Вязынка (Маладзечанскі раён)
Вя́зынка[1] (трансліт.: Viazynka, руск.: Вязынка) — вёска ў Маладзечанскім раёне Мінскай вобласці, на рацэ Вязынка, прытоку Іліі. Уваходзіць у склад Радашковіцкага сельсавета. Размешчана за 38 км ад Мінску, 40 км ад Маладзечна і 7 км ад шашы Мінск — Маладзечна.[2]
Назву атрымала ў гонар 90-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы ад назвы былога фальварка, у якім нарадзіўся вялікі беларускі паэт.[2]
Станцыя Вязынка знаходзіцца прыблізна за 35 км на паўночным захадзе ад Мінска па маладзечанскай лініі Беларускай чыгункі[3].
Этымалогія
Адно з найбольш распаўсюджаных тлумачэнняў назвы ракі і мясціны заснавана на слове «вязаць». Магчыма, мелася на ўвазе месца, дзе ў старыя часы вязалі плыты (для сплаву па рэчцы) ці плоты. Іншая версія бачыць крыніцу сучаснай назвы вёскі ў вязах, што ў вялікай колькасці раслі ў наваколлі.[4]
Гісторыя
На левым беразе ракі Вязынка за 100—200 м на ўсход ад вёскі захаваўся курган-гарадзішча культуры штрыхаванай керамікі II—V стагоддзяў (мясцовая назва «Замэчак»).[5] Яшчэ адно гарадзішча знойдзена за 500 м на паўночны ўсход ад вёскі на левым беразе Вілейска-Мінскай воднай сістэмы.[6]
Першая пісьмовая згадка пра Вязынку датаваная 1528 годам.[7][8] Фальварак Вязынка Менскага павета да 1815 года належаў сям’і Пшаздзецкіх (Przeździecki), а потым — Замбржыцкім (Zambrzycki).[9] Станіслаў Замбржыцкі (1823—1907) — беларускі краязнавец, фалькларыст, з сям’і беларускіх шляхціцаў. Паколькі быў інвалідам, здаваў свой фальварак у арэнду. Замбржыцкі захапляўся вывучэннем мясцовых курганаў і першым апісаў гарадзішча ў Вязынцы.[10] У 1909 годзе ў фальварку было чатыры двары і 26 жыхароў.[9]
У 1920—1930-я гады тут жыла беларускі этнограф і фалькларыст А. І. Свіневіч, якая збірала народныя песні ў наваколлі, арганізоўвала ў Маладзечна, Радашковічах, Вільні выстаўкі беларускіх тканін і нацыянальнага адзення, даследавала творчасць А. Міцкевіча.[7]
З 1920 года фальварак увайшоў у склад Сярэдняй Літвы, а ў 1922 годзе — у склад Польшчы. З пачаткам другой сусветнай вайны фальварак адышоў да БССР. З 1940 па 1960 год знаходзіўся ў складзе Радашковіцкага раёна, а ад студзеня 1960 года — у складзе Маладзечанскага раёна.[9]
У 1972 годзе ў гонар 90-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы[2] былы фальварак, вёскі Верамейкі, Гурнавічы і Сяледчыкі былі аб’яднаныя ў адну вёску Вязынка.[9][11]
Насельніцтва
- 2010 год — 341 чалавек
- 1999 год — 390 чалавек
- 1997 год — 428 чалавек, 181 двор[9]
Сучаснае аблічча
Аснову сучаснай забудовы Вязынкі складаюць старыя дамы сядзібнага тыпу, але апошнім часам з’явілася цэлая вуліца сучасных катэджаў. Цэнтральная вуліца вёскі асфальтаваная, на астатніх вуліцах — гравійнае пакрыццё. Вязынка не мае цэнтральных камунальных камунікацый — вадой жыхароў забяспечваюць свідравіны і калодзежы. Каналізацыя мясцовая. Прыродны газ да вёскі не падведзены. Вязынка забяспечана асноўнымі аб’ектамі сацыяльнай інфраструктуры: у вёсцы працуюць школа, амбулаторыя, паштовае аддзяленне, бібліятэка.[12]
