Беліца (Лідскі раён)
У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Беліца. Бе́ліца[1] (трансліт.: Bielica, руск.: Белица) — аграгарадок у Лідскім раёне Гродзенскай вобласці. Адміністрацыйны цэнтр Беліцкага сельсавета. Над ракой Нёман. Знаходзіцца за 30 км на поўдзень ад Ліды, вузел аўтамабільных дарог.
Цэнтр сельскагаспадарчага прадпрыемства. У вёсцы ёсць сярэдняя школа-сад, дом культуры, аддзяленне сувязі, бальніца, аўтазаправачная станцыя, 2 магазіны.
Дзейнічае каталіцкі касцёл і праваслаўная царква.
Назва
Можна меркаваць, што назва пайходзіць ад слоў: белая, беліца, бяліць. Белая — чыстая, велічная, свабодная ад павіннасцей. Беліца — міранка, якая жыве ў міры, свецкім, неманаскім жыццём. Бяліць — апрацоўваць, рабіць белым. Ільняныя тканіны, каб яны адбяліліся, рассцілалі на паплавах. У Беліцы XVI стагоддзя выраблялі ільняное валакно і алей, магчыма вырошваннем ільну займаліся і ў папярэднія стагоддзі.
Назва вёскі губляецца ў глыбокай даўніне. Як можна, напрыклад патлумачыць старажытны тэкст: «вжо не чарніцаю, ено беліцаю, знову да белякоў вярнула се…» Толькі ў Лідскім раёне ёсць шэраг варыянтаў назваў пасяленняў з коранем бел- (Белеўцы, Бялевічы, Белагруда, Бельскія).
Улічваючы старажытнасць вёскі можна выказаць гіпотэзу, што першыя белічане прыйшлі з-за Нёмана з хрысціянскай часткі краю, яны ў арозненне ад навакольных няхрышчаных («чорных») паселішчаў назвалі сваю хрышчаную вёску Беліцай.
Гісторыя
У ваколіцах Беліцы ёсць значныя археалагічныя помнікі — бескурганны могільнік і стаянкі старажытнага чалавека (гл. Беліца, археалагічныя помнікі). Калісьці тут існаваў замак, які 24—25 снежня 1377 г. трымаў у аблозе комтур Балгі з атрадам у 600 ваяроў[2].
У пісьмовых дакументах Беліца згадваецца ў 1486 г. у запісной кніжцы Вялікага князя і караля Казіміра Ягелончыка, як цэнтр Беліцкай вялікакняжацкай воласці. У XV ст. Беліца была вялікакняжацкім уладаннем, у 1431—1500 тут пабудаваны касцёл, у канцы XV — пачатку XVI ст. Беліца цэнтр староства і павета.
Беліцкі павет ВКЛ існаваў з 1490 года. Ён геаграфічна быў заціснуты паміж Троцкім паветам і Наваградскім паветам, але ў «Попісе войска ВКЛ» 1528 года стаіць асабняком. Паводле «Попісу…» Беліцкі павет павінен быў ставіць 12 коней. Праіснаваў ён нядоўга.
Каля вёскі Беліца ў 1981 г. выяўлена пахаванне мужчыны з часткамі каня, што размяшчаліся зверху, на магіле. Археолаг Ала Квяткоўская лічыць што гэта пахаванне засталося ад прусаў (борцей), якія былі вымушаны ўцякаць сюды ад Тэўтанскага ордэна. Могільнік датуецца канцом XVI—XVII ст.[3]
У першай палове ХVІ ст. Беліцкая воласць аддавалася ў трыманне вялікім намеснікам, якія ажыццяўлялі адміністрацыйнае, судовае, фінансавае і гаспадарчае кіраванне. Першым вядомым намеснікам быў князь Юрый Аляксандравіч Гальшанскі. У ліпені — пачатку жніўня 1506 г. пад час набегу крымскіх татараў пад камандваннем Махмет-Гірэя Беліца была спалена і разрабавана. З 1507 г. намеснікам беліцкім стаў маршалак гаспадарскі Юрый Іванавіч Ільініч. Пры яго кіраванні беліцкія майстры ў 1514 г. працавалі на гарадскіх аднаўленчых работах у Віцебску. У 1528 г. вядомы трэці гаспадар Беліцы Юрый Радзівіл.
Ва «Уставе на валокі» 1557 г. Беліца — сярод вялікакняжацкіх уладанняў, якія знаходзіліся ў закладзе ў Радзівілаў. У вечнае валоданне зямлі Беліцкай воласці былі падарованы каралём і Вялікім князем Жыгімонтам Аўгустам князю Мікалаю Радзівілу «Рудому» пасля 1557 г. У 70-х гадах ХVІ ст. М. Радзівіл «Руды» арганізаваў у Беліцы кальвінісцкую грамаду, а пры ёй школу. Больш 80 гадоў збіраліся ў Беліцы кальвінісцкія сіноды, дзякуючы чаму мястэчка стала вядомым у Еўропе.
