wd wp Пошук:

Новая Мыш

Но́вая Мыш[1] (трансліт.: Novaja Myš, руск.: Новая Мышь) — вёска ў Баранавіцкім раёне Брэсцкай вобласці. Адміністрацыйны цэнтр Навамышскага сельсавета. Размешчана за 8 км на захад ад Баранавіч, на скрыжаванні аўтадарог на Івацэвічы, Стоўбцы, Слонім, Моўчадзь, на рацэ Мышанка.

Назва

Субстантыўны кампанент Мыш у састаўной геаграфічнай назве літаральна паўтарае старажытны гідронім Мыша — на беразе ракі была ўзведзена сядзіба. Інвентар 1692 года яшчэ згадвае пра раку Мышу, але з часам рака стала ўспрымацца як больш дробны аб’ект, і наступны інвентар 1730 года паведамляе ўжо пра Мышанку. Даследчыкі шукаюць паходжанне гідроніма як у славянскіх, так і ў балцкіх мовах.

Гісторыя

Вялікае Княства Літоўскае

Упершыню Мыш згадваецца ў першай палове XV ст. як сяло Наваградскага павета. У 1563 годзе вялікі князь Жыгімонт Аўгуст перадаў мясцовасць за ваенныя заслугі жмудскаму старосце Я. К. Хадкевічу. Пад 1566 паселішча значыцца ў дакументах як мястэчка. У XVI—XVII стст. тут існаваў замак. У XVII ст. у мястэчку дзейнічалі касцёл і школа, у двары (Старая Мыш) існаваў кляштар езуітаў. У 2-й чвэрці XVII ст. мясцовасць перайшла ў валоданне Сяняўскіх, потым — Юдзіцкіх.

У Трынаццацігадовую вайну (1654—1667) замак і мястэчка зруйнавалі войскі Маскоўскай дзяржавы. Як даносілі захопнікі свайму гаспадару[2]:

" В городе Мыши литовских людей всех побили, которых зостали, и языков взяли многих людей. И городок Мышь выжгли и со всем разорили без остатку. "

У другой палове XVII ст. кашталян наваградскі М. Юдзіцкі заснаваў у Мышы езуіцкі калегіум. У XVIII ст. уладальнікамі мястэчка і двара былі Несялоўскія і Масальскія. У пачатку XVIII ст. апошнія заснавалі тут шкляную гуту. Станам на 1725 у мястэчку было больш за 100 двароў, дзейнічалі касцёл і царква, працавалі школа, шпіталь, карчма і млын. У 1784 маёнтак наведваў кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі.

Пад уладай Расійскай імперыі

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Новая Мыш апынулася ў складзе Расійскай імперыі, дзе стала цэнтрам воласці ў Навагрудскім павеце. У 1825 годзе з цэглы ўзведзены Праабражэнскі касцёл. У 1842 годзе адбыліся 2 кірмашы (1 і 29 верасня), на якіх у асноўным гандлявалі сельскагаспадарчымі прадуктамі і жывёлай. У 1859 годзе ў мястэчку на сродкі казны і тутэйшых сялян пабудавана драўляная Праабражэнская царква. Праваслаўны прыход налічваў каля 3500 вернікаў, сярод якіх пісьменных было толькі каля 10 %.

У 1860-я ў мястэчку было 132 двары, царква, касцёл, яўрэйскі малітоўны дом, штотыднёвыя таргі, 1 рэгулярны кірмаш.

У першай палове 1880-х гг. у мястэчку каля 160 двароў, 1030 жыхароў, дзейнічалі царква, народнае вучылішча (адчынена ў 1862), валасное праўленне, касцёл, сінагога, З яўрэйскія школы, бальніца, 21 крама, бровар, цагельны завод, паравы і ветраны млыны. Існавалі промыслы: шавецкі, кравецкі і кузнецкі, па вырабе розных рэчаў з дрэва.

Найноўшы час

У пачатку XX ст. Новая Мыш уяўляла сабой вялікае і шматмоўнае мястэчка, у народным вучылішчы вучылася каля 150 дзяцей (з іх толькі 25 дзяўчынак). Дзейнічалі прызыўны ўчастак і аптэка.

У Першую сусветную вайну Новую Мыш занялі нямецкія войскі. Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) мястэчка апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стала цэнтрам гміны Баранавіцкага павета Навагрудскага ваяводства.

