wd wp Пошук:

Веліж

Веліж (руск.: Велиж) — горад у Расіі, адміністрацыйны цэнтр Веліжскага раёна і Веліжскага гарадскога паселішча Смаленскай вобласці. Насельніцтва 7326 чалавек (2010). Заснаваны ў 1536 годзе. Размешчаны на рацэ Заходняя Дзвіна, за 134 км ад Смаленска на трасах Р133 Смаленск — Невель і Р131 Веліж — Сенькава, 93[2] км ад чыгуначнай станцыі Рудня. Адлегласць ад Віцебска па аўтадарозе Р112 — 87 км.

Паходжанне назвы

Па версіі беларускага географа В. Жучкевіча назва горада паходзіць ад старажытнай назвы ракі: Велья — «вялікая», так у старажытнасці называлася вярхоўе Заходняй Дзвіны[3],[4]. Версія пацвярджаецца існаваннем паселішчаў Велішчы, Прывелле, Завелле, якія ляжаць на гэтай рацэ. Форма Веліж звычайная для беларускіх назваў, утвораных ад назваў рэк: Усяж, Бусяж, Тонеж і інш[5].

Гісторыя

У складзе ВКЛ і Рэчы Паспалітай

Пячатка з выявай гарадскога герба

Упершыню ўпамінаецца ў «Хроніцы Быхаўца»: у 1-й палове XV стагоддзя горад падпарадкоўваўся ўладзе вялікага князя Вітаўта, які прызначыў намеснікам у Веліжы пінскга князя Юрыя Носа. Горад з’яўляўся цэнтрам аднайменнай воласці. У выніку вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1500—1503 гадоў адышоў да Масквы. У 1522 годзе віцебскі намеснік спрабаваў яго адваяваць. У 1536 годзе паводле загаду маскоўскіх улад тут пабудаваны замак з 9 вежамі. Рускія летапісцы падцвярджаюць факт пабудовы наступнай фразай:

" …а прежде в том месте Литовский город бывал. "

Гэты год лічыцца афіцыйнай датай заснавання.

У Інфлянцкую вайну (1558—1583) 6 жніўня 1580 года войскі канцлера Я. Замойскага ўзялі замак і горад «чрез подане добровольное». Паводле Ям-Запольскага перамір’я 1582 года зноў у складзе Вялікага Княства Літоўскага. 20 сакавіка 1585 года горад атрымаў магдэбургскае права, меў герб: у блакітным полі залаты крыж, пад якім знаходзіўся аголены меч. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў у 1655 годзе захоплены расійскімі войскамі. Паводле Андросаўскага перамір’я 1667 года застаўся ў складзе Расіі, у 1678 годзе вернуты Вялікаму Княству Літоўскаму. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Расійскай імперыі.

У складзе Расійскай імперыі

Горад быў уключаны спачатку ў склад Пскоўскай, затым у Полацкай губерні Віцебскай правінцыі, а з 1802 года ў складзе Віцебскай губерні, цэнтр Веліжскага павета.

21 верасня 1781 года Кацярына II даравала гораду новы герб.

У 1799 годзе ў горадзе было 689 дамоў, 7 уніяцкіх цэркваў (3 каменныя, 4 драўляныя), 2 мураваныя касцёлы, 3 млыны, народнае вучылішча.

У 1860 годзе ў горадзе былі 1322 дамы, з іх — 17 мураваныя; 10 цэркваў, з іх — 3 драўляныя.

У кастрычніку 1861 года пажар знішчыў большую частку горада. У 1871 годзе было 11 цэркваў, 9 сінагог, 1 касцёл. У 1886 годзе праваслаўных — 12103 чалавекі, каталікоў — 234, іудзеяў — 5070 (пры агульнай колькасці жыхароў — 17405).

У 1891 годзе ў горадзе было 2033 драўляных і 154 мураваных дамоў, 67 прамысловых прадпрыемстваў (1279 рабочых). Агульная колькасць насельніцтва — 18367 чалавек. Вакол горада было 4 прадмесці — Усвяцкае, Таропецкае, Віцебскае і Смаленскае[6].

