Глінішча (Хойніцкі раён)
У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Глінішча. Глі́нішча[1] (трансліт.: Hlinišča, руск.: Глинище) — аграгарадок у Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіць у склад Алексіцкага сельсавета.
Знаходзіцца за 26 км у напрамку на захад ад горада Хойнікі, за 133 км ад Гомеля[2].
Гісторыя
Вялікае Княства Літоўскае
У «Вялікім гістарычным атласе Беларусі» найранейшая згадка пра вёску Глін датаваная 1591 годам[3]. Належала да Мазырскага павета Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага.
30 жніўня 1658 года права на ленныя маёнткі Алексічы і Глінішча (лац.: bona Olexicze et Hliniszcze) было пацверджана мазырскаму харунжаму Рыгору Круневічу[upper-alpha 1] лістом караля Яна Казіміра[5]. У 1671 годзе пісар гродскі мазырскі Базыль Абуховіч абвінавачваў у судзе стрыечнага брата Дамініка Абуховіча ў памкненні на забойства і ўчыненні пагрозаў на шляхецкі гонар і здароўе. Валодаў у Мазырскім павеце спадчыннымі маёнткамі Абухаўшчына, Глінішча, Сядзельнікі, Трасцяніца і часткай Шарэек[6].
19 чэрвеня 1789 года адразу па нараджэнні ахрышчаны «з вады» (ex aqua) грэка-ўніяцкім святаром Іаанам Транцэвічам, парохам Алексіцкай царквы, Гервазі Антоні, сын шляхетных Севярына і Францішкі з дому Яшэўскіх Лянкевічаў з вёскі Глінішча, а 4 лістапада т. г. з усімі ўжо касцёльнымі цырымоніямі — айцом Янам Казіцкім, парохам Юравіцкага касцёла, вікарыем канвенту ордэна братоў-прапаведнікаў (дамініканаў). 15 ліпеня 1791 года ксяндзом Я. Казіцкім ахрышчаны Юзаф Антоні, сын тых жа сужэнцаў Лянкевічаў de villa Liniszcza[7].
Расійская імперыя
Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Глінішча — у межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесніцтва (губерні), з 1796 года ў складзе тэрытарыяльна ўпарадкаванага Рэчыцкага павета Маларасійскай, а з 29 жніўня 1797 года Мінскай губерні Расійскай імперыі[8]. Згодна з крыніцай, заснаванай на звестках рэвізіі 1795 года, «село Глинище с двором Станиславовым[upper-alpha 2]» належала мазырскаму чашніку Станіславу Аскерку. Згадана капліца Юравіцкага парафіяльнага касцёла[11]. Дзедзічны ўладальнік паведаміў рэвізорам, што ў яго фальварку жылі шляхцічы Юзаф, сын Яна, Анцыпаровіч, «учителем для детей», Севярын Ленкевіч з жонкай Францішкай, «на чинше», іх сыны Ян, Гервазі і дачка Зофія[12]. Паводле энцыклапедыі «Гарады і вёскі Беларусі», у вёсцы Глінішча на той час было 26 двароў, 138 жыхароў. 21 сакавіка 1795 года ксяндзом-дамініканам Антоніем Блажэвічам ахрышчаны Іосіф Рыгор, сын Данілы і Клары Кудрыцкіх з Глінішча, кумамі былі Станіслаў Аскерка і Францішка Лянкевічава, Севярын Лянкевіч і Катарына Кулешына. 26 красавіка ксёндз Я. Казіцкі ахрысціў Леона Вінцэнта, сына Станіслава і Францішкі з дому Грабскіх Аскеркаў, кумамі — Амброзі Аскерка, генерал польнай булавы войск літоўскіх, і Тэадора Аскерчына, Фларэнцін Аскерка, суддзя земкі мазырскі, і Францішка Лянкевічава de willa Liniszcze[13]. 7 красавіка 1799 года ксяндзом-дамініканам Гіяцынтам Бачынскім ахрышчана Агнета, дачка шляхетных Вінцэнта і Ганны з дому Транцэвічаў Шэлянгоўскіх, кумамі — Станіслаў Аскерка і Францішка Лянкевічава de villa Hliniszcze[14].