У 1939 Новая Мыш увайшла ў склад БССР. З 15 студзеня 1940 года цэнтр Навамышскага раёна Баранавіцкай вобласці. Статус паселішча панізілі да вёскі. З 12 кастрычніка 1940 года цэнтр сельсавета.

У Вялікую Айчынную вайну з канца чэрвеня 1941 года да 8 ліпеня 1944 года вёска акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Пры яе вызваленні вызначыўся наводчык, камандзір гарматы М. П. Акімаў, які падбіў 5 варожых танкаў, знішчыў 50 акупантаў і ўтрымаў рубеж да прыходу асноўных сіл сваёй часці. За гэты подзвіг Акімаву 25 верасня 1944 года было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

З 8 студзеня 1954 года ў Брэсцкай вобласці.

У 1996 у Новай Мышы ў гонар паэта і фалькларыста Яна Чачота быў усталяваны помнік[3]. Станам на 1998 у вёсцы быў 691 двор.

  • Мястэчка на старых здымках
  • Касцёл і царкваКасцёл і царква
  • КасцёлКасцёл
  • КарчмаКарчма
  • Вуліца СлонімскаяВуліца Слонімская

Насельніцтва

  • XIX стагоддзе: 1830 — 524 муж., з іх шляхты 5, духоўнага саслоўя 2, мяшчан-іўдзеяў 147, мяшчан-хрысціян і сялян 367, жабракоў 3[4]; 1865 — 884 чал.
  • XX стагоддзе: пачатак XX ст. — 320 двароў, каля 3860 жыхароў; 1921 — 327 дамоў, 1815 жыхароў[5]; 1959 — 1942 жыхары; 1998 — 511 гаспадарак, 1752 жыхары.

Інфраструктура

У Новай Мышы працуюць філіял Баранавіцкай фабрыкі дзіцячых цацак, выканкам сельсавета, калгасная сядзіба, механічныя майстэрні, Дом быту, аддзяленне сувязі і ашчаднага банка, бальніца, аўтаматычная тэлеф. станцыя, племстанцыя, ветэрынарная лячэбніца, прафесійна-тэхнічнае вучылішча механізацыі сельскай гаспадаркі, сярэдняя і музычная школы, дзіцячыя яслі-сад, Дом культуры, бібліятэка, аптэка, сталовая, 2 магазіны.

Славутасці

Капліца могілкавая

Страчаная спадчына

  • Капліца могілкавая (XIX ст.)

Галерэя

  • Краявіды Новай Мышы
  • КасцёлКасцёл
  • Інтэр'ер касцёла (алтары перанесены з Нясвіжскага касцёла бенедыкцінак)Інтэр’ер касцёла (алтары перанесены з Нясвіжскага касцёла бенедыкцінак)
  • ЦаркваЦарква
  • СінагогаСінагога
  • КарчмаКарчма
  • Надмагілле на старых каталіцкіх могілкахНадмагілле на старых каталіцкіх могілках
  • Капліца-надмагілле Ю. ЦітовічаКапліца-надмагілле Ю. Цітовіча
  • Капліца-надмагілле Э. МаціеўскайКапліца-надмагілле Э. Маціеўскай
  • Драўляная капліца на могілкахДраўляная капліца на могілках

Вядомыя жыхары

З Новай Мышы паходзіць бацька польскага палітыка Яцака Пратасевіча[6].

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2010.— 318 с. ISBN 978-985-458-198-9. (DJVU)
  2. «Государев поход» 1655 // Сагановіч Г. Невядомая вайна: 1654—1667 / Генадзь Сагановіч. — Мн.: Навука і тэхніка, 1995.
  3. Ляшук В. Я., Снітко Г. М. Літаратурная Берасцейшчына: краязнаўчыя нарысы, партрэты, артыкулы / В. Я. Ляшук, Г. М. Снітко. — Мінск: Литература и Искусство, 2008. — С. 111. — 320 с. — ISBN 978-985-6720-29-4.
  4. Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. С. 413.
  5. Skorowidz miejscowości Rzeczypospolitej Polskiej. Tom VII. Część I: Województwo Nowogródzkie. — Warszawa: Główny Urząd Statystyczny Rzeczypospolitej Polskiej, 1923.
  6. Мой род з Беларусі — размова з еўрадэпутатам Я. Пратасевічам // «Ніва» № 3, 20 студзеня 2008.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Баранавіцкага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be