  • Горад на старых фотаздымках
  • Краявід з ратушыКраявід з ратушы
  • Касцёл Спачыну Найсв. Панны МарыіКасцёл Спачыну Найсв. Панны Марыі
  • Набярэжная і касцёл СпачынуНабярэжная і касцёл Спачыну
  • Царква Св. ІльіЦарква Св. Ільі
  • Ільінская царква з боку ДзвіныІльінская царква з боку Дзвіны
  • Царква Узнясення Св. КрыжаЦарква Узнясення Св. Крыжа
  • Царква Узнясення з боку ДзвіныЦарква Узнясення з боку Дзвіны
  • Сабор Святога ДухаСабор Святога Духа

Веліжская справа

Веліжская справа — судовы працэс у 1821—1835 гадах па ілжывым абвінавачванні групы яўрэяў у рытуальным забойстве 3-гадовага хлопчыка. З-за недахопу доказаў справа ў Віцебскім губернскім судзе была спынена, але ў 1825 годзе па настаянні ўлад адноўлена. На падставе ілжэсведчанняў былі арыштаваны 42 чалавекі. У 1835 годзе паводле Дзяржаўнага савета справу спынілі, абвінавачаныя былі апрыўданыя, ілжэсведкі сасланы ў Сібір. Галоўную ролю ў выкрыцці нагавору адыграў М. С. Мардвінаў, старшыня дэпартамента грамадзянскіх і духоўных спраў Дзяржаўнага савета. Пад уражаннем Веліжскай справы М. Ю. Лермантаў напісаў п’есу «Іспанцы».

У складзе РСФСР

З 1917 года Віцебская губерня ў складзе Заходняй вобласці, з 1918 года ў Заходняй камуне РСФСР. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай тэрыторыя абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 года згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў Беларускую ССР, дзе Веліж меў стаць цэнтрам павета («падраёна»), аднак 16 студзеня ЦК РКП(б) пастанавіў выключыць Віцебшчыну са складу рэспублікі. I Усебеларускі з’езд Саветаў, які прайшоў 2-3 лютага, прызнаў Віцебскую губерню часткай РСФСР.

19 лютага 1920 года Віцебскі губрэўкам абвясціў аб зняцці ваеннага становішча. 28 студзеня 1921 года быў зацверджаны народна-гаспадарчы план: будаўніцтва лесазавода і чыгуначнага моста пра Дзвіну. У 1921—1922 гадах пачалі працаваць 3 спіртзаводы, маслабойны завод і лесазавод. Праведзена электрыфікацыя. Была створана міліцыя (400 чалавек). Паводле актаў за перыяд 1928—1938 гадоў у Веліжы было расстраляна 468 чалавек з 3500 рэпрэсаваных, у тым ліку наркам земляробства БССР І. З. Зіноўеў.

У 1941 годзе горад акупаваны германскімі вой­ска­мі, моцна разбураны. 20 верасня 1943 года часці 4 ударнай арміі вызвалілі горад[7]. Па звестках надзвычайнай камісіі ад 5 жніўня 1944 года, 19391 веліжанін прапаў без вестак, былі расстраляныя, павешаныя, закатаваныя, жыўцом спаленыя і замардаваныя голадам. 2059 чалавек былі выгнаныя ў рабства. За перыяд з 1941 па 1945 год у войска болю закліканы 15686 веліжан, 11272 з іх не вярнуліся з фронту. У канцы студзеня 1942 года нацысцкія захопнікі па-зверску знішчылі Веліжскага гета, у якім жыўцом згарэлі больш за 2 тысячы яўрэяў.

Планіроўка

Агульная працягласць вуліц Веліжа складае 54,85 ​км, з іх 24,45 км — з асфальтабетонным пакрыццём.

На вялікім баку горада 27 кварталаў, 51 вуліца і завулкаў.

На малым баку — 21 квартал — 28 вуліц і завулкаў[8].

Эканоміка

  • Веліжскі лясгас
  • Веліжская друкарня
  • «Веліжмэбля»
  • ААТ «ВЕЛІЖЛЁН»
  • «Веліжагратранс»
  • Веліжскае ДРБУ[9]

Адукацыя і культура

  • 2 сярэднія агульнаадукацыйныя школы
  • 2 установы дадатковай адукацыі
  • Дом дзіцячай творчасці і спартыўная школа
  • 5 муніцыпальных дзіцячых садоў і 1 праваслаўны
  • прафесійнае вучылішча
  • дзіцячая школа мастацтваў
  • Дом вольнага часу, дзіцячая і дарослая бібліятэкі
  • 3 аўтаклубы[10].

