Нью-Ёрк
У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Нью-Ёрк, значэнні.
Нью-Ёрк, таксама Новы Ёрк (англ.: New York City) — горад у штаце Нью-Ёрк Злучаных Штатаў Амерыкі, адзін з найбуйнейшых гарадоў свету. Насельніцтва 8 363 710 чалавек (2010)[5], з прыгарадамі — 20,61 млн. Размешчаны на беразе Атлантычнага акіяна ў паўднёва-ўсходняй частцы штата Нью-Ёрк. Нью-Ёрк быў заснаваны ў пачатку XVII стагоддзя галандскімі каланістамі. Да 1664 года горад зваўся «Новы Амстэрдам».
Горад адміністрацыйна складаецца з 5 бора, кожнае з якіх з’яўляецца асобнаю акругаю ў складзе штата: Бронкс (акруга Бронкс), Бруклін (акруга Кінгс), Квінс (акруга Квінс), Манхэтэн (акруга Нью-Ёрк) і Статэн-Айленд (акруга Рычманд). Асноўныя славутасці размешчаны ў Манхэтэне. Сярод іх: гістарычныя хмарачосы (Эмпайр-стэйт-білдынг, Крайслер-білдынг), Ракфелер-цэнтр, мастацкі музей Метраполітэн, Метраполітэн-Опера, Музей сучаснага мастацтва Саламона Гугенхайма (жывапіс), Амерыканскі прыродазнаўчагістрычны музей (шкілеты дыназаўраў і планетарый), легендарны атэль «Чэлсі», штаб-кватэра ААН, Гарлем.[6]
Гісторыя
На тэрыторыі, якую сёння займае горад Нью-Ёрк[7], задоўга да з’яўлення тут еўрапейцаў, жылі такія індзейскія плямёны, як манахатоў і канарсі. Гэта пацвярджаюць знаходкі наканечнікаў стрэл і іншых артэфактаў у раёнах горада, не забудаваных будынкамі, як, напрыклад, Інвуд-Хіл-Парк і Рыверсайд-Парк. Еўрапейскія паселішчы пачаліся ў 1626 годзе з галандскага паселішча Новы Амстэрдам (Nieuw Amsterdam) на паўднёвым ускрайку Манхэтэна. У 1664 годзе англійскія караблі захапілі горад, не сустрэўшы супраціўлення, і ён быў пераназваны ў Нью-Ёрк, у гонар герцага Ёркскага[8][9]. У канцы другой англа-галандскай вайны ў 1667 годзе галандцы афіцыйна перадалі Нью-Ёрк англічанам і ўзамен атрымалі калонію Сурынам.
У пачатку Вайны за незалежнасць сучасная тэрыторыя горада была арэнай важных бітваў. У выніку Бруклінскай бітвы ў Брукліне пачаўся вялікі пажар, у якім вялікая частка горада згарэла, і ён да канца вайны трапіў у рукі Вялікабрытаніі, пакуль амерыканцы ізноў нe завалодалі ім у 1783 годзе. Гэты дзень, пад назвай «Дзень эвакуацыі» (англічан), доўга святкаваўся ў Нью-Ёрку.
На працягу XIX стагоддзя насельніцтва горада імкліва расло дзякуючы бурнаму прытоку вялікай колькасці імігрантаў[10]. У 1811 годзе быў распрацаваны доўгатэрміновы генеральны план развіцця горада, па якім сетка вуліц была пашырана, ахапіўшы ўвесь Манхэтэн. Да 1835 года Нью-Ёрк абагнаў Філадэльфію, стаўшы самым вялікім горадам Злучаных Штатаў.
У Грамадзянскую вайну трывалыя гандлёвыя сувязі горада з Поўднем, а таксама рост яго імігранцкага насельніцтва, прывялі да расколу паміж прыхільнікамі Саюза і прыхільнікамі Канфедэрацыі, які дасягнуў найвышэйшай ступені ў «Прызыўных мяцяжах» beru, самых значных грамадзянскіх беспарадках у амерыканскай гісторыі.
