wd wp Пошук:

Капаткевічы

Капаткевічы[2] (трансліт.: Kapatkievičy, руск.: Копаткевичи) — гарадскі пасёлак у Петрыкаўскім раёне Гомельскай вобласці Беларусі, на р. Пціч. Цэнтр Капаткевіцкага сельсавета. У 35 км ад Петрыкава, 18 км ад чыгуначнай станцыі Пціч на лініі КалінкавічыЛунінец. Аўтадарогай злучаны з г.п. Акцябрскі і Петрыкавым, а таксама з магістраллю Гомель — Брэст. Насельніцтва 2 880 чал. (2017)[3].

Гісторыя

У складзе ВКЛ

Выяўленыя археолагамі магільнік (17 насыпаў у 1 км на поўдзень ад пасёлка) і магільнік (15 насыпаў, у 2 км на захад ад пасёлка) сведчаць пра засяленне гэтых месцаў з даўніх часоў. Вядома з сяр. 16 ст. як сяло Капатковiчы ў Мазырскiм павеце Менскага ваяводства ВКЛ. На карце 1560 года вясковыя зямлі аднесены да вялікакняжацкіх. У 1568 па матэрыялах метрыкі караля Жыгімонта II Аўгуста 16 службаў аддадзена ў валоданне Д. С. Руцкому. Пазней вёска належыла Яленскім. Пад 1693 год згадваецца грэка-каталіцкая Пакроўская царква.

У складзе Расійскай імперыі

Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 годзе — ў Расійскай імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Мазырскага павета. У 1795 годзе — мястэчка. Побач з таой жа назвай знаходзілася вёска. У 1796 годзе пабудаваны касцёл, у канцы XIX стагоддзя — малельня і сінагога. У 1816 — цэнтр маёнтка, у валоданні памешчыка П. І. Яленскага, сын якога, А. П. Яленскі прымаў удзел у кіраўніцтве паўстаннем 1863—1864 гадоў, за што царская ўлада канфіскавала ўсе яго маёнткі, у тым лiку i Капаткевічы, якiя былi перададзены ва ўладанне расiйскаму генералу Цылаву. Паводле перапiсу генерал валодаў тут у 1860-х гадах 62 дзесяцінамі зямлі, вадзяным млынам, 3 карчмамi і паромнай пераправай праз раку Пціч. У 1864 годзе было адкрыта народнае вучылішча. Капаткевiчы былi пазначаны на карце 1866 года, якая выкарыстоўвалася Заходняй меліярацыйнай экспедыцыяй, якая працавала ў гэтых месцах у 1890-я гады. Мястэчка было цэнтрам Капаткевічская воласці, у якую ў 1885 годзе ўваходзілі 18 паселішчаў з 705 дварамі.

Апісваючы паселішчы Беларускага Палесся, даследчык А. Г. Кіркор ў выданні «Жывапісная Расія» адзначыў «даволі значны» штогадовы кірмаш, які праводзiўся 1 верасня. Паводле перапісу 1897 года ў мястэчку iснавалi царква, касцёл, 2 габрэйскіх сiнагогi, народнае вучылішча, паштова-тэлеграфная кантора, аптэка, 13 крам, ветраны млын, карчма. Побач знаходзіліся 2 вёскі: Малыя Капаткевічы і Старыя Капаткевічы.

Савецкi час

Знішчаны бальшавікамі касцёл у Капаткевічах

У 1918 годзе ў мястэчку была адкрыта прагімназія, ператвораная ў 1922 годзе ў 7-гадовую школу, і для яе вылучылі нацыяналізаваны будынак. Летам 1918 года ў час нямецкай акупацыі (працягвалася да 2 снежні 1918), быў створаны партызанскі атрад, які вёў актыўныя баявыя дзеянні. У выніку пагрому 10 Чэрвеня 1921 года загінулі 118 жыхароў.

З 17 лiпеня 1924 года да 8 лiпеня 1931 года i з 12 лютага 1935 года да 25 снежня 1962 года — цэнтр Капаткевіцкага раёна. З 20 верасня 1924 года — цэнтр Капаткевіцкага сельсавета, з 8 ліпеня 1931 — Петрыкаўскага. З 12 лютага 1935 года па 20 люты 1938 года — цэнтр Капаткевіцкага раёна Мазырскай акругі, з 20 лютага 1938 года Палескай, з 8 студзеня 1954 года Гомельскай вобласцей. З 1938 гарадскі пасёлак. З 1962 у Петрыкаўскім раёне.

