Карчовае
Карчо́вае[1] (трансліт.: Karčovaje, руск.: Корчёвое) — вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіць у склад Паселіцкага сельсавета.
Гісторыя
Карона Каралеўства Польскага
Найраней вёска Карчовае, прыналежная да Астраглядавіцкіх добраў пана Шчаснага Харлінскага, падкаморага кіеўскага, згаданая ў судовай справе ад 22 чэрвеня 1600 года. Тады колькі яе жыхароў збеглі да паселішчаў Брагінскага маёнтку князя Вішнявецкага, кіраванага адміністратарам Янам Бжыцкім[2]. Надалей ажно да рэформеннага ўжо ў Расійскай імперыі перыяду Карчовае належала тым самым уладальнікам, што і Астраглядавічы з Хойнікамі, г. зн. пасля Харлінскіх — Мікалаю Абрамовічу (Абрагамовічу), Максіміліяну Бжазоўскаму, князям Шуйскім, сямейству Прозараў[3].
12 чэрвеня 1618 года пан Мікалай Харлінскі, уладальнік Хойніцкіх добраў, паклікаў у суд панства Гальшку з Гулевічаў і Міхала Лозкаў за тое, што іх падданыя з маёнтку Загалле забралі валоў у яго падданых з Карчоўкі (Korczewka), Паселічаў, Малішава, Хвойнікаў і інш., ды ўвялі іх да добраў Рожава. 12 снежня 1618 года датаваная скарга рэчыцкага старасты Аляксандра Служкі на пана Лукаша Сапегу за непрызнанне яго паверанага ў справе размежавання маёнткаў Апачыцы і Чарнобыль асобай паўнапраўнай, бо, маўляў, той не меў аселасці ў Кіеўскім ваяводстве. І гэта нягледзячы на сведчанне вознага пад прысягай, што ён увёў названага паверанага, шляхціча Аляксандра Нелавецкага, у пажыццёвае валоданне сялом Карчоўка, згодна з запісам пана Мікалая Харлінскага[4]. 7 чэрвеня 1623 года ўдава Гальшка Харлінская судзілася з панамі Станіславам, Юрыем і іншымі Харлінскімі, роднымі братамі і сваякамі мужа Мікалая, за гвалтоўны наезд на замак і вёску Астраглядавічы, мястэчка Новы Харленж (Хойнікі), вёскі Хойнікі, Вялікі Бор, Гарошкаў, Рашаў, Карчоўка[upper-alpha 1][5]. 8 ліпеня 1631 года запісам у актах Кіеўскага земскага суда[upper-alpha 2] засведчана пагадненне на саступку часткі Астраглядаўскіх добраў (з Карчовым) Шчасным, сынам Станіслава, Харлінскім пану Лукашу Мадлішэўскаму, наступнаму мужу ўдавы Гальшкі, за суму ў 60 000 польскіх злотых[6].
Магчыма, жыхары вёскі былі ў ліку тых 77 дымоў (×6 — каля 462 чалавек) Хойніцкага (раней Астраглядаўскага) маёнтку князя Канстанціна Яна Шуйскага, якія паводле звестак на восень 1686 года, з-за гвалту як ад казакоў, так і ад жаўнераў урадавых войск, адыйшлі ў больш спакойныя мясціны. У інвентары 1698 года добраў князя Дамініка Шуйскага, харунжага берасцейскага, Карчовае, а таксама Малішаў, Гарошкаў ды неіснуючыя сёння Мікалаеўка і Клешчаўка пазначаныя як запусцелыя (wsi puste). У інвентары 1721 года, калі ад пасэсара ксяндза-біскупа Юзафата Парышэвіча, пробашча астраглядаўскага, абцяжараныя даўгамі добры Хойнікі перайшлі да князя Мікалая Шуйскага, старэйшага сына папярэдняга дзедзіча, у Карчовым згаданы хіба адзін з трох вясковых млыноў[7]. Адсутнічае інфармацыя пра паселішча ў тарыфах падымнага падатку Оўруцкага павета Кіеўскага ваяводства 1734 і 1754 гадоў. Тады Хойнікамі валодалі малодшы сын Дамініка князь Ігнацы Шуйскі, потым яго ўдава княгіня Людвіка (з роду Збароўскіх) з новым мужам панам Юзафам Быстрым, старостам ліноўскім.
Згодна з перапісамі яўрэйскага насельніцтва, у Карчовым на 1765 год пражывала 8 чалавек альбо głow — плацельшчыкаў пагалоўшчыны, на 1778 год у Карчовым — 3, у Малым Карчовым[upper-alpha 3] — 2, на 1884 год у Карчовым — 2, у Малым Карчовым — хрысціянін (пагалоўшчыне не падлягаў). Іўдзеі належалі да Хойніцкага кагала[8]. Магчыма, выбух гайдамацка-сялянскай Каліеўшчыны 1768 года ў нейкай ступені паўплываў на колькасць яўрэяў у паселішчы, роўна як і на прыняцце адным з іх (напэўна, галавой сямейства) хрысціянства.
