wd wp Пошук:

Бардзілаўка

Бардзі́лаўка[1] (трансліт.: Bardzilaŭka, руск.: Бордиловка) — вёска ў Мінскім раёне Мінскай вобласці, на рацэ Грэбенка. Уваходзіць у склад Міханавіцкага сельсавета. Месціцца за 13 км на поўдзень ад Мінска, за 4 км ад чыгуначнай станцыі Міханавічы, на дарозе H9061.

Гісторыя

У XIX стагоддзі вёска ў Пярэжырскай воласці Ігуменскага павета Мінскай губерні. У пачатку XX стагоддзя вёска дзялілася на Бардзілаўку Забалоцкую і Бардзілаўку Лешніцкую. У 1916 годзе адкрытае народнае вучылішча.

З канца лютага 1918 года тэрыторыя акупаваная войскамі Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У снежні 1918 года занята Чырвонай Арміяй, з 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Савецкай Беларусі, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. У час польска-савецкай вайны ў жніўні 1919 — ліпені 1920 гадоў і ў сярэдзіне кастрычніка 1920 года пад акупацыяй Польшчы.

З 31 ліпеня 1920 года ў Беларускай ССР. З 20 жніўня 1924 года вёска ў Кайкаўскім сельсавеце Самахвалавіцкага раёна Менскай акругі (да 26 ліпеня 1930). У 1930-я гады створаны калгас імя Сталіна, працавала кузня. З 18 студзеня 1931 года ў Смілавіцкім, з 26 траўня 1935 года ў Менскім раёне, 20 лютага 1938 года ў Менскай вобласці.

У Другую сусветную вайну з канца чэрвеня 1941 года да пачатку ліпеня 1944 года тэрыторыя пад акупацыяй Германіі. Спаленыя 8 двароў, забітыя 8 жыхароў і 19 вывезеныя на прымусовую працу ў Германію.

У 1967 годзе вёскі Бардзілаўка-1 і Бардзілаўка-2 зліліся ў адну вёску Бардзілаўка. Да 1970 года ў вёсцы месцілася цэнтральная сядзіба калгаса «Расія», з 1970 года ў калгасе «Войкава» (цэнтр — Чурылавічы).

Насельніцтва

  • 1897 год: Бардзілаўка-1 — 288 жыхароў; Бардзілаўка-2 — 260 жыхароў
  • 1917 год: Бардзілаўка Забалоцкая — 376 жыхароў; Бардзілаўка Лешніцкая — 421 жыхар
  • 1926 год: Бардзілаўка-1 — 369 жыхароў
  • 1941 год — 655 жыхароў
  • 1999 год — 206 жыхароў
  • 2009 год — 172 жыхары

Славутасці

  • Курган. За 1,5 км на паўднёвы захад ад вёскі, каля пясчанага кар’ера. Вышыня 1 м, дыяметр 4 м. Адкрыў у 1977 годзе і абследаваў у 1979 годзе Валянцін Собаль[2]

Вядомыя ўраджэнцы

  • Фёдар Бачыла (1924—1992) — удзельнік савецкага партызанскага руху на тэрыторыі Мінскай вобласці ў Другую сусветную вайну
  • Пётр Бягун (1907—1978) — адзін з кіраўнікоў савецкага партызанскага руху на тэрыторыі Баранавіцкай вобласці ў Другую сусветную вайну

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
  2. Собаль В. Помнікі археалогіі. Міханавіцкі Сельсавет // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінскага раёна. — Мн.: Беларуская навука, 1998. С. 33

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Мінскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be