Высокае (аграгарадок, Аршанскі раён)
У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Высокае (значэнні). Высо́кае[3] (трансліт.: Vysokaje, руск.: Высокое) — аграгарадок у Аршанскім раёне Віцебскай вобласці, за 10 км на поўнач ад Оршы, каля ракі Аршыца. Уваходзіць у склад Высокаўскага сельсавета.
Гісторыя вёскі
Паселішча было заснавана на ўзвышанай мясцовасці, адсюль назва. У 19 — пач. 20 стст. Цэнтр воласці Аршанскага павета. Побач знаходзіўся фальварак Высокае, які належаў Ранікерам. Дзейнічалі папяровая фабрыка, цукровы, медзеплавільны, вапнавы, шкляны, вінакурны і сіропны заводы, млын, карчма, існавалі бальніцы, хлебазапасны магазін, праваслаўная царква. У 1867 г. адкрыта земскае народнае вучылішча. У 1883 г. у ім вучыліся 40 хлопчыкаў і 2 дзяўчынкі. У пачатку 20 ст. тут пабудавана панская сядзіба. У цэнтры сядзібы быў размешчаны аднапавярховы драўляны жылы дом з двухпавярховай драўлянай прыбудовай. Паблізу дома знаходзіліся два аднапавярховыя флігелі: адзін мураваны, другі драўляны. Вакол дома і флігеляў быў разбіты пейзажны парк з сажалкай. Яго заснавальнік Макшыцкі прывёз з розных краін і пасадзіў тут шмат дрэваў і кустоў. Да нашага часу захавалася каля 150 іх відаў.
У 1910 г. налічвалася 92 двары, 623 жыхары. Сялу належала 20 дзесяцін лесу, 813 дзесяцін зямлі. Пасля рэвалюцыі адкрыты саўгас «Высокае», адкрыты народны дом, хата-чытальня, бібліятэка, земскае вучылішча, якое пазней ператворана ў працоўную школу першай ступені. У 1923 г. там вучылася каля 80 дзяцей.
У 1928 г. у былой панскай сядзібе адбыўся першы з’езд Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. Падчас Другой сусветнай вайны ў наваколлі дзейнічала партызанская брыгада «Граза», у Высокім — падпольная група (кіраўнік — Пахомчык П. А.).
На 1 студзеня 1970 г. у Высокім налічвалася 220 двароў, 1190 жыхароў.
Гаспадарка
У вёсцы размешчаны механічныя майстэрні, сярэдняя школа, яслі-сад, сельскае прафтэхвучылішча, сталовая, ветэрынарны пункт, аддзяленне сувязі, ашчадная каса, комплексны прыёмны пункт бытавога абслугоўвання.
Транспарт
Праз вёску праходзяць рэспубліканская аўтадарога Віцебск—Орша Р87 і аўтамагістраль Санкт-Пецярбург—Адэса E95 (у межах Беларусі — магістраль М8). На поўдзень ад Высокага праходзіць аўтамагістраль Корк—Омск E30 (у межах Беларусі — магістраль М1).
Славутасці
- Ільінская царква (1913—1917) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 213Г000129шыфр 213Г000129
- Сядзібна-паркавы ансамбль Макшыцкіх — помнік сядзібна-паркавай архітэктуры неакласіцызму, створаны на мяжы XIX—XX стст. — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 213Д000901шыфр 213Д000901
- Помнік К. С. Заслонаву
- Брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну (1941—1944) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 213Д000130шыфр 213Д000130
Зноскі
- ↑ Белтэлекам Архівавана 21 лістапада 2010.
- ↑ Белпошта
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7 (DJVU).
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 4: Варанецкі — Гальфстрым / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 4. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0090-0.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Высокае (аграгарадок, Аршанскі раён)
- Высокае (аграгарадок, Аршанскі раён) на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Высокое. Усадебно-парковый ансамбль Макшицких (руск.)
- Сайт Дзяржаўнай ўстановы адукацыі «Высокаўская сярэдняя школа Аршанскага раёна» Архівавана 3 ліпеня 2014.
Катэгорыя·Населеныя пункты Аршанскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.