Горацкі раён
Го́рацкі раён — адміністрацыйная адзінка ў складзе Магілёўскай вобласці. Утвораны 17 ліпеня 1924 года.
Геаграфічнае становішча
Размешчаны на паўночным усходзе Магілёўскай вобласці. На поўначы мяжуе з Дубровенскім і Аршанскім раёнамі Віцебскай вобл., на захадзе — Шклоўскім, поўдні — Дрыбінскім і Мсціслаўскім раёнамі Магілёўскай вобласці, усходзе — Красненскім і Манастыршчынскім раёнамі Смаленскай вобл. Расійскай Федэрацыі.
Прырода
У тэктанічных адносінах Горацкі раён прымеркаваны да Магілёўскай мульды Аршанскай упадзіны. Зверху залягаюць пароды антрапагенавага ўзросту магутнасцю 30-50 м, радзей да 98 м, ніжэй дэвонскія да 400—450 м. Юрскія і мелавыя адклады трапляюцца на поўдні раёна. Антрапагенавая тоўшча складзена з маламагутных марэнных адкладаў сожскага ўзросту і водналедавіковых, якія займаюць вузкія палосы і азёрападобныя пашырэнні ўздоўж рачных далін. Пашыраны ўтварэнні верхняга пратэразою (венду і рыфею) магутнасцю да 1000 м. Паверхня крышталічнага фундаменту на глыбіні 1300—1400 м ніжэй ўзроўню мора. Найбольш распаўсюджанымі адкладамі з’яўляюцца верхнедэвонскія, верхнемелавыя і чацвярцічныя адклады. Верхнедэвонскія адклады — даламіты, даламітызаваныя вапнякі, распаўсюджаныя вапнякі ў паўночнай частцы раёна, маюць магутнасць 160—180 м. Маламагутныя (10-15 м) маргельна-мелавыя адклады карбанатнай фармацыі верхняга мела распаўсюджаны ў паўднёвай частцы раёна (в. Ленполле, Мядзвёдаўка). Дэвонскія і мелавыя адклады пакрываюцца непасрэдна чацвярцічнымі адкладамі — суглінкі, водна-ледніковыя і алювіяльныя пяскі і супесі, балотныя адклады Магутнасць іх у межах не раёна не перавышае 40-60 м.
Тэрыторыя Горацкага раёна знаходіцца на Горацка-Мсціслаўскай узвышанай раўніне. Па характару рэльефа — гэта раён хвалістай платападобнай раўніны, моцна расчлененай далінамі рэк і ручаёў, густой сеткай глыбокіх яроў і балак з выступаючымі ў шэрагу месц марэннымі градамі ў выглядзе палогіх узгоркаў. Рэльеф раўніны складаюць лёсавідныя суглінкі і супесі. Характэрнай асаблівасцю рэльефа з’яўляецца ўтварэнне шматлікіх (10-15 на 1 га) сподкападобных западзін, звязаных з вышчалочваннем карбанатаў і вымываннем гліністага драбназёму і паслядоўнай прасадкай грунту ў мікрапаніжэннях водападзельнай паверхні. Паверхня пласкахвалістая, парэзаная рачнымі далінамі і ярамі. Каля 2/3 тэрыторыі занята Аршанска-Магілёўскай раўнінай. На паўночным усходзе адгор’і Смаленскага ўзвышша. Агульны нахіл паверхні з поўначы на поўдзень. 75 % тэрыторыі на вышыні 190—200 м, 20 % — ніжэй за 190 м. Найвышэйшы пункт 231, 4 м (каля в. Майсеева Ленінскага с/с), найбольш нізкая адзнака 147 м. (урэз Проні на поўдні раёна). Найбольш прыўзнята паўднёвая ўскраіна раёна, у цэнтральнай частцы пераважае сярэдня і дробнахвалісты рэльеф, найбольш плоская паверхня ў заходняй і паўднёвай частках (выш. 190—185 м).
Карысныя выкапні: торф, пяскі, гліны.
