Нястанавічы
Няста́навічы[2] (трансліт.: Niastanavičy, руск.: Нестановичи) — вёска ў Акцябрскім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіць у склад Валосавіцкага сельсавета.
Геаграфія
Размяшчэнне
У 22 км на паўднёвы ўсход ад гарадскога пасёлка Акцябрскі, 252 км ад Гомеля, 29 км ад чыгуначнай станцыі Рабкор, размешчанай на чыгунцы Бабруйск — Рабкор, адгалінаванні лініі Асіповічы — Жлобін.
Транспартная сетка
На аўтамабільнай дарозе Акцябрскі — Азарычы.
Інфармацыя
Планіроўка складаецца з ледзь выгнутай, блізкай да мерыдыянальнай арыентацыі вуліцы, якая на поўдні далучаецца да кароткай шыротнай вуліцы. На поўдзень ад іх адасоблена размешчана кароткая прамалінейная вуліца, арыентаваная з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход, да якой на ўсходзе далучаецца завулак. Забудова двухбаковая, драўляная, няшчыльная, сядзібнага тыпу. У складзе сельскагаспадарчага ДП «Некрашынскі» з цэнтрам у Валосавічах, малочнатаварная ферма. Клуб, крама.
Гісторыя
Па пісьмовых крыніцах вядомая з XVI стагоддзя як паселішча ў Менскім ваяводстве Вялікага Княства Літоўскага. Пазначана пад 1560 годам у сувязі з апісаннем меж вёсак. Паводле вопісу войска Вялікага княства 1567 года маёнтак Нястанавічы павінен быў пастаўляць коней для фарміравання харугваў у Менскім павеце. Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) у складзе Расійскай імперыі, у Бабруйскім павеце Мінскай губерні. У першай палове XIX стагоддзя — цэнтр аднайменнага казённага маёнтка. На 1857 год ва ўладанні двараніна Яльніцкага, які валодаў тут у 1870 годзе 123 дзесяцінамі зямлі. Па стане на 1885 год у вёсцы дзейнічала царква. На 1908 год у Рудабельскай воласці Бабруйскага павета. У 1910 годзе ў наёмнай хаце адкрыта земская школа, у 1914 годзе для яе пабудаваны ўласны будынак.
У 1929 годзе арганізаваны калгас «Чырвоны сцяг», працавалі гамарня і конная крупарушка. Падчас Вялікай Айчыннай вайны нямецкія акупанты ў красавіку 1942 года цалкам спалілі вёску. Партызаны 29 мая 1943 года разграмілі гарнізон, створаны акупантамі ў вёсцы. 123 жыхары загінулі на фронце. У 1969 годзе ў Нястанавічы перасяліліся жыхары суседняй вёскі Гуслішча.
Насельніцтва
Колькасць
- 2011 год — 33 двары, 52 жыхары.
Дынаміка
- 1857 год — 12 двароў, 68 жыхароў.
- 1885 год — 16 двароў, 144 жыхара.
- 1897 год — 38 двароў, 268 жыхароў (паводле перапісу).
- 1908 год — 47 двароў, 273 жыхары.
- 1920 год — 301 жыхар.
- 1925 год — 55 двароў.
- 1940 год — 82 двары, 309 жыхароў.
- 1959 год — 239 жыхароў (паводле перапісу).
- 2004 год — 44 двары, 88 жыхароў.
Літаратура
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т.1, кн.1. Гомельская вобласць/С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2004. 632с.: іл. Тыраж 4000 экз. ISBN 985-11-0303-9 ISBN 985-11-0302-0
- Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Акцябрскага раёна. — Мн.: БЕЛТА, 1997.
Зноскі
- ↑ Дадзеныя сельсавета на 1 ліпеня 2011 года
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
Спасылкі
- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх
Катэгорыя·Населеныя пункты Акцябрскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Лагойскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.