Аравічы
Араві́чы[1] (трансліт.: Aravičy, руск.: Аровичи) — былая вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіла ў склад Стралічаўскага сельсавета.
Гісторыя
Вялікае Княства Літоўскае
Ці не ўпершыню паселішча згаданае ў памятным запісе 1526 года ігумена Свята-Міхайлаўскага (Залатаверхага) манастыра ў Кіеве Макарыя – «купилъ есми у Марка [папраўдзе: Макара] Орменина Киевского[upper-alpha 1] две службе, у-въ Оревицкой волости[upper-alpha 2] Лысковщину а Погоны». Названыя Аравічы і ў пацвярджальнай грамаце манастыру караля Жыгімонта Старога, датаванай 30 снежня 1543 года: «Били намъ чоломъ игуменъ Филаретъ зо всими чернцы манастыря святого Михаила Золотоверхого, у Киеве, и поведили передъ нами, ижъ которыи две службе людей, на Припяти, у Воревичохъ[upper-alpha 3], на имя Лысковщину и Погонную купилъ игуменъ святого Михаила небожчикъ Макарей…»[3].
Напярэдадні падпісання акту Люблінскай уніі ўказам караля Жыгімонта Аўгуста ад 6 чэрвеня 1569 года Кіеўскае ваяводства (і Аравічы з прылегласцямі) было далучана да Кароны Польскай[4].
Карона Каралеўства Польскага
4 чэрвеня 1570 года каралём Жыгімонтам Аўгустам выдадзена чарговая пацвярджальная грамата манастыру на Лыскоўшчыну і Пагонную, у якой зноў згаданыя Аравічы, але воласць названая слушна, хоць і ў скарочаным выглядзе: «…ижъ две службы людей на Припяти у въ Оревичахъ[upper-alpha 4]… у волости Сороцкой игуменъ святого Михаила Золотоверхого, небожчикъ Макарей, купилъ…»[5]. Надалей урэшце крыніцы паведамілі і пра тое, хто валодаў самымі Аравічамі. У падатковым рэестры Кіеўскай зямлі, складзеным у 1581 годзе каралеўскім слугой і паборцам панам Мацеем Язерскім, Аравічы і яшчэ 15 сёл паказаныя прыналежнымі Кіева-Пячорскаму манастыру[upper-alpha 5] ў асобе яго архімандрыта, епіскапа ўладзімірскага Мялеція Храбтовіча[7]. Уласнасцю Пячорскага манастыра сяло Аравічы (Orewicze) названа таксама ў вопісе рухомай і нерухомай маёмасці, калі на пасаду яго архімандрыта ў 1593 годзе заступаў Нікіфар Тур[8].
Ад мяжы сяла Аравічы пачыналіся ўгоддзі сяла Краснаселле пана Мікалая Харлінскага[upper-alpha 6] і сяла Лыскоўцаў Кіеўскага Свята-Міхайлаўскага Залатаверхага манастыра ў асобе яго ігумена Іосіфа Міроўскага, што засведчана ў іх дамове ад 20 снежня 1603 года[9].
25 сакавіка 1627 года праваслаўны мітрапаліт кіеўскі і галіцкі Іоў Барэцкі асвяціў антымінс на здзяйсненне боскай літургіі ў царкве Раства Найсвяцейшай Багародзіцы ў сяле Аравічах[upper-alpha 7].
Згодна з тарыфам падымнага падатку Кіеўскага ваяводства 1628 года, з 7 дымоў сяла Аравічы архімандрыта Пятра Магілы і капітулы Кіева-Пячорскага манастыра скарб мусіў атрымаць па 3 злотыя, з 2 агароднікаў па 24 грошы, з адной убогай халупы яшчэ 20 грошаў. 10 мая 1682 года, кароль Ян Сабескі, зважаючы на страту Кіева ў войнах з Расіяй, дзеля чаго добры Кіева-Пячорскага манастыра пазбавіліся гападароў, падараваў іх адміністратару Кіеўскай мітраполіі епіскапу львоўскаму і галіцкаму Іосіфу Шумлянскаму. Надалей яны пазначаліся, як прыналежныя манастыру, хіба намінальна. У пераліку сёл епіскапа, складзеным у ліпені т. г., названыя і Аравічы (Агревичи), але з неверагодна вялікай колькасцю двароў — ажно 64[11]. У 1683 годзе, калі маёнткамі Кіеўскай мітраполіі і Пячорскай архімандрыі кіраваў чашнік падольскі Самуіл Шумлянскі, брат епіскапа, з 8 дымоў у Аравічах Пячорскага манастыра выплачваліся 2 злотыя[12]. Згаданыя Аравічы ў рэестры рэвізіі 1686 года палескіх вёсак Кіеўскай мітраполіі і Кіева-Пячорскай архімандрыі пры прыняцці іх ад пана Журакоўскага, войскага галіцкага[13].
