Пагоннае
Паго́ннае[1] (трансліт.: Pahonnaje, руск.: Погонное) — былая вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіла ў склад Стралічаўскага сельсавета.
Гісторыя
Вялікае Княства Літоўскае
Найранейшую згадку пра паселішча ўтрымлівае памятны запіс 1526 года ігумена Свята-Міхайлаўскага (Залатаверхага) манастыра ў Кіеве Макарыя – «купилъ есми у Марка [папраўдзе: Макара] Орменина Киевского две службе, у-въ Оревицкой волости[upper-alpha 1] Лысковщину а Погоны[upper-alpha 2], дани идетъ: чотыри кади меду, а осмьдесятъ грошеи серебра, бочка рыбы; а далъ есми за тое 5 копъ грошеи и сорокъ копъ грошеи Литовское личбы». У пацвярджальнай грамаце манастыру караля Жыгімонта Старога, датаванай 30 снежня 1543 года, сказана: «Били намъ чоломъ игуменъ Филаретъ зо всими чернцы манастыря святого Михаила Золотоверхого, у Киеве, и поведили передъ нами, ижъ которыи две службе людей, на Припяти, у Воревичохъ, на имя Лысковщину и Погонную купилъ игуменъ святого Михаила небожчикъ Макарей за сто копъ грошеи Литовское монеты у толмача нашого Макара Орменина…». Ігумену і чарняцам спатрэбіўся адмысловы каралеўскі ліст, бо хутка пасля набыцця прывілей на ўладанне і прадажныя лісты ваявода кіеўскі Андрэй Неміровіч «до скарбу своего взялъ», а прызначаны пазней ігумен Падапрысвет «мешкавши съ полгода у манастыри, и утекъ прочь, и великие шкоды церкви Божьи починилъ, и тыи листы зъ собою побралъ, або ихъ неведомо где поделъ». Дзякуючы сведчанню спраўцы ваяводства Кіеўскага Андрэя Сангушкавіча і кіеўскіх зямян, неаднаразова бачыўшых арыгіналы дакументаў, кароль пацвердзіў манастыру яго права на валоданне службамі Лыскаўшчынай і Пагоннай[2].
Аднак, 10 жніўня 1544 года ваявода кіеўскі князь Януш Гальшанскі вымушаны быў асобным дэкрэтам пацведзіць выключнае права ігумена Філарэта і чарняцоў на валоданне згаданымі службамі. Зяць талмача Макара Івашкавіча дзясятнік роты кіеўскай Лаўрын, адмаўляючы продаж цесцем-нябожчыкам Лыскаўшчыны і Пагоннага манастыру, «моцно кгвалтом побрал» з іх даніну мядовую на ўласны пажытак. Сцвярджаў, нібы мае права рабіць тое і надалей. Але ваявода, сабраўшы аргументы бакоў, «дали были есмо то на вырок всих их листи панов рад гспдрских Великого князства Литовского». Паны радныя «игумена михайловского Филарета правост знашли, а Лаврина винного и тое имене, вышей реченное, к манастыру Свтго Михайла Золотоверхого вечне держати присудили»[3].
Напярэдадні падпісання акту Люблінскай уніі ўказам караля Жыгімонта Аўгуста ад 6 чэрвеня 1569 года Кіеўскае ваяводства (і Пагоннае з прылегласцямі) было далучана да Кароны Польскай[4].
Карона Каралеўства Польскага
4 чэрвеня 1570 года каралём Жыгімонтам Аўгустам выдадзена чарговая пацвярджальная грамата Міхайлаўскаму манастыру: «…ижъ две службы людей на Припяти у въ Оревичахъ на имя Лысковщину и Погонную, то есть вышеймененое селищо и землицу[upper-alpha 3] у волости Сороцкой игуменъ святого Михаила Золотоверхого, небожчикъ Макарей, купилъ…»[6].