Расійская імперыя
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) вёска Карчовае апынулася ў межах Чарнігаўскага намесніцтва (губерні), з 1796 года ў складзе ўпарадкаванага Рэчыцкага павета Маларасійскай, а з 29 жніўня 1797 года Мінскай губерні Расійскай імперыі[9]. У крыніцы, заснаванай на матэрыялах рэвізіі 1795 года, вёскі Вялікая і Малая Карчова згаданыя сярод уладанняў пана Людвіка[upper-alpha 4] Прозара, якія былі перайшлі «в казну», але потым «по высочайшему повелению» вернутыя пані Луізе (з князёў Шуйскіх) Прозаравай, спадчыннай іх уладальніцы[10]. Тады ў першай з іх было 11 двароў з 32 душамі мужчынскага і 31 душой жаночага полу прыгонных, у другой — 3 двары. Абедзве, разам з Паселічамі, хутарам Рашаўцы і слабадой Рашаў, трымаў у трохгадовай (02.04.1793—02.04.1796) арэндзе за плату ў 4077 злотых мсціслаўскі стольнік Юстыніян, сын Юзафа, Фурс[11].
11 снежня 1802 года ў Рэчыцкім земскім судзе быў актыкаваны запіс Людвікі з князёў Шуйскіх Прозар, якім уласніца Хойніцкіх добраў узнагародзіла за службу Яна і Марыяну з Ляўкоўскіх Арліцкіх правам на валоданне фальваркам Малы Карчоў з вёскай Вялікі Карчоў[12]. Трымаў Ян Арліцкі, ротмістр берасцейскі, Карчоў з 60 душамі прыгонных мужчынскага полу і ў 1811 годзе. У шляхецкай рэвізіі 1816 года, Ян, сын Казіміра, Арліцкі (60 г.) запісаны ўдаўцом. Разам з ім у Карчове жылі сын Леон (5 г.), дочкі Людвіка (16 г.), Францішка (9 г.), Ёганна (7 г.). Сыны Пётр (14 г.), Людвік (14 г.), Дамінік (12 г.) навучаліся ў Мазыры[13].
Згодна з інвентаром, складзеным 10 снежня 1844 года, фальварак і вёска Карчовае з 22 дварамі і 144 жыхарамі былі ў складзе маёнтка Хойнікі пана Уладзіслава, сына Караля, Прозара[14]. У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засведчана, што 129 жыхароў абодвух полаў з вёскі Карчовае былі прыхаджанамі Хойніцкай Свята-Пакроўскай царквы, 9 мужчын і 19 жанчын належалі да парафіі Астраглядаўскага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі[15].
У парэформенны перыяд Карчовае належала да Хойніцкай воласці. На пачатак 1870 года тут налічвалася 73 мужчынскія душы сялян-уласнікаў, прыпісаных да Карчоўскага сельскага таварыства[16]. Паводле звестак на 1876 і 1879 гады, Паселічы заставаліся ў прыходзе Хойніцкай царквы[17].
На 1897 год у вёсцы было 46 двароў, 331 жыхар, працавалі школа граматы і хлебазапасны магазін. У 1909 годзе ў вёсцы Карчоў (Карчев) налічвалася 64 двары, 413 жыхароў, побач у аднайменным урочышчы — адзін двор з 2 жыхарамі[18].
Найноўшы час
9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісання Брэсцкага міру з бальшавіцкай Расіяй (3 сакавіка), Гарманія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Карчовае ў складзе Хойніцкай воласці, аднак, апынулася ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губерні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 мая тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гетмана Паўла Скарападскага[19].
1 студзеня 1919 года згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі Хойніцкая воласць увайшла ў склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, аднак 16 студзеня разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі была далучаная да РСФСР. Паводле запіскі пад назвай «Сведения о количестве учащихся школ Хойникской волости Речицкого уезда», на 8 снежня 1920 года і на 15 красавіка 1921 года ў школе першай ступені (г. зн. пачатковай) вёскі Карчовае было адпаведна 12 і 20 вучняў[20].
Пасля другога ўзбуйнення БССР з 8 снежня 1926 года вёска Карчовае — цэнтр Карчоўскага сельсавета ў Хойніцкім раёне Рэчыцкай акругі БССР. З 9 чэрвеня 1927 года — у складзе Гомельскай акругі. 30 снежня 1927 года сельсавет узбуйнены праз далучэнне тэрыторыі скасаванага Гарошкаўскага сельсавета. На 1930 год у Карчовым налічвалася 56 двароў, 296 жыхароў, арганізаваны калгас «Сацыялізм», працавала кузня. З 20 лютага 1938 года — у складзе Палескай вобласці з цэнтрам у Мазыры.
