Гервяты
Гервя́ты[2] (трансліт.: Hierviaty, руск.: Гервяты) — вёска ў Астравецкім раёне Гродзенскай вобласці, на рацэ Лоша. Адміністрацыйны цэнтр Гервяцкага сельсавета.
Насельніцтва 563 чал. (2014). Знаходзяцца за 24 км на паўночны ўсход ад Астраўца, за 20 км ад чыгуначнай станцыі Солы; на аўтамабільнай дарозе Варняны — Жодзішкі.
Гервяты — былое мястэчка гістарычнай Віленшчыны. У 1990-я тут праводзіліся беларуска-літоўскія сустрэчы на высокім узроўні, навуковыя канферэнцыі гісторыкаў.
Гісторыя
Першы пісьмовы ўспамін пра Гервяты датуецца 1434. У 1536 біскуп віленскі Ян заснаваў тут драўляны касцёл Святой Тройцы. Пад 1563 Гервяты згадваюцца як мястэчка. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) мясцовасць увайшла ў склад Віленскага павета Віленскага ваяводства.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Гервяты апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, у Віленскім павеце Віленскай губерні. Станам на 1796 у мястэчку было 49 двароў. У XIX — пачатку XX стст. Гервяты знаходзіліся ў валоданні Дамейкаў. На 1885 — 20 двароў. У 1899—1903 тут збудавалі мураваны Касцёл Святой Тройцы ў неагатычным стылі, адзін з найпрыгажэйшых у краі.
Падчасі Першай сусветнай вайны ў 1915 Гервяты занялі нямецкія войскі. Цягам 1919—1920 тут гаспадарылі польскае войска, бальшавікі. У 1920 мястэчка апынулася ў складзе Сярэдняй Літвы, у 1922 — у складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Віленскім павеце Віленскага ваяводства.
У 1939 Гервяты ўвайшлі ў БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 сталі цэнтрам сельсавета Астравецкага раёна. Статус паселішча панізілі да вёскі. З 25 снежня 1962 да 6 студзеня 1965 Гервяцкі сельсавет уваходзіў у склад Смаргонскага раёна. Станам на 1970 у вёсцы было 132 двары, на 1993 — 200.
Насельніцтва
- XIX стагоддзе: 1885 — каля 150 чал.
- XX стагоддзе: 1970 — 377 чал.; 1993 — 445 чал.[3].
- XXI стагоддзе: 2006 — 494 чал.
Інфраструктура
У Гервятах працуюць сярэдняя і няпоўная сярэдняя школы, дом культуры.
Турыстычная інфармацыя
Дзейнічае культурна-асветніцкі цэнтр. Праз Гервяты праходзіць турыстычны маршрут «Касцёлы Вілейскага края» (Ашмяны — Гудагай — Астравец — Варняны — Міхалішкі — Гервяты — Солы — Смаргонь)[4].
Славутасці
- Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (1903; помнік архітэктуры неаготыкі, 61 м вышынёй)
- Млын водны (XIX ст.)
- Могілкі ваенныя часоў Першай сусветнай вайны
Зноскі
- 1 2 Белпошта
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).
- ↑ Валерый Шаблюк. Гервяты // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — 527 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2. С. 518.
- ↑ Гервяты // к // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9
Літаратура
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — 537 с., [8] к.: іл. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0.
- Gierwiaty // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom II: Derenek — Gżack. — Warszawa, 1881. S. 565.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Гервяты
- Гервяты на Radzima.org Архівавана 25 мая 2022.
- Гервяты на Globustut.by Архівавана 25 мая 2022.
- Вандроўка ў Гервяты (архіў ад 16 ліпеня 2020)
Катэгорыя·Населеныя пункты Астравецкага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.