wd wp Пошук:

Храпкаў

Хра́пкаў[1] (трансліт.: Chrapkaŭ, руск.: Храпков; да снежня 2008 г. Хра́пкава[2]) — аграгарадок у Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіць у склад Барысаўшчынскага сельсавета.

Гісторыя

Карона Каралеўства Польскага

У пісьмовых крыніцах паселішча ці не ўпершыню згадана 6 красавіка 1590 года ў сувязі з пратэстам у Кіеўскім гродскім судзе пана Шчаснага Харлінскага, падкаморага кіеўскага, на адрас князя Аляксандра Вішнявецкага, старосты чаркаскага, які наслаў быў некалькі соцень падданых сваіх брагінскіх на чале з ураднікам Кірыянам Вайніловічам на вёскі Храпкаў, Навасёлкі, Багушы і Руднае, да ключа Астраглядавіцкага прыналежныя, а яны людзей збілі і скалечылі, каморы і іншыя будынкі пашкодзілі, начынне рознае, худобу з быдлам пазабіралі і да ключа Брагінскага адвялі[3]. Ад гэтага часу і да рэформеннага ўжо ў Расійскай імперыі перыяду Храпкаў належаў тым самым уладальнікам, што і Астраглядавічы з Хойнікамі, г. зн. пасля Харлінскіх — Мікалаю Абрамовічу (Абрагамовічу), Максіміліяну Бжазоўскаму, князям Шуйскім, сямейству Прозараў[4].

20 чэрвеня 1600 года Шчасны Харлінскі выдаў свайму сыну Мікалаю zapis wieczysty, 26 чэрвеня ў Люблінскім трыбунале прызнаны, на добры ў Кіеўскім ваяводстве Кароны Польскай: двор Астраглядавічы з прыналежнымі да яго «прыселкамі» — сёламі Астраглядавічы, Хойнікі, Храпкаў, Дворышча і яшчэ дзевяцю паселішчамі, а таксама на двор і частку з сямі пляцаў у Кіеве[5]. Пры размежаванні Кіеўскага ваяводства Каралеўства Польскага і Мазырскага павета Вялікага Княства Літоўскага ў снежні 1621 — студзені 1622 гадоў сёлы Храпкаў, Навасёлкі, мястэчка і вёску Хойнікі, сяло Вялікі Бор пана Мікалая Харлінскага паны камісары згодна запісалі прыналежнымі да ваяводства Кіеўскага[6].

У судовым дэкрэце ад 7 чэрвеня 1623 года ўдава Гальшка Харлінская абвінавачвала паноў Станіслава, Юрыя і астатніх Харлінскіх, родных братоў і сваякоў мужа Мікалая, за гвалтоўны наезд на замак і вёску Астраглядавічы, мястэчка Новы Харленж (Хойнікі), вёскі Хойнікі, Храпкаў, Дворышча, Руднае, Стралічаў, Паселічы, Малішаў[upper-alpha 1][7]. 8 ліпеня 1631 года запісам у актах Кіеўскага земскага суда[upper-alpha 2] нарэшце засведчана пагадненне на саступку часткі Астраглядаўскіх добраў Шчасным, сынам Станіслава, Харлінскім пану Лукашу Мадлішэўскаму, новаму мужу ўдавы Гальшкі, за суму ў 60 000 польскіх злотых. Сярод паселішчаў у дакуменце названы і Храпкаў[8].

