wd wp Пошук:

Вейна (Магілёўскі раён)

У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Вейна.

Ве́йна[1] (трансліт.: Viejna, руск.: Вейно) — аграгарадок у Магілёўскім раёне Магілёўскай вобласці. Цэнтр Вяйнянскага сельсавета. Размешчаны за 10 км на паўднёвы ўсход ад Магілёва, за 6 км ад чыгуначнай станцыі Лупалава на лініі МагілёўКрычаў. Рэльеф раўнінны. На захадзе цячэ р. Вільчанка (Дзягцярка; прыток р. Дняпро). Транспартныя сувязі па шашы Санкт-ПецярбургАдэса і МагілёўСлаўгарад, якія праходзяць паблізу вёскі.

Гісторыя

Вядома ў Вялікім Княстве Літоўскім з XVI ст. У 1560 годзе сяло ў Магілёўскай воласці, 112 дымоў, дзяржаўная ўласнасць. Побач знаходзілася с. Старое Вейна, якое таксама з’яўлялася дзяржаўнай уласнасцю. У 1604 годзе цэнтр войтаўства Магілёўскага староства, 68 двароў, меліся царква, карчма, млын.

Пад уладай Расійскай імперыі

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе апынулася ў складзе Расійскай імперыі. У 1785 годзе сяло ў складзе маёнтка Вільчыцкі.

У 1806 годзе пачаў дзейнічаць вінакурны завод (12 рабочых). Непадалёку ў 1834 годзе знаходзіўся фальварак (10 жыхароў), а ў 1850 годзе ў ім было 13 жыхароў, дзейнічалі ветраны млын, вінакурня, шынок, з’яўлялася ўласнасцю памешчыка, які меў тут у 1873 годзе 7453 дзесяціны зямлі, вінакурны завод, 4 вадзяныя млыны, 2 заезныя дамы. У 1884 годзе на вінакурным заводзе была пастаўлена паравая машына, у 1895 годзе на ім працавалі 14, у 1911 годзе 11 рабочых.

У 1890 годзе адкрыта царкоўна-прыходская школа, для якой у 1903 годзе пабудавана памяшканне. У 1897 годзе побач з сялом знаходзіліся ўладальніцкая сядзіба Війна, царкоўны пагост.

Найноўшы час

У пачатку 1918 года створаны Савет сялянскіх дэпутатаў і сфарміраваны чырвонагвардзейскі ўзвод, які пазней перарос у роту. На базе дарэвалюцыйнай створана працоўная школа першай ступені, у якой у 1925 годзе было 66 вучняў.

25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай вёска абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 года згодна з пастановай I з’езда КП(б) Беларусі ўвайшла ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала яе разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. З 26 красавіка 1919 года ў Гомельскай губерні РСФСР.

У 1920 годзе створана сельскагаспадарчая арцель «Рассвет», у якую ўваходзілі 5 гаспадарак. 5 студзеня 1921 года ў в. Вейна і 15 студзеня 1921 года ў с. Вейна адкрыты хаты-чытальні, дзейнічала вясковая бібліятэка. 25 ліпеня 1921 года арганізавана арцель па сумеснай апрацоўцы зямлі (18 гаспадарак).

У сакавіку 1924 года вёску вярнулі БССР, з 17 ліпеня 1924 года ў Лупалаўскім раёне Магілёўскай акругі (да 26 ліпеня 1930), з 2 сакавіка 1931 года ў Магілёўскім раёне, з 20 лютага 1938 года ў Магілёўскай вобласці. У 1922 годзе на базе маёнтка на былых памешчыцкіх землях створаны саўгас «Вейна», які спачатку меў 267 га, а ў 1930 годзе 792 га зямлі, атрымаў у маі 1926 года трактар, а ў 1933 годзе на саўгасных палях працавалі ўжо 7 трактароў і шмат іншай тэхнікі. Летам 1924 года пачалі дзейнічаць палявыя дзіцячыя яслі. Саўгас у 1930-я гады стаў свінагадоўчай гаспадаркай. Палітаддзел саўгасаў у 1934—1935 гадах выдаваў шматтыражную газету «За сацыялістычную свінагадоўлю». Працаваў саўгасны клуб. У 1932 годзе вёска атрымала электрасвятло. У 1937 годзе створана Вяйнянская МТС.

