wd wp Пошук:

Лаўскі Брод

Ла́ўскі Брод[1] (трансліт.: Laŭski Brod, руск.: Лавский Брод) — вёска ў Валожынскім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Вішнеўскага сельсавета.

Геаграфія

Вёска размешчана за 22 км на паўночны захад ад Валожына, за 13 км ад чыгуначнай станцыі Валожын на лініі Маладзечна — Ліда, за 97 км ад Мінска. Рэльеф раўнінна-ўзгорысты. На поўначы цячэ рака Заходняя Бярэзіна (правы прыток Нёмана). Транспартныя сувязі па шашы М7 Мінск — Вільнюс.

Планіровачна складаецца з выгнутай вуліцы, арыентаванай з паўднёвага захаду на паўночны ўсход, перпендыкулярна да шашы. Забудавана двухбакова, шчыльна, драўлянымі дамамі сядзібнага тыпу. Гаспадарчы сектар — на заходняй ускраіне. Частка забудовы адмежавана ў заходнім баку.

Гісторыя

Вядома з XVI стагоддзя як сяло ў складзе Вялікага Княства Літоўскага. Да 1536 года частка маёнтка ва ўласнасці С. Воўчкавіча, якога з мэтай атрымаць маёнтак у спадчыну забілі сваякі, сыны М. Гіржодавіча. Кароль Жыгімонт I за забойства адабраў фальварак у скарб і аддаў у кіраванне В. Губарэвічу. Частку маёнтка Жыгімонт І у 1536 годзе перадаў навечна А. Гіржоду, які валодаў ім у 1542, 1557 гадах. У 1559 годзе фальварак перайшоў у спадчыну нашчадкам М. Пугачоўны і яе сыноў І. і А. Пржодаў. У 1567 годзе з маёнтка Брод Лаўскі М. Пржода выстаўляў у войска аднаго конніка. У 1567 годзе сяло ў Ашмянскім павеце, шляхецкая ўласнасць.

З 1793 года ў Расійскай імперыі. Паводле перапісу 1897 года аколіца ў Забрэзскай воласці Ашмянскага павета Віленскай губерні. У 1904 годзе аколіца (48 жыхароў), засценак (10 жыхароў) і маёнтак (20 жыхароў).

З 1921 года пад уладай Польшчы, аколіца і засценак.

З лістапада 1939 года ў БССР. З 12 кастрычніка 1940 года ў Забрэжскім сельсавеце Валожынскага раёна Баранавіцкай вобласці. З 25 чэрвеня 1941 года да 6 ліпеня 1944 года акупіравана нацыстамі.

З 20 верасня 1944 года ў Маладзечанскай вобласці. У 1950 годзе арганізаваны калгас, які абслугоўвала Валожынская МТС. З 20 студзеня 1960 года ў Мінскай вобласці, з 25 снежня 1962 года ў Маладзечанскім, з 6 студзеня 1965 года ў Валожынскім раёнах. З 1963 года ў складзе саўгаса «Падбярэззе» (цэнтр — в. Падбярэзь). Размяшчаліся вытворчая брыгада, ферма буйной рагатай жывёлы, пачатковая школа, крама. У 1966 годзе да вёскі далучана в. Трусковічы.

25 мая 1967 года вёска перададзена з Забрэжскага сельсавета ў склад новаўтворанага Падбярэзскага сельсавета[2]; 30 кастрычніка 2009 года, пасля скасавання Падбярэзскага сельсавета — у склад Вішнеўскага сельсавета[3].

Насельніцтва

  • 1897 — 9 двароў, 48 жыхароў.
  • 1921 — у аколіцы 9 двароў, 57 жыхароў; у засценку 2 двары, 17 жыхароў.
  • 1940 — у маёнтку З двары, 14 жыхароў; у ваколіцы 12 двароў, 77 жыхароў.
  • 1959 — 77 жыхароў.
  • 1994 — 52 гаспадаркі, 115 жыхароў.
  • 2008 — 40 гаспадарак, 85 жыхароў.

Славутасці

Захаваўся парк, сфарміраваны каля сядзібнага дома ў 1930 г.

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
  2. Рашэнне выканкома Мінскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 25 мая 1967 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1967, № 18 (1176).
  3. Решение Минского областного Совета депутатов от 30 октября 2009 г. № 219 Об изменении административно-территориального устройства Минской области Архівавана 28 чэрвеня 2021.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Валожынскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be