Паводле люстрацыі падымнага падатку Оўруцкага павета Кіеўскага ваяводства 1683 года, з 14 дымоў вёскі Храпкаў Хойніцкай воласці князя Шуйскага выплачвалася 2 злотых; у другі раз — 2 злотых з 2 дымоў[9]. На 1698 год, як вынікае з інвентара маёнтка Хойнікі, перададзенага князем Дамінікам Шуйскім, берасцейскім харунжым, у кіраванне пану Зыгмунту Шукшце, у Храпкаве было 8 двароў. 6 днём лютага 1711 года датаваная судовая скарга шляхцічаў Аляксандра і Базыля Нячай-Грузевічаў на князя Дамініка Шуйскага за жорсткае збіццё яго людзьмі падаўцаў скаргі і іх сялянаў пры наездзе і захопе ў пацярпелых вёсак Храпкаў, Навасёлкі і Дворышча[upper-alpha 3][10]. У рэвізіі года 1716-га сказана, што з 8 двароў Храпкава за папярэднюю пасэсію скарбнік берасцейскі Станіслаў Шуйскі выбраў 55 злотых. 25 лютага 1719 года, як і пастанавіў раней Жытомірскі гродскі суд, адбылася часовая перадача вёскі Дворышча і фальварка пры сяле Храпкаў, прыналежных князю Д. Шуйскаму, але арандаваных валоскім біскупам Юзафатам Парышэвічам, спадчыннікам чарнігаўскага падкаморага Канстанціна Залескага[upper-alpha 4][11]. Згодна з інвентаром 1721 года, калі абцяжараны даўгамі маёнтак ад пасэсара біскупа Юзафата Парышэвіча перайшоў дзедзічнаму ўладальніку князю Мікалаю Шуйскаму, харунжычу берасцейскаму, у Храпкаве існаваў фальварак, з 8 вясковых двароў, акрамя дзякла, выплачвалася чыншу 32 злотыя, 15 грошаў. Паншчыну адпрацоўвалі «iako na włokach» ад Вялікадня (Wielkiej Nocy) да св. Міхайлы па тры дні, ад Міхайлы да Вялікадня па два дні, гвалты адбывалі, грэблі масцілі, з падводамі ездзілі або грашыма адкупаліся, «быдла рагатага і нерагатага», птушку, як і збожжа ярыннага давалі. Ачковага плацілі па 4 з паловай грошы «dobrej monety» з кожнага вулею. Прозвішчы жыхароў: Міна, Кайдаш, Шчарбіна, Карпека, Нашук, Кучар, Ганчар, Пабядзінскі[upper-alpha 5][12].

У тарыфе падымнага падатку Кіеўскага ваяводства 1734 года сказана, што Храпкаў у складзе Хойніцкай воласці належаў князю Ігнацыю Шуйскаму, харунжычу берасцейскаму[13]. Паводле звестак на 1748 год ксяндза Караля Непамуцэна Арлоўскага, Храпкаў быў сярод паселішчаў, частка жыхароў якіх (з ліку шляхты і яе службы) належала да Астраглядавіцкай парафіі Оўруцкага дэканата Кіеўскай дыяцэзіі[14]. У 1754 годзе з 20 двароў (×6 — прыкладна 120 жыхароў) вёскі Храпкаў Хойніцкага маёнтка «do grodu» (Оўруцкага замка) выплачвалася 3 злотых і 4 грошы, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павета і ваяводства) 12 злотых і 16 грошаў[15].

Згодна з перапісамі яўрэйскага насельніцтва 1765, 1778 і 1784 гадоў, у Храпкаве налічвалася адпаведна 10, 2 і 6 чалавек (głow), плацельшчыкаў пагалоўшчыны, якія належалі да Хойніцкага кагала[16]. Пэўна, на змяншэнне колькасці яўрэяў у сяле не магла не паўплываць Каліеўшчына 1768 года, якая была апошнім і наймацнейшым уздымам гайдамацкага руху ва Украіне.

Расійская імперыя

Храпкаў на схематычным плане Рэчыцкага павета 1800 г.

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Храпкаў — у межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесніцтва (губерні), з 1796 года ў складзе адноўленага Рэчыцкага павета Маларасійскай, а з 29 жніўня 1797 года Мінскай губерні Расійскай імперыі[17]. Паводле расійскай рэвізіі 1795 года, Храпкоў быў у пажыццёвым валоданні Феліцыяна, сына Адама, Стоцкага, шамбяляна польскай службы; пры ім жа па кантрактах служылі шляхцічы Цімафей і Станіслаў, сыны Паўла, Скшэндзецкія. У сяле тады налічваўся 41 двор са 104 душамі мужчынскага і 102 жаночага полу прыгонных сялян[18]. Мясцовая прыходская Свята-Мікалаеўская царква[upper-alpha 6] павернутая ў расійскае праваслаўе ў 1795 годзе[19]. Настаяцель а. Сымон Якубовіч, пасвечаны ў 1794 годзе епіскапам мінскім Андрыянам Бутрымовічам, дзячок Марцін Шэнец, панамар Іван Леановіч[20].