Вязынка і Янка Купала
«У хатцы маленькай радзіўся паэт, |
Канстанцыя Буйло «У Вязынцы» |
Вязынка — малая радзіма Янкі Купалы. Пасля пераезду ў 1881 годзе з Паморшчыны бацька будучага паэта Дамінік Луцэвіч разам са сваім братам Міхалам арандаваў зямлю ў Вязынцы ў Станіслава Замбржыцкага. У Вязынцы тады жылі родзічы Янкі Купалы па бацьку: дзядзькі Антон, Юльян, Міхал і Адам, бабуля Валерыя, цёткі Марыя, Эмілія і Садалія Луцэвічы.[2] У Вязынцы 7 ліпеня (25 чэрвеня паводле старога стылю) 1882 года ў сям’і Дамініка Луцэвіча і Бянігны Валасевіч нарадзіўся сын Янка, будучы паэт Янка Купала. Прабыла ў Вязынцы пасля нараджэння Янкі сям’я Луцэвічаў няпоўны год — пасля заканчэння арэнды Луцэвічы пераехалі ў 1883 годзе ў маёнтак Юзафова.[9][13]
Купалаўскі мемарыяльны запаведнік і філіял Літаратурнага музея Янкі Купалы
Філіял Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы ў Вязынцы з’яўляецца першай і найбольш вядомай з усіх філіяў музея. Утворана ў жніўні 1945 года[14]. Ініцыятарам увекавечання месца, дзе нарадзіўся вялікі беларускі паэт, была яго жонка і першы дырэктар музея Янкі Купалы Уладзіслава Луцэвіч.[4] Мемарыяльная дошка была ўсталявана на доме паэта 30 чэрвеня 1946 года[2]. Філіял музея адкрыўся для наведвальнікаў 20 чэрвеня 1948 года.
Агульная плошча будынкаў філіяла музея (хата, свіран, хатка дваровых) — больш за 230 м². Плошча экспазіцыі — 185 м².[5] Экспазіцыя складаецца з мемарыяльнай і гісторыка-літаратурнай часткаў.
У мемарыяльнай частцы філіяла музея ўзноўлены інтэр’ер сялянскай хаты канца 19 стагоддзя (печ, мэбля, калыска, хадунок, посуд), экспануюцца асабістыя рэчы бацькоў Янкі Купалы. З дапамогай навуковых архіўных апісанняў, успамінаў сучаснікаў, фотаздымкаў, чарцяжоў і планаў тут усё ўзноўлена ў такім выглядзе, як гэта было ў гады жыцця маладой сям’і Луцэвічаў.[15]
У другой палове хаты, дзе некалі жыў брат паэта Міхал, створана гісторыка-літаратурная экспазіцыя аб дзяцінстве і юнацтве будучага першага народнага паэта Беларусі (абноўлена ў 2002 годзе). Тут зберагаюцца аўтабіяграфічныя матэрыялы, рукапісы, кнігі, копіі архіўных дакументаў, фотаздымкі, графічныя працы мастакоў Э. Агуновіча, Я. Раманоўскага, В. Шаранговіча, якія распавядаюць пра сям’ю Луцэвічаў, дзіцячыя, юнацкія гады і пачатак літаратурнай дзейнасці Янкі Купалы. У экспазіцыі прадстаўленыя радавод Луцэвічаў да 17 стагоддзя, адноўлены дзедам паэта Ануфрыем, і герб «Навіна», які належаў роду Луцэвічаў.[5]
У красавіку 1972 года адначасова з утварэннем вёскі Вязынка створаны Купалаўскі мемарыяльны запаведнік з плошчай 21 га.[16] Аўтарамі праекта запаведніка былі архітэктары С. Мусінскі і А. Канаваленка[5].
