Зялёны Гай (Хойніцкі раён)
У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Зялёны Гай.
Зялёны Гай — былы пасёлак у Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіў у склад Навасёлкаўскага сельсавета.
Гісторыя
Ці не ўпершыню фальварак Дэлістаў згаданы ў рэвізіі 1811 года, у спісе неаселай шляхты, якая знаходзілася на службе ў Хойніцкага маёнтку абывацеля Караля Прозара, былога абознага літоўскага і кавалера. Тутэйшым эканомам названы 38-гадовы Людвік Альцінгер[1]. Надалей з інвентара маёнтку Юзафоў 1844 года, які належаў Юзафу, сыну Караля, Прозару, вядома, што да фальварку Дэлістаў была прыпісаная вёска Навасёлкі з 68 сялянскімі дварамі[2].
У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засведчана, што 5 жыхароў мужчынскага і 7 жаночага полу з фальварку Дэлістаў былі парафіянамі Астраглядаўскага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі[3].
На 1886 год у сядзібе Дэлістаў, што за 12 вёрст ад валаснога цэнтра Хойнікі, працавалі вінакурня і вятрак[4]. У лістападзе 1887 года апошні з нашчадкаў абознага К. Прозара ў рэгіёне Канстанцін прадаў абцяжараны даўгамі маёнтак Хойнікі-Дэлістаў расійскім купцам з Арлоўскай губерні, карачаўскаму Міхаілу Пятровічу Аўраамаву і трубчэўскаму Гаўрылу Сямёнавічу Курындзіну за 580 000 рублёў серабром. З атрыманай сумы аддаў даўгі Маскоўскаму зямельнаму банку па маёнтку Хойнікі 221 027 рублёў 6 капеек, па маёнтку Дэлістаў — 54 121 рубель 69 капеек[5].
На 1909 год у Хойніцкай воласці Рэчыцкага павета Мінскай губерні названы аднадворны хутар Дэлістаў з 28 жыхарамі[6].
З кастрычніка 1914 года апальшчыкам і пасыльным у канторы маёнтку Дэлістаў працаваў 13-гадовы Мікалай Селіваноўскі[upper-alpha 1]. У лістападзе 1917 — канцы 1919 года[upper-alpha 2] ён быў канторшчыкам саўгаса Дэлістаў[7].
9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісання Брэсцкага міру з бальшавіцкай Расіяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Дэлістаў, аднак, у складзе Хойніцкай воласці апынуўся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губерні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 мая тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гетмана Паўла Скарападскага[8].
1 студзеня 1919 года, згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР.
Пасля другога ўзбуйнення БССР з 8 снежня 1926 года Дэлістаў — у складзе Навасёлкаўскага сельсавета Хойніцкага раёна Рэчыцкай акругі БССР. З 9 чэрвеня 1927 года — у Гомельскай акрузе. Недзе ў пачатку 1930-х гадоў пасёлак быў перайменаваны ў Зялёны Гай. З 20 лютага 1938 года — у складзе Палескай вобласці з цэнтрам у Мазыры.
Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў пасёлку Зялёны Гай налічвалася 25 двароў, а ў іх — 121 жыхар. У чэрвені 1943 года баявая група В. Шымана ў ходзе буйной аперацыі супраць партызан цалкам спаліла паселішча[upper-alpha 3] і загубіла жыцці 102 чалавек[9]. Пасля трагедыі Зялёны Гай так ніколі і не адрадзіўся[10].
Заўвагі
- ↑ Будучы намеснік міністра Дзяржбяспекі СССР (1946—1951), генерал-лейтэнант (1943).
- ↑ З перапынкам, калі працаваў на лесанарыхтоўках у Хойніках (1918— частка 1919).
- ↑ Назвы не перакладаюцца і ў данясенні пададзена вычварнае — Selenyi Gei (замест Selenyj Gaj, як на карце); а па-нямецку гэта быў бы Grünwald.
Зноскі
- ↑ НГАБ у Мінску. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 263. А. 248
- ↑ НГАБ. Ф. 142. Воп. 1. Спр. 1481. А. 25 і наст.
- ↑ Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 381
- ↑ Волости и важнейшие селения Европейской России. — С.-Петербург, 1886. Вып. 5. С. 113
- ↑ Виноградов Д. Л. Живые прошлого страницы. / Дмитрий Леонидович Виноградов. — Минск: А. Н. Вараксин, 2018. С. 99 — 102
- ↑ Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 50
- ↑ Эмануил Иоффе. Личное дело чекиста Селивановского.
- ↑ Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Валентина Метлицька. Тимчасова німецька окупація та її вплив на долю східного Білоруського Полісся (березень 1918 — січень 1919 рр.). // Україна та Німеччина: міждержавні відносини: збірник наукових праць / ред. кол. Владислав Верстюк (гол.), Степан Віднянський, Руслан Пиріг, Ірина Матяш, Дмитро Вєдєнєєв, Володимир Бойко, Дмитро Казіміров. — Чернігів: Сіверський центр післядипломної освіти, 2018. С. 286—296 (артыкул беларускамоўны); Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 85
- ↑ Без срока давности. Беларусь: преступления нацистов и их пособников против мирного населения на оккупированной территории БССР в годы Великой Отечественной войны. Гомельская область. Сборник архивных документов и материалов / сост.: А. Р. Дюков, В. Д. Селеменев (рук.) [и др.]; редкол.: А. К. Демянюк [и др.]. — Минск: НАРБ; М.: Фонд «Историческая память», 2021. С. 499
- ↑ Эсауленка А. Спаленыя вёскі: Зялёны Гай, Перавессе, Чырвонамайск — так ніколі і не адрадзіліся.
Спасылкі
- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі без сельсавета Катэгорыя·Населеныя пункты Хойніцкага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Былыя населеныя пункты Хойніцкага раёна
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.