Новы Двор (Навадворскі сельсавет, Мінскі раён)
У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Новы Двор.
Но́вы Двор[1] (трансліт.: Novy Dvor, руск.: Новый Двор) — аграгарадок у Мінскім раёне Мінскай вобласці. Цэнтр Навадворскага сельсавета. Месціцца за 3 км на поўдзень ад Мінска, на рацэ Свіслач.
Гісторыя
Вялікае Княства Літоўскае
У 1567 годзе сяло ў Менскім павеце Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага, шляхецкая ўласнасць М. Служкі. У 1590—1600 гадах сяло, цэнтр маёнтка, пушча, панскі двор, 2 дымы, вадзяны млын, 10 сямей баярскіх. У 1667 годзе 41 дым, уласнасць А. Белазораўны — Р. Служчынай. У 1720 годзе ўласнасць І. Храптовіча. У 1772 годзе мястэчка і вёска, уласнасць І. Прушынскага. У 1791 годзе вёска, цэнтр маёнтка Менскай парафіі, уласнасць Прушынскіх.
Пад уладай Расійскай імперыі
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай 1793 года вёска апынулася ў складзе Расійскай імперыі. У 1800 годзе сяло ў Мінскім павеце Мінскай губерні на «вялікай ігуменскай дарозе», ёсць касцёл Міхала Архангела, вадзяны млын, сукнавальня, уласнасць С. Прушынскага. У 1815 годзе вёска ва ўласнасці Ф. Грушвіцкай, маёнтак ва ўладанні А. Пратасевіч.
У 1890 годзе адкрытая школа граматы, у якой вучыліся 8 хлопчыкаў. У 1897 годзе вёска, карчма і маёнтак у Сеніцкай воласці Мінскага павета. У 1917 годзе дзейнічала народнае вучылішча.
Найноўшы час
У Першую сусветную вайну ў лютым — снежні 1918 года Новы Двор быў пад акупацыяй войскаў Германскай імперыі.
25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай абвешчаны часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. З 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі ўвайшоў у склад Беларускай ССР. У ліпені 1919 — ліпені 1920 гадоў і ў сярэдзіне кастрычніка 1920 года быў пад акупацыяй Польшчы.
З 20 жніўня 1924 года цэнтр Навадворскага сельсавета Самахвалавіцкага раёна Менскай акругі. У 1930-я гады створаны калгас «Чырвоны кааператар», працавала кузня, сталярная майстэрня. У час палітычных рэпрэсій 1930-х гадоў рэпрэсаваныя прынамсі 2 жыхары[2].
18 студзеня 1931 года перададзена ў падпарадкаванне Менскага гарсавета. З 26 траўня 1935 года ў Менскім раёне. З 20 лютага 1938 года ў Менскай вобласці.
У Другую сусветную вайну з канца чэрвеня 1941 года да пачатку ліпеня 1944 года вёска пад акупацыяй Германіі. Акупацыйныя ўлады спалілі 3 двары, у баях загінуў прынамсі 51 жыхар.
З 16 ліпеня 1954 года ў Гатаўскім сельсавеце, з 20 студзеня 1960 года цэнтр Навадворскага сельсавета. У 1997 годзе цэнтр саўгаса «Світанне».
Насельніцтва
- XVIII стагоддзе:
- 1772 — 27 двароў, 131 жыхар
- 1800 — 42 двары, 243 жыхары
- XIX стагоддзе:
- 1897 — 47 двароў, 330 жыхароў; маёнтак — 2 двары, 59 жыхароў
- XX стагоддзе:
- 1917 — 46 двароў, 292 жыхары; маёнтак — 1 двор, 50 жыхароў
- 1941 — 39 двароў, 150 жыхароў
- 1997 — 317 гаспадарак, 1164 жыхары
- XXI стагоддзе:
- 2010 — 1133 жыхары
Адукацыя
Дзейнічае Навадворская сярэдняя школа.
Славутасці
- Сядзіба Бунге ХІХ ст. Цяпер у будынку праваслаўны храм у імя Святога архангела Міхаіла
- Брама сядзібы Бунге
- Брацкая магіла чырвонаармейцаў, якія загінулі ў 1920 годзе
- Могілкі. Могілкі месцяцца каля Новага Двара і скасаванай у 2020 годзе вёскі Шабаны[3]. Плошча 1,3 га, абмежавана-дзеючыя могілкі[4]. Некаторыя некрапалісты лічаць, што тут маглі хаваць яшчэ ў канцы XVIII — пачатку ХІХ стагоддзяў пры Міхайлаўскай царкве[5]. Пахаванні ажыццяўляліся на працягу ўсяго ХХ стагоддзя і працягваюцца ў 2021 годзе[6]. Распаўсюджаны прозвішчы Шабан і Герасімовіч[5]
Адметнасці могілак:
- рэшткі Міхайлаўскай царквы, знішчанай савецкімі ўладам, і крыж, усталяваны школьным настаўнікам Мікалаем Камінскім у 1991 годзе ў памяць аб гэтай царкве[5]
- рэшткі фамільнага склепа сям’і Бунге[5]
- магіла Якава Славука (1903), на якой помнік усталяваны сям’ёй Бунге. Усталяванне помніка гаспадарамі свайму служачаму ёсць рэдкай з’явай для беларускіх могілак[5]
- магіла франтавіка Другой сусветнай вайны Цімафея Сухочава (1919—1948)[6]
Спіс вуліц
- Кар’ер 1 вуліца
- Кар’ер вуліца
- Лясная вуліца
- Маладзёжная вуліца
- Маладзёжны завулак
- Новая вуліца
- Палявая вуліца
- Паркавая вуліца
- Раждзественская вуліца
- Рачная вуліца
- Успенская вуліца
- Цэнтральная вуліца
- Шчаслівая вуліца[7]
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
- ↑ Ахвяры палітычных рэпрэсій // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінскага раёна. — Мн.: Беларуская навука, 1998. С. 121
- ↑ Рашэнне Мінскага раённага Савета дэпутатаў 31 сакавіка 2020 г. № 168(руск.) . pravo.by.
- ↑ Кладбище д. Новый Двор в Минской области // Городская ритуальная служба
- 1 2 3 4 5 Кладбище в деревне Новый Двор Минского района // Могілкі Беларусі ў ЖЖ
- 1 2 Могілкі ў Шабанах і на паўднёвы ўсход ад Мінска // Блог Андрэя Берастоўскага
- ↑ Спіс вуліц і іншых элементаў ўнутранага адраса (нявызн.). Нацыянальнае кадастравае агенцтва Рэспублікі Беларусь.
Літаратура
- Новы Двор // Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 8, кн. 3. Мінская вобласць / Рэдкалегія: Т. У. Бялова (дырэктар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2012. — 624 с.: іл. ISBN 978-985-11-0636-9. С. 434—435
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Новы Двор (Навадворскі сельсавет, Мінскі раён)
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Мінскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.