Невель (горад)
У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Невель.
Невель (руск.: Невель) — горад (з 1772 года) у Расіі, адміністрацыйны цэнтр Невельскага раёна Пскоўскай вобласці. Насельніцтва 17,8 тыс. чалавек (2005). Заснаваны ў XVI стагоддзі.
Горад размешчаны на возеры Невель, за 242 км ад Пскова. Чыгуначны вузел.
Назва
Тапонім «Невель» утварыўся ад назвы возера Невель (Неўль). Тым часам гідронім, імаверна, паходзіць ад балцкага «nevo» — балоцістае месца.
Гісторыя
Папярэднікам Невеля лічыцца горад Емянец Полацкага княства, першы ўспамін пра які датуецца 1185 годам. Паводле беларускага даследчыка Міхася Ткачова, гэты тапонім утварыўся ад назвы ракі Еменка, якая ўпадала ў возера Невель[2].
Уласна Невель упершыню згадваецца ў XV стагоддзі як горад у Таропецкай воласці Вялікага Княства Літоўскага[3]. У XVI стагоддзі паселішча мела значэнне абароннага пункта (замка) на мяжы Літвы і Масквы. У 1562 годзе гетман вялікі Мікалай Радзівіл «Руды» з войскам колькасцю 4 тыс. (па іншых звестках 1,5 тыс.) чал. разбіў пад Невелем 15- (25—) -тысячнае маскоўскае войска, аднак у тым жа годзе пасля аблогі 45-тысячным войскам горад захапіла Маскоўская дзяржава. У 1580 годзе кароль і вялікі князь Стэфан Баторы вызваліў Невель, аднак паводле Ям-Запольскага міру (1582) яго мусілі перадаць маскоўскаму гаспадару.
У 1617 годзе Невель вярнуўся да Вялікага Княства Літоўскага, дзе ўвайшоў у склад Полацкага ваяводства. 3 сакавіка 1623 года кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза надаў гораду магдэбургскае права і герб: «у срэбным полі павержаны вой — Галіяф, над якім стаіць Давід з мячом»[3] (пацвярджаліся каралём і вялікім князем Станіславам Аўгустам Панятоўскім 14 лістапада 1762 года). На працягу 1633—1634 гадоў Невель быў сталіцай павета Смаленскага ваяводства. У 1649 годзе кароль і вялікі князь Ян Казімір перадаў Невельскае староства Янушу Радзівілу, які збудаваў тут касцёл. З пачаткам Трынаццацігадовай вайны (1654—1667) у 1655 годзе Невель захапілі маскоўскія войскі Аляксея Міхайлавіча, але ў адпаведнасці з мірным дагаворам (1678) горад застаўся за Вялікім Княствам Літоўскім.
У 1678 годзе Невель пацярпеў ад вялікага пажару[4]. Станам на 1681 года тут было 367 двароў, на 1700 год — 394, на 1712 год — 270[4]. У 1731 годзе ў месце налічвалася 403 дымы[4].
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Невель апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, дзе стаў цэнтрам павета Полацкага намесніцтва, з 1796 года Беларускай, з 1802 года Віцебскай губерні. Станам на 1780 год у месце існавалі праваслаўны манастыр, грэка-каталіцкая царква і касцёл. На 1799 год у Невельскім павеце дзейнічалі 21 драўляная праваслаўная царква, 1 мураваная і 11 драўляных грэка-каталіцкіх, 1 мураваны і 2 драўляныя касцёлы; у самім месце на гэты ж час 6 драўляных цэркваў, дзве мураваныя, адзін касцёл і мураваны мужчынскі манастыр, 2 мураваныя і 144 драўляныя прыватныя будынкі, 2 крамы, 2 вадзяныя млыны, 2 вучэльні, 15 мураваных і 37 драўляных крам, 15 вуліц. У пачатку XX стагоддзя Невель знаходзіўся на скрыжаванні 2 чыгунак і меў развітую прамысловасць, у гэты час ад колішняга замка засталіся толькі валы[5].
З 1917 года Віцебская губерня ў складзе Заходняй вобласці, з 1918 года ў Заходняй камуне РСФСР. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай тэрыторыя абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 года згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў Беларускую ССР, дзе Невель меў стаць цэнтрам павета («падраёна»), аднак 16 студзеня ЦК РКП(б) пастанавіў выключыць Віцебшчыну са складу рэспублікі. I Усебеларускі з’езд Саветаў, які прайшоў 2-3 лютага, прызнаў Віцебскую губерню часткай РСФСР.
З 1924 года ў Пскоўскай губерні. У 1926 годзе кіраўніцтва БССР прасіла вярнуць горад у склад Беларусі, але Масква не задаволіла гэтую просьбу[6].
- Горад на старых здымках
- Вуліца Замкавая
- Касцёл і праваслаўная царква
- Касцёл
- Грэка-каталіцкая царква пасля мураўёўскай перабудовы
У 1924—1927 гадах павятовы горад Пскоўскай губерні РСФСР. Раённы цэнтр Велікалуцкай акругі (1927—1930, 1935—1938) Ленінградскай вобласці (1927—1929), Заходняй вобласці (1929—1935), Калінінскай вобласці (1935—1944).
У Другую сусветную вайну Невель знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй з 16 ліпеня 1941 года да 6 кастрычніка 1943 года. Вызвалены часцямі Калінінскага фронту Чырвонай Арміі ў ходзе Невельскай наступальнай аперацыі.
