Галац
У гэтага паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Галац.
Гала́ц (рум.: Galaţi) ад грэчаскага Галазіян (грэч.: Γαλαζιον — «блакітны», як яго называлі ў Візантыі) — горад і порт на ўсходзе Румыніі, у вусці Дуная, адміністрацыйны цэнтр жудзеца Галац. На 2005 год насельніцтва складала 331,4 тысяч жыхароў. Вядомы з XIII стагоддзя. Металургічны камбінат, суднабудаванне, вытворчасць суднавага абсталявання, хімічная, тэкстыльная, мэблевая прамысловасць. Музей гістарычны, сучаснага румынскага мастацтва. Храмы XVII стагоддзя, ансамбль цэнтра Галаца (1956-60), новыя жылыя раёны.
Геаграфічнае становішча
Горад размешчаны на ўсходзе Румыніі, каардынаты 45°27’ пн.ш. і 28°02’ у.д. Размешчаны на левым беразе Дуная, займае плошчу 246.4 кв. км, на стыку рэк Сірэт (на захадзе) і Прут (на ўсходзе). Знаходзіцца ў 80 км ад Чорнага мора.
Гісторыя
Вядомы з XIII стагоддзя. У Галацы была размешчана першая ва ўсходняй Еўропе місія Ватыкана.
У лістападзе 1769 г. каля Галаца адбылася бітва паміж рускай арміяй і туркамі. Галац быў таксама заняты рускай арміяй з 1789 па 1791 гг.
Галац напачатку XIX стагоддзя стаў адным з першых тэатраў ваенных дзеянняў падчас вызваленчай вайны Грэцыі супраць турак 1821—1829 гг.
Менавіта ў Галацы 21 лютага 1821 года пад камандваннем былога расійскага маёра Васіліса Каравіяса, 150 грэкаў (галоўным чынам кефаланійцаў) упершыню ўступілі ў бой з туркамі. Падчас далейшых падзей, пасля гераічнай абароны горада, грэкам удалося прарвацца з абложанага туркамі горада 1 мая 1821 г. пад камандваннем Афанасіяса Карпенісіётыса (гл. Бітва за Галац). Але туркі перабілі жыхароў і спалілі горад.
Грэчаская прысутнасць у Галацы, асабліва ў суднаходстве, была прыкметнай і ў другой палове XIX стагоддзя. У значнай меры гэта прысутнасць, як і прысутнасць іншых замежнікаў, была абумоўлена статусам порта-франка, які быў адменены толькі ў 1883 г. У сілу значнай гістарычнай сувязі горада з Грэцыяй адзін з раёнаў грэчаскай сталіцы, Афін, называецца Галацы.
Эканоміка
У горадзе размешчаны найбуйнейшы ў краіне металургічны камбінат Арселар-Мітал Галац, да 2001 года камбінат належаў дзяржаве. Таксама ў Галацы знаходзіцца найбуйнейшая на Дунаі суднаверф. Гэтаму спрыяе выгоднае эканоміка-геаграфічнае становішча горада, размешчанага недалёка ад чарнаморскага ўзбярэжжа.
Таксама ў Галацы размешчаны памежны пункт з Малдовай.
Гарады-пабрацімы
Галац з’яўляецца горадам-пабрацімам наступных гарадоў:
- Анкона, Італія
- Ковентры, Вялікабрытанія (1963)
- Пірэй, Грэцыя (1985)
- Ухань, КНР (1987)
- Песак, Францыя (1991)
- Лімон, Коста-Рыка (1992)
- Хаманд, Індыяна, ЗША (1997)
- Мікалаеў, Украіна (2002)
- Адэса, Украіна (2002)
- Севастопаль, Украіна (2002)
- Ялта, Украіна (2002)
- Езі, Італія (2003)
- Скотсблаф, Небраска, ЗША (2007)
- Мумбаі, Індыя (2007)
- Брындзізі, Італія (2007)
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Галац
- Сайт муніцыпалітэта Архівавана 30 студзеня 2009.
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.