16 сакавіка 1706 года епіскап львоўскі і галіцкі Іосіф Шумлянскі за 6 300 злотых перадаў у трохгадовую арэнду братавай удаве Аляксандры Шумлянскай Беласароцкі ключ, у складзе якога і сяло Аравічы. 28 днём лістапада 1714 года датаваны кантракт, падпісаны ў Даўлядах паміж кіеўскім мітрапалітам Львом Кішкам і пісарам земскім мазырскім Тэафілам Лянкевічам-Іпагорскім на трохгадовую арэнду Беласароцкага ключа (у тым ліку сяла Аравічы) за 510 бітых талераў. 2 жніўня 1717 года мітрапаліт Леў Кішка аддаў Беласароцкі ключ з Аравічамі ў арэнду на тры гады харунжаму кіеўскаму Казіміру Стэцкаму за сімвалічныя 170 злотых. 12 сакавіка 1728 года пазначаны запіс у кнізе Оўруцкага гродскага суда аб уводзе ў валоданне Беласароцкім ключом адміністратара Кіеўскай мітраполіі епіскапа Афанасія Шаптыцкага[14].
На 1734 год Аравічы ў складзе Беласароцкага ключа, як і раней, належалі Кіеўскай мітраполіі[15]. Паводле «Апісання цэркваў горада Рэчыцы і Рэчыцкага павета, падпарадкаваных Чарнігаўскай духоўнай кансісторыі» 1796 года, Раства-Багародзіцкай царкве ў Аравічах у 1737 годзе выдадзены фундуш мітрапалітам кіеўскім[upper-alpha 8][16]. Згодна з земскай кнігай Кіеўскага ваяводства, 23 студзеня 1747 года ў валоданне маёнткамі Кіеўскай мітраполіі і Кіева-Пячорскай архімандрыі, у тым ліку Беласароцкім ключом з Аравічамі, уведзены новы адміністратар архіепіскап Фларыян Грэбніцкі[17]. Паводле звестак на 1748 год ксяндза Караля Непамуцэна Арлоўскага, Аравічы былі сярод паселішчаў, частка жыхароў якіх (з ліку шляхты) належала да Астраглядавіцкай парафіі Оўруцкага дэканату Кіеўскай дыяцэзіі[18]. У 1754 годзе з 27 двароў[upper-alpha 9] (×6 — прыкладна 162 жыхары) вёскі Аравічы выплачваліся «do grodu» (Оўруцкага замка) 4 злотыя і 5 з паловай грошаў, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павета і ваяводства) 16 зл. і 22 гр.[19].
У 1777 годзе ў Аравічах на сродкі прыхаджан узведзены новы драўляны будынак царквы Раства Найсвяцейшай Багародзіцы[20]. 14 кастрычніка 1780 года возны генерал ваяводства Кіеўскага «i innych» Базыль Валынец увёў у валоданне маёнткамі, у тым ліку Аравічамі ў складзе Беласароцкага ключа, новага кіеўскага мітрапаліта і адміністратара Кіева-Пячорскай архімандрыі Ясона Смагаржэўскага. У канцы дакумента возны, не ўмеючы пісаць, добрасумленна «znak krzyża świętego położył»[21].