Паводле шляхецкай рэвізіі 1811 года, уладальнік сяла Глінішча, у якім рэвізоры папярэдне, у 1795 годзе, налічылі 93 душы прыгонных «мужеска пола», Станіслаў Аскерка (55 гадоў) з сынамі Рыгорам (20 г.) і Леонам (16 г.) жыў у двары Азярын. Двор Станіславаў з Глінішчам трымаў у арэндзе паручнік «бывших войск польских» Францішак, сын Юзафа, Каперніцкі (35 г.). Таксама тут жылі яго сыны Юзаф (3 г.) і Нарцыз (2 г.), брат Адам (19 г.). Эканомам і «приказчиком» у фальварку служылі адпаведна Вінцэнт, сын Мацея, Кулеша (24 г.) і Ігнацы, сын Паўла, Шарфановіч (27 г.). Абодва — з ліку «шляхетства беспоместного»[15].
Згодна з інвентарамі 1845 і 1846 гадоў, у маёнтку Глінішча і Азярын пана Рыгора, сына Станіслава, Аскеркі пражывала 6 дваран, 2 аднадворцы, 9 вольных аратых. У аднаіменных вёсках — 22 двары, 75 цяглых сялян мужчынскага і 83 жаночага полу, 9 мужчын з ліку сялян дваровых. Прозвішчы сталых жыхароў: Кудрыцкі (прозвішча-лідар), Бондар, Бунчак (Банчак), Ліпніцкі, Казачонак (Казачэнка), Мележ, Чарняк, Грыцкевіч, Дубадзел. Частка маёнтку Глінішча з 35 прыгоннымі належала пану Солтану — 16 мужчын, 19 жанчын[16].
У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело] : 1857 г.» сказана, што 129 жыхароў Глінішча і 31 жыхар Азярына абодвух полаў былі прыхаджанамі Свята-Мікалаеўскай царквы ў Алексічах, 8 жыхароў двара Глінішча, 7 жыхароў двара і 21 жыхар вёскі Азярын з’яўляліся парафіянамі Юравіцкага касцёла Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі[17].
У парэформенны перыяд Глінішча — у Юравіцкай воласці. На пачатак 1870 года ў вёсцы налічвалася 64 мужчынскія душы з ліку сялян-уласнікаў, прыпісаных да Глінішчанскага сельскага таварыства, 8 душ аднадворцаў, прыпісаных да воласці; у засценку Азярын — 3 аднадворцы[18]. Пасля смерці бяздзетнага Рыгора Аскеркі[upper-alpha 6], суддзі рэчыцкага, (†1882), дачка Альбіна Ганна (1827—1843). Надмагільная пліта вядомая здаўна; 2 ліпеня 2019 г. навуковым супрацоўнікам аддзела археалогіі і аховы гісторыка-культурнай спадчыны Гомельскага палацава-паркавага ансамбля Ю. В. Панковым і галоўным захавальнікам фондаў Хойніцкага раённага краязнаўчага музея А. Ю. Эсауленкам быў складзены адпаведны «Акт абследавання» помніка. 12 кастрычніка 2021 г. пры правядзенні сельгасработ быў знойдзены і 19 кастрычніка абследаваны склеп з адным пахаваннем, якое належала 67-гадоваму Альфрэду, сыну Каятана, Абуховічу, памерламу 1 ліпеня 1913 г. У спісах землеўладальнікаў Мінскай губерні 1889, 1903, 1911, 1913 (ідэнтычны спісу 1911) гадоў ён названы ўласнікам добраў Абухаўшчына і Засценак. Мог даводзіцца родзічам пані Мальвіне[upper-alpha 7], дачцэ Зыгмунта Абуховіча, жонцы Шчаснага Аскеркі, а адпаведна і іх сынам – Станіславу і Эмілю Аскеркам, астатнім уладальнікам маёнтку Глінішча. Напэўна, тут былі ўладкаваныя старыя каталіцкія могілкі, асобныя ад колішніх могілак праваслаўных, зніклых пад больш познімі пахаваннямі. Сёння іх разбурае сельскагаспадарчая тэхніка.</ref> добры дасталіся нашчадкам яго дзядзькі Леапольда, сына Багуслава, Аскеркі. Згодна са звесткамі 1876 і 1879 гадоў, жыхары Глінішча — сярод прыхаджанаў Алексіцкай Мікалаеўскай царквы[20]. У 1889 годзе Фелікс (Шчасны), сын Эміля, Аскерка[upper-alpha 8] валодаў маёнткамі Глінішча (300 дзесяцін), Азярын (32 дз.), Дзеравішча (2788 дз.) і Маканавічы (8764 дз.)[22].