Асноўныя рэкі раёна: Проня (з прытокамі Парасіца, Быстрая, Галыша), Бася (з прытокамі Паўна і Галубіна), Рамясцвянка, Лебядзёўка, Дняпрэц, Мярэя.
Па механічнаму складу глебы раёна размяркоўваюцца наступным чынам:
- Сугліністыя — 85,4 %
- Супясчаныя — 13 %
- Пясчаныя — 1,6 %
Асноўную долю глеб у раёне складаюць дзярнова-падзолістыя сугліністыя глебы, 86 % якіх выкарыстоўваецца пад ворыва. Найбольш натуральнай урадлівасцю адзначаюцца глебы на лёсавідных суглінках. У такіх глебах утрымліваецца да 2 % перагною, яны валодаюць добрай вільгацеёмістасцю, але слаба забяспечаны рухомай формай калія і фосфара, маюць патрэбу ў вапнаванні. Дзярнова-сярэдне і моцна падзоленыя глебы на лёссах прымяркованы да высокіх водападзельных плато, парэзаных па краях ярамі і балкамі з мноствам «сподкаў», утворанымі глыбокім вымываннем вапняку, занятых сухадольнымі і забалочанымі лугамі. Высокае размяшчэнне, наяўнасць рачных далін, яроў, лагчын, западзін і лёгкае размыццё лёсаў садзейнічаюць развіццю воднай плоскаснай і яравой эрозіі. У ворыўным гарызонце гэтых глебаў утрымліваецца 2-2, 5 % гумуса, значная кіслотнасць, рухомасць фосфара 8-10, а ў падзолістым пласце да 30 мг на 100 га глебы, што вышэй сярэдняй забяспечанасці. Дзярнова-падзолістыя супясчаныя глебы размешчаныя ў асноўным у паўднёва-усходняй частцы раёна, з’яўляюцца малагумуснымі, маюць няўстойлівы водны рэжым, маюць патрэбу ў вапнаванні і ўнясенні фосфарных удабрэнняў. На водна-ледавіковых пясках развіліся дзярнова-падзолістыя пясчаныя глебы, якія сустракаюцца асобнымі участкамі ў асноўным на поўдні. Глебы малагумусныя. У паніжэннях з далёкай грунтовай вадою распаўсюджаны дзярнова-падзолістыя залішне ўвільготненыя глебы, маючыя моцную кіслую рэакцыю. Гэтыя глебы патрабуюць абавязковага вапнавання, ўнясення ўдабрэнняў. У рачных далінах — поймах фарміруюцца пойменныя глебы. Яны адзначаюцца высокай урадлівасцю, у большай частцы маюць блізкую да нейтральнай або слабакіслую рэакцыю, утрымліваюць шмат гумуса. Выкарыстоўваюцца ў асноўным пад натуральныя сенакосы і пашы. Тарфяна-балотныя глебы сустракаюцца толькі плямамі ў западзінах і поймах рэк.
Адміністрацыйны падзел
Раён падзелены на 8 сельсаветаў.
Гісторыя
Раён утвораны 17 ліпеня 1924 года. На тэрыторыі раёна 12—13 кастрычніка 1943 года адбылася бітва пад Леніна, у якой воіны Першай Польскай пяхотнай дывізіі імя Тадэвуша Касцюшкі ўступілі ў першы бой з немцамі.
Насельніцтва
На тэрыторыі раёна знаходзіцца 173 населеных пункта. Колькасць гарадскога насельніцтва складае 34,3 тыс. чал., сельскага — 17,6 тыс. чал. Пятая частка насельніцтва — людзі пенсіённага ўзросту.
Колькасць насельніцтва:
1969 — 77,1 тыс. 2004 — 52,6 тыс. 2007 — 51,5 тыс. 2009 — 47,8 тыс. 2019 — 45,8 тыс. Згодна інфармацыі аддзела статыстыкі на 2009 г. у раёне пражывалі 90,9 % беларусаў, 5,7 % рускіх, 0,8 % украінцаў, 0,7 % туркменаў. На тэрыторыі Горацкага раёна пражываюць таксама палякі, яўрэі, цыгане, армяне, азербайджанцы, татары, малдаване, грузіны, немцы, літоўцы, узбекі і інш.