Пасля вайны тэмп іміграцыі з Еўропы рэзка ўзрос, і Нью-Ёрк стаў першым прыпынкам для мільёнаў людзей, якія прыбывалі ў Злучаныя Штаты ў пошуках новага і лепшага жыцця.
У 1898 годзе горад Нью-Ёрк набыў сённяшнія межы: перш ён складаўся з Манхэтэна і Бронкса, далучанага да горада з поўдня, ад акругі Уэстчэстэр (заходні Бронкс у 1874 годзе, астатняя тэрыторыя — у 1895 годзе). У 1898, паводле новага законапраекта, была створана новая муніцыпальная адзінка, першапачаткова названая Вялікі Нью-Ёрк. Новы горад быў падзелены на пяць раёнаў. Раёны Манхэтэн і Бронкс пашырылі свае межы і пакрывалі цяпер тэрыторыю першапачатковага горада і ўсю астатнюю частку Нью-Ёркскай акругі. Раён Бруклін складаўся з горада Брукліна і некалькіх муніцыпалітэтаў ва ўсходняй частцы акругі Кінгс. Раён Квінс быў заснаваны ў заходняй частцы акругі Квінс і пакрываў некалькі невялікіх мястэчак і пасёлкаў, уключаючы Лонг Айленд Сіці, Асторыю і Флашынг. Раён Стэйтэн-Айленд цалкам умясціў акругу Рычманд. Усе былыя гарадскія органы кіравання гэтых раёнаў былі скасаваны. Праз год тэрыторыя акругі Квінс, якая не ўвайшла ў межы раёна Квінс, стала акругай Насо (англ.: Nassau)[11]. У 1914 заканадаўчыя ўлады штата стварылі акругу Бронкс, а Нью-Ёркская акруга паменшылася да памераў аднаго Манхэтэна. Сёння пяць раёнаў Нью-Ёрка ў асноўным супадаюць межамі з адпаведнымі акругамі.
У першай палове XX стагоддзя горад стаў сусветным цэнтрам прамысловасці, гандлю і сувязі. У 1930-x гадах абрысы Нью-Ёрка ўзняліся ў вышыню з пабудоваю некалькіх найвышэйшых небаскробаў свету. Пасля Другой Сусветнай вайны Нью-Ёрк стаў бясспрэчным сусветным горадам-лідарам. Пабудова штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку сімвалізавала ўнікальнае палітычнае значэнне горада. Нью-Ёрк таксама замяніў Парыж у якасці цэнтру сусветнага мастацтва[12]. Адначасова з гэтым адбываліся працэсы пераезду часткі насельніцтва ў прыгарады, што прывяло да павольнага памяншэння колькасці насельніцтва. Пасля, змены ў прамысловасці і гандлю і рост злачыннасці ўцягнулі ў 1970-х гадах Нью-Ёрк у сацыяльны і эканамічны крызіс[13].
Тэракты 11 верасня 2001 года закранулі і Вашынгтон, але менавіта Нью-Ёрк пацярпеў больш за ўсё ад атак на Сусветны гандлёвы цэнтр і шчыльнага з’едлівага дыму, які працягваў валіць з яго развалін на працягу некалькіх месяцаў пасля падзення веж-двайнят у пажары. Нягледзячы на гэта, расчыстка эпіцэнтра выбуху была скончана хутчэй, чым планавалася. Новы Сусветны гандлёвы цэнтр 1, які быў пабудаваны на месцы былых веж-двайнят Сусветнага гандлёвага цэнтра, з’яўляецца самым высокім небаскробам у Заходнім паўшар’і[14] і чацвёртым самым высокім будынкам у свеце. Шпіль новага будынка дасягае сімвалічнай вышыні ў 1776 футаў (541,3 м), якая спасылаецца на год атрымання ЗША незалежнасці[15][16].