Паводле перапісу 1897 года, у вёсцы Глінішча — 61 двор, 270 жыхароў, школа граматы, хлебазапасны магазін, карчма. На 1903/4 год сярод зямельных уласнікаў Мінскай губерні, якія мелі 500 і болей дзесяцін, уладальнікам маёнтка Глінішча названы Станіслаў, сын Фелікса, Аскерка[23]. У 1909 годзе ў вёсцы налічвалася 77 двароў з 542 жыхарамі, у аднаіменным фальварку — 1 двор, 21 жыхар[24]. У 1913 годзе маёнтак Глінішча[upper-alpha 9] ў 2380 дзесяцін угоддзяў быў уласнасцю Эміля, сына Фелікса, Аскеркі[upper-alpha 10][26].
Найноўшы час
9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісання Брэсцкага міру з бальшавіцкай Расіяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Глінішча ў складзе Юравіцкай воласці, аднак, апынулася ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губерні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 мая тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гетмана Паўла Скарападскага[27].
1 студзеня 1919, згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі Юравіцкая воласць Рэчыцкага павета ўвайшла ў склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, аднак 16 студзеня разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі была далучаная да РСФСР.
Пасля другога ўзбуйнення БССР з 8 снежня 1926 года Глінішча — цэнтр сельсавета ў Юравіцкім раёне Рэчыцкай акругі БССР. З 9 чэрвеня 1927 года ў складзе Мазырскай акругі. 10 лістапада 1927 года сельсавет скасаваны, а яго тэрыторыя далучана да Алексіцкага сельсавета. У 1930 годзе ў вёсцы 159 двароў, 903 жыхары. У 1931 годзе арганізаваны калгас «Рассвет», правалі вятрак і кузня. З 8 ліпеня 1931 года Глінішча ў складзе Хойніцкага раёна. З 20 лютага 1938 года ў Палескай вобласці з цэнтрам у Мазыры.
Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў Глінішчы было 182 двара з 538 жыхарамі. У вайну акупанты спалілі 93 двары і загубілі 101 жыхара. 25 вяскоўцаў угналі на катаргу[28].
З 8 студзеня 1954 года — у складзе Гомельскай вобласці. Паводле перапісу 1959 года, — 879 жыхароў, сярэдняя школа.
З 15 жніўня 1974 года Глінішча — цэнтр Алексіцкага сельсавета[29]. Цэнтральная сядзіба калгаса «Ленінскі шлях».
У 1986—1990 гадах пабудаваныя мураваныя дамы на 50 кватэраў, у якіх размясціліся перасяленцы з забруджаных у выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС месцаў. Працуюць сярэдняя школа, дзіцячы садок, бальніца, дом культуры, бабліятэка, крама, аддзяленне сувязі, мемарыяльны музей народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа.
Насельніцтва
- 2021 год — 199 гаспадарак, 513 жыхароў[30].
Асобы
- Іван Паўлавіч Мележ, беларускі празаік, драматург
Заўвагі
- ↑ Прывілей на Алексічы і Авадовічы паны Круневічы атрымалі яшчэ ў 1568 годзе[4], а Глінішча было адным з іх выселкаў.
- ↑ Ці не ўпершыню згаданы ў метрычных кнігах Юравіцкага касцёла ў 1785 годзе[9], пасля таго, як Багуслаў Аскерка раздзяліў свае добры паміж сынамі (1782 г.). Надалей пра двор Станіславаў ёсць запісы ад 6 кастрычніка 1799 г. з нагоды шлюба Феліцыяна Ясэвіча з Элеанорай Цеханьскай і хросту 20 кастрычніка 1799 г. Уршулі, дачкі Томаша і Юстыны Крушэўскіх[10].