8 сакавіка 1802 года Людвіка Прозар за пазычаныя ў Тадэвуша Букатага 30 000 злотых аддала яму ў заставу фальварак Храпкаў[21][upper-alpha 7]. Згодна з шляхецкай рэвізіяй 1811 года, у застаўным сяле Храпкаў Тадэвуша, сына Міхала, Букатага, налічвалася 129 душ прыгонных мужчынскага полу[23]. У тым жа 1811 годзе настаяцелем прыходскай Мікалаеўскай царквы ў Храпкаве быў а. Якаў Грыгаровіч, дзячком — Сымон Кульчыцкі, панамаром — Іларыён Кульчыцкі[24].

Інвентар Юзафаўскага (Езапоўскага) маёнтка 1844 год засведчыў прыналежнасць фальварка і сяла Храпкаў пану Юзафу, сыну Караля, Прозару[25]. У энцыклапедыі «Гарады і вёскі Беларусі» сказана, што на 1850 год у Храпкаве было 46 двароў, 292 жыхары. У «Списке населённых мест Минской губернии на 1857 год» засведчана, што 322 жыхары Храпкава былі прыхаджанамі Загальскай Свята-Троіцкай царквы, а 9 храпкаўцаў-мужчын і 12 жанчын з ліку жыхароў фальварка і вёскі з’яўляліся парафіянамі Астраглядаўскага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі[26].

У парэформенны перыяд Храпкаў — у Хойніцкай воласці. Згодна з даведнікам 1864 года, у сяле дзейнічала прыпісная Мікалаеўская царква[27]. Калі ў 1865 годзе, у сувязі з антырасійскім паўстаннем і «вследствие местных представлений», каталіцкія святыні ў Хойніках былі перададзеныя ў праваслаўнае ведамства, брагінскі благачынны Максім Ярэміч выступіў з прапановай «Старый Хойникский деревянный костёл… отдать жителям деревни Храпкова — Загальского прихода для устроения приписной церкви»[28]. У пачатку 1870 года ў вёсцы налічвалася 116 гаспадароў з сялян-уласнікаў, прыпісаных да Храпкаўскага сельскага таварыства, 22 аднадворцы, прыпісаныя да Хойніцкай воласці[29]. На 1879 год звестак пра царкву ў Храпкаве няма, праваслаўная частка жыхароў па-ранейшаму — у прыходзе Загальскай Свята-Троіцкай царквы[30]. Паводле перапісу 1897 года, тут было 78 двароў, 541 жыхар, працавалі школа граматы і хлебазапасны магазін.

На 1909 год у вёсцы Храпкаў налічвалася 95 двароў, 527 жыхароў, у аколіцы Храпкаў — 16 двароў, 112 жыхароў[31].

Найноўшы час

9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісання Брэсцкага міру з бальшавіцкай Расіяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Храпкаў, аднак, у складзе Хойніцкай воласці апынуўся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губерні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 мая тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гетмана Паўла Скарападскага[32].

Храпкаў на карце генштаба РККА Беларусі і Літвы. 1935 г.

1 студзеня 1919, згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР. Паводле запіскі «Сведения о количестве учащихся школ Хойникской волости Речицкого уезда», на 8 снежня 1920 і на 15 красавіка 1921 года ў Храпкаўскай школе першай ступені (г. зн. пачатковай) было адпаведна 49 і 63 вучні, у Храпкаўскай польскай школе І ст. на 15. 04. 1921 — 35 вучняў[33].

