wd wp Пошук:

Дворышча (Лідскі раён)

У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Дворышча. Дво́рышча[1] (трансліт.: Dvoryšča, руск.: Дворище) — аграгарадок у Лідскім раёне Гродзенскай вобласці Беларусі. Уваходзіць у склад Дварышчанскага сельсавета.

Геаграфія

Знаходзіцца за 15 км у напрамку на паўночны ўсход ад горада Ліда, за 125 км ад Гродна, каля ракі Жыжма, на аўтамабільнай дарозе Ліда—Ашмяны[2].

Гісторыя

У 1433 г. Вялікі князь Жыгімонт Кейстутавіч надаў за заслугі Яну Гаштольду Новы Двор, на месцы якога пазней узніклі Тракелі. Дворышча, Тракелі і найбліжэйшыя селішчы ўяўлялі адзіны гаспадарчы комплекс; таму можна меркаваць, што Стары Двор, або проста Двор быў якраз на месцы сучаснага Дворышча, і ўзнікненне тут паселішча трэба адносіць да канца XIV — пачатку XV стагоддзяў.

Спалучэнне ўзвышшаў і нізін поймы рэчкі Жыжма павышалі абароназдольнасць Двара, рабілі яго цяжкадаступным з двух бакоў. З іншых двух бакоў была неабходнасць у штучных умацаваннях (капаўся роў), па ўсім перыметры ставіўся тын. Калі меркаваць, што нягледзячы на ўмацаванні Двор быў спалены дашчэнту і доўга не аднаўляўся, можна патлумачыць змену назвы на Дворышча.

У сярэдзіне XV ст. землі ў раёне Дворышча належалі Вялікім князям літоўскім. Яны былі заселены баярамі, якія тут упраўляліся, плацілі даніны і выконвалі павіннасці. У пачатку 1520-х гадоў Дворышча належала пану Юрыю Ільінічу — маршалку каралеўскаму, старасце лідскаму. У 1528 перайшло да яго сына Шчаснага Ільініча, жанатага з Сафіяй Радзівіл. Адзіны сын іх Юрый пасля смерці бацькі быў узяты на выхаванне дзядзькам Мікалаем Радзівілам Чорным, выхоўваўся ў Нясвіжы, а пазней служыў у аўстрыйскім войску. У 1555 г. рымскі імператар Фердынанд І надаў Юрыю Ільінічу тытул графа на Міры. Паводле перапісу войска ВКЛ у 1567 г. Юрый Ільініч ад маёнтка Дворышча ставіў на службу 12 коней і 6 драбаў. Адзін узброены воін выстаўляўся ад 20 дымоў, значыць жыхароў вакол Дворышча мела налічвацца не менш 2 тысяч чалавек. Юрый Ільініч прыняў да сябе за сына князя Мікалая Крыштафа Радзівіла, свайго стрыечнага брата, вядомага як «Сіротка», і 4 мая 1569 года падарыў яму ва ўласнасць замак Мір і маёнткі Жуховічы, Дворышча, Зэльву, Чарноўчыцы і Белую, памёр у росквіце веку, як апошні прадстаўнік роду Ільінічаў.

Мікалай Крыштаф Радзівіл «Сіротка» пад уплывам езуіта Пятра Скаргі стаў актыўным католікам. Выпраўляючыся ў пілігрымку ў Святую Зямлю, князь маёнтак Дворышча ў 1574 г. аддаў у заклад, а 22 жніўня 1577 г. прадаў за паўцаны біскупу Валяр’яну Пратасевічу. Праз год, 25 жніўня 1578 г., апошні падарыў Дворышча «навечна» Віленскаму езуіцкаму калегіуму. 1 красавіка 1579 г. кароль Стэфан Баторы зацвердзіў гэты падарунак.

Дворышча і найбліжэйшыя пасяленні знаходзіліся ў валоданні езуітаў амаль дзвесце гадоў, як маёнткі, прызначаныя для ўтрымання Віленскай акадэміі. Сяляне падпарадкоўваліся рэктарам, якія стала трымалі ў Дворышчы сваіх адміністратараў ці, так званых, пракуратараў. У 1591 г. рэктар Віленскай акадэміі Гарцыя Алабіяна заснаваў у Дворышчы капліцу Святой Маці Божай Ружанцовай, a 1 мая 1591 г. перадаў тракельской плябаніі в. Мейдуны і штогадовую суму з маёнтка Дворышча.

Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай (1654—1667) зруйнавала маёнткі. У часы нашэсця на Карла ХІІ (1706) Дворышча, спустошанае працяглымі рабункамі, мела пайсці з дымам, каб не было выкуплена за грошы, якія адзін з манахаў спешна прывёз.

Пасля касацыі ордэна езуітаў у 1775 годзе Дворышча перайшло ў скарбовае кіраванне, а затым прададзена троцкаму суддзю Міхалу Ромеру з абавязкам выплат на карысць Адукацыйнай камісіі. Неўзабаве значная частка маёнткаў расцерушылася паміж меншымі ўладальнікамі і арандатарамі другой і трэцяй рукі.

Падчас паўстання 1794 года, 6 ліпеня Дворышча занята рускімі войскамі генерала Кнорынга. Ён выправіў з адсюль дазор у бок Ліды, недалёка ад сядзібы дазор сустрэлі лідскія сотні пад камандаваннем Караля Сцыпіёна дэль Кампа і Язэпа Вілбека і адагналі назад. Але пазней лідскія сотні адступілі ў Ліду.

Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) вёска ў Расійскай імперыі. Паводле люстрацыі 1796 года Дворышча з фальваркамі Уладзіславова, Тракелі і Гураў знайходзіліся ў спадчыннай уласнасці Ігната Шукевіча, слонімскага земскага пісара, у якога Дворышча, Тракелі і Уладзіславава арандавала пані Пузыніна (Пузыня), а Гураў арандаваў Станіслаў Воўк. Воласць ахоплівала 22 вёскі і мела 224 дымы і 1265 душ прыгонных.

У 1915 годзе акупавана Германіяй, з 1921 года ў складзе Польшчы, з 1939 года — у БССР. З канца чэрвеня 1941 года да пачатку ліпеня 1944 года пад нямецка-фашысцкай акупацыяй.

Насельніцтва

  • 1997 год — 546 жыхароў, 170 двароў[2].

Славутасці

Рэшткі сядзібы

Рэшткі сядзібы з вадзяным млынам.

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).
  2. 1 2 Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1998. — Т. 6: Дадаізм — Застава.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Лідскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be