Рух пратэсту «Захапі Уол-стрыт», які мае месца ў парку Зукоці ў фінансавым раёне Ніжняга Манхэтэна, пачаўся 17 верасня 2011 года, атрымаўшы ўсеагульную ўвагу і пашырэнне руху супраць сацыяльнай і эканамічнай няроўнасці ва ўсім свеце[17].
Геаграфія
Горад Нью-Ёрк уключае востраў Манхэтэн, востраў Стэйтэн-Айленд, заходнюю частку вострава Лонг-Айленд, частку паўночнаамерыканскага мацерыка — Бронкс, і некалькі невялікіх астравоў у нью-ёркскай гавані. Нью-Ёрк знаходзіцца прыкладна на 40° паўночнай шыраты і 74° заходняй даўгаты. Самай высокай кропкай Нью-Ёрка з’яўляецца пагорак Тот-Хіл, вышынёй 125 метраў, які знаходзіцца на Стэйтэн-Айлендзе, які з’яўляецца самым узгорыстым, прасторным і найменей заселеным раёнам горада. У густанаселеным Манхэтэне, наадварот, зямля абмежаваная і дарагая, што тлумачыць такую вялікая колькасць высокіх будынкаў і небаскробаў. Згодна з Бюро Перапісу ЗША, горад мае плошчу 1214,4 км², з якіх 785,6 км² — суша і 428,8 км² (35,31 %) — вада.
Паводле апошніх геалагічных даследаванняў амерыканскіх навукоўцаў, праведзеных у 2008 годзе, у 40 кіламетрах на поўнач ад горада перасякаюцца два геалагічныя разломы, што робіць імавернымі землетрасенні магнітудай да 7 балаў. Прычым месца перасячэння размяшчаецца побач з АЭС. Таму будуць распрацаваны дадатковыя меры абароны будынкаў і атамнай электрастанцыі.
Клімат
Нью-Ёрк знаходзіцца на параўнальна нізкіх шыротах: так, Нью-Ёрк ляжыць прыкладна на адной шыраце са Стамбулам, Мадрыдам, Ташкентам, Баку і Пекінам. Па класіфікацыі клімату Кёпена, Нью-Ёрк знаходзіцца на мяжы паміж вільготным кантынентальным і вільготным субтрапічным кліматам. Ападкі размеркаваны параўнальна раўнамерна на працягу года. Сярэднегадавая колькасць гадзін сонечнага ззяння — 2680 гадзін. Нягледзячы на тое, што горад знаходзіцца на ўзбярэжжы акіяна, розніца ў тэмпературы паміж летам і зімой досыць вялікая, бо пераважны рух паветраных мас праходзіць з боку мацерыка. Уплыў акіяна другарадны, але ўсё ж некалькі змякчае ваганні тэмператур. Яшчэ адным фактарам з’яўляецца шчыльная гарадская забудова, якая робіць горад некалькі цяплейшым, чым наваколлі.
Зімою ў Нью-Ёрку тэмпература ў сярэднім вагаецца паміж −2 °C і +5 °C, з нярэдкімі адхіленнямі ад нормы. Амаль кожнай зімой выпадае снег, у сярэднім 60 см на год. Вясна мяккая, з тэмпературай ад 7 °C да 16 °C. Летам у Нью-Ёрку параўнальна горача, сярэдняя тэмпература вагаецца ад 19 °C да 28 °C, маюцца перыяды высокай вільготнасці паветра. Часта тэмпература перавышае 32 °C, а зрэдку дасягае 38 °C спякоты і вышэй. Восень у Нью-Ёрку прыемная, з тэмпературай ад 10 °C да 18 °C. Аднак нью-ёркскае надвор’е вельмі непрадказальнае і час ад часу здзіўляе нью-ёркцаў мяккай, амаль бясснежнай зімой або даволі адчувальнай прахалодай летам. Бывала, што яшчэ ў красавіку здаралася моцная мяцеліца, якая пакрывала Нью-Ёрк тоўстым пластом снегу. Часам тэмпература можа рэзка вагацца ад дня да дня. Вандроўцам рэкамендуецца сачыць за прагнозам надвор’я і мець некалькі відаў адзення позняй восенню і ранняй вясной.