На 1628 год Ліскоўшчына (Liszkowsczyzna) і Пагоннае (Pohorne) манастыра Святога Міхаіла Залатаверхага ў асобе яго дазорцы і ігумена, мітрапаліта кіеўскага і ўсёй Русі Іова Барэцкага, як і раней, мелі па 2 дымы, з якіх выплачвалася па 3 злотыя[7]. 29 лістапада 1646 года кароль Уладзіслаў Ваза на вальным сойме пацвердзіў манастыру граматы Жыгімонта Старога 1516 і 1543 гадоў, адпаведна на «sieliszcze Łynkowszczyznę i ziemicę Nagonną» і «dwie służby ludzi… na imie Łyńkowszczyżnę i Pohonną»[8]. Паводле люстрацыі падымнага падатку Оўруцкага павета Кіеўскага ваяводства 1683 года, з 5 дымоў вёскі Пагоннае (Podhonne) манастыра Святога Міхаіла ў Кіеве мусіла выплачвацца 3 злотых [9]. 12 сакавіка 1685 год кароль Ян Сабескі сваім прывілеем забараніў усім войскам спыняцца на пастой у добрах духоўных, сярод якіх «Моłoczki, Pohonoie, Łyski… w wojewodztwie Kijowskim, powiecie Owruckim, za rzeką Prypiecią pod Brahyniem leżące[upper-alpha 4]»[10]. Згадана Пагоннае ў рэестры рэвізіі 1686 года палескіх вёсак, прыналежных Кіеўскай мітраполіі і Кіева-Пячорскай архімандрыі пры прыняцці іх ад пана Журакоўскага, войскага галіцкага[11]. 30 сакавіка 1688 года кароль Ян выдаў прывілей, паводле якога вёскі Малочкі, Рудка і Пагоннае, раней прыналежныя Міхайлаўскаму манастыру, аддаваліся «на вечныя часы» (пры ўмове нясення вайсковай службы) шляхцічу Стэфану Крыніцкаму. Згодна з умовамі «вечнага міру» (1686) паміж Рэччу Паспалітай і Расіяй, левабярэжная Украіна і Кіеў заставаліся за апошняй, і Крыніцы, дзедзічны маёнтак С. Крыніцкага, дасталіся Міхайлаўскаму манастыру. Манарх і кампенсаваў шляхцічу яго страту падараваннем былых манастырскіх вёсак[12]. Але папярэднія пасэсары епіскап львоўскі Іосіф Шумлянскі і брат яго Самуіл Шумлянскі, чашнік падольскі, не спяшаліся ад іх адступацца. Таму, калі Ст. Крыніцкі з панамі шляхтай Аляксандрам Казінскім, Янам Грыўскім і чэлядзю 12 чэрвеня заехалі ў падараваныя каралём вёскі[upper-alpha 5] і па-гаспадарску ў тых сялян, якіх не разагналі адразу, забралі збожжа, спустошылі борці, даніну і чынш, належныя епіскапу прыўласнілі, староста Беласароцкай воласці Ян Пэнскі 19 жніўня 1688 года, ад імя епіскапа і чашніка Шумлянскіх, падаў скаргу ў Оўруцкі гродскі суд[13].
11 чэрвеня 1706 года оўруцкі гродскі рэгент Даніэль Ляўкоўскі падаў скаргу ў суд на кіеўскага падчашага Крыштафа Манецкага. Апошні, трымаючы ў пасэсіі Шэпеліцкі маёнтак, у складзе якога былі і Пагоннае з Малочкамі і Дронькамі, аддаў яго Ляўкоўскаму ў трохгадовую (ад свята нараджэння Яна Хрысціцеля 1705 г.) арэнду за немалую суму – 4047 злотых у талерах бітых і ў чырвоных злотых. Але надалей сам Манецкі, яго слугі і чэлядзь, таксама і сужэнцы Пясецкія ўсяляк перашкаджалі Ляўкоўскаму атрымліваць з той арэнднай пасэсіі належныя прыбыткі. А яшчэ і палкоўнікі Стэфан Трашчынскі і Герцык, сотнік Дайнэка з сваімі казакамі, ідучы з-за Дняпра да Літвы, вялікія шкоды пачынілі ў добрах падаўца скаргі[14]. 16 днём чэрвеня 1707 года датаваная скарга падчашага Крыштафа Манецкага на кіраўніка маёнткаў брэсцкага харунжага князя Дамініка Шуйскага Зыгмунта Шукшту за збіццё ім разам з сялянамі князя сялян падаўца скаргі, рабаўніцтва іх маёмасці, патраву палёў, захоп паташу і інш. у сёлах Пагоннае, Малочкі і Дронькі на рацэ Прыпяці, нарэшце, за наезд узброенага аддзелу ў 500 чалавек з сялян, стральцоў і казакоў Д. Шуйскага на сяло Варахобавічы, за збіццё і раненне казака і слуг пацярпелага, за намер забіць яго самога[15]. 11 студзеня 1723 года актыкаваны застаўны запіс кіеўскага падчашага Крыштафа Манецкага мельніцкаму войскаму Аляксандру Бандынэлі на тры сяла маёнтка Шэпелічы – Малочкі, Дронькі і (пустое селішча) Пагоннае[16].