Царква ў час вайны

У Вялікую Айчынную вайну з ліпеня 1941 года да 27 чэрвеня 1944 года акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У пачатку вайны група пастухоў і даярак на чале з дырэктарам саўгаса М. Здановічам больш за З месяцы гналі статак саўгасных кароў, пакуль не прыйшлі ў Хапёрскі саўгас Сталінградскай вобласці. Племянная ферма такім чынам была выратавана. У час абарончых баёў у ліпені 1941 года вёска некалькі разоў пераходзіла з рук у рукі. У баях за вызваленне вёскі ў 1944 годзе загінулі 38 савецкіх воінаў, якія пахаваны ў брацкай магіле ў цэнтры вёскі. З фронту не вярнуліся 68 вяскоўцаў. У памяць аб іх у 1975 годзе за 1 км на поўнач ад вёскі пастаўлены абеліск.

У 1949 годзе да вёскі далучаны в. Пячоры, у 1950-я г. — пас. Цагельны.

У 1990 годзе цэнтр саўгаса «Вяйнянскі цяплічны камбінат». У вёсцы размяшчаліся вытворчая брыгада, ферма буйной рагатай жывёлы, майстэрні па рамонце сельгастэхнікі, сталярна-цяслярскія майстэрні, лесапільня, працавалі 2 магазіны, Дом быту, аддзяленне сувязі, аддзяленне ашчаднага банка, Дом культуры, бібліятэка, сярэдняя і музычная школы, сталовая, яслі-сад, фельчарска-акушэрскі пункт.

У 2000-я гады на аснове вёскі створаны аграгарадок Вейна.

Інфраструктура

У 2007 годзе цэнтр унітарнага камунальнага прадпрыемства «Фірма Вейна», дзейнічалі сярэдняя школа, аддзяленне сувязі, Дом культуры, бібліятэка, комплексны прыёмны пункт быт. абслугоўвання насельніцтва, 2 сталовыя.

Планіроўка

Праект планіроўкі і забудовы вёскі распрацаваны ў 1984 годзе ў інстытуце «БелНДІгіпрасельбуд». Планіровачна складаецца з захаду частак: паўднёва-заходняя (4 паралельныя прамалінейныя вуліцы, арыентаваныя з паўднёвага захаду на паўночны ўсход і злучаныя завулкамі), цэнтральная (З кароткія вуліцы ўтвараюць П-падобную планіровачную структуру, ад якой на захад адыходзіць кароткая прамалінейная вуліца) і паўночна-ўсходняя (4 кароткія паралельныя вуліцы арыентаваны з паўднёвага захаду на паўночны ўсход). Забудавана двухбакова, шчыльна, пераважна драўлянымі дамамі сядзібнага тыпу. У паўднёва-заходняй частцы пабудаваны шэраг двухпавярховых 4-кватэрных мураваных дамоў. У цэнтры, вакол плошчы і сярод жылой забудовы размешчаны грамадскія будынкі. Гаспадарчы сектар — на поўнач і поўдні.

Насельніцтва

  • XVII стагоддзе:
    • 1604 — 68 двароў.
  • XIX стагоддзе:
    • 1897 — у сядзібе — 7 двароў, 138 жыхароў, на царкоўным пагосце — З двары, 13 жыхароў.
  • XX стагоддзе:
    • 1926 — 38 двароў, 254 жыхары.
    • 1990 — 444 гаспадаркі, 1670 жыхароў.
    • 1996 — 555 двароў, 1544 жыхары.
  • XXI стагоддзе:
    • 2007 — 578 гаспадарак, 1717 жыхароў.

Славутасці

Свята-Пакроўская царква

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2007. — 406 с. ISBN 978-985-458-159-0. (DJVU)

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Магілёўскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be