Кайкава
Ка́йкава[1] (трансліт.: Kajkava, руск.: Кайково) — вёска ў Мінскім раёне Мінскай вобласці Уваходзіць у склад Міханавіцкага сельсавета. Месціцца за 12,5 км на поўдзень ад Мінска, за 2,5 км ад чыгуначнай станцыі Міханавічы, на дарозе H9034.
Гісторыя
У 1588 годзе сяло ў Менскім павеце Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. У 1791 годзе 27 дымоў, панскі двор, уласнасць Радзівілаў.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай 1793 года тэрыторыя апынулася ў складзе Расійскай імперыі. У 1800 годзе вёска і панскі двор у Мінскім павеце Мінскай губерні, уласнасць князя Дамініка Гераніма Радзівіла. У 1858 годзе ўласнасць князя А. Радзівіла. У 1897 годзе ў вёсцы працавала кузня, карчма, была царква на могілках і маёнтак.
У 1909 годзе адкрытае народнае вучылішча, у 1915 годзе ў ім вучыліся 52 хлопчыкі і 24 дзяўчынкі.
З канца лютага 1918 года тэрыторыя акупаваная войскамі Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У снежні 1918 года занята Чырвонай Арміяй, з 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Савецкай Беларусі, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. У час польска-савецкай вайны ў жніўні 1919 — ліпені 1920 гадоў і ў сярэдзіне кастрычніка 1920 года пад акупацыяй Польшчы. За часамі польскай акупацыі дзейнічала бальшавіцкае падполле.
З 31 ліпеня 1920 года ў Беларускай ССР. З 20 жніўня 1924 года вёска, цэнтр Кайкаўскага сельсавета Самахвалавіцкага раёна Менскай акругі (да 26 ліпеня 1930 года). З 18 студзеня 1931 года ў Смілавіцкім раёне. З 18 студзеня 1931 года ў падпарадкаванні гарадскога савета Менска. З 26 траўня 1935 года ў Менскім раёне, 20 лютага 1938 года ў Менскай вобласці.
У Другую сусветную вайну з канца чэрвеня 1941 года да пачатку ліпеня 1944 года вёска пад акупацыяй Германіі. Былі спаленыя 32 двары, забітыя 22 жыхары, 18 вывезеныя на прымусовую працу ў Германію. З верасня 1942 года тут дзейнічала радыёстанцыя савецкай партызанскай брыгады імя Калініна.
Насельніцтва
- 1800 год — 23 двары, 174 жыхары
- 1897 год — 62 двары, 375 жыхароў; маёнтак — 2 двары, 52 жыхары
- 1917 год — 108 двароў, 609 жыхароў
- 1926 год — 84 двары, 406 жыхароў
- 1941 год — 86 двароў, 365 жыхароў
- 1999 год — 244 жыхары
- 2009 год — 199 жыхароў
Вядомыя асобы
- Іосіф Матрунчык (1903—1945) — падпалкоўнік авіяцыі, Герой Савецкага Саюза[2].
- Ермалай Баранаў (1892—1942) — адзін з арганізатараў камуністычнага падполля ў Беларусі ў гады грамадзянскай вайны і ў гады Другой сусветнай вайны.
Славутасці
- Абеліск у гонар савецкай партызанскай брыгады імя Калініна
- Курганны могільнік. За 1,3 км на захад ад вёскі, на ўрочышчы Курганне. 8 насыпаў вышынёй 1,5—2 м, дыяметрам 8—9 м. Адкрыў і абследаваў у 1979 годзе Валянцін Собаль. Раскопкі не праводзілі[3].
Цікавыя факты
У песні «Месяц» гурта «Ляпіс Трубяцкі» ёсць словы: «Вадзіў індзейскую хеўру // У цёмны Кайкаўскі лес».
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 10: Малайзія — Мугаджары / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 10. — С. 205.
- ↑ Собаль В. Помнікі археалогіі. Міханавіцкі Сельсавет // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінскага раёна. — Мн.: Беларуская навука, 1998. С. 33
Літаратура
- Кайкава // Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 8, кн. 3. Мінская вобласць / Рэдкалегія: Т. У. Бялова (дырэктар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2012. — 624 с.: іл. ISBN 978-985-11-0636-9. С. 401
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Кайкава
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Мінскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.