wd wp Пошук:

Гаць (Акцябрскі раён)

У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Гаць.

Гаць[2] (трансліт.: Hać, руск.: Гать) — вёска ў Акцябрскім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіць у склад Ламавіцкага сельсавета.

Геаграфія

Размяшчэнне

У 8 км на паўднёвы ўсход ад гарадскога пасёлка Акцябрскі, 212 км ад Гомеля, 12 км ад чыгуначнай станцыі Рабкор, размешчанай на чыгунцы Бабруйск — Рабкор, адгалінаванні лініі АсіповічыЖлобін.

Гідраграфія

На ўсходзе і поўдні меліярацыйныя каналы.

Транспартная сетка

На аўтамабільнай дарозе Акцябрскі — Азарычы.

Інфармацыя

Планіроўка складаецца з прамалінейнай вуліцы, арыентаванай з паўднёвага захаду на паўночны ўсход і забудаванай драўлянымі сядзібамі. У 1991-92 гадах пабудавана 50 цагляных хат, у якіх змесцаваліся перасяленцы з забруджаных радыяцыяй у выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС месцаў. У складзе сельскагаспадарчага ДП «Ламавічы» з цэнтрам у аднайменнай вёсцы, жывёлагадоўчы комплекс, механічны парк. Сярэдняя школа (у 1995 годзе пабудаваны новы цагляны будынак), дзіцячы сад, Дом культуры, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне сувязі, сталовая, 2 крамы.

Гісторыя

Па пісьмовых крыніцах вядомая з XV стагоддзя як паселішча ў Мазырскім павеце Мінскага ваяводства Вялікага княства Літоўскага. Згадваецца ў Літоўскай метрыцы пад 1495 годам.

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) у складзе Расійскай імперыі. З пачатку XIX стагоддзя ў складзе маёнтка Рудабелка, з 1867 года належала барону А. Я. Урангелю, з 1874 года — генерал-маёру О. Ф. Ліліенфельду. Па стану на канец 60-х — пачатак 70-х гадоў XIX ст. у вёсцы жыло 40 асоб мужчынскага полу і 44 — жаночага. Пазначана на карце 1866 года, якая выкарыстоўвалася Заходняй меліярацыйнай экспедыцыяй, што працавала ў гэтым раёне ў 1890-я гады. На 1908 год у Рудабельскай воласці Бабруйскага павета Мінскай губерні.

У 1919 ці 1921 годзе адкрыта школа, для якой у 1922 годзе вылучана 2 дзесяціны зямлі. У 1929 годзе арганізаваны калгас «Чырвоны партызан», з 1934 года працавала гамарня. Пачатковая школа ў 1930-я гады ператворана ў сямігадовую. Падчас Вялікай Айчыннай вайны партызаны разграмілі апорны пункт, створаны нямецкімі акупантамі, у красавіку 1942 года карнікі спалілі 9 двароў і забілі 9 жыхароў. 41 жыхар загінуў на фронце. З 20 жніўня 1924 года да 16 ліпеня 1954 года цэнтр Гацкага сельсавета Глускага раёна, з 28 чэрвеня 1939 года — Акцябрскага раёна Палескай, з 20 верасня 1944 года — Бабруйскай, з 8 студзеня 1954 года — Гомельскай абласцей.

Насельніцтва

Колькасць

  • 2011 год — 169 гаспадарак, 414 жыхароў.

Дынаміка

  • 1897 год — 30 двароў, 115 жыхароў (паводле перапісу).
  • 1908 год — 39 двароў.
  • 1924 год — 276 жыхароў.
  • 1940 год — 48 двароў.
  • 1959 год — 255 жыхароў (паводле перапісу).
  • 1997 год — 219 двароў, 582 жыхары.
  • 2004 год — 188 гаспадарак, 453 жыхары.

Літаратура

  • Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т.1, кн.1. Гомельская вобласць/С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2004. 632с.: іл. Тыраж 4000 экз. ISBN 985-11-0303-9 ISBN 985-11-0302-0
  • Памяць: Гiсторыка-дакументальная хронiка Акцябрскага раёна. — Мн.: БЕЛТА, 1997.

Зноскі

  1. Дадзеныя сельсавета на 1 студзеня 2011 года
  2. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Акцябрскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be