Клімат Нью-Ёрка | |||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Паказчык | Сту | Лют | Сак | Кра | Май | Чэр | Ліп | Жні | Вер | Кас | Ліс | Сне | Год |
Абсалютны максімум, °C | 22,2 | 23,9 | 30,0 | 35,6 | 37,2 | 38,3 | 41,1 | 40,0 | 38,9 | 34,4 | 28,9 | 23,9 | 41,1 |
Сярэдні максімум, °C | 3,5 | 5,3 | 9,8 | 16,2 | 21,6 | 26,3 | 28,9 | 28,1 | 24,0 | 17,7 | 12,1 | 6,1 | 16,6 |
Сярэдняя тэмпература, °C | 0,3 | 1,8 | 5,8 | 11,7 | 16,9 | 21,9 | 24,7 | 24,0 | 20,0 | 13,8 | 8,7 | 3,1 | 12,7 |
Сярэдні мінімум, °C | −2,8 | −1,7 | 1,8 | 7,1 | 12,2 | 17,6 | 20,4 | 19,9 | 16,0 | 10,0 | 5,3 | 0,0 | 8,8 |
Абсалютны мінімум, °C | −21,1 | −26,1 | −15 | −11,1 | 0,0 | 6,7 | 11,1 | 10,0 | 3,9 | −2,2 | −11,1 | −25 | −26,1 |
Норма ападкаў, мм | 104,9 | 80 | 111 | 108,7 | 119,1 | 97,5 | 117,3 | 107,2 | 107,4 | 97,8 | 110,7 | 100,3 | 1 262,1 |
Крыніца: NOAA Надвор'е і клімат |
Эканоміка
Нью-Ёрк з’яўляецца цэнтрам міжнароднага бізнесу і гандлю ў свеце, а таксама шматлікіх галін прамысловасці ў Злучаных Штатах. Ён з’яўляецца фінансавым цэнтрам краіны: у ім находзяцца такія біржы, як Нью-Ёркская фондавая біржа, NASDAQ, American Stock Exchange, New York Mercantile Exchange і New York Board of Trade. Нью-Ёркская фінансавая галіна засяроджана на Уол-стрыт у ніжнім Манхэтэне. Горад з’яўляецца буйным цэнтрам банкаўскай справы і фінансаў, сусветнага гандлю, транспарту, турызму, рынку нерухомасці, новых сродкаў масавай інфармацыі, а таксама традыцыйных сродкаў масавай інфармацыі, рэкламы, юрыдычных паслуг, бухгалтарскага ўліку, страхавання, моды і мастацтва ў Злучаных Штатах. Нью-Ёркская фондавая біржа на Уол-стрыт — найбуйнейшая ў свеце біржай па агульнай рыначнай капіталізацыі публічных кампаній[18].
Нерухомасць з’яўляецца асноўнай рухаючай сілай у эканоміцы горада. Агульны кошт усёй маёмасці Нью-Ёрка быў ацэнены ў 914,8 мільярдаў долараў ЗША на 2015 год[19]. Кампанія Time Warner Center мае найвялікшую колькасць уласнасці ў горадзе[19]. Станам на 2013 год сусветныя рэкламныя агенцтвы Omnicom Group і Interpublic Group, якія базіруюцца ў Манхэтэне, разам мелі гадавы прыбытак каля $ 21 млрд, што адлюстроўвае ролю Нью-Ёрка ў якасці вядучага сусветнага цэнтра рэкламнай індустрыі.
Нью-Ёрк быў першапачатковым цэнтрам амерыканскай кінематаграфіі, пакуль яна не перамясцілася ў Галівуд, але і цяпер у Нью-Ёрку працягваюць вырабляць некаторыя фільмы і тэлеперадачы. Нью-Ёрк таксама сталіца моды ЗША, тут находзяцца штаб-кватэры шматлікіх мадэльераў. У Нью-Ёрку находзіцца мноства выдавецтваў, і тут часта ўпершыню друкуюцца новыя кнігі. Іншыя важныя сектары ўключаюць медыцынскія даследаванні і тэхналогіі, некамерцыйныя ўстановы і ўніверсітэты.