У Вялікую Айчынную вайну дзейнічала патрыятычнае падполле (кіраўнік — М. А. Колас).
16 ліпеня 1954 года Карчоўскі сельсавет скасаваны, тэрыторыя далучана да Забалацкага сельсавета[21]. Тады ў вёсцы працавала сямігадовая школа[22]. З 8 студзеня 1954 года Карчовае — у Гомельскай вобласці. Згодна з перапісам 1959 года, у вёсцы было 386 жыхароў. У складзе калгаса «Світанне» (цэнтр вёска Паселічы.)
У 1959—1966 гадах — у складзе Небытаўскага сельсавета[23].
Насельніцтва
- 2021 год — 44 двары, 96 жыхароў; яшчэ 24 гаспадаркі, 49 жыхароў у частцы Карчовага, якую па-вясковаму называлі Папоўшчынай, перайменаванай у 1920-я гады ў Акцябр[24]
Заўвагі
- ↑ Яшчэ названыя 18 паселішчаў, акрамя “іnszych wsiów i przysiołków”.
- ↑ 22 жніўня 1631 г. тое зроблена і ў Жытомірскім гродcкім судзе.
- ↑ Відавочна, гэта — новаствораны фальварак. У савецкія часы меў назвы Двор, Красны Пахар.
- ↑ Так, бывала, скарыстоўваючы імя жонкі Людвікі, падпісваўся абозны Караль, каб браць удзел у справах павета альбо вырашаць маёнтковыя праблемы. Гэта былі яе добра, на яго тады яшчэ не запісаныя.
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).. Сустракаецца таксама варыянт Карчо́ў, м.
- ↑ Źródła dziejowe (далей: ZD). T. XXI. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. X. Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów — Bracław). Dział II-gi. Opisane przez Aleksandra Jabłonowskiego. — Warszawa, 1894. S. 56
- ↑ Бельскі С. В. З гісторыі ўладароў і маёнткаў Брагіншчыны XVI—XVIII стст. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 12—18
- ↑ Опись актовой книги Киевского центрального архива. — № 13. / Сост. Л. В. Ильницкий. — Киев, 1882. С. 86
- ↑ ZD. T. XXI. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. X. — S. 281, 637
- ↑ Аrchiwum Główny Akt Dawnych w Warszawie. Аrchiwum Рrozorów і Jelskich (далей: AGAD. APiJ). Sygn. 1. S. 59
- ↑ НГАБ у Менску. Ф. 320. Воп. 1. Спр. 1. А. 128, 133 адв.
- ↑ Архив Юго-Западной России. Ч. 5. Т. 2. Переписи еврейского населения в юго-западном крае в 1765—1791 гг. — Киев, 1890. С. 301, 391, 710
- ↑ Насевіч В., Скрыпчанка Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. — Т. 6. Кн. 1. — Мінск: БелЭн, 2001. C. 181—182
- ↑ Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск, 2018. С. 70 — 71
- ↑ НГАБ. Ф. 333. Воп.9. Спр. 59. А. 136—136адв., 198—200адв.
- ↑ AGAD. APiJ. Sygn. 14. S. 7-8, 33
- ↑ НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 244. А. 67. Спр. 263. А. 165
- ↑ НГАб. Ф. 142. Воп. 1. Спр. 1475. А. 1-105
- ↑ Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 382, 666
- ↑ Список волостей, обществ и селений Минской губернии на 01. 01. 1870 г. — Минск, 1870. Л. 69
- ↑ Минские епархиальные ведомости. — Минск, 1876. № 10. С. 458; Описание церквей и приходов Минской епархии. VIII. Речицкий уезд. — Минск, 1879. С. 140
- ↑ Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 82
- ↑ Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 85
- ↑ Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці. Ф. 68. Воп. 1. Спр. 16. А. 19
- ↑ Указ Президиума Верховного Совета БССР от 16 июля 1954 г. Об объединении сельских советов Гомельской области // Сборник законов Белорусской ССР и указов Президиума Верховного Совета Белорусской ССР: 1938—1955 гг. — Мн.: Изд. Президиума Верхов. Совета БССР, 1956. — 347 с.
- ↑ Занальны дзяржаўны архіў у г. Рэчыцы. Ф. 3. Воп. 1. Спр. 10. А. 2
- ↑ Рашэнне выканкома Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 30 чэрвеня 1966 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1966, № 22 (1142).
- ↑ Інфармацыя аб насельніцтве Паселіцкага сельсавета на 01.01.2021 г. Архівавана 19 кастрычніка 2021.
Спасылкі
- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Хойніцкага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.