Пасля другога ўзбуйнення БССР з 8 снежня 1926 года Храпкаў — цэнтр сельсавета ў складзе Хойніцкага раёна Рэчыцкай акругі БССР. З 9 чэрвеня 1927 года ў складзе Гомельскай акругі. 30 снежня 1927 года сельсавет скасаваны, тэрыторыя далучана да Барысаўшчынскага і Паташынскага сельсаветаў.

У запісцы пад назвай «Сведения о польских населённых пунктах Гомельского округа», пазначанай 1929 годам, згаданая і аколіца Храпкаў, у якой налічвалася 58 каталіцкіх альбо «польскіх» сем’яў (215 чалавек), што складала 96 % ад колькасці жыхароў аколіцы. Згодна з «Арыентыровачным плянам калектывізацыі польскіх вёсак на Гомельшчыне 1929/1930 году», у Храпкове[upper-alpha 8] меркавалася арганізаваць каляктыў[upper-alpha 9], г. зн. калгас, машыннае, меліярацыйнае і малочнае таварыствы[34]. На той час працавалі вятрак, кузня.

З 20 лютага 1938 года Храпкаў у складзе Палескай вобласці з цэнтрам у Мазыры. У Вялікую Айчынную вайну 100 вяскоўцаў загінулі на франтах.

Пасля скасавання Палескай вобласці 8 студзеня 1954 года Хойніцкі раён увайшоў у склад Гомельскай вобласці. Тады ў Храпкаве працавала сямігадовая школа[35].

Да 1 снежня 2009 года вёска ўваходзіла ў склад Дварышчанскага сельсавета[36].

Насельніцтва

  • 1930 год — 127 двароў, 611 жыхароў.
  • 1959 год — 930 жыхароў (згодна з перапісам).
  • 2004 год — 183 двары, 431 жыхар.
  • 2021 год — 150 двароў, 376 жыхароў[37].

Заўвагі

  1. Яшчэ названыя 15 паселішчаў, акрамя «іншых вёсак і прыселкаў».
  2. 22 жніўня 1631 г. тое зроблена і ў Жытомірскім гродскім судзе.
  3. Напэўна, Грузевічы трымалі іх толькі з-за даўгоў Шуйскага, бо належалі яны да Хойніцкіх добраў.
  4. Зноў жа за даўгі.
  5. У інвентары 1698 г. у самым Храпкаве названы зямянін Аляксандр Пабядзінскі, а ў рэвізіі 1716 і інвентары 1721 г. сярод астраглядаўскіх зямян – Ян Пабядзінскі «з Храпкава».
  6. Будынак узведзены на сродкі пана Адама Стоцкага.
  7. Б. Рок і Ю. Казакоў, следам за З. Лібішоўскай, акалічнасці набыцця Т. Букатым Храпкава ўяўляюць па-іншаму: «Пасля смерці Францыска ў 1797 г. Тадэвуш ажаніўся з пані Тамкевічаўнай і атрымаў фальварак Храпкаў…»[22]
  8. Так запісана ў арыгінале дакумента.
  9. Так у арыгінале.