Веліжскі гісторыка-краязнаўчы музей

Веліжскі краязнаўчы музей

Даваенны музей знаходзіўся ў будынку ратушы. Сучасны створаны ў 1986 годзе. Грамадскую раду па яго стварэнні ўзначаліў М. Ф. Карпоўскі. Музей знаходзіцца на плошчы Дзяржынскага ў аднапавярховым будынку ХІХ стагоддзя (належыў А. М. Кісялёву). Мае наступныя раздзелы:

  • Мастацка-этнаграфічны
  • Археалагічны
  • Гістарычны
  • Ваенны

Дырэктар — Качуліна Ліна Аляксандраўна.

Транспарт

Рэйсавы мікрааўтобус Віцебск-Веліж

Рэгулярнымі аўтобуснымі маршрутамі злучаны з Віцебскам, Смаленскам, Санкт-Пецярбургам.

Чыгунка адсутнічае, бліжэйшая станцыя Рудня — 93 кіламетра.

З 1945 года пачалося будаўніцтва вузкакалейкі. У 1947 яна пачала функцыянаваць. Належала Веліжскаму леспрамгасу. Мела агульную працягласць 78 км, асноўная магістраль да Мяздрэні — 38 км. Станцыі: Веліж, Паланея, Люкаўцы, Галоддзе. Працавала 128 чалавек. У 1995 годзе спыніла сваё існаванне. Захаваліся рэйкавыя ўчасткі да Галадні — 30 км, таксама 6-я галіна — 7 км.

У 1888 годзе ў Веліжы працавалі дзве параходныя кампаніі, а першыя параходы з’явіліся на год раней. У 1890 г. было перавезена 147 тыс.куб. метраў грузаў. Рэгулярныя рэйсы з Віцебскам пачаліся ў 1891 годзе. У 1990-я рачная гаспадарка прыйшла ў заняпад.

Грамадскі транспарт, акрамя таксі, адсутнічае.

Дэмаграфія

Год Насельніцтва
189712.201
19319.900
19598.000
19689.000
19798.900
19899.100
19929.200
20028.343
20067.807
20097.392

Вядомыя асобы

Галерэя

  • Сучасны Веліж
  • Гарадскі архіў і адміністрацыяГарадскі архіў і адміністрацыя
  • Плошча Ф.Э.Дзяржынскага.Плошча Ф.Э.Дзяржынскага.
  • Гарадскі ЗАГСГарадскі ЗАГС
  • Веліжскае аддзяленне МНСВеліжскае аддзяленне МНС
  • Праваслаўны храмПраваслаўны храм
  • Дзвіна ў ВеліжыДзвіна ў Веліжы

Зноскі

  1. https://web.archive.org/web/20090828062338/http://www.gks.ru/wps/PA_1_0_S5/Documents/jsp/Detail_default.jsp?category=1112178611292&elementId=1140096199984 - Колькасць насельніцтва Расійскай Федэрацыі па гарадах, пасёлках гарадскога тыпу і раёнах на 1 студзеня 2010 года (руск.)
  2. Географический энциклопедический словарь (Географические названия). — М. «Советская энциклопедия» 1989, С.95
  3. [Кірыл Ладуцька. http://www.belarustime.ru/print/belarus/culture/history/df4bb11705563671.html] // «Беларусь Сегодня», В поисках утраченного. 05.02, 13.49
  4. Алесь Карлюкевіч. Знічкі Памежжа: Веліж(недаступная спасылка) // «Голас Радзімы» № 9 (3177), 12 сакавіка 2010.
  5. Географические названия мира: Топонимический словарь. — М: АСТ. Поспелов Е. М. 2001.
  6. Вяліж//Анатоль Цітоў. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998. С.143
  7. http://gorod.velizh.ru/ul.php - Гісторыя назваў вуліц Веліжа (руск.)
  8. http://www.admin.smolensk.ru/rayon/velij/viz3.shtml Архівавана 27 лютага 2005. — Сайт Веліжа (руск.)
  9. http://gorod.velizh.ru/spisok.php - Сайт Веліжа (руск.)
  10. Агульныя звесткі пра Веліж http://www.gorod.velizh.ru (руск.)

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Веліжскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Смаленскай вобласці Катэгорыя·Населеныя пункты Угранскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты без насельніцтва Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Муніцыпальныя ўтварэнні Смаленскай вобласці Катэгорыя·Раёны Смаленскай вобласці
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be