Дзітрыкі (Тарноўскі сельсавет)
У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Дзітрыкі.
Дзі́трыкі — вёска ў Тарноўскім сельсавеце Лідскага раёна Гродзенскай вобласці.
Геаграфія
Вёска знаходзіцца за 20 км на поўдзень ад горада Ліда, ля ракі Дзітва, на шашы Гродна — Навагрудак.
Рэльеф раўнінны. На поўнач і захад мясцовасць забалочана, на ўсходзе праходзяць меліярацыйныя каналы, на паўднёвым захадзе знаходзіцца сажалка. З захаду цячэ Чарняўка (прыток Дзітвы), на поўначы рака Дзітва.
Гісторыя
Назва вёскі звязана з ракой Дзітва і мае, праўдападобна, старажытныя, балцкія карані.
Людзі жылі ў гэтай мясцовасці з глыбокай старажытнасці. На хутары Ерэмеевічы знойдзена каменная свідраваная сякера эпохі бронзы, а таксама крамянёвыя прылады працы. На супрацьлеглым беразе Дзітвы — у вёсцы Ольжава — знаходзіцца гарадзішча другой паловы І тыс. н.э. (мясцовая назва «Шведская гара»), рэшткі селішча. У вёсцы Любары — курганападобныя насыпы.
Вядомы з XVI стагоддзя. У 1567 годзе маёнтак шляхецкая ўласнасць у Лідскім павеце Віленскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага.
Паводле вопісу парафій Лідскага дэканата 1784 года Дзітрыкі належаць да Няцецкай парафіі, уласнасць Тубелевіча. У вопісе згадваецца малы стаў (сажалка) пані Барымоўскай пры фальварку Дзітрыкі і малы стаў Тубелевіча каля таго ж месца[1].
З 1795 года ў складзе Расійскай імперыі. У першай палове XIX стагоддзя маёнтак Дзітрыкі належаў Эдварду Макрэцкаму. У 1834 годзе колькасць душ мужчынскага насельніцтва ў маёнтку складала 61 (не лічачы ўласніка). Да 1866 года вёска належала да Голдаўскай воласці, у пачатку XX стагоддзя Дзітрыкі ў Тарноўскай воласці Лідскага павета. У вёсцы было 243 жыхары, 231 дзесяціна зямлі. Побач знаходзіўся маёнтак (двор) Макрэцкіх, 28 жыхароў, 300 дзесяцін зямлі. Каля маёнтка размяшчалася маляўнічая сажалка, сад.
З 1921 года Дзітрыкі ў складзе Польшчы. Вёска Тарноўскай гміны Лідскага павета Навагрудскага ваяводства, паводле перапісу насельніцтва 1921 налічвала 36 жылых пабудоў, 211 жыхароў.
З 1939 года ў БССР. Пасля прыходу бальшавіцкай улады маёнтак разрабаваны, на месцы панскага дома заложаны будынак школы.
Насельніцтва
Дынаміка насельніцтва:
- 1996 год — 200 жыхароў, 83 падвор’і
- 2004 год — 191 чал., 77 двароў
- 2012 год — 132 жыхары, 64 гаспадаркі
- 2015 год — 111 жыхароў, 56 гаспадарак
Гаспадарка
У вёсцы знаходзяцца аб’екты сельскагаспадарчага прадпрыемства «Мажэйкава», размяшчаецца Фалькавіцкае лясніцтва.
Вядомыя асобы
- Караль Карыцкі (1702), доктар філасофіі, педагог, пісьменнік
- Міхал Карыцкі (1714), доктар філасофіі, паэт, педагог
- Адам Макрэцкі (1856), генерал, ваенны дзеяч
- Стэфан Макрэцкі (1862), генерал, ваенны і палітычны дзеяч Сярэдняй Літвы
- Зыгмунт Макрэцкі (1865), вучоны-біёлаг
Зноскі
Літаратура
- Гарады і вёскі Беларусі: энцыклапедыя. Т. 9. Гродзенская вобласць. Кн. 2 / рэдкал.: У. Андрыевіч (гал. рэд.) і інш.; Нацыянальная акадэмія навук Беларусі; Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры; Выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі». — Мінск: БелЭн, 2016. — 848 с.: іл. ISBN 978-985-11-0908-7
- Памяць: Ліда. Лідскі р-н: Гіст.-дак. хронікі гарадоў і р-наў Беларусі / Рэдкал. В. Баранаў і інш. — Мн.: Беларусь, 2004. — 566 с., іл. ISBN 985-01-0522-4
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Лідскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.