Дзейнічалі ашчадных і 2 рамесных таварыствы (у 1926 — 59 чалавек). З пачатку 1930-х гадоў працавалі саўгас імя М. І. Калініна, калгасы «Чырвоны Кастрычнік», і «Чырвонае сяло», шорная, шавецкая і кравецкая майстэрні, 3 кузні, паравы млын, пякарня[4].

У час Вялікай Айчыннай вайны з 1 жніўня 1941 да 30 чэрвеня 1944 мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. З байцоў Капаткевічская знішчальнага батальёна 17 Жніўня 1941 года быў створаны партызанскі атрад. 17 студзеня 1942 года партызанскія атрады Ф. І. Паўлоўскага, А. Л. Далідовіча, Д. Т. Туляева раптоўным нападам разграмілі Капаткевіцкi фашысцкi гарнізон. У 4 гадзіны бою былі забітыя 6 гітлераўцаў, захоплена вялікая колькасць зброі і боепрыпасаў. З красавіка 1942 года да студзеня 1943 года дзейнічала падпольная патрыятычная група. Акупанты спалілі пасёлак і забілі 112 жыхароў. На франтах і ў партызанскай барацьбе загінулі 287 жыхароў, памяць пра іх увекавечвае стэла, усталяваная ў 1968 годзе па вул. Інтэрнацыянальнай. Вызвалены 30 чэрвеня 1944 года войскамі Першага Беларускага фронту.

Насельніцтва

Эканомiка

У 1974 годзе да гарадскога пасёлка далучаны вёскі Вялікае Сяло і Усходняя[10]. Цэнтр саўгаса «Капаткевічы». У пасёлку размешчана 33 прадпрыемствы і арганізацыі, у тым лiку прадпрыемствы харчовай прамысловасці i дрэваапрацоўкi.

За 2 км ад Капаткевічаў, на тэрыторыі дзіцячага рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра «Пціч» размешчана свідравіна № 2 з мінеральнай вадой «Капаткевіцкая».

Размешчаны маслазавод, цэх раённага камбіната будаўнічых матэрыялаў, камбінат бытавога абслугоўвання, рыбгас «Трэмля», спецыялізаванае аддзяленне «Сельгастэхніка», лясгас, бальніца, аддзяленне сувязі, дом-інтэрнат для састарэлых. У склад Капаткевіцкага пасялковага савету да 1981 года ўваходзіў пасёлак Акцябрскі (вядомы да 1935 гады пад назвай Дзікае, не існуе). У 2005 годзе ў г. п. Капаткевічы створаны аграгарадок.

Культура

Дзейнічаюць сярэдняя і музычная школы, школа-інтэрнат, дзіцячыя сад і яслі, Дом школьнікаў, клуб, кінатэатр, 2 бібліятэкі.

У Капаткевіцкай сярэдняй школе ў 1988 годзе адкрыты гісторыка-краязнаўчы музей. У 1987 самадзейнаму тэатру Капаткевіцкага Дома культуры прысвоена званне народнага.

Адукацыя

У Капаткевічах працуюць сярэдняя і музычная школа, 2 дашкольныя ўстановы.

Славутасці

Выдатныя мясьціны

Страчаная спадчына

  • Касцёл Св. Аўгустына (XVIII ст.)
  • Царква (XVII ст.)
  • Сінагога (XIX ст.)

Вядомыя ўраджэнцы

Гл. таксама

Зноскі

  1. Численность населения на 1 января 2022 г. и среднегодовая численность населения за 2021 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типаНациональный статистический комитет Республики Беларусь, 2022.
  2. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
  3. 1 2 Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
  4. Капаткевічы.
  5. Іван Самахвалаў. Капаткевічы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. — 432 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2. С. 96.
  6. Гарады і вёскі Беларусі.
  7. Копаткевичи. Турыстычная энцыклапедыя Беларусі
  8. Перепись населения — 2009. Гомельская область (руск.)  Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  9. Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
  10. Рашэнне выканаўчага камітэта Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 11 лютага 1974 г. // Зборнік законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1974, № 10 (1420).

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Петрыкаўскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Пасёлкі гарадскога тыпу Гомельскай вобласці
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be