Гаспадарчая дзейнасць
Прамысловасць раёна прадстаўлена вытворцамі прадуктаў харчавання, будаўнічых матэрыялаў, прадпрыемствамі лёгкай прамысловасці. Асноўныя галіны сельскай гаспадаркі: мяса-малочная жывёлагадоўля, ільнаводства. Вырошчваюцца зерневыя, кармавыя культуры, бульба.
Транспарт
Па Горацкім раёне праходзяць чыгунка Орша — Крычаў, аўтадарогі з Горак у Оршу, Магілёў, Мсціслаў.
Культура, адукацыя, друк
На тэрыторыі раёна дзейнічае Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія і педагагічнае вучылішча, 12 сярэдніх, 6 базавых і 10 пачатковых школ, 2 музычныя школы, 16 дашкольных устаноў, 25 клубаў, 27 бібліятэк, 6 бальніц, 21 фельчарска-акушэрскі пункт.
Помнікі архітэктуры: захавалася частка касцёла пачатку XIX стагоддзя і сядзібы канца XIX стагоддзя ў вёсцы Расна. Мемарыяльны комплекс і музей савецка-польскай баявой садружнасці ў вёсцы Леніна.
Мясцовая прэса прадстаўлена праз выданні:
- Грамадская газета «Ленінскі шлях». Наклад — каля 3,4 тыс. асобнікаў (2009), заснавальнік — Горацкі раённы выканаўчы камітэт.
- Штотыднёвік «Узгорак». Асвятляе сацыяльна-эканамічнае і культурнае жыццё.
- Газета БДСГА « Советский студент».
Рэлігія
У раёне прадстаўлены 3 рэлігійных канфесіі, агульная колькасць рэлігійных суполак — 10:
- Руская Праваслаўная Царква — 6 суполак
- Пратэстанцтва — 3 суполкі
- Рымска-Каталіцкая Царква — 1 суполка
Зніклыя і пакінутыя населеныя пункты
- вёскі: Арлоўшчына, Бася, Буда, Верашчакі, Дыбаўскія, Цяплухі, Шведы.
- пасёлкі: Антропенкі, Глінішча, Грабянёўка, Гразіна, Дуброва, Запаложжа, Засценкі, Зялезны, Круты, Казіміраўскі, Мікалаеўскі, Павінскі, Паўдзённы, Рагавы, Ржаўскі, Сябрацкі, Тормаль, Троіцкі, Цёплае, Цвяткоў, Эмігрант,
- хутары: Барэц, Выдрыца, Выжары, Высоцкія, Добры Двор, Дубінец, Закамчынскія, Зарэчча, Іванькава, Кангрэс, Кастрычнік, Мяжэвічы, Навасёлкі, Новыя Душкі, Пасек, Ракіта, Раўкі, Рудня, Сушчак, Таўкачы, Чайкі, Шупілава, Шыманоўка.
Вядомыя асобы
Героі Савецкага Саюза
- Іван Ігнатавіч Якубоўскі (7.01.1912-30.11.1976) нар. у в. Зайцава, двойчы Герой Савецкага Саюза (студзень, верасень 1944 г.), Герой ЧССР (1970 г.), маршал Савецкага Саюза.
- Рыгор Усцінавіч Дольнікаў нар. 8.05.1921 г. у в. Сахараўка, званне Героя Савецкага Саюза прысвоена ў 1978 г., генерал-палкоўнік, заслужаны ваенны лётчык СССР, кандыдат гістарычных навук, з 1994 г.- ганаровы грамадзянін г. Горкі.
- Мікалай Фаміч Шындзікаў (30.10.1925-22.01.1945) нар. у в. Любіж, званне Героя Савецкага Саюза прысвоена 27.02.1945 г. пасмяротна.
- Фёдар Антонавіч Угначоў (1913—1978) нар. у в. Слабада, званне Героя Савецкага Саюза прысвоена 6.04.1945 г.
