Гадуні
Гаду́ні[2] (трансліт.: Haduni, руск.: Годуни) — вёска ў Акцябрскім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіць у склад Любанскага сельсавета.
Геаграфія
Размяшчэнне
У 15 км на ўсход ад гарадскога пасёлка Акцябрскі, 245 км ад Гомеля, 19 км ад чыгуначнай станцыі Рабкор, размешчанай на чыгунцы Бабруйск — Рабкор, адгалінаванні лініі Асіповічы — Жлобін.
Гідраграфія
За 2,5 км на паўднёвы захад ад вёскі знаходзіцца выток ракі Ветка.
Транспартная сетка
Транспартныя сувязі па прасёлкавай, затым аўтамабільнай дарозе Акцябрскі — Азарычы.
Інфармацыя
Планоўка складаецца з кароткай прасталінейнай вуліцы, арыентаванай з паўднёвага ўсходу на паўночны захад, да якой з поўначы далучаюцца 2 кароткія прасталінейныя вуліцы. Забудова драўляная, сядзібнага тыпу. У складзе сельскагаспадарчага ААТ «Бумажкова-Агра» з цэнтрам у Любані, малочнатаварная ферма. Крама.
Гісторыя
Вядомая па пісьмовых крыніцах з XVIII стагоддзя як паселішча ў Мінскім ваяводстве Вялікага княства Літоўскага. У 1775 годзе кароль Станіслаў Аўгуст падараваў вёску абознаму літоўскаму М. С. Лапату.
Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) у складзе Расійскай імперыі. У XIX ст. ў маёнтку Качай-Балота, сумесным уладанні Веры Анненкавай і Мікалая Бухарына. Пазначана на карце 1866 года, якая выкарыстоўвалася Заходняй меліярацыйнай экспедыцыяй, што працавала ў гэтым раёне ў 1890-я гады. У 1879 годзе згадваецца ў ліку паселішчаў Чэрнінскага царкоўнага прыходу. У 1908 годзе ў Чэрнінскай воласці Бабруйскага павета Мінскай губерні.
У 1922 годзе ў наёмнай хаце адкрыта школа. У 1930 годзе арганізаваны калгас. Падчас Вялікай Айчыннай вайны нямецкія акупанты ў красавіку 1942 года цалкам спалілі вёску і забілі 48 жыхароў. Напачатку снежня 1943 года, пасля пасоўвання савецкіх войскаў да Акцябрскай партызанскай зоны, тут, паблізу ад вёсак Майсееўка, Гадуні і Любань, з 28 лістапада да 21 снежня 1943 года існаваў прарыў у абароне нямецкіх войскаў (каля 10 км), вядомы як «Рудабельскія вароты». Праз яго ажыццяўлялася прамая сувязь паміж партызанамі і часткамі 65-й арміі. 25 жыхароў загінулі на фронце.
Насельніцтва
Колькасць
- 2011 год — 15 двароў, 19 жыхароў.
Дынаміка
- 1795 год — 4 двары, 27 жыхароў.
- 1897 год — 21 двор, 172 жыхара (паводле перапісу).
- 1908 год — 35 двароў, 229 жыхароў.
- 1925 год — 53 двары.
- 1940 год — 74 двары, 296 жыхароў.
- 1959 год — 288 жыхароў (паводле перапісу).
- 1997 год — 42 двары, 80 жыхароў.
- 2004 год — 33 двары, 63 жыхары.
Літаратура
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т.1, кн.1. Гомельская вобласць/С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2004. 632с.: іл. Тыраж 4000 экз. ISBN 985-11-0303-9 ISBN 985-11-0302-0
- Памяць: Гiсторыка-дакументальная хронiка Акцябрскага раёна. — Мн.: БЕЛТА, 1997.
Зноскі
- ↑ Дадзеныя сельсавета на 1 студзеня 2011 года
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).. Сустракаецца таксама варыянт Гадуні́
Спасылкі
- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх
Катэгорыя·Населеныя пункты Акцябрскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Глухіўскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Ягатынскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты без насельніцтва Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.