- ↑ Усяго ў Багуслава ад дзьвюх жонак было сямёра сыноў — Зыгмунт, Леапольд, Фларэнцін, Філіп, Станіслаў, Амброзі, Міхал (гл.: Гербоўнік беларускай шляхты. Т. 1. А. / Т. Капіца, А. Леўчык, С. Рыбчонак і інш. – Мінск, 2002. С. 328–334).
- ↑ Год смерці паручнікавай Евы з Дамброўскіх запісаны асобна ад імя, у ніжняй частцы тэксту, побач з годам суддзёвай рэчыцкай (жонкі Альбіна). У тым жа 1811 г. нарадзіўся іх малодшы сын Эразм Антоні. Магчымая сувязь нараджэння і спачыну.
- ↑ Паводле С. Урускага, жонкай Альбіна была дачка барона Остэн-Сакэна, імя якой засталося невядомымUruski S. Rodzina. Herbarz szlachty polskiej. – Warszawa, 1916. Tom XIII. S. 45
- ↑ Адбылося гэта ў 1872 годзе, што засведчана надпісам на пліце з фамільнага склепа нашчадкаў харунжага мазырскага Багуслава Аскеркі і яго дзвюх жонак Ганны з дому Бандынэлі, Крыстыны, з дому Лянкевічаў[upper-alpha 3]. Тут пахаваныя Рыгор, яго бацька Станіслаў (†1839), маці Ганна Францішка з дому Грабскіх (†1841), сястра Барбара (†1835), а таксама дзядзька Міхал (†1823), уладальнік маёнтку Міхалёў, яго жонка Ева з Дамброўскіх (†1811[upper-alpha 4]), іх сын Альбін (1782—1845), неназваная жонка Альбіна[upper-alpha 5]. Ці не быў то генерал-фельдмаршал Фабіян Готліб фон дэр Остэн-Сакэн, які меў некалькіх дзяцей, народжаных па-за шлюбам? Альбін скончыў вайсковую службу ў чыне маёра, а іх з N сын Альфонс стаў палкоўнікам Генеральнага штаба расійскіх войск…
- ↑ Яе сястра Францішка была жонкай Аляксандра, сына Альбіна і N з Остэн-Сакэнаў Аскеркаў[19]
- ↑ Гэта пра яго казаў вясковы музыка Іван Бурак з Гарошкава[21]:
Ніхто так чудна не грае на картапляні, як маканавіцкі пан. Калі глядзіш на яго пальцы, то падчас здаецца, што іх няма, да толькі нешта балванее. А як бы табе вочы хусткаю завязаў, то б, слухаючы, не ведаў, у што ён грае, бо там абзываюцца ўсе прыправы, якія ты калі-небудзь чуў або ў сьне бачыў, да толькі не чутно абычнаго картапляна. Раз здаецца, што ета негдзе салавейкі або жаваранкі пяюць, то між німі зязюля кукае, а далей робіцца ўсё галасьней, усё весялей, і ты радуешся, але не доўга, бо ось быццам то хмарыцца, гудзе злавешча, тоўпіцца, тоўпіцца ў неперастаючы гром. І ты, здаецца б, прапаў, як бы не распагодзілося, начэ як бы зноў не пашлі з-пад яго пальцаў весялейшыя ігры да не абрадавалі…
Часлаў Пяткевіч удакладніў:
Гаворка ідзе пра светлай памяці Ш. Аскерку, уладальніка Маканавічаў,.. вядомага шапэніста. У яго доме я бачыў сялянскія вяселлі з вясковым скрыпачом, які іграў пад танцы і якому ён сам акампанаваў на фартэп’яна, калі вясельнікі танцавалі ў яго пакоях. Зрэшты,.. нічога дзіўнага, што Іван Бурак, запрашаны больш заможнымі гаспадарамі, меў магчымасць чуць самых розных выканаўцаў на фартэп’яна і скласці сабе крытычны погляд.
У 1912 г., знаходзячыся ў доме паноў Аскеркаў у маёнтку Глінішча,.. на вялізным поплаве, зрэдку усеяным таполямі (сокарамі), за якім цягнуцца бязмежныя балоты за ракою Віцю (прыток Прыпяці), як можна было ахапіць вокам, я налічыў да 200 гнёздаў [бусліных], па адным на кожным дрэве, без боранаў, колаў і розных прыстасаванняў з боку чалавека.
