Гдзень
Гдзень[1] (трансліт.: Hdzień, руск.: Гдень) — вёска ў Брагінскім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіць у склад Камарынскага сельсавета.
Да 26 верасня 2006 года вёска ўваходзіла ў склад Верхняжарскага сельсавета[2].
Геаграфія
Размяшчэнне
У 75 км на поўдзень ад Брагіна, 191 км ад Гомеля, 26 км ад чыгуначнай станцыі Пасудава (на лініі Оўруч — Палтава), 1,5 км ад дзяржаўнай мяжы з Украінай.
Водная сістэма
Рака Брагінка (прыток ракі Дняпро).
Транспартная сістэма
Транспартныя сувязі па прасёлкавай, затым аўтадарозе Камарын — Брагін.
Планоўка складаецца з выгнутай вуліцы, арыентаванай з паўднёвага захаду на паўночны ўсход, да якой далучаюцца кароткія вуліцы. Забудова драўлянымі хатамі сядзібнага тыпу.
Гісторыя
Знойдзенае археолагамі гарадзішча ранняга жалезнага веку і эпохі Кіеўскай Русі (на паўночна-заходняй ускраіне, на левым беразе ракі Брагінка, ва ўрочышчы Гарадок) сведчыць пра засяленне гэтых месцаў са старажытных часоў. Па пісьмовых крыніцах вядомая з XVI стагоддзя як вёска ў Каралеўстве Польскім. Пасля 2-га раздзела Рэчы Паспалітай (1793 год) у складзе Расійскай імперыі. У 1834 годзе ў валоданні Горватаў. У 1885 годзе ў Ёлчанскай воласці Рэчыцкага павета Мінскай губерні. У 1897 годзе знаходзіліся: царква, школа граматы, крама, карчма.
З 8 снежня 1926 года цэнтр Гдзенскага сельсавета Камарынскага, з 25 снежня 1962 года Брагінскага раёна Рэчыцкай і з 9 чэрвеня 1927 года Гомельскай (да 26 ліпеня 1930 года) акруг, з 20 лютага 1938 года Палескай, з 8 студзеня 1954 года Гомельскай абласцей.
У 1929 годзе працавала школа. У 1930 годзе арганізаваны калгас «Чырвоная Ўкраіна», працавалі гамарня, паравы млын. Падчас Вялікай Айчыннай вайны 14 студзеня 1943 года акупанты расстралялі 10 жыхароў вёскі (пахаваны ў магіле ахвяр фашызму ў цэнтры вёскі). У баю каля вёсак Гдзень і Чыкалавічы 22 верасня 1943 года адмеціліся камандзір роты старэйшы лейтэнант У. М. Зарэмба і радавы М. І. Дружынін (захапілі штабны аўтобус суперніка з каштоўнымі дакументамі, ім прысвоена званне Героя Савецкага Саюза). У верасні 1943 года каля вёскі загінулі 12 салдат (пахаваны ў брацкай магіле каля будынка кіравання калгасу). Вызвалена 23 верасня 1943 года. На франтах і ў партызанскай барацьбе загінулі 146 мясцовых жыхароў. У памяць пра загінуўшых у 1966 годзе ўсталяваны абеліск. Цэнтр калгаса «Чырвоная Украіна». Размяшчаліся сярэдняя школа, Дом культуры, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне сувязі, майстэрня побытавага абслугоўвання, 3 крамы.
13 снежня 1991 года Гдзенскі сельсавет скасаваны, вёска перададзена ў адміністрацыйнае падпарадкаванне Камарынскага пассавета.
Насельніцтва
Колькасць
- 2004 год — 71 гаспадарка, 165 жыхароў.
Дынаміка
- 1834 год — 46 двароў.
- 1885 год — 50 двароў, 381 жыхар.
- 1897 год — 70 двароў, 530 жыхароў (паводле перапісу).
- 1908 год — 84 двары, 543 жыхара.
- 1929 год — 214 двароў 1070 жыхароў.
- 1959 год — 1061 жыхар (паводле перапісу).
- 2004 год — 71 гаспадарка, 165 жыхароў.
- 2006 год — 74 гаспадаркі, 164 жыхара, з якіх 21 ва ўзросце да 16 гадоў, 77 — у працаздольным і 66 — старэйшым за працаздольны.
Вядомыя выхадцы
- Павел Іванавіч Шпетны — Герой Савецкага Саюза (яго імем названы адна з вуліц і вясковая школа).
- Сяргей Сцяпанавіч Мацапура — Герой Савецкага Саюза (яго імем названа адна з вясковых вуліц).
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
- ↑ «Об изменении административно-территориального устройства районов Гомельской области». Решение Гомельского областного Совета депутатов от 26 сентября 2006 г. № 295 Архівавана 22 верасня 2019. (руск.)
Літаратура
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т.1, кн.1. Гомельская вобласць/С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: Белэн, 2004. 632с.: іл. Тыраж 4000 экз. ISBN 985-11-0303-9 ISBN 985-11-0302-0
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Брагінскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.