Расійская імперыя
Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Аравічы апынуліся ў межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесніцтва (губерні), з 1796 года ў складзе ўпарадкаванага Рэчыцкага павета Маларасійскай, а з 29 жніўня 1797 года Мінскай губерні Расійскай імперыі[22]. З крыніцы, заснаванай на матэрыялах рэвізіі 1795 года, вядома, што сяло Аравічы заставалася ўласнасцю Кіеўскай мітраполіі ў асобе яе галавы Феадосія Растоцкага[23]. У метрычнай кнізе 1795 года Раства-Багародзіцкай прыходскай царквы ў Аравічах маюцца звесткі пра нараджэнне і хрост 18 хлопчыкаў і 10 дзяўчынак, 7 шлюбаў, пахаванне 11 мужчын і 5 жанчын. Святаром на той час быў Антоній Кміта, дзячком Аверкій Кміта[upper-alpha 10].
Згодна з энцыклапедыяй «Гарады і вёскі Беларусі», у 1834 годзе ў Аравічах налічвалася 53 двары, сяло належала пану Горвату. На 1850 год — 66 двароў. У «Списках населенных мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засведчана, што 236 жыхароў сяла Аравічы з’яўляліся прыхаджанамі царквы Раства Найсвяцейшай Багародзіцы[24].
У парэформенны перыяд сяло належала да Дзёрнавіцкай воласці. У пачатку 1870 года ў Аравічах — 102 мужчынскія душы з ліку сялян-уласнікаў, прыпісаных да сельскага таварыства[25]. У спісе прыходаў і прычтаў па чатырох благачынных акругах (у межах Рэчыцкага павета) Мінскай епархіі на 1876 год у складзе прычту Раства-Багародзіцкай прыходскай царквы названыя настаяцель а. Самуіл Лісоўскі, в. а. штатнага псаломшчыка Капітон Лісоўскі. Да прыходу, акрамя сяла Аравічы, належалі вёскі Краснаселле, Дронькі і Пагоннае[26]. На 1879 год царкоўны прыход налічваў 497 душ мужчынскага і 599 душ жаночага полу верных сялянскага саслоўя[27]. У 1886 годзе ў сяле 39 двароў, 334 жыхары[28].
Паводле перапісу 1897 года, у Аравічах было 87 двароў з 513 жыхарамі, дзейнічалі хлебазапасны магазін, карчма. На 1909 год у паселішчы налічвалася 115 двароў, 774 жыхары[29].
Найноўшы час
9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісання Брэсцкага міру з бальшавіцкай Расіяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Аравічы ў складзе Рэчыцкага павета, аднак, апынуліся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губерні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 мая тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гетмана Паўла Скарападскага[30].
1 студзеня 1919 года, згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР.
Пасля другога ўзбуйнення БССР з 8 снежня 1926 года Аравічы — цэнтр сельсавета ў Хойніцкім раёне Рэчыцкай акругі БССР. З 9 чэрвеня 1927 года ў складзе Гомельскай акругі. 30 снежня 1927 года сельсавет узбуйнены праз далучэнне да яго тэрыторый скасаваных Дронькаўскага, Краснасельскага і Паганянскага сельсаветаў. З 26 ліпеня 1930 года ў складзе Хойніцкага раёна БССР. У тым жа годзе арганізаваны калгасы «Камунар» і «Перамога сацыялізму», працавалі вятрак, кузня, ваўначоска, пачатковая школа, хата-чытальня, аддзяленне спажывецкай кааперацыі. З 20 лютага 1938 года ў складзе Палескай вобласці з цэнтрам у Мазыры.
Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў Аравічах было 237 двароў, 711 жыхароў. У красавіку-маі 1943 года ў вёсцы размяшчаўся Пуцілаўскі партызанскі атрад і штаб злучэння С. А. Каўпака. Непадалёку на рацэ Прыпяці была разгромлена нямецкая флатылія. У жніўні 1943 года акупанты спалілі ў Аравічах 79 двароў і загубілі 21 жыхара[31]. 81 вясковец загінуў на франтах.
З 8 студзеня 1954 года Аравічы — у складзе Гомельскай вобласці. Дзейнічала сярэдняя школа[32]. Паводле перапісу 1959 года, у вёсцы было 923 жыхары. Цэнтр саўгаса «Аравічы».