- ↑ Да яго малодшага брата Станіслава, які раней валодаў Глінішчам, перайшоў маёнтак Маканавічы.
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 5: Гальцы — Дагон / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 5. — С. 296. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0090-0.
- ↑ Вялікі гістарычны атлас Беларусі ў 3-х тамах: Т. 1. — Мінск: Белкартаграфія, 2009. С. 149
- ↑ Литовская метрика. Книга записей 51 (1566—1574). — Вильнюс, 2000. С. 177—179
- ↑ Metryka Litewska. Księga wpisów. Nr. 131. Opracował Andrzej Rachuba. — Warszawa, 2001. S. 157—158, 234
- ↑ Рыбчонак С., Свяжынскі У. Абуховічы гербу Ключ раздвоены. // Спадчына. 6/1998. С. 215
- ↑ НГАБ. Ф. 937. Воп. 1. Спр. 60. А. 36адв., 39
- ↑ Насевіч В., Скрыпчанка Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. — Т. 6. Кн. 1. — Мінск: БелЭн, 2001. C. 181—182
- ↑ НГАБ. Ф. 937. Воп. 1. Спр. 60. А. 31адв.
- ↑ НГАБ. Ф. 1781. Воп. 27. Спр. 202. А. 241, 243
- ↑ Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 71, 74
- ↑ НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 181. А. 189
- ↑ НГАБ. Ф. 937. Воп. 1. Спр. 60. А. 43адв., 44
- ↑ НГАБ. Ф. 1781. Воп. 27. Спр. 202. А. 284адв.
- ↑ НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 263. А. 110, 112, 172
- ↑ НГАБ. Ф. 142. Воп. 1. Спр. 1400. А 1-34, 1406. А. 1-13
- ↑ Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 379адв., 725
- ↑ Список волостей, обществ и селений Минской губернии на 01. 01. 1870 г. — Минск, 1870. Л. 68
- ↑ Żychliński T. Złota księga szlachty polskiej. Rocznik XIX. / T. Żychliński – Poznań, 1897. S. 96
- ↑ Минские епархиальные ведомости. — Минск, 1876. № 10. С. 456; Описание церквей и приходов Минской епархии. VIII. Речицкий уезд. — Минск, 1879. С. 13
- ↑ Пяткевіч Ч. Рэчыцкае Палессе / Уклад., прадм. У. Васілевіча. Пер. з пол. Л. Салавей і У. Васілевіча. — Мінск: «Беларускі кнігазбор», 2004. С. 523
- ↑ Список зелевладельцев Минской губернии. 1889 г. — Минск, 1889. С. 372
- ↑ Памятная книжка Минской губернии на 1904 г. — Минск: Издание Минского губернского статистического комитета, 1903. Приложение. С. 58
- ↑ Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 37
- ↑ Пяткевіч Ч. Рэчыцкае Палессе. С. 318
- ↑ Spis ziemian mińskich, posiadających 100 i więcej dziesięcin ziemi. // Kalendarz Miński na 1914 r. / pod redakcją W. Dworzaczka. — Mińsk, 1913. S. 108 «Nad Świsłoczą» Kalendarz Miński na 1914 r.
- ↑ Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 85
- ↑ Без срока давности. Беларусь: преступления нацистов и их пособников против мирного населения на оккупированной территории БССР в годы Великой Отечественной войны. Гомельская область. Сборник архивных документов и материалов / сост.: А. Р. Дюков, В. Д. Селеменев (рук.) [и др.]; редкол.: А. К. Демянюк [и др.]. — Минск: НАРБ; М.: Фонд «Историческая память», 2021. С. 288, 499
- ↑ Рашэнне выканаўчага камітэта Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 15 жніўня 1974 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1974, № 25 (1435).
- ↑ Звесткі пра колькасць насельніцтва на тэрыторыі Алексіцкага сельсавета на 01.01.2021 г. Архівавана 20 кастрычніка 2021.
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 5: Гальцы — Дагон. — С. 296. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 5), ISBN 985-11-0035-8.
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2005. — 520 с.: іл. ISBN 985-11-0330-6.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Глінішча (Хойніцкі раён)
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Хойніцкага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.