На 1734 год вёска Пагоннае заставалася ў пасэсіі ў Кімбараўскага кляштара айцоў-цыстэрцыянцаў[17].
У 1754 годзе з 6 двароў вёскі Пагоннае выплачваліся «do grodu» (Оўруцкага замка) 27 грошаў, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павета і ваяводства) 3 злотых і 18 грошаў[18]. 11 жніўня 1756 года ў кнігах Оўруцкага гродскага суда актыкаваны запіс аб уводзе абата мясцовых базылянаў Андрэя Бянецкага ў валоданне добрамі Шэпелічы Старыя і Новыя, Пагоннае, Малочкі, Дронькі і інш.[19].
Расійская імперыя
Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Пагоннае апынулася ў межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесніцтва (губерні), з 1796 года ў складзе ўпарадкаванага Рэчыцкага павета Маларасійскай, а з 29 жніўня 1797 года Мінскай губерні Расійскай імперыі[20]. З крыніцы, заснаванай на матэрыялах рэвізіі 1795 года, вядома, што вёска Пагоннае належала Оўруцкаму абацтву базылянаў у асобе іх галавы Юзафа Ахоцкага[21].
У ходзе рэформы П. Д. Кісялёва ў межах Паганянскага казённага маёнтка была ўтворана воласць[upper-alpha 6] з управай, згаданая ў 1848 годзе. Насельніцтва — 208 дзяржаўных сялян, 2 вольных чалавекі, 5 пасяленцаў «разного звания»[22]. На 1850 год у Пагонным 16 двароў, 123 жыхары, вёска — уласнасць казны. У «Списках населенных мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засведчана, што 116 жыхароў Пагоннага абодвух полаў былі прыхаджанамі царквы Раства Найсвяцейшай Багародзіцы ў Аравічах[23].
У парэформенны перыяд вёска належала да Дзёрнавіцкай воласці. У 1863 годзе дзеля выхавання тутэйшых дзяцей, а разам і іх бацькоў у духу вернасці расійскай манархіі, у Пагонным адкрыта народнае вучылішча[24]. У пачатку 1870 года ў Пагонным — 58 мужчынскіх душ з ліку былых дзяржаўных сялян, прыпісаных да сельскага таварыства[25]. Згодна са звесткамі на 1876 і 1879 гады, Пагоннае заставалася ў прыходзе Аравіцкай царквы[26]. У 1886 годзе ў вёсцы 23 двары, 174 жыхары, школа[27]. У 1889 годзе надворны саветнік Міхаіл Васільеў Яльніцкі меў у Пагонным 123 дзесяціны ўгоддзяў[upper-alpha 7][28].
Паводле перапісу 1897 года, у Пагонным было 47 двароў з 290 жыхарамі, дзейнічалі народнае вучылішча, у якім на 1906/1907 год навучаліся 26 хлопчыкаў і 3 дзяўчынкі, хлебазапасны магазін. У 1909 годзе паселішча налічвала 64 двары, 333 жыхары[29].
Найноўшы час
9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісання Брэсцкага міру з бальшавіцкай Расіяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Пагоннае ў складзе Рэчыцкага павета, аднак, апынулася ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губерні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 мая тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гетмана Паўла Скарападскага[30].
1 студзеня 1919, згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР.
Пасля другога ўзбуйнення БССР з 8 снежня 1926 года Пагоннае — цэнтр Паганянскага сельсавета ў Хойніцкім раёне Рэчыцкай акругі БССР. З 9 чэрвеня 1927 года ў складзе Гомельскай акругі. 30 снежня 1927 года сельсавет скасаваны, тэрыторыя далучана да Аравіцкага сельсавета. З 20 лютага 1938 года вёска ў складзе Палескай вобласці з цэнтрам у Мазыры.
Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў Пагонным было 80 двароў, 256 жыхароў. У маі 1943 года акупанты спалілі вёску і загубілі 13 жыхароў[31]. 89 жыхароў з вёсак саўгаса «Перамога сацыялізму» загінулі на франтах і ў партызанскай барацьбе.