8 студзеня 1987 года Аравіцкі сельсавет скасаваны, тэрыторыя далучана да Стралічаўскага сельсавета[33]. На момант скасавання сельсавет налічваў 7 населеных пунктаў: вёскі Аравічы, Дронькі, Краснаселле, Пагоннае, Хвашчоўка, пасёлкі Гнездзенка і Града.
Заўвагі
- ↑ П. Г. Кляпацкі памылкова ўважаў яго і за першага вядомага ўладальніка Аравічаў[2]. Але апошнія названыя тут хіба дзеля лакалізацыі падараваных службаў.
- ↑ Воласць тая, пэўна, — Беласароцкая, бо Аравіцкай ніколі не існавала. Памылка ігумена, аднак, сведчыць пра тое, што ў межах сучаснай Беларусі на левым беразе Прыпяці найбольш вядомым, прынамсі яму, сялом былі Аравічы.
- ↑ Відавочна, паставіць на пісьме ажно дзве запар галосныя літары, каб паведаміць, што службы знаходзіліся ў Аравіцкай «воласці», аўтару запіса 1526 г. было не менш цяжка, чым жыхару вёскі, беларусу, тое ж самае вымавіць. Так з’явілася паміж галоснымі “въ”. А ў грамаце 1543 г. пісар злучыў яго з назваю. Хоць наўрад ці беларускія Аравічы ён пераблытаў з украінскім сялом Ва́равічы (Ва́рэвічы) ў Оўруцкай воласці, апошнія бо — далекавата ад Прыпяці. Таму дарэмна выдаўцы зборніка нібы падзялілі згадкі пра Аравічы паміж Беларуссю і Украінай (гл.: Документальна спадщина. — С. 505, 511)
- ↑ Устойлівае паўтарэнне ў найбольш ранніх кірылічных тэкстах тапанімічнай формы «Оревичи» супярэчыць прынятай у сучасным нарматыўным даведніку формы «Аровичи» ў якасці рускамоўнай назвы.
- ↑ У хойніцкай кнізе «Памяць» беспадстаўна сцвярджаецца, нібыта ў 1570 — 1580 гг. Аравічы належалі Кіеўскаму Міхайлаўскаму (Залатаверхаму) манастыру[6]; тое паўторана і ў энцыклапедыі «Гарады і вёскі Беларусі». Пачатак памылковаму меркаванню, як заўважана вышэй, паклаў П. Г. Кляпацкі.
- ↑ Уладальнік Астраглядавічаў і Хойнікаў.
- ↑ Святар К. Нікольскі засведчыў, што гэта быў адзін з першых друкаваных антымінсаў.
- ↑ У гэтай позняй крыніцы сказана, што мітрапалітам-фундатарам выступіў Феліцыян Валадковіч, але ў 1729—1745 гадах мітраполію ўзначальваў Афанасій Шаптыцкі
- ↑ Усяго ў вёсцы налічвалася «szesnastka» дыму i «chałup siedm», а 1 дым у той час складалі 320 двароў.
- ↑ Пісьмовая даведка іерэя Расціслава Бандарэнкі, настаяцеля царквы Праабражэння Гасподняга ў вёсцы Сялец Брагінскага раёна.