У мемарыяльным запаведніку захаваны натуральны ландшафт і планіроўка былой сядзібы, а таксама найбольш старыя дрэвы. Акрамя хаты, ў якой нарадзіўся Янка Купала, захаваныя хатка дваровых, сажалка, крыніца, частка фруктовага саду, ліпавая алея, якая вяла да сядзібнага дома Замбржыцкіх. На тэрыторыі запаведніку можна ўбачыць мемарыяльныя валуны з высечанымі на іх радкамі з твораў паэта, дуброву, пасаджаную беларускімі пісьменнікамі да стагоддзя з дня нараджэння песняра, жывую альтанку з ліпаў, канцэртную эстраду, вялікую пляцоўку для правядзення паэтычных святаў, выставак народных майстроў і масавых гулянняў.[5] У цэнтры запаведніку стаіць бронзавы бюст Янкі Купалы (1972 г., скульптар З. Азгур).
У адноўленым будынку свірна з 1992 года дзейнічае этнаграфічная экспазіцыя.[15] У адной палове свірна створана сезонная экспазіцыя «Народныя святы ў творчасці Янкі Купалы». Тут адлюстраваныя народныя звычаі і абрады, апісаныя паэтам і ўвасобленыя ў творах народных майстроў: разьба па дрэве, ткацтва, графічныя работы, вышыўка, салома- і лазапляценне, шыццё, габелены і інш. У другой палове будынку размешчаныя этнаграфічныя артэфакты: кросны, куфры, прылады для апрацоўкі лёну, скрыні для захавання збожжа, мукі і іншыя прылады працы і рэчы хатняга ўжытку.[5]
З 1972 года штогод на тэрыторыі запаведніка ў дзень нараджэння паэта (7 ліпеня) праводзяцца святы паэзіі, песні і народных рамёстваў, а з 1976 года — традыцыйныя злёты студэнтаў-філолагаў БДУ. Запаведнік уключаны ў шматлікія турыстычныя маршруты.[5]
Штогод Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка» наведвае каля 100 тысяч чалавек.[2] Працуе філіял музея штодзень, акрамя панядзелка, з 10 да 17 гадзін.
У мастацтве
«Толькі Вязынку, хату Купалы |
Пімен Панчанка «Вязынка» |
Вязынцы як калысцы славутага беларускага песняра прысвяцілі свае вершы шматлікія паэты Беларусі (Рыгор Барадулін, Канстанцыя Буйло, Анатоль Вялюгін, Сяргей Законнікаў, Еўдакія Лось, Сяргей Панізнік, Пімен Панчанка, Пятро Прыходзька, Максім Танк, Станіслаў Шушкевіч і інш.), Украіны (М. Луконін, М. Камісарава, Л. Хаўстаў), Латвіі (Ю. Ванаг), Арменіі (А. Грашы), Вялікабрытаніі (Уолтэр Мэй), Балгарыі (А. Тодараў), Польшчы (Я. Гушча) і інш.[2]
Ціхаму і ўтульнаму хараству краявідаў Вязынкі прысвяцілі свае мастацкія творы беларускія мастакі Міхась Бельскі, Рыгор Віткоўскі, Віктар Вярсоцкі, Віктар Грамыка, Адольф Гугель, Міхаіл Даўгяла, Сяргей Каткоў, Іван Карасёў, Мікалай Кірэеў, Аляксандр Кішчанка, М. Макаранка, Яўген Красоўскі, Абрам Кроль, Пётр Крохалеў, Мікола Купава, Уладзімір Пашчасцеў, Іван Пратасеня, Іван Пушкоў, Юрый Тышкевіч, Кастусь Харашэвіч, Віталь Цвірка і інш.[2]
Транспарт
Аўтамабільная дарога ад Мінска да Вязынкі цалкам асфальтаваная — спачатку гэта маладзечанская шаша, потым 6 км дарогі мясцовага значэння. У вёску рэгулярна ходзяць прыгарадныя аўтобусы і маршрутныя таксі.[12] Да вёскі можна даехаць і па чыгунцы: электрацягніком Мінск—Маладзечна да станцыі «Вязынка».[17]
Галерэя
- Дарожны ўказальнік на Вязынку
- Сажалка за хатай, у якой нарадзіўся Янка Купала
- Хата, у якой нарадзіўся Янка Купала
- Валуны — сведкі сівой даўніны…
- Камень “Свіння” каля чыгуначнай станцыі
- Сажалка
- Сажалка
- Фестываль у Вязынцы
- Свята паэзіі ў Вязынцы на стогадовы юбілей Янкі Купалы, ліпень 1982 года
- Палярнае ззянне каля вёскі. 2015
- Помнік Янку Купалу
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU). Сустракаецца таксама варыянт Вя́зынь
- 1 2 3 4 5 6 7 8 Энцыклапедычны даведнік «Янка Купала». Артыкул «Вязынка». — Мн., БелСЭ, 1986. — С. 137.
