Граўжышкі
Гра́ўжышкі[1] (трансліт.: Hraŭžyški, руск.: Гравжишки) — вёска ў Ашмянскім раёне Гродзенскай вобласці. Адміністрацыйны цэнтр Граўжышкоўскага сельсавета.
Насельніцтва 523 чал. (1997). Знаходзіцца за 13 км на паўднёвы захад ад горада Ашмяны, за 30 км ад чыгуначнай станцыі Ашмяны; на шашы Ашмяны — Ліда.
Гісторыя
У пісьмовых крыніцах Граўжышкі ўпершыню згадваюцца ў XIII ст. Каля 1495 у паселішчы збудавалі касцёл. У 1518 Барбара Бутрымава заснавала тут мястэчка. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) Граўжышкі ўвайшлі ў склад Ашмянскага павета Віленскага ваяводства. У 1588 маёнтак Граўжышкі знаходзіўся ва ўладанні кашталяна віцебскага Мельхіёра Граўжы-Сноўскага, у кан. XVI ст. — кашталяна мсціслаўскага Станіслава Нарушэвіча.
На мяжы XVI—XVII стст. Граўжышкі належалі Камаеўскім, якія ў 1605 правалі маёнтак сакратару вялікага князя Яну Мікалаю Корсаку. Пазней мясцовасць знаходзілася ва ўладанні Бутрымскіх, Быхаўцаў, Кірдзеяў (за імі адбудавалі стары касцёл), Ромераў.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Граўжышкі апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, дзе сталі цэнтрам воласці Ашмянскага павета Віленскай губерні. У другой пал. XIX ст. маёнткам валодалі Корсакі, Полазавы, з пач. XX ст. Конанцавы. У 1880-я ў мястэчку было 22 двары, касцёл, школа; рэгулярна праводзіўся кірмаш (29 чэрвеня).
У Першую сусветную вайну ў 1915 мястэчка занялі нямецкія войскі. Цягам 1919—1920 у Граўжышкі ўваходзілі польскія войскі, бальшавікі. У 1920 мястэчка апынулася ў складзе Сярэдняй Літвы, у 1922 — у складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе сталі цэнтрам гміны Ашмянскага павета Віленскага ваяводства.
У 1939 Граўжышкі ўвайшлі ў БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 сталі цэнтрам сельсавета Ашмянскага раёна. Статус паселішча панізілі да вёскі.
У сакавіку 2008 у Граўжышках разабралі стары драўляны касцёл.
Насельніцтва
- XIX стагоддзе: 1880 — каля 230 чал.
- XX стагоддзе: 1905 — 229 чал.; 1931 — 361 чал., 54 двары; 1970 — 271 чал., 67 двароў; 1993 — 518 чал., 190 двароў[2].
Інфраструктура
У Граўжышках працуюць сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, бальніца, пошта.
Турыстычная інфармацыя
Славутасці
- Званіца
- Касцёл Маці Божай Ружанцовай (1992)
Страчаная спадчына
- Касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла (XVIII ст.)
Вядомыя асобы
- Зінаіда Канстанцінаўна Скачкоўская (1912–1994)
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).
- ↑ Валерый Шаблюк. Граўжышкі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — 527 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2. С. 117.
Літаратура
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — 527 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.
- Graużyszki // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom II: Derenek — Gżack. — Warszawa, 1881. S. 799.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Граўжышкі
Катэгорыя·Населеныя пункты Ашмянскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.