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
  2. Решение Хойникского районного Совета депутатов от 29.12.2008 г. № 108 О переименовании сельских населенных пунктов Хойникского района
  3. Аrchiwum Główny Akt Dawnych. Аrchiwum Рrozorów і Jelskich (далей: AGAD. APiJ). Sygn. 1. S. 7
  4. Бельскі С. В. З гісторыі ўладароў і маёнткаў Брагіншчыны XVI—XVIII стст. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 12—18
  5. Źródła dziejowe (далей: ŹD). T. XXI. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. X. Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów — Bracław). Dział II-gi. / Opisane przez Aleksandra Jabłonowskiego. — Warszawa, 1894. S. 60; AGAD. APiJ. Sygn. 1. S. 46 — 47
  6. ŹD. T. XX. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. IX. Dział I-szy. — Warszawa, 1894. S. 96 — 97; Крикун Н. Г. Административно-территориальное устройство Правобережной Украины в XV—XVIII вв. — Киев, 1992. С. 142—145.
  7. ŹD. T. XXI. S. 637
  8. AGAD. ApiJ. Sygn. 1. S. 59
  9. Архив Юго-Западной России (далей: Архив ЮЗР). Ч. 7. Т. 1: Акты о заселении Юго-Западной России. — Киев, 1886. С. 488, 505
  10. Описи актовых книг Киевского центрального архива (далей: Описи). — № 28 / Сост. И. Каманин — Киев, 1883. С. 7
  11. Описи. — № 34 / Сост. А. И. Савенко — Киев, 1906. С. 6
  12. НГАБ у Мінску. Ф. 320. Воп. 1. Спр. 1. А. 119, 120, 123, 125, 126адв., 131, 140, 142, 143адв.
  13. Тарифи подимного податку, сеймикові лауди і люстрації Київського воєводства першої половини XVIII століття. /Вид. друге, доп. Укл. Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 286
  14. Ks. Orłowski K. N. Defensa biskupstwa y dyecezyi Kiiowskiey. — Lwów, 1748. S. 148
  15. Тариф подимного податку Київського воєводства 1754 року. / Опрацював Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 192
  16. Архив ЮЗР. Ч. 5. Т. 2. Переписи еврейского населения в юго-западном крае в 1765—1791 гг. — Киев, 1890. С. 301, 391, 710
  17. Насевіч, В., Скрыпчанка, Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. — Т. 6. Кн. 1. — Мінск: БелЭн, 2001. C. 181—182
  18. НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 59. А. 240—245адв. Спр. 181. А. 240
  19. НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 573. А. 40. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 263. А. 342
  20. НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 40401. А. 48-49
  21. AGAD. APiJ. Sygn. 14. S. 8, 33-34
  22. Б. Рок, Ю. Л. Казакоў. Апісанне падарожжа польскага дыпламата Францыска Букатага 1780 г. // Журнал Белорусского государственного университета. История. 2017. № 2. С. 109
  23. НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 263. А. 5
  24. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 263. А. 342—342адв.
  25. НГАБ. Ф. 142. Воп. 1. Спр. 1481. А. 19адв. etc.
  26. Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 381, 708
  27. Историко-статистическое описание Минской епархии, составленное ректором Минской духовной семинарии архимандритом Николаем. — Санкт-Петербург, 1864. С. 299
  28. НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 31248. А. 15, 18
  29. Список волостей, обществ и селений Минской губернии на 01. 01. 1870 г. — Минск, 1870. Л. 71
  30. Описание церквей и приходов Минской епархии. VIII. Речицкий уезд. — Минск, 1879. С. 71
  31. Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 16
  32. Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Валентина Метлицька. Тимчасова німецька окупація та її вплив на долю східного Білоруського Полісся (березень 1918 — січень 1919 рр.). // Україна та Німеччина: міждержавні відносини: збірник наукових праць / ред. кол. Владислав Верстюк (гол.), Степан Віднянський, Руслан Пиріг, Ірина Матяш, Дмитро Вєдєнєєв, Володимир Бойко, Дмитро Казіміров. — Чернігів: Сіверський центр післядипломної освіти, 2018. С. 286—296 (артыкул беларускамоўны); Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья. С. 85
  33. Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці. Ф. 68. Воп. 1. Спр. 16. А. 19
  34. Пичуков В. П., Старовойтов М. И. Гомельщина многонациональная (20 — 30 е гг. XX в.). Выпуск I. — Гомель, 1999. С. 213, 214
  35. Занальны дзяржаўны архіў у г. Рэчыцы. Ф. 3. Воп. 1. Спр. 10. А. 2
  36. Решение Гомельского областного Совета депутатов от 1 декабря 2009 г. № 290 Об изменении административно-территориального устройства Хойникского района Гомельской области Архівавана 29 кастрычніка 2013.
  37. Барысаўшчынскі сельскі савет Архівавана 20 кастрычніка 2021.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Хойніцкага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Былыя сельсаветы Хойніцкага раёна Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1927 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1926 годзе
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be