Плоскае (Хойніцкі раён)
У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Плоскае.
Пло́скае[1] (трансліт.: Ploskaje, руск.: Плоское) — былая вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіла ў склад Стралічаўскага сельсавета.
Гісторыя
Карона Каралеўства Польскага
Селішча Плоскае, прыналежнае да Астраглядаўскага маёнтку кіеўскага падкаморага пана Шчаснага Харлінскага, ці не ўпершыню згадана ў датаваным 13 днём сакавіка 1581 года дакуменце, у якім паведамляецца, што пан земскі пісар кіеўскі Дзмітрый Ялец надзелены паўнамоцтвамі ў справе размежавання добраў Астраглядавічаў, Плоскага, Варатца з уладаннямі князя Міхаіла Вішнявецкага, кашталяна брацлаўскага, местам Брагін, сёламі Глухавічы, Губаровічы, Бабчын[2]. Згодна з падатковым рэестрам Кіеўскай зямлі Каралеўства Польскага на той жа 1581 год, з аднага дыму жыхара Плоскага асаднага селяніна выбіралася 15 грошаў падатку[3]. Ад гэтага часу і да рэформавага ўжо ў Расійскай імперыі перыяду Плоскае належала тым самым уладальнікам, што і Астраглядавічы з Хойнікамі; пасля Харлінскіх — Мікалаю Абрамовічу (Абрагамовічу), Максіміліяну Бжазоўскаму, князям Шуйскім, сямейству Прозараў[4].
12 днём чэрвеня 1591 года пазначаны дэкрэт Кіеўскага суда ў справе падкаморага Ш. Харлінскага з князямі Аляксандрам, старостам чаркаскім і канеўскім, Міхаілам і Юрыем Вішнявецкімі аб забранні грунтоў у Астраглядавічах, Плоскім, Варатцы, Багушах і далучэнні іх да замку і места Брагіня. Таксама выстаўлена сума нанесенай шкоды ў 40 000 коп грошаў. 12 ліпеня 1599 года пан Ш. Харлінскі падаў пратэст супраць кіеўскага кашталяна князя Міхаіла Вішнявецкага з прычыны гвалтоўнага наезду колькіх сотняў яго ўзброеных падданых з розных сёл брагінскіх на дзедзічныя ўладанні астраглядаўскія Плоскае і Багушы, за збіццё і скалечанне людзей, за рабаўніцтвы[5].
20 чэрвеня 1600 года пан Шчасны Харлінскі выдаў свайму сыну Мікалаю zapis wieczysty, 26 чэрвеня ў Люблінскім трыбунале прызнаны, на добры ў Кіеўскім ваяводстве Кароны Польскай: двор Астраглядавічы з прыналежнымі да яго «прыселкамі» — сёламі Астраглядавічы, Хойнікі, Вялікі Бор, Дворышча, Плоскае і яшчэ дзевяццю паселішчамі, а таксама на двор і частку з сямі пляцаў у Кіеве[6]. 7 чэрвеня 1623 года ўдава Гальшка Харлінская судзілася з панамі Станіславам, Юрыем і іншымі Харлінскімі, роднымі братамі і сваякамі мужа Мікалая, за гвалтоўны наезд на замак і вёску Астраглядавічы, мястэчка Новы Харленж (Хойнікі), вёскі Хойнікі, Гарошкаў, Рашаў, Плоскае, Паселічы, Малішаў[upper-alpha 1][7]
8 ліпеня 1631 года запісам у актах Кіеўскага земскага суда[upper-alpha 2] засведчана пагадненне на саступку часткі Астраглядаўскіх добраў (з Плоскім) Шчасным, сынам Станіслава, Харлінскім пану Лукашу Мадлішэўскаму, наступнаму мужу ўдавы Гальшкі, за суму ў 60 000 польскіх злотых. 7 верасня 1631 — 26 студзеня 1632 года пададзены і актыкаваны адпаведны запіс і адносна долі маёнтка Самуэля, сына Юрыя, Харлінскага[upper-alpha 3] пану Мікалаю Абрамовічу, зяцю нябожчыка і пані Гальшкі, за 13 500 злотых. У гэтым пераліку таксама названа Плоскае[8].
