wd wp Пошук:

Лапатын (Львоўская вобласць)

У гэтага паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Лапатын.

Лапатын (укр.: Лопатин) — пасёлак гарадскога тыпу ў Львоўскай вобласці Украіны ў складзе Радэхіўскага раёна, размешчаны ў 20 км ад райцэнтра і ў 80 км на паўночны ўсход ад Львова.

Гісторыя

Першыя згадкі пра мястэчка, выяўленыя ў гістарычных крыніцах, адносяцца да 1366 г. Тады яшчэ вёска ўваходзіла як валасны цэнтр у склад Бэлзскага княства, якім з 1364 да 1377 гг. валодалі літоўскія князі. З другой паловы XIV ст. паселішча ужо часта згадвалася ў гістарычных дакументах. У 1377 г. сяло трапіла пад уладу Вугоршчыны, на вёску прэтэндавалі і Літва, і Польшча.

Кароль Людовік I Вялікі аддаў паселішча апольскаму князю Уладзіславу, які размясціў тут венгерскі гарнізон. Але пасля смерці Людовіка ў 1382 г. Уладзіслаў не змог утрымаць у сваіх руках паселішча і вымушаны быў прадаць яго луцкаму князю Фёдару Любартавічу.

Праз некаторы час кароль Ягайла адабраў Лапатын, і ён стаў каралеўскай вёскай. У 1396 г. кароль аддаў з правам атрымання ў спадчыну павет (у тым ліку і Лапатын) мазавецкаму князю Земавіту. Пасля доўгіх гадоў барацьбы ВКЛ зноў захапіла Лапатын разам з Алескам. Але ў 1432 г. вялікі князь Жыгімонт вымушаны быў вярнуць Лапатын і некалькі іншых памежных сёлаў Польшчы.

У дакументах XV ст. вёска згадваецца і пад назвай Лапачын. УКнязь Земавіт пабудаваў у 1413 г. тут касцёл, заснаваў каталіцкую парафію і пасяліў ксяндза, надаўшы касцёлу права валодаць полем і карчмай.

У 1443 г. касцёл атрымаў у валаданне сяло Батыеў і права збіраць дзесяціну з насельніцтва. Улада ў мястэчку знаходзілася ў руках войта, які валодаў шасцю ланамі зямлі.

У канцы XVI ст. Лапатын страціў статус валаснога цэнтра і становіцца звычайнай вёскай Бускага павета Бэлзскага ваяводства. Праз некаторы час Лапатын разам з навакольнымі вёскамі трапіў у спадчыннае валоданне некалькіх шляхецкіх радоў.

Шмат шкоды прыносілі сялянам спусташальныя набегі татарскіх ордаў. Падчас набегу татараў у 1629 г. Лапатын моцна пацярпеў. Пасля гэтага толькі 56 двароў маглі выплаціць падымнае (падатак ад кожнага двара). Праз 20 гадоў сяло зноў разбурылі татары. Частка жыхароў трапіла ў палон, многія з тых, хто хаваўся ў навакольных лясах, загінулі ад голаду і хвароб, патанулі ў балотах.

У 1772 г. сяло, якое ўваходзіла з 1782 па 1789 гг. ў Бродаўскую акругу, трапіла пад уладу Аўстрыйскай імперыі. Большасць жыхароў паселішча тады складалі памешчыцкія сяляне.

Напярэдадні ліквідацыі прыгоннага права ў Аўстрыі ў 1848 г. вёскай валодаў буйны памешчык граф А. Замойскі. З 7145 моргаў зямлі, якая належала яму тут, у сялянскім карыстанні знаходзілася 3525 моргаў.

З 1789 па 1867 гг. сяло ўваходзіла ў Золачыўскую акругу, з 1867 па 1918 гг. - у Бродыўскі павет. З 1921 па 1932 гг. мястэчка ўваходзіла ў Бродыўскі павет Тарнапольскага ваяводства.

Па дадзеных аўстрыйскага перапісу 1869 г. у Лапатыне пражывала 2159 чал., а ў 1900 — 3206 жыхароў, у 1941 - 4017 чал.

Помнікі даўніны

  • рымска-каталіцкі парафіяльны Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, пабудаваны ў 1782 г. выбітным архітэктарам эпохі позняга барока, які працаваў у заходніх раёнах Украіны Бернардам Мерэцінам. Раней тут знаходзіўся цудатворны абраз Лопатынскай Божай Маці. Яе выява змешчана на гербе мястэчка. У наш час у касцёле маецца копія цудатворнага абраза;
  • Драўляная царква Успення Прасвятой Багародзіцы 1928 г. работы архітэктара Якаўва Рудніцкага;
  • Палац XVIII ст.;
  • Помнік і магіла польскага генерала, удзельніка Напалеонаўскіх войнаў і паўстання 1830-1831 гг. Юзэфа Дзвярніцкага.
Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Радэхіўскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Пасёлкі гарадскога тыпу Львоўскай вобласці
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be