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
- ↑ Клепатский П. Г. Очерки по истории Киевской земли / П. Г. Клепатский – Т. 1: Литовский период. – Одесса, 1912. С. 311
- ↑ Акты, относящиеся к истории Западной России. Т. 2. (1506 – 1544). – С.-Петербург, 1848. №. 140, 228
- ↑ Volumina Legum. Tom II. — Petersburg: Nakładem i drukiem Józafata Ohryzki, 1859. S. 84 — 87; Падалінскі У. // Беларускі гістарычны агляд. — 2012. Т. 19. С. 329—337 (Рэцэнзія на кн.: Litwin H. Równi do równych: kijowska reprezentacja sejmowa 1569—1648. — Warszawa, 2009)
- ↑ Акты, относящиеся к Южной и Западной России. Т. 1 (1361– 1598). – С.-Петербург, 1863. № 156
- ↑ Памяць: Гiсторыка-дакументальная хронiка Хойнiцкага раена / Рэд. кал. М. А. Ткачоў [і інш.]; маст. А. М. Хількевіч. — Мінск: БелЭн iмя Петруся Броўкi, 1993. С. 26
- ↑ Źródła dziejowe. T. XX. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym; T. IX: Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów — Bracław) / A. Jabłonowski — Warszawa, 1894. Wykazy… S. 36 — 37
- ↑ Архив Юго-Западной России (далей: Архив ЮЗР). Ч. 1. Т. 1. Акты, относящиеся к истории православной церкви в Югозападной России. – Киев, 1859. С. 386
- ↑ Документальна спадщина Свято-Михайлівського Золотоверхого монастиря у Києві ХVІ-ХVІІІ ст. з фондів Національної бібліотеки України імені В. І. Вернадського. Зб. док. [Текст] / Автори-укладачі: Ю. А. Мицик, С. В. Сохань, Т. В. Міцан, І. Л. Синяк, Я. В. Затилюк; Нац. акад. наук України, Нац. б-ка України ім. В. І. Вернадського, Ін-т укр. археографії та джерелознавства ім. М. С. Грушевського (далей: Документальна спадщина.). — Київ, 2011. № 300, 302, 303
- ↑ Костантин Никольский. Об антиминсах православной русской церкви. — С.-Петербург, 1872 (уклейка).
- ↑ Архив ЮЗР. Ч. 1. Т. 10. – Киев, 1904. С. 357—363
- ↑ Архив ЮЗР. Ч. 7. Т. 1. Акты о заселении Юго-Западной России. — Киев, 1886. С. 389, 392, 495
- ↑ Описание архива западнорусских униатских митрополитов (далей: Описание архива). Т. 1. 1470–1700. – С.-Петербург, 1897. № 986
- ↑ Описание архива. Т. 2. 1701–1839. – С.-Петербург, 1907. № 1111, 1161, 1179, 1268
- ↑ Тарифи подимного податку, сеймикові лауди і люстрації Київського воєводства першої половини XVIII століття. /Вид. друге, доп. Укл. Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 286
- ↑ НГАБ у Мінску. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 573. А. 67
- ↑ Описание архива. Т. 2. – № 1444
- ↑ Ks. Orłowski K. N. Defensa biskupstwa y dyecezyi Kiiowskiey. — Lwów, 1748. S. 148
- ↑ Тариф подимного податку Київського воєводства 1754 року. /Опрацював Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 170
- ↑ Описание церквей и приходов Минской епархии (далей: Описание). VIII. Речицкий уезд. — Минск, 1879. С. 114
- ↑ Архив ЮЗР. Ч. 1. Т. 4. Акты об унии и состоянии православной церкви с половины XVII века (1648–1798). — Киев, 1871. С. 642 — 644
- ↑ Насевіч В., Скрыпчанка Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. — Т. 6. Кн. 1. — Мінск: БелЭн, 2001. C. 181—182
- ↑ Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 71
- ↑ Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 677
- ↑ Список волостей, обществ и селений Минской губернии на 01. 01. 1870 г. — Минск, 1870. Л. 70
- ↑ Минские епархиальные ведомости. — Минск, 1876. № 10. С. 463 — 464
- ↑ Описание. — С. 115
- ↑ Волости и важнейшие селения Европейской России. — С.-Петербург, 1886. Вып. 5. С. 112
- ↑ Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 141
- ↑ Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев. — Минск, 2018. С. 85
- ↑ Без срока давности. Беларусь: преступления нацистов и их пособников против мирного населения на оккупированной территории БССР в годы Великой Отечественной войны. Гомельская область. Сборник архивных документов и материалов / сост.: А. Р. Дюков, В. Д. Селеменев (рук.) [и др.]; редкол.: А. К. Демянюк [и др.]. — Минск: НАРБ; М.: Фонд «Историческая память», 2021. С. 37, 51, 53, 501
- ↑ Занальны дзяржаўны архіў у г. Рэчыцы . Ф. 3. Воп. 1. Спр. 12
- ↑ Рашэнне выканкома Гомельскага абласнога Савета народных дэпутатаў ад 8 студзеня 1987 г. // Збор законаў Беларускай ССР, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1987, № 23 (1901).
Літаратура
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2005. — 520 с.: іл. ISBN 985-11-0330-6.
Спасылкі
- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Былыя населеныя пункты Хойніцкага раёна
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.