Героі Сацыялістычнай Працы
- Аляксандра Антонаўна Анюхоўская, нар.31.08.1920 г. у в. Клімацічы, званне Героя Сацыялістычнай Працы прысвоена ў 1966 г.
- Пётр Іванавіч Афіцэраў, нар. 18.08.1928 г. у в. Стрыкілі, званне Героя Сацыялістычнай Працы прысвоена ў 1966 г.
- Аляксандра Кірылаўна Балабава, нар. 16.4.1928 г. у в. Калінаўка, званне Героя Сацыялістычнай Працы прысвоена ў 1966 г.
- Якаў Іванавіч Галухін, нар. 14.08.1930 г. у в. Сахараўка, званне Героя Сацыялістычнай Працы прысвоена ў 1981 г.
- Еўдакія Малахаўна Гаўрыленка, нар. 14.08.1915 г. у в. Кварцяны, званне Героя Сацыялістычнай Працы прысвоена ў 1966 г.
- Ганна Данілаўна Каліва, нар. 25.07.1915 г. у в. Каменка, званне Героя Сацыялістычнай Працы прысвоена ў 1966 г.
- Міхаіл Трафімавіч Клімаў, нар. 3.01.1915 г. в. Міхайлавічы, званне Героя Сацыялістычнай Працы прысвоена ў 1976 г.
- Іван Лазаравіч Крупскі, нар. у 1926 г. у в. Першыно, званне Героя Сацыялістычнай Працы прысвоена ў 1957 г.
- Ніна Іванаўна Ніканава, нар. 25 06.1933 г. у в. Сцяфанава, званне Героя Сацыялістычнай Працы прысвоена ў 1981 г.
- Яфрэм Яўсеевіч Сакалоў, (25.04.1926 г. у в. Равячына – 05.04.2022), званне Героя Сацыялістычнай Працы прысвоена ў 1986 г.
- Аляксей Аляксандравіч Старасцін, нар. ў 1931 г. у в. Нівішчы, званне Героя Сацыялістычнай Працы прысвоена ў 1973 г.
- Іван Ігнацьевіч Шурынаў, нар. 8.03.1926 г. у в. Шапялёўка, званне Героя Сацыялістычнай Працы прысвоена ў 1971 г.
Іншыя
- Барыс Барысавіч Бойка нар. 6.08.1923 г. у в Ходараўка — доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар, член-карэспандэнт АН БССР, заслужаны дзеяч навукі БССР
- Міхаіл Гапеевіч Булахаў нар. 22.07.1919 г. ў в. Маслакі, доктар філалагічных навук, прафесар, заслужаны дзеяч навукі БССР
- Васіль Іванавіч Васільеў нар. 1.06.1923 г. у в. Тушавая, член Саюза мастакоў Беларусі.
- Аляксей Маісеевіч Венядзіктаў, нар.17.10.1915 г у в. Блажкі, доктар сельскагаспадарчых навук, старэйшы навуковы супрацоўнік.
- Віктар Ціханавіч Гарбатоўскі нар. 5.05.1936 г. у в. Тушавая, заслужаны дзеяч культуры БССР.
- Нічыпар Эмануілавіч Глушанкоў нар. 14.03.1902 г. у в. Зубры, генерал-лейтэнант.
- Віктар Аляксандравіч Грамыка нар. 1.01.1923 г. у. в. Сенькава, прафесар, заслужаны дзеяч мастацтва БССР,член Саюза мастакоў БССР.
- Георгій Фёдаравіч Іваноў (1883—1955) нар. у в. Горы, доктар медыцынскіх навук, прафесар.
- Сяргей Несцеравіч Іваноў нар. 20.03.1909 г. у в. Валынцава, доктар сельскагаспадарчых навук, прафесар, член-карэспандэнт АН БССР, лаўрэат дзяржаўнай прэміі БССР.
- Аляксандр Фаміч Коршунаў нар. 4.03.1924 г. у в. Палішына, кандыдат філалагічных навук, лаўрэат дзяржаўнай прэміі БССР.
- Фёдар Ісідаравіч Кузняцоў (29.09.1898-22.03.1961) г. у в. Балбечына — генерал-палкоўнік. Яго імя носіць адна з вуліц Горак.