Раённы цэнтр Велікалуцкай вобласці (1944—1957), з 1957 года — Пскоўскай вобласці.
Насельніцтва
- XVIII стагоддзе: 1780 — 835 мяшчан і 123 іўдзеі[3]; 1799 — 2908 чал., з іх мяшчан-хрысціян 1793, іўдзеяў 767; купцоў-хрысціян 107, іўдзеяў 7; шляхты 53, духавенства 17, вайскоўцаў 33[3]
-
XIX стагоддзе: 1896 — 9062 чал., з іх паводле веры: праваслаўных 3467, каталікоў 596, раскольнікаў 185, пратэстантаў 142, іўдзеяў 4587, магаметан 15, іншых 70; паводле Стан (сацыяльная група) стану: шляхты 140, духоўнага саслоўя 85, ганаровых грамадзян і купцоў 248, мяшчан 6875, ваеннага стану 1093, сялян 525, іншых 96[7] - XX стагоддзе: 1959 — 14 634 чал. (6465 муж. і 8169 жан.)[8]; 1970 — 17,8 тыс. чал.[9]; 1993 — 22,2 тыс. чал.[10]
- XXI стагоддзе: 2002 — 18 545 чал.[11]; 2009 — 16 633 чал.; 1 студзеня 2010 — 16 395 чал.; 14 кастрычніка 2010 (перапіс) — 16 324 чал.
Эканоміка
Завод аўтаматычных тэлефонных станцый; швацкае аб’яднанне; малочна-кансервавы камбінат; абутковая і мэблевая фабрыкі; льнозавод.
Транспарт
Невель знаходзіцца на аўтамабільнай магістралі E95 і з’яўляецца чыгуначным вузлом. Дзейнічаюць 2 чыгуначныя вакзалы — Невель-1 і Невель-2. Невель-1 размяшчаецца на чыгуначнай лініі Вялікія Лукі — Полацк, а Невель-2 — на чыгуначнай магістралі Санкт-Пецярбург — Віцебск.
Славутасці
- Невельскі краязнаўчы музей (у будынку колішняй паштовай станцыі).
- Гістарычная забудова (XIX — пач. ХХ стст.; фрагменты)
- Паштовая станцыя
- Плябанія пры зруйнаваным касцёле Св. Георгія
- Царква Найсв. Тройцы
- Царква Св. ап. Іаана Багаслова
Страчаная спадчына
- Замак (XVI ст.)
- Касцёл Св. Георгія (XVIII ст.)
- Сабор Успення Прасв. Багародзіцы
- Сінагога
Вядомыя асобы
- Казімір Бржушкевіч (нар. 1922) — мастак.
- Рыгор Вайцінскі (1893—1953) — савецкі партыйны дзеяч, навуковец-кітаезнавец.
- Сяргей Мікалаевіч Вышалескі (1874—1958) — вучоны-ветэрынар, акадэмік.
- Іван Дэйніс (1900—1985) — беларускі краязнавец, педагог.
- Яўген Аляксеевіч Зайцаў (1908—1992) — беларускі мастак.
- Маншук Жыенгаліеўна Маметава (1922—1943) — Герой Савецкага Саюза.
- Павел Якаўлевіч Панкевіч (1895—1938) — беларускі вучоны, педагог, псіхолаг, публіцыст.
- Таццяна Аляксандраўна Раманава (нар. 1925) — вучоны ў галіне глебазнаўства, Заслужаны дзеяч навукі БССР[12].
- Марыя Юдзіна (1899—1970) — савецкая піяністка.
Зноскі
- ↑ Численность населения районов Псковской области на 1 января 2010 г. Псковстат
- ↑ Уладзімір Міхневіч. Невель, Пскоўская вобласць Архівавана 15 верасня 2009. // «Беларуская рэдакцыя Польскага Радыё», 19 студзеня 2009.
- 1 2 3 4 Невель // Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998. — 287 с. — ISBN 985-07-0131-5.
- 1 2 3 ЭнцВКЛ, 2005
- ↑ Смоліч А. Географія Беларусі. — Вільня: Друкарня «Віленскага Выдавецтва» Б. А. Клецкіна, 1922. — 307 с.
- ↑ Беларускія тэрыторыі ў 20-м стагоддзі: вернутае // «Радыё Свабода», 8 сакавіка 2007.
- ↑ Невель, уездный город Витебской губернии // Невель (горад) // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.) . — СПб., 1890—1907.
- ↑ Всесоюзная перепись населения СССР 1959 года Архівавана 5 лістапада 2012.
- ↑ Невель // Большая советская энциклопедия, 3-е изд.: в 30 т. / Гл. ред. А.М. Прохоров. — М.: Сов. энциклопедия, 1969—1978.
- ↑ Невель // Большой энциклопедический словарь / Гл. ред. В. П. Шишков. — М.: НИ «Большая Российская энциклопедия», 1998. — 640 с.: ил. ISBN 5-85270-262-5.
- ↑ Всероссийская перепись населения 2002 года Архівавана 20 красавіка 2011.
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 13: Праміле — Рэлаксін. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0216-4 (т. 13), ISBN 985-11-0035-8.
Літаратура
- Варонін В. Невель // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 353. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
- Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998. — 287 с. — ISBN 985-07-0131-5.
- Newel // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VII: Netrebka — Perepiat. — Warszawa, 1886. — S. 27—29.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Невель (горад)
- м. Невель на Radzima.org
Катэгорыя·Населеныя пункты Невельскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.