З 8 студзеня 1954 года Пагоннае — у складзе Гомельскай вобласці. Паводле перапісу 1959 года, у вёсцы было 1322 жыхары. У 1976 годзе ў Пагоннае перасяліліся жыхары пасёлка Баравіца. Цэнтр саўгаса «Перамога сацыялізму». Дзейнічалі лесапільня, млын, механічная майстэрня, павільён раённага камбінату бытавога абслугоўвання, сярэдняя школа, дом культуры, бібліятэка, дзіцячыя яслі-сад, бальніца, аддзяленне сувязі, сталовая, 3 крамы.
8 студзеня 1987 года тэрыторыя былога Аравіцкага сельсавета далучана да Стралічаўскага сельсавета[32].
Заўвагі
- ↑ Воласць тая, пэўна, — Беласароцкая, бо Аравіцкай ніколі не існавала.
- ↑ 1 службу складалі 2 двары і болей, а значыць у Лыскаўшчыне і Пагонах было, прынамсі не менш, як 4 двары.
- ↑ У дакуменце дзіўным чынам спалучаныя «селищо и землица» з дзвюма службамі. Пра першыя вялося ў лісце караля Жыгімонта Старога, датаваным яшчэ 14 мая 1516 года[5]:
…Бил нам чолом арменин киевскии, толмач н(а)шь татарскии Макар Ивашкович и поведил перед нами, што мы перво сег(о) дали были ему землю пустовскую у Киевском повете в Белосороцкои волости на имя Лемешовщину, и пан воевода киевскии, пан Андреи Немирович, доведавши ся тог(о), иж тая земля шкодно отдати от замку н(а)шог(о), и против тог(о) дал ему в тои же волости Белосороцкои селище на имя Лынсковщину а землицу нагонную, со всим с тым, што здавна к тому прислухало, и листъ пана Андреев Немировича на то перед нами вказывал, и бил нам чолом, абыхмо ему тое селищо и землицу потвердили н(а)шим листом на вечность. Ино мы, з ласки н(а)шое… для его к нам верное службы, которую ж он нам заслуговал пилне ездячи до Орды частокрот в делех н(а)ших и земских и на его чоломбите то вчинили: тое селищо Лысковщину и землицу нагонную с пашными землями, и з сеножатми, и з лесы, и з бортною землею, и с озеры, и з реками, и з езы, и з ловы звериными и пташными, и со всим с тым, што к тому с стародавна прислухало, потвержаем сим на(ш)им листом вечно ему самому и его жоне, и их детем и напотом будучим их щадком. А он мает нам с тог(о) земскую службу служити…
Але ў 1526 і 1543 гадах ужо размова — пра дзве службы. Гэткі вось анахранізм трапіў да тэксту позняга ліста караля Жыгімонта Аўгуста.
- ↑ Арыенціры даўніх часоў. Ад тых вёсак да Брагіна больш за паўсотню кіламетраў.
- ↑ Тут, акрамя згаданых у каралеўскім прывілеі, названыя яшчэ і Дронкі (Дронькі).
- ↑ Не варта блытаць з валасцямі — адміністрацыйнымі адзінкамі ў складзе павета — парэформеннага часу.
- ↑ У энцыклапедыі «Гарады і вёскі Беларусі» непісьменна сцвярджаецца, нібы Пагоннае ўваходзіла «ў склад аднаймённага маёнтка памешчыка Яльніцкага», без увагі на тое, што перыяд — парэформенны, а раней вёска была казённай, яшчэ раней манастырскай.