У тарыфе 1754 года паведамляецца, што з 8 двароў (×6 — каля 48 жыхароў) вёскі Плоскае, прыналежнай да Хойніцкіх добраў, «do grodu» (Оўруцкага замка) выплачваліся 1 злоты і 6 грошаў, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павета і ваяводства) 4 злотыя і 24 грошы[9].
Згодна з рэестрам 1768 года ключа Астраглядавіцкага, збожжа было раздадзена 5 гаспадарам з хутара Плоскае Марку Сідарэнку, Саву Саўчанку, Максіму Ваўчанку, Івану Ваўчанку і Майсею Сідарэнку[10].
Расійская імперыя
Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Плоскае — у межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесніцтва (губерні), з 1796 года ў складзе тэрытарыяльна ўпарадкаванага Рэчыцкага павета Маларасійскай, а з 29 жніўня 1797 года Мінскай губерні Расійскай імперыі[11]. Паводле расійскай рэвізіі 1795 года 15 двароў вёскі Плоскае з 71 душой мужчынскага і 61 жаночага полу сялян трымаў у трохгадовай «арэнднай пасэсіі» ад дзедзічнай іх уладальніцы пані Людвікі з князёў Шуйскіх Прозар шамбялян Ян Ястржэмбскі[12].
Згодна з інвентаром 1844 года, Плоскае належала да Астраглядавіцкага фальварка маёнтку Хойнікі Уладзіслава Прозара[13].
На 1850 год, паводле энцыклапедыі «Гарады і вёскі Беларусі», у паселішчы налічвалася 12 двароў, 77 жыхароў. У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засведчана, што 78 жыхароў вёскі Плоскае з’яўляліся прыхаджанамі Астраглядавіцкай Свята-Троіцкай царквы[14].
У парэформенны перыяд Плоскае — у складзе Мікуліцкай воласці. Паводле звестак на 1876 і 1879 гады, Плоскае заставалася ў прыходзе Троіцкай царквы[15]. Згодна з перапісам 1897 года, 23 двары, 133 жыхары, працаваў вятрак. На 1909 год у Плоскім налічвалася 90 двароў, 689 жыхароў[16].
Найноўшы час
9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісання Брэсцкага міру з бальшавіцкай Расіяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Плоскае ў складзе Мікуліцкай воласці Рэчыцкага павета, аднак, апынулася ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губерні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 мая тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гетмана Паўла Скарападскага[17].
Пасля другога ўзбуйнення БССР з 8 снежня 1926 года Плоскае — цэнтр сельсавета ў Хойніцкім раёне Рэчыцкай акругі БССР. З 9 чэрвеня 1927 года ў складзе Гомельскай акругі. 30 снежня 1927 года сельсавет скасаваны, тэрыторыя далучана да Рудакоўскага сельсавета. З 20 лютага 1938 года вёска ў складзе Палескай вобласці з цэнтрам у Мазыры.
Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў Плоскім было 69 двароў, 271 жыхар. У маі 1943 года акупанты спалілі вёску і загубілі 2 жыхароў[18]. 33 вяскоўцы загінулі на франтах.
З 8 студзеня 1954 года Плоскае — у складзе Гомельскай вобласці. Паводле перапісу 1959 года, у вёсцы было 263 жыхары.
Паселішча ліквідавана 21 верасня 2010 года[19].
Заўвагі
- ↑ Яшчэ названыя 16 паселішчаў, акрамя “іnszych wsiów i przysiołków”.
- ↑ 2 жніўня 1631 г. тое зроблена і ў Жытомірскім гродcкім судзе.