- Анісім Сцяфанавіч Люхцікаў нар. у 1898 г. у в. Кузавіна, генерал-маёр.
- Давід Міхайлавіч Міхлін нар. у 1887 г. у в. Горы, доктар біялагічных навук, прафесар, заслужаны дзеяч навукі РСФСР.
- Дзям’ян Раманавіч Новікаў (1886—1976) нар. у в. Шапялёўка, заслужаны дзеяч культуры БССР.
- Даніла Іванавіч Пагуляеў нар. 10.12. 1895 г. у в. Горы, доктар геолага-мінералагічных навук, прафесар.
- Даніла Іванавіч Пагуляеў нар. 10.12. 1895 г. у в. Горы, доктар геолага-мінералагічных навук, прафесар.
- Павел Ананьевіч Піліпенка нар.16.12. 1897 г. у в. Анікавічы, генерал-маёр артылерыі.
- Якаў Львовіч Сімкін нар. у 1921 г. у в. Леніна, член Саюза мастакоў СССР.
- Уладзімір Сяргеевіч Чатыркін нар. У 1899 г. у в. Горы, доктар сельскагаспадарчых навук, прафесар, заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі БССР.
- Георгій Міхайлавіч Шчарбатаў (1919—1953) нар. у в. Рэкатка, член Саюза пісьменнікаў Беларусі.
- Фелікс Купрыянавіч Яўмененка (1908—1978) нар. у в. Леніна, член Саюза мастакоў СССР.
- Міхаіл Васілевіч Мірончыкаў, нар. 20.08.1937., нар. у.в. Горы, заслужаны работнік гандлю і грамадскага харчавання БССР.
- Пётр Маісеевіч Гарэлінкаў, нар. 5.02.1922 г. у.в. Сахараўка, заслужаны настаўнік БССР.
- Марыя Паўлаўна Дылянок, нар. 17.01.1910 г. у в. Валынцава, заслужаны настаўнік БССР.
- Кацярына Якаўлеўна Панамарова, нар. 8.01.1928 г. у.в. Галёнкі, заслужаны настаўнік БССР.
- Уладзімір Пятровіч Фомчанка, нар. 1890 г., у в. Рэкатка, заслужаны настаўнік БССР.
- Віктар Уладзіміравіч Фомчaнка, нар. 14.04.1925 г. у. в. Рэкатка, заслужаны настаўнік БССР.
- Мікалай Гаўрылавіч Дзівакоў нар.25.04.1928 г. у в. Арлы, заслужаны будаўнік БССР.
- Анатоль Сямёнавіч Добышаў нар.26.02.1949 г. у в. Шышава, доктар тэхнічных навук, прафесар.
- Даніла Уладзіміравіч Жаркоўскі нар. 2.01.1904 г.у в. Ходараўка, доктар хімічных навук, прафесар.
- Праскоўя Самуілаўна Жукава нар. 13.10.1921 г. у в. Рэкта, доктар сельскагаспадарчых навук, прафесар, заслужаны работнік сельскай гаспадаркі БССР.
- Васіль Пятровіч Каваль (сапр. Кавалёў) (17.08.1907 −2 9.10.1937) нар. у в. Сава — член Саюза пісьменнікаў БССР.
- Аляксандр Аляксеевіч Кажэкін нар. у в. Шаўнева — доктар медыцынскіх навук, прафесар.
- Іван Данілавіч Касачоў нар. 25 ліпеня 1939 у в. Акушкі — доктар медыцынскіх навук, прафесар, заслужаны ўрач Расійскай Федэрацыі.
- Тамара Міхайлаўна Міхеева нар. 13 лістапада 1938 г., у в. Гарадзец, — доктар біялагічных навук.
- Уладзімір Міхайлавіч Кавалёў нар. 19 мая 1940 г. у в. Пнеўшчына — доктар біялагічных навук, прафесар.