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
- ↑ Акты, относящиеся к истории Западной России. Т. 2. (1506 – 1544). – С.-Петербург, 1848. №. 140, 228
- ↑ Документальна спадщина Свято-Михайлівського Золотоверхого монастиря у Києві ХVІ-ХVІІІ ст. з фондів Національної бібліотеки України імені В. І. Вернадського. Зб. док. [Текст] / Автори-укладачі: Ю. А. Мицик, С. В. Сохань, Т. В. Міцан, І. Л. Синяк, Я. В. Затилюк; Нац. акад. наук України, Нац. б-ка України ім. В. І. Вернадського, Ін-т укр. археографії та джерелознавства ім. М. С. Грушевського (далей: Документальна спадщина.). — Київ, 2011. № 288
- ↑ Volumina Legum. Tom II. — Petersburg: Nakładem i drukiem Józafata Ohryzki, 1859. S. 84 — 87; Падалінскі У. // Беларускі гістарычны агляд. — 2012. Т. 19. С. 329—337 (Рэцэнзія на кн.: Litwin H. Równi do równych: kijowska reprezentacja sejmowa 1569—1648. — Warszawa, 2009)
- ↑ Lietuvos Metrika. Kniga Nr. 9 (1511–1518). — Vilnius: Žara, 2002 [2004]. № 204
- ↑ Акты, относящиеся к Южной и Западной России. Т. 1 (1361– 1598). – С.-Петербург, 1863. № 156
- ↑ Архив Юго-Западной России (далей: Архив ЮЗР). Ч. 7. Т. 1. Акты о заселении Юго-Западной России. – Киев, 1886. С. 382
- ↑ Документальна спадщина. — № 24
- ↑ Архив ЮЗР. Ч. 7. Т. 1. – С. 497
- ↑ Документальна спадщина. — № 28
- ↑ Описание архива западнорусских униатских митрополитов (далей: Опісаніе архіва). Т. 1. 1470–1700. – С.-Петербург, 1897. № 986
- ↑ Архив ЮЗР. Ч. 1. Т. 4. Акты об унии и состоянии православной церкви с половины XVII века (1648–1798). – Киев, 1871. С. 78 – 80
- ↑ Архив ЮЗР. Ч. 1. Т. 10. – Киев, 1904. С. 364 – 365
- ↑ Архив ЮЗР. Ч. 3. Т. 2. Акты о казаках (1679–1716). – Киев, 1868. С. 689–695
- ↑ Описи актовых книг Киевского центрального архива (далей: ОАК). – № 26 / Сост. А. Т. Белоусов – Киев: Университетская типография, 1881. С. 9
- ↑ ОАК. – № 37 / Сост. Е. П. Дьяковский – Киев: Типография Т. Г. Мейнандера, 1906. С. 48
- ↑ Тарифи подимного податку, сеймикові лауди і люстрації Київського воєводства першої половини XVIII століття. /Вид. друге, доп. Укл. Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 286
- ↑ Тариф подимного податку Київського воєводства 1754 року. /Опрацював Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 178
- ↑ Описание архива. Т. 2. 1701–1839. – С.-Петербург, 1907. № 1671
- ↑ Насевіч В., Скрыпчанка Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. — Т. 6. Кн. 1. — Мінск: БелЭн, 2001. C. 181—182
- ↑ Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 71
- ↑ Военно-статистическое обозрение Российской империи. Т. 9. Ч. 4. Минская губерния. — С.-Петербург: Тип. Деп. Ген. штаба, 1848. С. 5, 7
- ↑ Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 677
- ↑ Памяць: Гiсторыка-дакументальная хронiка Хойнiцкага раёна / Рэд. кал. М. А. Ткачоў [і інш.]; маст. А. М. Хількевіч. — Мінск: БелЭн iмя Петруся Броўкi, 1993. С. 32
- ↑ Список волостей, обществ и селений Минской губернии на 01. 01. 1870 г. — Минск, 1870. Л. 71
- ↑ Минские епархиальные ведомости. — Минск, 1876. № 10. С. 463 — 464; Описание церквей и приходов Минской епархии. VIII. Речицкий уезд. — Минск, 1879. С. 115
- ↑ Волости и важнейшие селения Европейской России. — С.-Петербург, 1886. Вып. 5. С. 112
- ↑ Список зелевладельцев Минской губернии. 1889 г. – Минск, 1889. С. 368
- ↑ Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 155
- ↑ Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев. — Минск, 2018. С. 85
- ↑ Без срока давности. Беларусь: преступления нацистов и их пособников против мирного населения на оккупированной территории БССР в годы Великой Отечественной войны. Гомельская область. Сборник архивных документов и материалов / сост.: А. Р. Дюков, В. Д. Селеменев (рук.) [и др.]; редкол.: А. К. Демянюк [и др.]. — Минск: НАРБ; М.: Фонд «Историческая память», 2021. С. 37, 502
- ↑ Рашэнне выканкома Гомельскага абласнога Савета народных дэпутатаў ад 8 студзеня 1987 г. // Збор законаў Беларускай ССР, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1987, № 23 (1901).
Літаратура
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2005. — 520 с.: іл. ISBN 985-11-0330-6.
Спасылкі
- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Былыя населеныя пункты Хойніцкага раёна
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.