12 чэрвеня 1791 года цэлебраваў у Астраглядаўскім касцёле святую імшу ды прамаўляў урачыстую казань з нагоды прыняцця Канстытуцыі 3 мая.

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
  2. «Об упразднении сельских населенных пунктов Брагинского района». Решение Брагинского районного Совета депутатов от 20 августа 2008 г. № 68 Архівавана 17 сакавіка 2018. (руск.)
  3. Źródła dziejowe. T. XX: Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym; T. IX: Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów — Bracław). / A. Jabłonowski. — Warszawa, 1894. S. 37
  4. Archiwum Główny Akt Dawnych. Warszawa. Аrchiwum Рrozorów і Jelskich (далей AGAD. APiJ). Sygn. 1. S. 7
  5. Архив Юго-Западной России (далей: Архив ЮЗР). — Ч. 7. — Т. 1: Акты о заселении Юго-Западной России. — Киев, 1886. С. 396—397
  6. AGAD. APiJ. Sygn. 1. S. 37
  7. НГАБ у Мінску. Ф. 320. Воп. 1. спр. 1. а. 143
  8. AGAD. APiJ. Sygn. 1. S. 39
  9. Тарифи подимного податку, сеймикові лауди і люстрації Київського воєводства першої половини XVIII століття. /Вид. друге, доп. Укл. Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 286
  10. AGAD. APiJ. Sygn. 1. S. 40
  11. Ks. Orłowski K. N. Defensa biskupstwa y dyecezyi Kiiowskiey. — Lwów, 1748. S. 148
  12. Тариф подимного податку Київського воєводства 1754 року. /Опрацював Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 189
  13. Архив ЮЗР. Ч. 5. Т. 2. Переписи еврейского населения в юго-западном крае в 1765—1791 гг. — Киев, 1890. С. 301, 391, 710
  14. Gazeta narodowa y obca. № LVI. 13 lipca 1791
  15. AGAD. APiJ. Sygn. 1. S. 42 — 43
  16. Насевіч В., Скрыпчанка Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. — Т. 6. Кн. 1. — Мінск: БелЭн, 2001. C. 181—182
  17. Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск, 2018. С. 73, 74
  18. НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 343. А. 409адв. — 420
  19. Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 382, 700
  20. Минские епархиальные ведомости. — Минск, 1876. № 10. С. 459; Описание церквей и приходов Минской епархии. VIII. Речицкий уезд. — Минск, 1879. С. 117
  21. Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 11

Літаратура

  • Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т.1, кн.1. Гомельская вобласць/С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: Белэн, 2004. 632с.: іл. Тыраж 4000 экз. ISBN 985-11-0303-9 ISBN 985-11-0302-0

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі, адселеныя пасля Чарнобыльскай катастрофы Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Былыя населеныя пункты Брагінскага раёна
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be