Надзьканіжа
На́дзьканіжа (венг.: Nagykanizsa, харв.: Kaniža) — горад на паўднёвым захадзе Венгрыі, у медзье Зала. Насельніцтва — 48 664[2] чалавекі (на 1 студзеня 2014 г.). Важны прамысловы цэнтр, чыгуначны вузел.
Геаграфія і транспарт
Горад размешчаны за 210 кіламетраў на паўднёвы захад ад Будапешта і за 40 кіламетраў ад паўднёвага ўскрайка возера Балатан. За 15 кіламетрах ад горада праходзіць граніца з Харватыяй. Праз горад працякае невялікая рэчка Каніжа, прыток Зала (басейн Балатана). Праз Надзьканіжу праходзіць аўтамабільная і чыгуначная магістраль Будапешт — Заграб, прычым у Надзьканіжэ яны разыходзяцца — аўтамабільная шаша ідзе на сталіцу Харватыі праз Чакавец і Вараждзін, а чыгунка праз Капрыўніцу і Крыжаўцы. Іншыя аўтамабільныя дарогі вядуць з Надзьканіжы ў Капашвар і Залаэгерсег. Час у дарозе на цягніку да Будапешта — 4 гадзіны.
За 30 кіламетраў на паўночны ўсход ад горада размешчаны міжнародны аэрапорт Балатан-Шармелек.
Гісторыя
Назва «Каніжа» славянскага паходжання, азначае «княжацкі». Упершыню гэта назва згадана ў дакументах у 1245 годзе. У XIII стагоддзі тут быў пабудаваны ўмацаваны замак.
У 1571 годзе горад захоплены туркамі. У 1601 годзе аўстрыйская армія прадпрыняла спробу адваяваць горад, аднак паўтарамесячная аблога не прывяла да поспеху, туркі адбілі ўсе напады. Вызвалены горад быў разам з астатняй Венгрыяй у канцы XVII стагоддзя. Спусцелую тэрыторыю засялялі каланісты з Германіі, Сербіі і Харватыі, што прывяло да поліэтнічнага складу насельніцтва горада.
Пасля паражэння туркаў Надзьканіжа страціла сваё ваеннае значэнне, аднак хутка пачала развівацца, як транспартны вузел на скрыжаванні гандлёвых маршрутаў, якія злучалі Адрыятычнае ўзбярэжжа з Будапештам і Венай.
У 1765 годзе ў горадзе адкрыта школа піяраў. У 1860 годзе праз горад прайшла чыгунка, якая звязала найбуйнейшы адрыятычны порт Рыеку з Будапештам і Венай, што спрыяла далейшаму развіццю горада.
У канцы XIX стагоддзя таксама хутка развіваецца прамысловасць — піваварства, перапрацоўка малака, іншыя кірункі харчовай прамысловасці; а таксама вытворчасць вырабаў са шкла і банкаўская справа. У 1895 годзе адкрыта эканамічная школа.
Перакройванне межаў пасля Першай сусветнай вайны нанесла ўдар па ролі горада, як гандлёвага цэнтра. Ажывіць эканоміку горада дапамагло выяўленне ў наваколлях радовішчаў нафты і газу, што хутка ператварыла Надзьканіжу ў цэнтр венгерскай нафтаперапрацоўчай прамысловасці.
Пасля Другой сусветнай вайны індустрыялізацыя горада працягнулася. У 1965 годзе ў горадзе пабудавана фабрыка па вытворчасці электратавараў, у наш час — фабрыка крыніц святла кампаніі General Electric.
Эканоміка
Аснова эканомікі горада — харчовая прамысловасць (мукамольныя фабрыкі), вытворчасць абсталявання для нафтагазавай прамысловасці. Адным з найбуйнейшых прадпрыемстваў горада з’яўляецца завод General Electric, які вырабляе крыніцы святла.
Гарады-пабрацімы
- Ака, Ізраіль
- Гляйсдорф[d], Аўстрыя
- Казанлык, Балгарыя
- Каніжа[d], Сербія
- Ковасна[d], Румынія
- Кёнігзэе[d], Германія
- Пухгайм[d], Германія
- Сала, Фінляндыя
- Тальяці, Расія (чэрвень 1998)
- Чакавец, Харватыя
- Шыцзячжуан, Кітай
Зноскі
- ↑ Magyarország közigazgatási helynévkönyve, 2018. január 1., Gazetteer of Hungary, 1st January 2018 — KSH, 2018. Праверана 27 верасня 2018.
- ↑ Штогадовае выданне «Адміністрацыйная Венгрыя», Цэнтральнае Статыстычнае Бюро, 2014.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Надзьканіжа
- Афіцыйны сайт горада
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.