Транспарт
Да грамадскага транспарта Нью-Ёрка адносяцца метрапалітэн, аўтобусы, таксі, гарадскі цягнік Статэн-Айленда, канатная дарога на востраве Рузвельта, цягнік-аэраэкспрэс і паром на Статэн-Айленд. Амаль усе з гэтых сістэм, а таксама прыгарадныя цягнікі і аўтобусы эксплуатуюцца адной кампаніяй (MTA) і маюць адзіную сістэму аплаты праезду па магнітных квітках. У адрозненне ад іншых буйных гарадоў ЗША, грамадскі транспарт самы папулярны спосаб перамяшчэння. Так, у 2005 годзе 54,6 % жыхароў Нью-Ёрка дабіраліся да працы, выкарыстоўваючы грамадскі транспарт[20]. Прыкладна кожны трэці карыстальнік грамадскага транспарту ў ЗША і дзве трэці карыстальнікаў чыгункі жыве ў Нью-Ёрку і яго прыгарадах. Гэта моцна адрознівае яго ад астатняй часткі краіны, дзе каля 90 % жыхароў прыгарадаў выкарыстоўваюць уласныя аўтамабілі для перамяшчэння да рабочага месца. Нью-Ёрк — адзіны горад у Злучаных Штатах, дзе больш чым у палове хатніх гаспадарак няма аўтамабіля, пры гэтым у Манхэтэне аналагічны паказчык перавышае 75 %, а ў цэлым па краіне працэнт падобных хатніх гаспадарак складае ўсяго 8 %. Згодна з Бюро перапісу ЗША, жыхары Нью-Ёрка ў сярэднім трацяць 38,4 хвіліны ў дзень для таго, каб дабрацца да сваёй працы.
Метрапалітэн
Асноўны артыкул: Нью-Ёркскі метрапалітэн Метрапалітэн Нью-Ёрка ўключае ў сябе 468 станцый на 34 маршрутах, мае агульную даўжыню ў 1355 км і з’яўляецца самым працяглым у свеце па агульнай даўжыні маршрутаў (самы доўгі па лініях — шанхайскі). Метро ахоплівае 4 з 5-ці гарадскіх раёнаў (Манхэтэн, Бруклін, Квінс і Бронкс). Яно традыцыйна называецца «subway» (падземка), аднак 40 % шляхоў і трэць станцый знаходзяцца на паверхні і размешчаны на ўзроўні зямлі альбо на эстакадзе.
Першая лінія метрапалітэна ў Нью-Ёрку была адкрыта ў 1868 годзе прыватнай кампаніяй BRT. Да 1932 года метрапалітэн знаходзіўся ва прыватнай уласнасці і належаў дзвюм кампаніям: BRT і IRT. Затым да іх дадалася муніцыпальная кампанія, якая ў 1940 годзе скупіла абедзве прыватныя і аб’яднала гарадскі метрапалітэн у адзіны гаспадарчы комплекс. У цяперашні час кіруючая метрапалітэнам кампанія МТА таксама кіруе і сеткай гарадскіх аўтобусных маршрутаў.
