Чурылавічы
Чуры́лавічы[1] (трансліт.: Čurylavičy, руск.: Чуриловичи) — аграгарадок у Мінскім раёне Мінскай вобласці, на дарозе Н9060. Уваходзіць у склад Міханавіцкага сельсавета. Месціцца за 9 км на поўдзень ад Мінска, за 5 км на захад ад чыгуначнай станцыі Міханавічы.
Гісторыя
У 1567 годзе сяло ў Менскім павеце Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага, уласнасць В. Плявачыча. У 1597 годзе сяло, фальварак, уласнасць каталіцкай царквы. У 1791 годзе вёска маёнтка Плябанцы, 14 дымоў, уласнасць Язвінскай.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай 1793 года тэрыторыя апынулася ў складзе Расійскай імперыі. У 1800 годзе ўласнасць князя Дамініка Радзівіла, у Мінскім павеце Мінскай губерні. У 1858 годзе ўласнасць Ельскіх, у Самахвалавіцкай воласці Мінскага павета.
З канца лютага 1918 года тэрыторыя акупаваная войскамі Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У снежні 1918 года занята Чырвонай Арміяй, з 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Савецкай Беларусі, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. У час польска-савецкай вайны ў жніўні 1919 — ліпені 1920 гадоў і ў сярэдзіне кастрычніка 1920 года пад акупацыяй Польшчы.
З 31 ліпеня 1920 года ў Беларускай ССР. З 20 жніўня 1924 года вёска ў Гатаўскім сельсавеце, з 1927 года ў Дзяргайскім сельсавеце Самахвалавіцкага раёна Менскай акругі (да 26 ліпеня 1930). У 1926 годзе ў вёсцы працавала кузня, шавецкая майстэрня. У 1929 годзе створаны калгас. З 18 студзеня 1931 года ў Смілавіцкім раёне, з 26 траўня 1935 года ў Менскім раёне. З 20 лютага 1938 года ў Менскай вобласці.
У Другую сусветную вайну з канца чэрвеня 1941 года да пачатку ліпеня 1944 года тэрыторыя пад акупацыяй Германіі. Спаленыя 40 двароў, забітыя 23 жыхары і 1 жыхар вывезены на прымусовую працу ў Германію.
5 сакавіка 1959 года Чурылавічы перададзены са скасаванага Гатаўскага сельсавета ў склад Самахвалавіцкага сельсавета[2].
Насельніцтва
- 1815 год — 12 двароў, 100 жыхароў
- 1897 год — 27 двароў, 214 жыхароў
- 1917 год — 42 двары, 257 жыхароў
- 1941 год — 46 двароў, 195 жыхароў
- 1999 год — 669 жыхароў
- 2009 год — 666 жыхароў
Інфраструктура
- Дзіцячы сад
- Сярэдняя школа
- Дом культуры
Славутасці
- Стэла ў гонар землякоў, якія загінулі ў Другую сусветную вайну (1968)
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
- ↑ Рашэнне выканкома Мінскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 5 сакавіка 1959 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1959, № 4.
Літаратура
- Чурылавічы // Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 8, кн. 3. Мінская вобласць / Рэдкалегія: Т. У. Бялова (дырэктар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2012. — 624 с.: іл. ISBN 978-985-11-0636-9. С. 470—471
- Czuryłowicze // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom I: Aa — Dereneczna. — Warszawa, 1880. — S. 882
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Чурылавічы
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Мінскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.