Радзівілы пабудавалі тут на беразе Нёмана рэзідэнцыю. Двор быў абнесены частаколам з адзінымі варотамі, над якімі размяшчалася невялікая вежачка, пакрытая меднай страхой. У двор можна было прайсці толькі праз мост. Палац пабудаваны быў у стылі рэнесанса, выявы яго да нашых дзён не захавалася.
У 1659 каля мястэчка шляхта Лідскага павета дала бой 30-тысячнаму маскоўскаму войску. Лідскае паспалітае рушэнне паспрабавала не пусціць ворага на пераправу цераз Нёман, але сілы былі не роўныя. Лідская шляхта цэлы дзень трымала пераправу, аднак пад ударамі артылерыі ноччу адступіла.[4] Пад час аднаго з набегаў жыхары Беліцы былі перабіты, хаты спалены, гаспадаркі разрабаваны. Беліца страціла сваё гаспадарчае прызначэнне: засталося 110 дымоў — страты склалі 53 % жылога фонду[5].
У 1667 ў Ельні — за 3 вярсты ад Беліцы — пасяліліся манахі-дамініканцы.
Паводле вопісу парафій Лідскага дэканату ў 1784 г. ў Беліцы дзейнічаў парафіяльны касцёл. Двор князя Караля Станіслава Радзівіла, ваяводы віленскага, размяшчаўся над ракой Нёманам, у кірунку на поўдзень. Тракты і гасцінцы злучалі Беліцу з Лідай, Навагрудкам, Слонімам, Гроднам. Дзейнічала канатная паромная пераправа цераз Нёман[6].
Да 1832 Беліца належала Радзівілам. Пасля смерці Сафіі Радзівіл перайшла да яе мужа — Лявона Вітгенштэйна. У гэты ж год быў зачынены кляштар дамініканцаў. У 1838 касцёл, які належаў кляштару, быў перададзены ў ведамства Літоўскай епархіі, а ў 1839 ў Беліцы была арганізавана царква Святога духа і пры ёй створана праваслаўная парафія.
У 1886 ў Беліцы налічвалася 100 двароў і 883 жыхары. У мястэчку меліся касцёл, царква і сінагога, 3 карчмы і школа. На працягу года праводзіліся 4 кірмашы. У пач. XX ст. ў Беліцы размяшчаўся маёнтак княгіні Трубяцкой, якой належалі таксама маёнткі ў наваколлях.
У 1919-39 Беліца ў складзе Польшчы. Па перапісу 1921 ў Беліцы жыло ўжо 1506 жыхароў у 293 жылых будынках.
Перад Другой сусветнай вайной у Беліцы жыло 2100 чалавек, з іх 660 яўрэяў, некалькі татарскіх сямей, некалькі праваслаўных, астатнія католікі. Яўрэяў часткова вывезлі ў 1940, астатніх растралялі ў 1941—1942 гг., ацалелі адзінкі, ніхто з іх пасля вайны не вярнуўся ў вёску. Пад час вайны і да снежня 1944 ў Беліцы і наваколлі ў складзе фарміраванняў Арміі Краёвай змагаліся салдаты Заянчкоўскага («Рагнера»). Значная частка беліцкіх католікаў у 1946—1956 выехала ў Польшчу.
Дэмаграфія
Дынаміка насельніцтва:
Славутасці ———-
- Група археалагічных помнікаў
- Крыжаўзвіжанская царква, кан. ХІХ ст.
- Капліца Маці Божай Ружанцовай, ХІХ ст.
- Касцёл Святога Юрыя, пач. ХХІ ст.
Страчаная спадчына
- Касцёл Святога Юрыя, XV — XVI ст.
Вядомыя ўраджэнцы
- Яраслаў Львовіч Ліневіч, беларускі архітэктар
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).
- ↑ З глыбіні вякоў // Наш край № 2. Мн., 1997. С.119.
- ↑ Лаўрэш Леанід. Каменныя магілы Лідчыны
- ↑ 15 верасня 2002 ў гонар гэтай бітвы былі ўсталяваны памятны крыж і мемарыяльная дошка, але праз месяц помнік быў знесены мясцовай уладай
- ↑ В.Сліўкін
- ↑ Беліцкая парафія — pawet.net
Літаратура
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 9, кн. 2. Гродзенская вобласць / рэдкал.: У.У. Андрыевіч (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелЭн, 2016. — 848 с.: іл. ISBN 978-985-11-0908-7.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Беліца (Лідскі раён)
- Беліца на pawet.net
- Беліца на radzima.org
- BELITSA Архівавана 7 жніўня 2007.
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Лідскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.