За выключэннем некаторых маршрутаў, метрапалітэн працуе 24 гадзіны ў дзень, перавозячы каля чатырох мільёнаў чалавек за суткі. У цяперашні час пачалася распрацоўка праекта па пераводзе нью-ёркскага метрапалітэна на аўтаматычнае кіраванне. Кошт праезду станам на май 2011 года наступны: аднаразовая паездка — $ 2,25 (аднаразовы білет для паездкі на метро дае права на працягу 2-х гадзін працягнуць паездку на аўтобусе гарадской аўтобуснай сеткі, якая таксама кіруецца МТА); за праязны квіток на 7 сутак трэба аддаць $ 29, на 14 сутак — $ 52, на 30 сутак — $ 104. Пры гэтым шматдзённы праязны білет дае права на неаднаразовы без абмежаванняў праезд у метрапалітэне і ў аўтобусах горада на працягу тэрміну яго дзеяння. Адлік пачатку тэрміну дзеяння праязнога (гэта значыць фіксацыя першых сутак выкарыстання квітка) робіцца з моманту першага праходу праз турнікет метрапалітэна альбо аўтобуса незалежна ад часу праходу і заканчваецца ў 24 гадзін апошніх сутак дзеяння.
Аўтобус
Нью-Ёрк мае развітую сетку аўтобусных маршрутаў, якая штодня перавозіць звыш 2 мільёнаў пасажыраў. Аўтобусная сетка Нью-Ёрка ўключае больш за 200 мясцовых, якія курсіруюць выключна па сваім раёне, і 30 скарасных міжраённых маршрутаў, на якіх працуе звыш 5900 аўтобусаў. Кожны мясцовы маршрут мае нумар і літарны прэфікс, які пазначае раён, які ён абслугоўвае (B — Бруклін, Bx — Бронкс, M — Манхэтэн, Q — Квінс, S — Статэн-Айленд), а скарасныя маршруты пазначаныя прэфіксам X.
Кошт праезду станам на студзень 2010 года — $ 2,25, які можна аплаціць манетамі пры ўваходзе ў пярэднія дзверы аўтобуса ў аўтамаце, размешчаным перад вадзіцелем. Пры гэтым у вадзіцеля можна папрасіць «трансфер». Гэты дакумент дазваляе на працягу дзвюх гадзін зрабіць перасадку і без аплаты працягнуць рух на іншым аўтобусе (у спадарожным альбо перасякаючым кірунку, але не ў зваротным), альбо на метро. Таксама для праезду можна скарыстацца квітком, выдадзеным у метрапалітэне, пасля выкарыстання гэтага квітка для паездкі на цягніку метро.
Гарадскі цягнік
Не звязаная з метро і прыгараднымі цягнікамі, лінія гарадскога цягніка на Статэн-Айлендзе мае цягнікі, аналагічныя метрапалітэнаўскім, і дзейнічае пад кіраваннем той жа кампаніі MTA. Разглядаюцца праекты па пераўтварэнню дзеючых і закінутых чыгуначных ліній вострава ў дзве лініі лёгкага метрапалітэна.
Гарады-пабрацімы
Спіс гарадоў-пабрацімаў Нью-Ёрка[21]:
- Каір (араб. القاهرة), Егіпет (1982)
- Пекін (кіт.: 北京), Кітай (25 лютага 1983)[22]
- Токіа (яп.: 東京), Японія (1960)
- Мадрыд, Іспанія (1982)[23]
- Санта-Дамінга, Дамініканская Рэспубліка (1983)
- Будапешт, Венгрыя (1992)
- Іерусалім, Ізраіль (1993)
- Лондан, Вялікабрытанія (2001)
- Яханэсбург, ПАР (2003)
Гарады-партнёры
Сімвалы Нью-Ёрка
Адукацыя
Вядомыя асобы
- Джэром Дэвід Сэлінджэр
- Герман Мелвіл
- Пітэр Фальк
- Роберт Опенгеймер
- Вашынгтон Ірвінг
- Джэніс Дзікінсан
- Джэніфер Лопес
- Клэр Дэйнс
- Лары Кінг
- Мэй Уэст
- Эн Хэтэўэй
- Крысціна Агілера
- Джэсі
Гл. таксама
- Ліберці-Сіці
- Спіс самых высокіх будынкаў у Нью-Ёрку
- Спіс фільмаў, у якіх руйнуецца Нью-Ёрк
- Этнічныя анклавы Нью-Ёрка
- Сусветны гандлёвы цэнтр 7
- Тэатральны квартал
- Бруклінскі музей
- Цэнтральны вакзал Нью-Ёрка
- Colgate-Palmolive
- Вадасховішча Жаклін Кенэдзі Анасіс
- Сабор Святога Кірылы Тураўскага
Зноскі
- ↑ https://www.history.com/topics/us-states/new-york
- ↑ Deutsche Nationalbibliothek, Staatsbibliothek zu Berlin, Bayerische Staatsbibliothek et al. Record #4042011-5 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 1 чэрвеня 2021.