- ↑ http://www.rw.by/
- 1 2 Мазуркевіч, Марына. Вязынка — брэнд Беларусі (нявызн.). Deutsche Welle (4 лістапада 2011).
- 1 2 3 4 5 6 7 Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка» (нявызн.). Ганцавіцкі краязнаўча-інфармацыйны партал (31 кастрычніка 2011).
- ↑ Энцыклапедыя гісторыі Беларусі, Т. 2. — Мн.: БелЭн, 1994. — Артыкул «Вязынка (гарадзішчы)» / Аўтар А.Мітрафанаў. — С. 385—386
- 1 2 Вязынка (нявызн.). сайт radzima.org (4 лістапада 2011).
- ↑ Сямашка, Віталь. Вязынка — «сталіца фермерскай рэспублікі» (нявызн.). Радыё «Свабода» (4 лістапада 2011).
- 1 2 3 4 5 6 Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 4 // Рэдкал.: Г.П. Пашкоў і інш. — Мн., БелЭн, 1997. — С. 341.
- ↑ Янка Купала: Энцыкл. даведнік. — Мн., БелСЭ, 1986. — Артыкул «Замбржыцкі» — С. 239.
- ↑ Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР ад 11 кастрычніка 1972 г. Аб перайменаванні вёскі Гурнавічы Валодзькаўскага сельсавета Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1972, №29 (1367).
- 1 2 Вязынка (нявызн.) (недаступная спасылка). сайт t-s.by (4 лістапада 2011). Архівавана з першакрыніцы 9 ліпеня 2019. Праверана 15 верасня 2016.
- ↑ Содаль, Уладзімір. Вязынкаўскія калыханкі (нявызн.). газета Туризм и отдых (4 лістапада 2011).(недаступная спасылка)
- ↑ Хурсік, Віктар. Тэкст пастановы Савету Народных Камісараў Беларускай ССР і Цэнтральнага Камітэта КП(б) Беларусі № 1139-292 ад 04.08.1945 г. «Аб ушанаванні памяці народнага паэта Беларусі Янкі Купалы» (нявызн.). газета «Звязда» (31 кастрычніка 2011).
- 1 2 Філіял «Вязынка» Літаратурнага музея Янкі Купалы (нявызн.) (недаступная спасылка). litmuseums.iatp.by (31 кастрычніка 2011). Архівавана з першакрыніцы 7 мая 2008. Праверана 15 верасня 2016.
- ↑ Вязынка. (нявызн.) (недаступная спасылка). Літаратурны музей Янкі Купалы (31 кастрычніка 2011). Архівавана з першакрыніцы 6 верасня 2010. Праверана 15 верасня 2016.