- Дзмітрый Фёдаравіч Вайстроў — адзін з кіраўнікоў партызанскага руху на тэрыторыі Магілёўскай вобласці ў гады Вялікай Айчыннай вайны
- Васіль Андрэевіч Мастоўнікаў — беларускі фізік
Гл. таксама
Зноскі
- ↑ http://gorki.gov.by/vlast/4302-rayispolkom.html
- 1 2 3 Вынікі перапісу 2009 года
- ↑ «Дзяржаўны зямельны кадастр Рэспублікі Беларусь» (па стане на 1 студзеня 2011 г.)
- ↑ GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.
Спасылкі
- Горацкі раённы выканаўчы камітэт Архівавана 23 снежня 2011. (на рускай мове)
- Горацкі раён на сайце Магілёўскага аблвыканкама Архівавана 18 лютага 2011. (на рускай мове)
- Рэгіянальны інфармацыйны партал horki.info
- Карты і агульныя звесткі на emaps-online
- Славутасці на партале globustut.by (на рускай мове)
Літаратура
- Лившиц В. М. Горки. Историко-экономический очерк. Минск: «Беларусь», 1984. — 80 с., ил.
- Лившиц В. М. Горки. Историко-экономический очерк. Минск: «Полымя», 1989, 95 с., ил. ISBN 5-345-00084-0
- Лившиц В. М. Белорусская сельскохозяйственная академия. Памятники и памятные места. Соавт.: Добролюбов Н. Н. Минск: «Ураджай»,1990. — 93 с. ISBN 5-7860-0551-8
- Лившиц В. М. Горки. Фотоальбом. Автор текста. Минск: «Беларусь», 1991, с.110, цв. ил. ISBN 5-538-00738-Х
- Ліўшыц У. М. Горацкі гістарычна-этнаграфічны музей. Даведнік. Мінск: «Полымя», 1991. — 95 с., іл. ISBN 5-345-00376-9
- Ліўшыц У. М. Летапіс горада Горкі. Горкі: адзел культуры Горацкага райвыканкама, 1995, 103 с. *ISBN 985-6120-04-7
- Ліўшыц У. М. “Ішло ў бясмерце Горацкае гетта… “ Горкі: адзел культуры Горацкага райвыканкама, 1995. — 24 с. ISBN 985-6120-06-3
- Ліўшыц У. М. Летапіс Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі (1836—1995 гг.). аўт.-склад. Горки: ред.-изд. отдел БСХА, 1995. — 208 с. ISBN 985-6120-11-Х
- Ліўшыц У. М. Раскопкі вакол горацкага «Парнаса. Літаратуразнаўчыя нарысы». Горкі: адзел культуры Горацкага райвыканкама, 2001. — 194 с., ил. 20. ISBN 985-6120-44-6
- Ліўшыц У. М. Горкі: Старонкі гісторыі. Мінск: «Красико — принт», 2007. — 312 с., ил.16 л. ISBN 985-405-384-9
- Лившиц В.М Горецкая еврейская община: страницы истории. Нацрат Илит — Горки: 2009. — 298 с., ил.
- Лившиц, В. М. Евреи в Горках: судьбы и дела.— Горки-Нацрат Илит. Типография БГСХА.2012.-310с.
- Ліўшыц, У. М.У краі бярозавых гаёў. Аўтар тэкста/сааўтар А. В. Бяляцкі.- Магілёў:2012. Магілёўская друкарня імя С.Собаля.-120с. ил. ISBN 978-985-6848-96-7
- Стельмашонок И. М. Освобождение Горецкого района в годы Великой Отечественной войны. Горки:1994. 64 с.
- Стельмашонок И. М. Защищая Родину(из истории горецкого антифашисткого подполья и партизанского движения, участия воинов-земляков в борьбе с немецко-фашисткими захватчиками).Горки: 1995. 44 с.
- Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Горацкага раёна. Мінск:1996.”Вышэйшая школа”.589 с. ISBN 985-06-0180-9
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Горацкага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Былыя сельсаветы Горацкага раёна Катэгорыя·Раёны Магілёўскай вобласці Катэгорыя·Раёны, утвораныя ў 1924 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 2013 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Горацкага раёна
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.