- ↑ United States. Bureau of the Census 2010 U.S. Gazetteer Files — Washington, D.C.: U.S. Census Bureau, 2010. Праверана 9 ліпеня 2020.
- ↑ 2020 United States Census / пад рэд. Бюро перапісу насельніцтва ЗША Праверана 1 студзеня 2022.
- ↑
- ↑ 20 лепшых месцаў для наведвання ў Нью-Ёрку(недаступная спасылка) (en) на сайце падарожніцкага блога aarrestedworld.com
- ↑ Гаворачы аб гісторыі горада Нью-Ёрка, трэба мець на ўвазе, што ў сучаснай тэрыторыі ён існуе толькі з 1898 года. Да гэтага існавала некалькі самастойных тэрыторый, і толькі адна з іх называлася горад Нью-Ёрк. Крыніцы не заўсёды надаюць гэтаму значэнне. Адны пры апісанні гісторыі Нью-Ёрка да 1898 года расказваюць толькі аб падзеях у гістарычным Нью-Ёрка — Манхэтэне, замоўчваючы гісторыю астатніх частак цяперашняга горада, іншыя, наадварот, называюць Нью-Ёркам мясціны, якія ў час апісваемых падзей так не зваліся.
- ↑ Неабходна задаць archiveurl= і archivedate= для шаблона {{cite web}}. The New Jersey Colony (нявызн.). MrNussbaum.com.
- ↑ «Kingston Discover 300 Years of New York History Dutch colonies». National Park Service, U.S. Department of the Interior.
- ↑ Ira Rosenwaike (1972). «Population history of New York City». p.55.
- ↑ Насо (Nassau) не ўваходзіць у горад Нью-Ёрк.
- ↑ Burns, Ric (August 22, 2003). «The Center of the World — New York: A Documentary Film (Transcript)» Архівавана 12 снежня 2013.. PBS.
- ↑ Christopher Effgen (September 11, 2001). «New York Crime Rates 1960—2009». Disastercenter.com.
- ↑ It’s official: One World Trade Center to be tallest U.S. skyscraper. CNN.
- ↑ New York City Skyscraper Diagram. Skyscraper Source Media.
- ↑ One World Trade Center On Top As Tallest Building In New York City. The International Business Times.
- ↑ OccupyWallStreet — About. The Occupy Solidarity Network, Inc.
- ↑ 2013 WFE Market Highlights Архівавана 27 сакавіка 2014.. World Federation of Exchanges.
- 1 2 Department of finance publishes fiscal year 2015 tentative assessment roll Архівавана 2 лютага 2014.. New York City Department of Finance.
- ↑ Les Christie (June 29, 2007). «New Yorkers are Top Transit Users». CNNMoney.com (Cable News Network).
- ↑ New York City Global Partners Архівавана 21 мая 2008.
- ↑ Sister Cities (нявызн.) (недаступная спасылка). Beijing Municipal Government. Архівавана з першакрыніцы 17 студзеня 2010. Праверана 21 жніўня 2011.
- ↑ Madrid city council webpage Mapa Mundi de las ciudades hermanadas (нявызн.). Ayuntamiento de Madrid.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Нью-Ёрк
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Населеныя пункты паводле штатаў ЗША Катэгорыя·Населеныя пункты штата Нью-Ёрк Катэгорыя·Населеныя пункты, заснаваныя ў 1813 годзе Катэгорыя·Пасёлкі гарадскога тыпу Данецкай вобласці Катэгорыя·Раёны і акругі гарадоў
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.