- ↑ Расклад руху прыгарадных цягнікоў (электра- і дызельных) па чыгуначным прыпынку «Вязынка» (нявызн.). сайт railwayz.info (4 лістапада 2011).(недаступная спасылка)
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 4 // Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн., БелЭн, 1997. — 480 с.: іл. — ISBN 985-11-0090-0 — Артыкул «Вязынка». — С. 341.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9 // Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн., БелЭн, 1999. — 560 с.: іл. — ISBN 985-11-0155-9; Артыкул «Купалаўскі мемарыяльны запаведнік „Вязынка“». — Аўтар — Ж. Дапкюнас. — С. 29.; Артыкул «Купалы Янкі Літаратурнага музея філіял „Вязынка“». — Аўтар — Ж. Дапкюнас. — С. 31-32.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 2. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. 537 с.: іл. — ISBN 5-85700-142-0 — Артыкул «Вязынка» / Аўтар — Г. Каханоўскі. — С. 386; Артыкул «Вязынка (гарадзішчы)» / Аўтар — А.Мітрафанаў. — С. 385—386;
- Янка Купала: Энцыкл. даведнік / БелСЭ; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1986. — 727 с, 26 л. іл.; Артыкул «Вязынка» / Аўтар — Ж. Дапкюнас. — С. 137; Артыкул «Замбржыцкі» / Аўтар — Г.Каханоўскі. — С. 239.
- На радзіму Янкі Купалы: Турысц. схема / [Гал. ўпр. геадэзіі і картаграфіі пры Савеце Міністраў СССР; Тэкст Я. Ю. Раманоўская ]. — Мн., 1972.
- Каханоўскі Г. А. На запаветнай зямлі: [аб радзіме беларускага пісьменніка Я. Купалы] / Мінскае абласное ўпраўленне культуры, Мінскі абласны краязнаўчы музей. — Мн., 1974.
- Вязынка: [Экспазіцыя філіяла музея Янкі Купалы / Тэкст і склад. А. А. Есакова; Маст. У. С. Басалыга. — Мн., 1974.
- Вязынка: Купалаўскі мемарыяльны запаведнік: [Фотаальбом /Тэкст і склад. Л. Т. Хадкевіча; Фота В.Бараноўскага]. — Мн., 1982.
- Чырскі М. А. Купалаўскі запаведнік «Вязынка» [Фота В. А. Бараноўскага]. 2-е изд., испр. и доп. — Мн., Полымя, 1986. — 53 с.
- Чырскі, М. А. Купалавым гасцінцам: Купал. парк. Вязынка. Ляўкі. Акопы. — Мн., 1996.
- Лукша, Ул. Э. Сцежкамі Купалы: Замалёўкі з натуры: Альбом. — Мн., 1997.
- Чырскі М.А. Гасцінцам Купалы // Выд. «Універсітэцкае» ― Мн., 2002. ― 36 с.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Вязынка (Маладзечанскі раён)
- Філіял «Вязынка» Літаратурнага музея Янкі Купалы Архівавана 7 мая 2008. // litmuseums.iatp.by
- Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка» // Ганцавіцкі краязнаўча-інфармацыйны партал
- Філіял «Вязынка» Літаратурнага музея Янкі Купалы // Ганцавіцкі краязнаўча-інфармацыйны партал
- Вязынка // radzima.org
- Вязынка // geocaching.su
- Вязынка. Бабіна лета. Аўтар Яўген Пясецкі // Газета «Звязда», 3 кастрычніка 2007 года
- Вязынка — брэнд Беларусі. Аўтар Марына Мазуркевіч // Радыё «Нямецкая хваля»
- Вязынка — «сталіца фермерскай рэспублікі». Аўтар Віталь Сямашка // Радыё «Свабода», 17 снежня 2007 года
- Вязынка аб’ядноўвае, Вязынка натхняе… // Філалагічны факультэт БДУ
- Вязынкаўскія калыханкі. Аўтар Уладзімір Содаль(недаступная спасылка) // Газета «Туризм и отдых», 12 ліпеня 2007 года
- Яўген Салаўёў. Арарат Яся Луцэвіча (нявызн.) (недаступная спасылка). Народная Воля (8 снежня 2013). Архівавана з першакрыніцы 8 красавіка 2016. Праверана 15 верасня 2016.
- Галерэя краявідаў Вязынкі на сайце foto-planeta.com
- Галерэя краявідаў Вязынкі Архівавана 3 лістапада 2011. на сайце fotka.by
- Галерэя зімовых краявідаў Вязынкі на сайце picasaweb
- Фотагалерэя студэнцкага свята ў Вязынцы
- Вязынка: радзіма вялікага паэта
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Маладзечанскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.