Карапэць
Карапец ці Карапэць[1] (укр.: Коропець) — пасёлак гарадскога тыпу ў Манастырыскім раёне Цярнопальскай вобласці Украіны ў месцы ўпадзення ў Днестр аднайменнай ракі, цэнтр аб’яднанай тэрытарыяльнай грамады.
Мястэчка вядомае сваімі помнікамі — палацам графаў Бадэні (ХІХ ст.), драўлянай царквой Успення Прасвятой Багародзіцы са званіцай (1772 г.) і касцёлам Святога Мікалая (1860 г.), дэндрапаркам, а таксама фестывалем «Карапфэст».
Гісторыя
Князь Фёдар Любартавіч каля 1405 г. атрымаў Жыдачыўскае княства (у 1401 г. або 1403 г. Жыдачыўская зямля была перададзена князю Свідрыгайлу) і меў замак, які хутчэй за ўсё размяшчаўся ў вусце ракі Карапец. Першае пісьмовае згадванне аб паселішчы — 1421 г., калі кароль Ягайла заклаў у ім парафіяльны касцёл, паселішча належала каралю «ab antiquo» (гэта значыць было каралеўшчынай, каралеўскай асабістай уласнасцю). У 1427 г. паселішча ўжо мела магдэбургскае права.
У сярэдзіне XV ст. Карапец — павятовы цэнтр Галіцкай зямлі Рускага ваяводства (павет існаваў нядоўга, у яго склад уваходзіла 11 мясцовасцяў, якія затым былі ўключаныя ў склад Галіцкага і Каламыйскага паветаў). У 1600 г. першая жонка тады жмудскага старасты Яна Караля Хадкевіча Сафія Мялецкая згаданая як уладальніца Карапца. У 1607 г. Карапец моцна разбурылі крымскія татары, з часам мястэчка страціла свае правы, стала вёскай. У пачатку XVII ст. паселішча належала брацлаўскім ваяводзе Стэфану Патоцкаму. У 1766 г. кароль Станіслаў Аўгуст прадаставіў Феліцыяну Ябланоўскаму (тытулаваўся старастай карапецкім) каралеўшчыну Карапец.
У часы Аўстрыі (ад 1772 г. і да 1918 г.) мястэчка належала да Станіслаўскай акругі (цыркулу, крайсу), ад 1867 г. — да Бучацкага павета. Мястэчка знаходзілася ў складзе Заходне-Украінскай Народнай Рэспублікі з лістапада 1918 года. У міжваенны перыяд — належала Польшчы.
Зноскі
- ↑ Напісанне ў адпаведнасці з ТКП 177-2009 (03150) «Спосабы і правілы перадачы геаграфічных назваў і тэрмінаў Украіны на беларускую мову»
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Пасёлкі гарадскога тыпу Цярнопальскай вобласці
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.