Капцэвічы (пасёлак)
У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Капцэвічы.
Капцэ́вічы[2] (трансліт.: Kapcevičy, руск.: Копцевичи) — пасёлак у Петрыкаўскім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіць у склад Капцэвіцкага сельсавета.
Размяшчэнне
За 21 км на паўночны захад ад Петрыкава, 191 км ад Гомеля.
Транспартная сетка
Транспартныя сувязі па прасёлкавай, затым аўтамабільнай дарозе Лунінец — Калінкавічы. Планіроўка пасёлка квартальная. Чыгунка падзяляе пасёлак на дзве часткі: паўночную і паўднёвую. Жылыя дамы ў асноўным драўляныя, сядзібнага тыпу. Цагляныя будынкі складаюць невялікую частку забудовы.
Гісторыя
Выяўленыя археолагамі курганны могільнік (33 насыпы, за 3,5 км на захад ад вёскі, ва ўрочышчы Дзявочыя магілы) і курганны могільнік (2 насыпы, 2 км на паўночны захад) сведчаць пра засяленне гэтых месцаў з даўніх часоў.
Па пісьмовых крыніцах пасяленне вядома з XVI ст. як вёска Далёкія Кацэвічы ў Мазырскім павеце Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. На карце 1560 года вясковыя зямлі аднесены да шляхецкіх, у валоданні шляхціцаў Абуховічаў. Пазначаная пад 1567 год у попісе войска Вялікага Княства Літоўскага.
У сярэдзіне XVIII ст. буйны маёнтак Снядзін з прыналежнымі вёскамі (Дарашэвічы, Лобча, Паўлінаў, Судзібар, Засоп’е, Капцэвічы і інш.) належаў каталіцкаму ордэну езуітаў. Пасля скасавання ордэна езуітаў у Рэчы Паспалітай маёнтак перайшоў ва ўласнасць магнатаў Масальскіх.
У 1807 г. новагародскі падкаморы Антон Нестар Кеневіч (1775—1822) і Казімір Рудзяеўскі купілі маёнтак Снядзін (Снядзін, Лобча і Дарашэвічы) у графіні Гелены Патоцкай (з роду Масальскіх). У 1808 г. маёнтак Снядзін быў падзелелы паміж набыўцамі. З часу фальварак Дарашэвічы (Дарашэвічы, Капцэвічы, Галубіца) належаў Кеневічам фактычна да 1920 г., калі Кеневічы ў выніку нацыяналізацыі бальшавікамі страцілі ўсе свае маёнткі, прадпрыемствы і палацы, якія апынуліся на савецкім баку ў БССР пасля Рыжскага мірнага дагавора (1921). Самі Кеневічы пераехалі на сталае жыхарства ў Польшчу.
У 1888 годзе ў вёсцы адкрыта царкоўна-прыходская школа. Пасля здачы ў эксплуатацыю 15 лютага 1886 года чыгуначнай лініі Лунінец — Гомель пачала працу чыгуначная станцыя. Паводле перапісу 1897 года ў вёсцы дзейнічалі царква, хлебазапасны магазін, у Ляскавіцкай воласці Мазырскага павета Мінскай губерні. Побач знаходзіўся аднайменны фальварак, дзе працавалі вінакурня, паравы і вадзяны млыны. З 1902 ці 1904 года працаваў фанерна-лесапільны завод братоў Гераніма Геранімавіча Кеневіча (1867—1925) і Антона Геранімавіча Кеневіча (1877—1960), які ў 1907 годзе налічваў 76 рабочых, з гадавым прыбыткам 273 тыс. рублёў. У 1908 годзе дзейнічала паштовае аддзяленне. У 1909 годзе адкрыта школа, якая размяшчалася ў наёмнай сялянскай хаце, а ў 1920 годзе ёй быў выдзелены нацыяналізаваны будынак. У ліпені 1915 года страйкавалі рабочыя фанерна-лесапільнага завода, якія патрабавалі павышэння зарплаты і паляпшэння ўмоў працы.
У 1920 годзе ў баях супраць польскай арміі загінулі 5 чырвонаармейцаў (пахаваныя ў брацкай магіле на ўсход ад станцыі). У 1920 годзе Кеневічы ў выніку нацыяналізацыі бальшавікамі страцілі ўсе свае маёнткі, прадпрыемствы і палацы, якія апынуліся на савецкім баку ў БССР пасля Рыжскага мірнага дагавора (1921). Самі Кеневічы пераехалі на сталае жыхарства ў Польшчу.
З 20 жніўня 1924 года цэнтр Капцэвіцкага сельсавета Петрыкаўскага раёна Мазырскай (да 26 ліпеня 1930 года і з 21 чэрвеня 1935 года па 20 лютага 1938 года) акругі, з 20 лютага 1938 года Палескай, з 8 студзеня 1954 года Гомельскай абласцей. У 1930 годзе арганізаваны калгас «Пралетарый», працавалі фанерна-лесапільны завод, 2 кузні, сталярная майстэрня. З 15 ліпеня 1935 года па 24 жніўня 1951 года рабочы пасёлак.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны партызаны разграмілі нямецкі гарнізон, які размяшчаўся ў вёсцы. У верасні 1942 года і ў 1943 годзе фашысцкія карнікі забілі 63 жыхароў. У баях каля вёскі загінулі 32 савецкіх салдата (пахаваны ў брацкай магіле каля Дома культуры). 63 жыхары загінулі на фронце.
Паводле перапісу 1959 года размяшчаліся агароднінасушыльны завод, цэх Петрыкаўскага лясгаса па перапрацоўцы драўніны, лясніцтва, швейная атэлье, прафесійна-тэхнічнае вучылішча, сярэдняя школа, дом культуры, 2 бібліятэкі, дзіцячы сад, амбулаторыя, аптэка, аддзяленне сувязі, 2 сталовыя, 6 магазінаў, псіханеўралагічны інтэрнат.
- Фанерна-лесапільны завод Гераніма Геранімавіча Кеневіча (1867—1925) і Антонія Геранімавіча Кеневіча (1877—1960) у маёнтку Капцэвічы, заснаваны ў 1904 г. Фота пачатку XX ст.
Насельніцтва
- 1795 год — 28 двароў, 194 жыхары.
- 1834 год — 37 двароў, 216 жыхароў.
- 1866 год — 279 жыхароў.
- 1885 год — 49 двароў, 310 жыхароў.
- 1897 год — 72 двары, 462 жыхары; у фальварку 2 двары, 18 жыхароў; на чыгуначнай станцыі 5 двароў, 36 жыхароў (паводле перапісу).
- 1908 год — 97 двароў, 611 жыхароў.
- 1917 год — у вёсцы — 550 жыхароў, на чыгуначнай станцыі — 203 жыхары.
- 1959 год — 2095 жыхароў (паводле перапісу).
- 2004 год — 539 гаспадарак, 1567 жыхароў.
Вядомыя асобы
- Арон Вульфавіч Гельфанд (1903—1942) — беларускі матэматык. Кандыдат фізіка-матэматычных навук (1935), дацэнт (1936).
Зноскі
- ↑ http://pop-stat.mashke.org/belarus-census/homielskaja.htm
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
Літаратура
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2005. — 520 с.: іл. ISBN 985-11-0330-6.
- Капцэвічы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. — С. 104. — 432 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.
- Kieniewicz, A. Nad Prypecią dawno temu… Wspomnienia zamierzchłej przeszłości / A. Kieniewicz. — Wrocław etc. : Ossolineum, 1989. — 558 s.
Спасылкі
- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Петрыкаўскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.