- ↑ За недарослага яшчэ Самуэля (напэўна, прэтэндаваў на меншую, як Шчасны, частку дзядзькавай фартуны) дакумент аформіў яго апякун пан Фёдар Праскура, пісар земскі кіеўскі.
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
- ↑ Руська (Волинська) метрика [Текст] : регести документів Коронної канцелярії для укр. земель (Волинське, Київське, Брацлавське, Чернігівське воєводства) 1569-1673 / Держ. ком. арх. України, Центр. держ. істор. арх. України, м. Київ, Ін-т укр. археографії та джерелознавства ім. М. С. Грушевського НАН України, Генер. дирекція держ. арх., Голов. арх. давніх актів ; ред. і упоряд Г. Боряк [та ін.] ; передм. П. К. Грімстед. — Київ, 2002. С. 301—302
- ↑ Źródła dziejowe (далей ŹD). T. XX. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym; T. IX: Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów — Bracław). Dział I-szy. Opisane przez Aleksandra Jabłonowskiego. — Warszawa, 1894. Wykazy… S. 36, 37
- ↑ Бельскі С. В. З гісторыі ўладароў і маёнткаў Брагіншчыны XVI—XVIII стст. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 12—18
- ↑ ŹD. T. XXI. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. X. Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów — Bracław). Dział II-gi. / Opisane przez Aleksandra Jabłonowskiego. — Warszawa, 1894. S. 5; Аrchiwum Główny Akt Dawnych. Аrchiwum Рrozorów і Jelskich (далей: AGAD. APiJ). Sygn. 1. S. 8, 14
- ↑ ŹD. T. XXI. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. X. — S. 60; AGAD. APiJ. Sygn. 1. S. 46 — 47
- ↑ ŹD. T. XXI. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. X. — S. 637
- ↑ АGAD. АРіJ. Sygn. 1. S. 59
- ↑ Тариф подимного податку Київського воєводства 1754 року. /Опрацював Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 190
- ↑ НГАБ у Мінску. ф. 320. Воп. 1. Спр. 1. А. 134
- ↑ Насевіч, В., Скрыпчанка, Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. — Т. 6. Кн. 1. — Мінск: БелЭн, 2001. C. 181—182
- ↑ НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 59. А. 230—233; Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 71
- ↑ НГАБ. Ф. 142. Воп. 1. Спр. 1475
- ↑ Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 700
- ↑ Минские епархиальные ведомости. — Минск, 1876. № 10. С. 459; Описание церквей и приходов Минской епархии. VIII. Речицкий уезд. — Минск, 1879. С. 117
- ↑ Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 154
- ↑ Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Валентина Метлицька. Тимчасова німецька окупація та її вплив на долю східного Білоруського Полісся (березень 1918 — січень 1919 рр.). // Україна та Німеччина: міждержавні відносини: збірник наукових праць / ред. кол. Владислав Верстюк (гол.), Степан Віднянський, Руслан Пиріг, Ірина Матяш, Дмитро Вєдєнєєв, Володимир Бойко, Дмитро Казіміров. — Чернігів: Сіверський центр післядипломної освіти, 2018. С. 286—296 (артыкул беларускамоўны); Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья. С. 85
- ↑ Без срока давности. Беларусь: преступления нацистов и их пособников против мирного населения на оккупированной территории БССР в годы Великой Отечественной войны. Гомельская область. Сборник архивных документов и материалов / сост.: А. Р. Дюков, В. Д. Селеменев (рук.) [и др.]; редкол.: А. К. Демянюк [и др.]. — Минск: НАРБ; М.: Фонд «Историческая память», 2021. С. 37, 502
- ↑ Решение Хойникского районного Совета депутатов от 21.09.2010 г. № 25 Об упразднении сельских населенных пунктов Хойникского района Архівавана 21 красавіка 2021.
Літаратура
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2005. — 520 с.: іл. ISBN 985-11-0330-6.
Спасылкі
- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Былыя населеныя пункты Хойніцкага раёна
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.